Литмир - Электронная Библиотека

— Ну, і прасіся. Шчасце якое!..

Спіць Сонцаў наўздзіў чуйна, і ледзь толькі хто клікне яго ці загуркоча дзе-небудзь матор, прачынаецца.

— А я не магу заснуць. Зайздрошчу проста такім, — прамовіў зараджаючы, стомлена пазіраючы на Быстрова.

— Эх, гэта што, — прыплюшчыў спакойныя вочы Быстроў. — Вось пад Ленінградам было, помню. Зімою, якраз у самым пачатку сорак трэцяга. Батальён там наш прарваўся ў Нямецкі тыл. А пяхоту фашысты адрэзалі, не дапусцілі... Занялі мы лагчынку там адну, у кругавую абарону сталі ды б'емся. Адступаць назад і думкі няма, вельмі дорага дасталася тая лагчынка. І загад маем — чакаць падыходу пяхоты. Вось мы і пачалі чакаць. Адны суткі чакаем, — пяхоты няма, другія чакаем — няма, усё не можа прабіцца! А тут навокал — фашысты. З усіх бакоў фашысты цікуюць. Зазявай, задрамлі — дык на той свет адправяць... Ну, мы, вядома, як вы здагадваецеся, стараліся лепш іх саміх туды адпраўляць. Як толькі пачне высоўвацца там гарматка на ўзгорак, — адзін паварот, другі, тумблер — і няма яе. Проста да чарцей, у пекла, смалу вазіць!.. Бранябойшчык — чарга адна і — туды ж... Налаўчыліся біць, як снайперы. Я тады і сам навучыўся, як трэба з гарматкі страляць. Ліха без дабра не бывае... Адным словам, пяцёра сутак не спалі!

— Цягавітае стварэнне — чалавек. Прывыкае да ўсяго, проста аж дзіву даешся...

— Хіба толькі чалавек? — адгукнуўся на гэта Касцючэнка, які ведаў безліч розных, часам неверагодных, гісторый. — У нас, калі мы стаялі ў Забалоцкім лесе, карову прывучылі ў равок хавацца...

— У які равок?

— А самы звычайны. Ад бомб і снарадаў. Адукаваная, скажу вам, была карова!.. Ледзь толькі пачуе блізкія выбухі, задзярэ хвост і ляціць з усіх сіл да свайго раўка. І ніколі не памылялася: заўсёды на сваё месца!.. Там да яе быў прыстаўлен даглядаць адзін партызан — Лабуцін па прозвішчу. Пажылы ўжо чалавек, жывёлаводам быў раней, здаецца. Ён тую карову пасвіў, чысціў і даіў. Мірнай прафесіяй, сказаць, займаўся... Яго ў нас жартам празвалі «Даярка і пастух», як у кіно. Дык гэты «даярка» аднойчы, калі наляцелі «юнкерсы», забег у равок да дзяўчат са шпіталя, кіламетры за два ад свайго. А карова прыбегла ў свой...

— А можа, ён знарок памыліўся! Нешта ж вельмі выгадна — да дзяўчат са шпіталя...

Танкісты зарагаталі.

У гэты час пачуліся прыглушаныя далечынёй выбухі. Быстроў сказаў, што страляюць з «трыццацьчацвёрак».

— Узвод Якавенкі... — як бы пацвердзіў яго словы Касцючэнка.

Яны моўчкі слухалі. Выбухі гучалі часта, часам зліваючыся. Было чуваць, што на стрэлы двух— трох нашых машын б'юць некалькі варожых гармат. І дзіўнай здалася хвіліна цішыні, што наступіла там...

Раптам з далечыні данёсся новы, мацнейшы выбух. Гэта быў ужо не стрэл. Камандзір гарматы і зараджаючы трывожна пераглянуліся.

Што гэта?

4...

Якавенка выскачыў з машынай з-за гушчырні алешніку і раптам убачыў поблізу між зяленіва берагоў чыстую люстраную пройму вады і мост. Гэта была рэчка.

Якавенка на міг прыпыніў танк. Ісці на мост адразу было рызыкоўна.

