Литмир - Электронная Библиотека

Адыходзячы, Дрозд чуў там, дзе застаўся Васіль, страляніну... Потым, ужо калі яны пераправіліся на гэты бераг, іх дагнаў адзін партызан з таго заслону. А Васіль і два другія не прышлі. Вось і ўсё, што можа сказаць Дрозд. Дзе Васіль і дзе іншыя два, што з імі,— невядома.

— Шкада, калі прападуць хлопцы,— прамовіў Туравец. Яму чамусьці згадалася, як некалькі дзён таму Крайко перадаў спраўную рацыю. Хлопец прызнаўся, што біўся амаль месяц, пакуль не разабраўся ва ўсім, знайшоў патрэбныя дэталі...

— Як толькі будзе можна, пашлі на пошукі іх... Можа, паранены...

Ляхора нібы чакаў гэтага:

— Дазвольце мне з аддзяленнем, таварыш камісар!..— Яму нядаўна далі аддзяленне.

Ляхора трымаў руку ля казырка, чакаючы з такім выглядам, нібы гатоў быў зараз жа кінуцца туды. Туравец ведаў, што гэта не рысоўка: Ляхора паказаў сябе вельмі смелым хлопцам, да таго ж яны з Васілём былі добрымі прыяцелямі.

Туравец не адказаў. Ён заўважыў, што да двара падыходзіла Валя Залеская. «Ведае яна, што з Васем, ці не?» — мільганула ў галаве камісара.

Валя, прыціскаючы да грудзей маленькі кулачок, амаль бегла, белая хусцінка на яе галаве збілася на шыю, і вецер калмаціў валасы. Туравец здагадаўся, што яна вельмі ўстрывожана.

Валя падбегла да Дразда, узрушана паправіла хусцінку.

— Гэта праўда... што пра Васю кажуць?

— Што пра яго кажуць? — запытаўся спакойна Дрозд.

— Быццам ён застаўся ў лесе?

— Праўда.

Валя прыкусіла пунсовыя губы і з роспаччу зірнула на Тураўца. У яе запалых вочках віднеліся такі непакой і гора, што Тураўцу стала шкада яе.

— Як жа гэта, таварыш камісар, яго аднаго пакінулі?

Дрозд адказаў першы, стомлена прыплюшчыўшы вочы:

— Не аднаго, а з групай партызан... Трэба было, дык пакінулі, у цябе не спыталіся...

— Трэба было! Пакінулі! — Валя да болю сціснула кулачок.— Загубілі!

— Чаму загубілі? Гэта ж няпраўда, Валя! — коса зірнуўшы на Дразда, мякка сказаў камісар.— Нашто ты выдумляеш такое? Ну, няхай, яшчэ нічога невядома. Але мне здаецца, што ён жывы. Вось адчуваю, упэўнены — ён жывы! Такі хлопец, Валя, не можа прапасці!

— Кулі, яны не разбіраюць...

— Кулі не разбіраюць. Затое чалавек разбірае... Там і пакінулі такога чалавека, які ўмее перахітрыць кулі. Смелага і разважлівага...

— Які ж ён разважлівы! Ён часам такі неасцярожлівы, ну аж страх! Як загарыцца, дык нічога не асцерагаецца...

— Неразважлівы?! Ты не ведаеш яго, Валя... Ён у баі вельмі разумны і знаходлівы вельмі. Вось пабачыш, вернецца,— камісар гаварыў так упэўнена і сардэчна, што дзяўчына мімаволі паддавалася яго перакананню.— Вася не вернецца? Выдумаеш жа!

Валя паспакайнела. Але, калі яна ішла назад да медпункта, трывога зноў пачала агортваць дзяўчыну. Няўжо цяпер, калі ўсе блізка адчуваюць найвялікшае шчасце, да яе прыдзе такое гора? Няўжо ён, адчайны, раўнівы і самы любы, загіне?! У гэтыя апошнія дні!

Не, не павінен ён загінуць! Яна ж так любіць яго. Хіба можа сонца ўзыходзіць, калі яго не будзе. Хіба можа дзень быць светлым, калі з Васем станецца няшчасце: усё пацямнее навокал для яе. Не, яму трэба жыць! Яна ж гэтак любіць яго. Хіба яшчэ хто любіць так, як яна Васіля,— ніхто ў свеце. І, мусіць, нікому не баліць так сэрца па ім, як ёй...

На медпункце трывога не пакідала яе. Валя не магла нічога рабіць, бо за што б дзяўчына ні бралася, яна думала пра Васю. Ён увесь час быў з ёю, як ніхто, блізкі; увесь час не выходзіла з галавы: што з ім? дзе ён? як яму?

Яна ўспамінала спатканні з ім, размовы.

Згадалася, як яны ішлі па ціхай лясной дарозе, плячо каля пляча, і Вася, пазіраючы на каляіны, апавядаў...

Цяжкія былі для яго першыя дні. Гітлераўцы на вачах Васі расстралялі бацькоў, а сястру і яго кінулі ў лагер...

Ён некалькі дзён хадзіў як непрытомны, раптам перастаў пазнаваць знаёмых людзей. Ад таго часу ён стаў заікацца...

Ніхто не бачыў, як і куды Васіль знік з лагера; цёмнай ноччу ён прабраўся пад агарожай і ўцёк у лес.

