У той дзень камандуючага фронтам некалькі яго таварышаў віншавалі з днём нараджэння.
Увечары прыехаў з адной часці, якая вяла баі, член Ваеннага Савета Емяльянаў. Павіншаваўшы Чарняхоўскага, які толькі што чытаў нейкае данясенне, ён сказаў, узняўшы здзіўлена бровы над пукатымі вачыма і разводзячы рукамі:
— Штосьці я не бачу, каб імяніннік збіраўся адзначаць сваё свята. Ці вы, таварыш камандуючы, рашылі ігнарыраваць такую відную дату?..
— Не, чаму ж? — Чарняхоўскі скупа ўсміхнуўся.— Я святкую. У баях. Ваеначальніку паложана ў баях святкаваць!
— Не заўсёды, таварыш камандуючы...
— Ну, хоць бы тады, калі яго салдаты вядуць баі,— адказаў Чарняхоўскі ў тон Емяльянаву.— Скончым вайну, тады будзем святкаваць інакш. Па-мірнаму!.. Пасля якіх-небудзь, скажам, камандзірскіх заняткаў, у акружэнні сям'і — з жонкай, з дзецьмі! Я ўсіх бы сваіх сяброў запрасіў: прыходзьце, не крыўдзіце імянінніка... І пастараўся б, каб было ўсім весела і добра, усім сябрам! І песень паспявалі б мы тады, на тым зборы, уволю, аж пакуль, ліха пабяры,— не ахрыплі б!..
Ён неяк адразу, рэзка, як часта рабіў, перамяніўся.
Камандуючы прыпомніў такі ж дзень чэрвеня сорак першага, калі яго дывізіі давялося цэлыя суткі весці бой з нямецкімі танкамі. Гітлераўцы тады рваліся на ўсход, самаўпэўненыя, нахабныя... Цяжка было іх стрымліваць...
Тры гады, тры гэтакія гады. Бітва пад Ноўгарадам, дзе ён са сваёй дывізіяй некалькі месяцаў стрымліваў нецярплівы націск фашысцкай погані, бітва пад Варонежам, дзе ён ужо камандаваў корпусам, а вельмі хутка і арміяй. Пераправа праз асенні сцюдзёны Дняпро каля Дымера, без меры шчаслівы, узрушаны Кіеў... Нарэшце, аколіцы Тарнопаля, адкуль яго выклікалі ў Маскву, пасылаючы сюды...
— Так, трыццаць восем! — прамовіў Емяльянаў, пазіраючы на Чарняхоўскага з нейкім здзіўленнем.— Малады вы, Іван Данілавіч!
— Што гэта вы раптам, таварыш член Ваеннага Савета, загаварылі пра маладосць?! Малады!.. Вайна, здаецца, падбавіла нам не толькі працы, але і гадоў...
Ён памаўчаў, Емяльянаў заўважыў, што ў куточках вузкага рота камандуючага ўзніклі ямкі, якія надалі твару строгасць.
Ён яшчэ адну справу павінен зрабіць. Чарняхоўскі папрасіў да тэлефона начальніка інжынерных войск. Загадаў выдзеліць некалькі спецыяльных падраздзяленняў сапёраў, якія займаліся б размініраваннем будынкаў.
— Для работы ў Мінску. Зрабіце гэта сёння ж.
— Зараз жа зраблю, таварыш генерал.
— Сапёры павінны ўвайсці ў горад разам з першымі салдатамі.
— Зразумела...
Чарняхоўскі паклаў трубку тэлефона.
Познім вечарам выклікаў паручэнца, запытаўся:
— Вярнулі машыну?
— Так точна!
— Эх, Лёша, як жа ты гэта? Не чакаў! Столькі гадоў разам, а сюрпрыз такі падарыў...
— Дык з трафеяў жа...
— Зноў старая песенька. Шчасце тваё, што вярнуў... Ну ды і дзень харошы — не варта яго табе псаваць...
Ён звязаўся з Масквой, з сям'ёй,— у гэты дзень асабліва хацелася, каб былі разам з ім. Анастасія Грыгор'еўна — жонка — прывітала з днём нараджэння.
— І я віншую, папа!— пачуўся нецярплівы голас дачкі. Было чуваць, што Алік, сын, поблізу таксама дабіваецца, каб яму далі сказаць слова: «Мама, ну, мама...»
— Дзякую,— адказаў бацька.— Настрой у мяне, Тася,— загаварыў ён да жонкі,— як ніколі. Эх, якія зараз дні ў нас!
6...
Гітлераўцы яшчэ раз паспрабавалі затрымаць нашых танкістаў і пяхоту, каля Крупак, але і тут вымушаны былі адступіць.
30 чэрвеня танкісты маршала Ротмістрава і пехацінцы генералаў Галіцкага і Глаголева падышлі да ўскраіны Барысава і пачалі бой за горад.
Барысаў стаяў на подступах да Мінска. Чарняхоўскі надаваў гэтаму бою важнае значэнне: ён ведаў, што гітлераўцы тут яшчэ раз паспрабуюць затрымаць наша наступленне.
Камандуючы паставіў задачу: да раніцы Барысаў вызваліць. Горад павінны былі браць камбініраваным ударам танкаў і пяхоты, наступаючы адначасова з двух кірункаў,— з поўначы і поўдня, каб узяць немцаў як бы ў ціскі.
