Литмир - Электронная Библиотека

Адганяючы яшчэ вострыя, даўкія ўспаміны пра ўчарашняе здарэнне, Аляксей сказаў сержанту, які сядзеў побач:

— Ты ведаеш, Быстроў, што гэта за зямля перад намі?..

Быстроў зірнуў на Аляксея, потым перавёў позірк туды, куды глядзеў старшы лейтэнант. Непадалёк пачынаўся невялічкі, звычайны лясок, да якога падступала такое ж звычайнае поле. Пры ўзлессі віднелася некалькі кінутых немцамі аўтамашын.

— Вось думаю — колькі крыві братняй праліта за яе? За нашу зямлю... За гэтую дарогу, за поле, за бярозу... За Мінск.

Быстроў не адказаў, узрушаны хваляваннем Аляксея. «За Якавенку, відаць, перажывае», — падумаў ён.

— Многа, Быстроў. Што там гаварыць пра кутузаўскіх салдат, гэта здаецца далёкім мінулым. Дваццаць чатыры гады назад тут біліся нашы бацькі з белапалякамі. Мой бацька тут ваяваў з імі! А яшчэ крыху раней — з кайзераўцамі... І вось цяпер — тры гады нашай вялікай бітвы!..

— Развялося пошасці ўсякай! — паварушыў жаўлакамі Быстроў.— Увесь час лезуць, як саранча!

— І каго сюды ні прыносіла: Карл-швед і той нават прыпёрся быў, — сказаў Аляксей.

— Ну, нічога. Погані такой цяпер паменшае. Думаю, што тут, на Беларусі, кроў больш не будзе ліцца. І так колькі разоў перашкаджала людзям жыць усякая замежная навалач!.. Адвучым хадзіць сюды!..

— Адвучым назаўсёды.

Аляксей з нейкім асаблівым пачуццём любові і пашаны пазіраў у гэты час на пыльную дарогу, на запусцелыя палі, якія толькі зрэдку радавалі вока палоскамі спеючых кволых жытоў, на невысокія адхонныя ўзгоркі, пералескі, зацягнутыя сіняватай смугой, што, мяняючыся, праходзілі абапал дарогі.

Беларусь ты мая, Беларусь!

Раздзел ІІ

1...

28 чэрвеня адгрымелі баі ў Магілёве, на высокім, перакапаным снарадамі і бомбамі дняпроўскім беразе. Натоўпы магілёўчан, выбраўшыся са сховішчаў, абдымалі на дымных вуліцах родных салдат. Войскі ішлі ды ішлі з боку Лупалава, па пантонах на Дняпры, міма вежы старажытнай ратушы, па зялёнай Першамайскай, з сярэдзіны якой зварочвалі на Мінскае шасэ, на Мінск!

Бурлілі ў той жа дзень радасцю перамогі, шчасцем вызвалення Асіповічы, Шклоў, Быхаў, Клічаў і многія — ужо не дзесяткі, а сотні пасёлкаў і вёсак.

Фронт падступіў да зялёных берагоў Бярэзіны. Перш за ўсё тут завязаліся баі ў Бабруйску. Гэта былі цяжкія баі. У горадзе сабралася восем варожых дывізій і некалькі асобных батальёнаў, — да таго ж фашысты мелі па ўсіх ускраінах і ў цэнтры горада шматлікія ўмацаванні.

Пасля поўдня 27 чэрвеня нашы танкі і пехацінцы першы раз атакавалі нямецкія часці, што абараняліся ў Бабруйску, але прабіцца ў горад не здолелі.

Баі на ўскраінах не сціхалі і ўсю першую ноч, а на наступную ноч нашы разведчыкі заўважылі, што гітлераўцы на паўночнай ускраіне сабралі многа пяхоты і артылерыі. Амаль у той жа час удалося захапіць палоннага, які даў разгадку гэтаму, — ён сказаў, што камендант горада загадаў гарнізону ўночы пакінуць Бабруйск і прарывацца на паўночны захад.

Тады ж наша камандаванне прыняло свае захады, — на гэту ўскраіну перавялі некалькі артылерыйскіх і мінамётных палкоў.

Пасля поўначы гітлераўцы пачалі артпадрыхтоўку. Ледзь гарматы сціхлі, на нашы пазіцыі ў начным змроку пасунуліся танкі і густыя рады салдат; наперадзе пехацінцаў, як потым казалі палонныя, ішлі ўдарныя батальёны з афіцэраў.

Нашы артылерысты і мінамётчыкі, якія загадзя чакалі гэтага, далі па гітлераўцах такі агонь, што цэлыя ланцугі фашысцкай пяхоты за некалькі хвілін былі нашчэнт выкашаны. Усе, хто застаўся жыць, адступілі назад...

Праз паўгадзіны гітлераўцы зрабілі новую атаку...

На світанні танкісты генерала Батава зноў атакавалі ўскраіны Бабруйска і, прарваўшыся праз нямецкія ўмацаванні, пачалі вулічныя баі.

Каля 10 гадзін 29 чэрвеня Бабруйск быў поўнасцю вызвален. На яго вуліцах разам з людзьмі стаялі рады зялёных купчастых дрэваў, якія таксама быццам віталі вызваліцеляў.