Хлопец стаў бадзяцца па лесе. Сувязі з таварышамі ў яго тады не было, а ісці ў горад ён асцерагаўся. Але яму хацелася ваяваць з гітлераўцамі, і ён рашыў дзейнічаць адзін. Яму пашанцавала высачыць падвыпілага паліцая, які прысеў адпачыць ля дарогі за сялом. Прытаіўшыся ў блізкіх кустах, Васіль аж гарэў ад нецярплівасці: ах, каб як-небудзь прыдбаць яго вінтоўку. Ён гатоў быў кінуцца проста на паліцая,— ледзь стрымаўся. Яму ў той дзень на дзіва пашанцавала. Паліцай, прыгрэўшыся на вераснёвым сонцы, задрамаў: Васіль падкраўся да яго, схапіў вінтоўку і што духу кінуўся ў хмызняк, у лес.

З гэтай вінтоўкі Васіль потым падбіў гітлераўца, які ехаў у легкавіку. Ён не раз выходзіў на «працу», цікаваў з хмызняку за дарогай...

Каб пракарміцца, у маўклівыя слотныя ночы капаў бульбу, пёк яе, забраўшыся ў асенні гушчар, збіраў грыбы...

Аднойчы ён натрапіў на незнаёмых хлопцаў. Ён нырнуў у хмызняк, намерыўся адстрэльвацца, але спрытныя хлопцы схапілі яго, абяззброілі ды яшчэ прыгразіліся пабіць...

Тады Васіля прывялі да Тураўца.

У якіх толькі баях ён ні быў пасля, колькі смяротных небяспек абмінуў, і вось у апошнія дні — такая бяда...

Валя не ўтрывала: яна пойдзе шукаць яго. Можа, яму якраз патрэбна дапамога — ці ён б'ецца ў лесе, ці ранены ляжыць... Яна распытае партызан, дзе ён застаўся,— і пойдзе!

— Марыя Андрэеўна, пусціце! — папрасілася Валя ва ўрача.— Можа, ён там ранены... Яго трэба хутчэй знайсці...

— Куды ты пойдзеш, Валюша? Ты сама загінеш — там фашысты...

— Не загіну... Марыя Андрэеўна! Адпусціце! Не бойцеся за мяне! Усё будзе добра.

— Не магу, Валюша...

4...

Валя недарэмна трывожылася. Нібы чула яе сэрца, як цяжка даводзіцца любаму хлопцу.

Адразу пасля таго, як Дрозд са сваёй ротай адышоў, гітлераўцы адрэзалі невялічкі заслон, які яшчэ біўся з імі, і сталі акружаць яго. Партызаны паступова адступалі, перабягаючы ад дрэва да дрэва, збочваючы,— яны спрабавалі вырвацца з пятлі, якая ўсё сціскалася. Лес поўніў трэск аўтаматаў.

Лясное рэха падвойвала, разносіла гукі стрэлаў.

Слухаючы гэтыя гукі, можна было падумаць, што тут б'ецца не адзін узвод. Васіль ледзь не наткнуўся на гітлераўца, які забраўся ў тыл ім, але хлопец у час заўважыў аўтаматчыка і адскочыў за дрэва: чарга аўтамата прайшлася вельмі блізка. На траву пасыпалася кара. Праз міг аўтаматчык сам валяўся на палянцы, лемантуючы на ўвесь лес ад болю...

Пазней чаргой быў забіт адзін з заслону. Хлопец памёр адразу: яму ў лоб папалі дзве кулі.

Цяпер яны адбіваліся ўтраіх. Але ў альховым гушчарніку іх неяк раздзялілі, і Крайко застаўся адзін.

Перад Васевымі вачыма з-за алешніку неспадзеўкі выбліснула чыстая палоска. Вада. Ён здагадаўся: гэта — рэчка! Хлопец прагна агледзеўся: за рэчкай слаўся голы куп'істы выган, на якім віднелася толькі некалькі чэзлых кусточкаў.

Куды ж цяпер адыходзіць? Туды — да рэчкі, на выган?.. Не, туды не трэба бегчы. Нельга туды. Там пагібель... Калі гітлераўцы і не застрэляць, пакуль ён будзе прабірацца праз гэтую праклятую рачулку, то куля здагоніць яго на тым куп'і.

Эх, ліха, што ж рабіць? Ён зноў азірнуўся — улева кінуцца, можа? Але там, ён добра ведаў, гітлераўцы. Направа? Там ён чуў аўтаматныя стрэлы. Чаго ж ён стаіць марна? Хутчэй трэба рашаць!

Быццам падганяючы Васіля, зблізку з-за лазняку дайшлі да яго нямецкія воклічы.

Хлопец нацэліўся ў гэты бок з аўтамата і націснуў спускавы кручок. Воклічы сціхлі. Адтуль адказалі двума чэргамі. З вяршынкі куста пасыпалася на Васю, на вільготную траву лісце...

Патронаў ужо мала. Хлопец з тугою паглядзеў на свой трафейны аўтамат.

Вася неадступна шукаў выхад, але прыдумаць нічога не ўдавалася. Няўжо ж няма выхаду?.. Толькі адно: страляць, пакуль ёсць лічаныя патроны? А потым ляжаць тут на траве, не бачачы ні яе, ні блакітнага неба. Не спаткацца ніколі з сябрамі, з Валяю...

З гэтым Вася ніяк не мог пагадзіцца. Яму нават думаць не хацелася аб смерці. Небяспека выклікала ў ім такую прагу жыць, што ён гатовы быў на любы ўчынак...

53
{"b":"849555","o":1}