Трэба было хутчэй ачысціць шлях на Мінск.
Мінск... Чарняхоўскі думкамі быў ужо ў Мінску. Там завершыцца другі этап бітвы. Развіўшы наступленне, яго войскі сустрэнуцца з войскамі Ракасоўскага і закончаць акружэнне 4 нямецкай арміі. Акружэнне ў ходзе развіцця наступлення. Новае слова ў савецкай ваеннай навуцы... Будзе зроблены «кацёл», у якім «пераварацца» многія нямецкія дывізіі, не адзінкі іх, а дзесяткі...
Чарняхоўскі папрасіў, каб паказалі даныя авіяразведкі ў Мінску. Яму прынеслі некалькі здымкаў, зробленых з самалёта на невялікай вышыні, і зводку.
Камандуючы, схіліўшыся над сталом, моўчкі стаў разглядваць здымкі. На ўсіх іх былі відаць, як у разрэзе, аднастайныя лабірынты сцен, між якіх страшэнна ззяла пустэча колішніх пакояў, вялізныя пустыры з уцалелымі дзе-ні-дзе рэшткамі будынкаў; над зломамі кварталаў то там, то тут курыліся, цягнуліся ўгару чорныя дымы пажараў...
За гэтым заняткам яго ўбачыў генерал-маёр Івалгін.
— Калі глядзіш на гэтыя дымы, здаецца, што ідзем марудна,— сказаў Чарняхоўскі.
Ён парывіста ўстаў і звёўшы бровы, ад чаго між іх выразаліся дзве рэзкія маршчыны, глыбока засунуўшы рукі ў кішэні, пачаў неспакойна, шырока крочыць па пакоі.
— Што ў вас?
Генерал-маёр прынёс данясенні: войскі вядуць у Барысаве моцныя баі. Эсэсаўцы, ахоўнікі і нямецкія танкавыя часці супраціўляюцца вельмі ўпарта...
— Упарта?.. Нічога, я думаю, што перад такімі ціскамі яны нядоўга ўтрымаюцца.
— Супраць Галіцкага, Глаголева ды Ротмістрава — цяжкавата!..— згадзіўся генерал-маёр.
Тым не менш, Чарняхоўскі за ноч некалькі разоў звязваўся з камандуючымі злучэнняў, высвятляў абстаноўку і даваў парады.
Не выпусціць бы гітлераўцаў, хутчэй бы закрыць шляхі іх адыходу, а пакуль — каб не затрымацца тут, пад Барысавам!..
Раздзел І
1...
Усю ноч дывізія рыхтавалася да пераправы цераз Бярэзіну. Генерал-маёр з КП сачыў, як падцягваюцца да берага роты і палкі, як рыхтуюць яны сродкі для пераправы.
Усталёўвалася артылерыя, якая таксама падыходзіла да ракі.
Шчарбацюк з начальнікам артылерыі абмеркаваў размяшчэнне яе пазіцый, паставіў задачы.
Для таго каб адцягнуць увагу ворага ад пераправы, Шчарбацюк рашыў паказваць пераправу ў іншым месцы, куды ён паслаў адзін батальён і некалькі батарэй артылерыі.
Калі ён перадаваў распараджэнні назаўтра, прынеслі вячэру. Генерал, паклаўшы трубку тэлефона, паморшчыўся незадаволена.
— Чаго тут не хапае?
Пажылы, вусаты ефрэйтар выцягнуўся, казырнуў:
— Вам не паложана, таварыш генерал!
— Як не паложана?! — не ўпершы раз з гэтага поваду абурыўся камандзір дывізіі.— Усім паложана, а мне — не?..
— Самі ведаеце, таварыш генерал!
— Нічога я не ведаю!
Шчарбацюку даводзілася пакутаваць ад дыэты — у яго быў парок сэрца. Жонка ў кожным лісце пыталася, ці трымаецца ён дыэты, і наказвала не свавольнічаць і слухацца ардзінарца...
Убачыўшы, што генерал сёння жартаваць не збіраецца, ефрэйтар падаў фляжку.
— Губіце вы сябе, таварыш генерал. Ні сябе, ні дзяцей не шкадуеце...
Ён са строгім асуджэннем паглядзеў, як камандзір дывізіі наліваў у чарачку. «Нібы жыць без гэтага яму нельга. Як дзіця».
Шчарбацюк, выпіўшы павольна, смакуючы, чарачку, павесялелы накінуўся на вячэру. Чорт пабяры, як ён прагаладаўся!
— Не судзі строга, дарагі,— жартаўліва прагаварыў ён.— Заўтра справа важная — пры такім выпадку грэх не выпіць...
З ахвотай павячэраўшы, ён завярнуўся ў бурку і паваліўся на ложак спаць.
Генерал любіў паспаць. Ён казаў, што перад справай вельмі карысна паспаць,— без сну чалавек тупее.
Спаў ён мірна і бесклапотна, як дома.
На світанні батальён завязаў бой, а крыху пазней два палкі пачалі пераправу.
Шчарбацюк, які стаяў на беразе, накінуўшы на плечы бурку, бачыў, як у тумане салдаты неслі плыты і бярвенні да вады. Немцы, якія частку сваёй артылерыі і пяхоты перакінулі супраць батальёна, хутка заўважылі, што пачалася пераправа і тут,— сталі шалёна абстрэльваць раку і бераг.