У гэты ж дзень быў закончан і разгром усёй бабруйскай групіроўкі. Спроба супраціўляцца абышлася гітлераўцам і цяпер, як ужо многа разоў раней, вельмі дорага: яны бясслаўна загубілі ў лясах і на палях пад горадам тысячы сваіх салдат і афіцэраў. Многія тысячы іншых, якім пашанцавала ўцалець, прызналі сябе пераможанымі і здаліся ў палон, кідаючы ў кучу непатрэбную цяпер зброю...

2...

Недалёка ад Бярэзіны ўзвод Праворнага, які ехаў на машынах у «галаве» роты і ўсяго батальёна, з разведкай, нагнаў натоўп, што паволі брыў па дарозе.

За людзьмі цягнуліся падводы з нейкімі лахманамі і ўзброенымі гітлераўцамі, якія сядзелі, звесіўшы з драбінак ногі; некалькі нямецкіх салдат тупала з боку натоўпу, ведучы пры сабе вялізных сабак.

Спачатку, калі ў натоўпе заўважылі нашы машыны, ён яшчэ ішоў па-ранейшаму далей. Праўда, усе ў ім заварушыліся, сталі азірацца, нешта, відаць, меркаваць між сабою, — ім невядома было, чые гэта машыны. Не ведалі гэтага, відаць, і канваіры. Яны таксама гадалі, азіраліся на грузавікі, што падыходзілі. Прышлося Праворнаму дапамагчы ім...

— Стой! — скамандаваў Праворны.— А ну, растлумач, хто мы! — сказаў ён кулямётчыку, які сядзеў поруч з шафёрам.

Кулямётчык растлумачыў: націснуў спускавы кручок, даў па бакавых канвойных дзве кароткія чаргі.

Гітлераўцы, што ехалі на павозках, адразу пасыпаліся на зямлю, нібы іх вецер здзьмуў. Некалькі постацей кінуліся з дарогі, стараючыся ўцячы.

Спалоханыя коні ірванулі і панесліся, як ашалелыя.

Машыны спыніліся, і з іх адразу паляцелі, уздымаючы рукі, як крылы, запыленыя пехацінцы. Завязалася кароткая перастрэлка з канвойнымі, якія яшчэ паспрабавалі адбівацца.

Праворны таксама саскочыў на зямлю і кінуўся ўслед за байцамі...

Малодшы лейтэнант бачыў, як два канвойныя ўсталі з зарасляў свірэпкі і ўзнялі рукі: «Так бы раней. Яшчэ страляюць!» — падумаў ён.

Раптам Праворны пачуў дзіцячы крык, такі жахлівы, што ўзводны адразу азірнуўся спалохана. На хлапчука-падлетка, які адбег за кювет, ляцеў руды ашчэраны звер. Ваўкадаў! Хлапчук, спыніўшыся і пазіраючы на яго, ад страху толькі выставіў перад сабой рукі...

Праворны забыўся на ўсё, — ён мігам кінуўся да сабакі. Узводны ўправіўся прабегчы толькі пяць — шэсць крокаў, як хлопчык ужо ўпаў. Ваўкадаў ускочыў на яго...

Праворны, выхапіўшы пісталет, стрэліў у сабаку, аднак ад таго, што малодшы лейтэнант баяўся параніць хлапчука, ён уцэліў няўдала. Ваўкадаў адразу кінуў ахвяру і адскочыў назад. Па ілбе яго цёк струменьчык крыві.

Сабака натапырыў шэрсць, зарычаў, потым, прысеўшы, скачком ірвануўся на лейтэнанта, але Праворны стрэліў зноў.

Ваўкадаў тузануўся і стаў валіцца...

Хлопчык, які ўжо крыху адбег ад гэтага месца, трывожна сачыў за лейтэнантам. Той парывіста ўсунуў пісталет у кабуру і, махнуўшы малому рукой, каб падышоў, прамовіў супакойліва:

— Не бойся! Больш не падымецца! Капут!..

Стрэлы навокал ужо сціхлі, — два ці тры гітлераўцы леглі мёртвыя, а іншыя, кінуўшы зброю, паднялі рукі...

Хлопчык нясмела наблізіўся да Праворнага. Ён яшчэ калаціўся ад перажытага жаху.

— Ой, дзядзечка, як я напалохаўся!.. Ён жа, гад, пазаўчора разарваў на дарозе адну жанчыну. А цяпер да мяне прычапіўся. Калі яго фашыст кінуў, то ён мне кроку не дае ступіць убок. Толькі я ступлю, — дык ён: гыр-р... А тут раптам страляніна. Я і не ўтрываў, адбег,— тады ён як кінецца! Як кінецца!..

— Нічога! Больш не кінецца. Супакойся!..

Тым часам байцоў і сержантаў ужо акружылі жанчыны, хлапчукі, дзяўчаты, яшчэ крыху разгубленыя і нясмелыя. Яны былі без меры ўзрушаны раптоўным ратункам, аслеплены шчасцем. Ці праўда ўсё гэта? Няўжо гэта не сон, а ява? Паверыць адразу цяжка!.. Праўда гэта?

Праўда, праўда.

Людзі абдымалі і цалавалі байцоў. Былі чуваць непаўторныя ўзрушаныя воклічы радасці — уся душа, увесь боль і ўсё шчасце ў гэтых простых словах. Людзі, як звычайна, у першыя хвіліны або маўчалі, або гаварылі толькі гэтымі воклічамі ды вачыма, што ззялі радасцю ці слязамі перажытага гора.

44
{"b":"849555","o":1}