Там, на тым вышэйшым баку, ён убачыў каля бярозкі нацэленую ўгару зенітку. Невядома, ці няма там і працітанкавых гармат... Але самым галоўным, што стрымлівала Якавенку, было меркаванне, што мост можа быць мініраваны: ускочыш на яго і паляціш у неба. На гэтым баку, праўда, мітусіліся яшчэ постаці гітлераўцаў, якія стараліся дабегчы да моста і перабрацца на другі бераг. Можна было б прабіцца на мост разам з імі. Але гітлераўцы не пашкадуюць нічога, каб затрымаць танкі. Яны ўзарвуць і сваіх.

Па тым, як замітусіліся гітлераўцы і на другім баку, разбягаючыся па акопчыках, Якавенка здагадаўся, што танк з'явіўся для іх нечакана...

Гэта як бы падагнала Якавенку. Ён перастаў вагацца. Лейтэнант падумаў, як важна пераправіцца на той бок, учапіцца за яго, уратаваць мост. З той хвіліны флегматычны, марудлівы Якавенка нібы пераіначыўся: думкі і рухі яго сталі на дзіва хуткімі.

Ён штурхнуў у плячо камандзіра гарматы, паказаў тры сагнутыя пальцы, што значыла «тры асколачныя», і, прыціснуўшы да горла ларынгафон, крыкнуў іншым камандзірам машын:

— Рабіць, як я!

Гармата, здрыгануўшыся, вогненна зіхнула. Гарачая, з залацістым бліскучым водсветам гільза, што едка дымілася, паляцела ўніз. Зараджаючы, з круглымі ад непакою, трывожнымі вачыма, пахапліва падаў у патроннік новы снарад.

— Рыбакоў! На мост! — выдыхнуў Якавенка.

Машына ірванулася так рэзка, што лейтэнанта з

вялікай сілаю кінула назад, ён ледзь утрымаўся на сядзенні.

Рыбакоў вёў машыну на мост. Дарога з ямінамі каляін, з зелянінаю травы бегла ўсё хутчэй, ліхаманкава ляцела пад машыну, пад гусеніцы, ляцела з такой хуткасцю, што неўзабаве ўсё на ёй поблізу злілося ў імклівую, імпэтную віхурнасць, якая біла і біла насустрач. У гэтай віхурнасці Рыбакоў на момант угадаў лазовыя кусты, што імчаліся, паслухмяна расступаліся абапал дарогі.

Збоку лязом шаблі востра бліснула паска вады, і амаль у той жа момант знікла. Праз міг яна заяснела зноў ужо вялікім прасцягам.

Мост падбег, вырас, пашырэў...

На «трыццацьчацвёрцы» няспынна працавалі абодва кулямёты: вежавы і лабавы. Усю сваю агнявую моц машына скіроўвала на той бок. Танкісты абстрэльвалі бераг, стараючыся падавіць супраціўленне гітлераўцаў і адрэзаць ад іх мост.

З гітлераўцаў, якіх заспелі на гэтым беразе, адны кінуліся ўбок, ратуючыся ад куль, другія, ачмурэлыя ад жаху, пабеглі проста перад танкам да моста.

Рыбакоў, амаль не збаўляючы хуткасці, з лёту, узвёў машыну на драўляны насціл, бярвенні якога адразу затрэсліся і застуганелі. Мелькам заўважыўшы, як пабеглі па баках поручні, моцна сціскаючы белымі рукамі рукаяткі рычагоў, ён трывожна падумаў: толькі б не сарвацца ў ваду! Праскочыць бы хутчэй!..

Вось і перастала грымець унізе. Бераг!..

Ні Рыбакоў, ні хто іншы з экіпажа яшчэ не ўправіўся адчуць хоць бы першай радасці ад гэтай удачы, калі справа з хмызняку ўдарыла адна, другая гармата.

Якавенка загадаў развярнуць машыну перадам да гармат, падавіць іх. Ён бачыў, як яго камандзір гарматы, горбячыся, прыпаў да гумавага наканечніка акуляра, ухапіўся за ручку паваротнага механізма. Амаль у тую ж хвіліну лейтэнанта штосьці моцна штурхнула, у вежы пачуўся моцны трэск. Башнёр з енкам нечалавечага жаху і болю, схапіўся за плячо. Яно, заўважыў Якавенка, гарэла!

Баявое аддзяленне адразу напоўніла страшэнная гарачыня. Якавенка ўбачыў перад сабою іскрыстыя, сляпуча белыя язычкі полымя, што прагна пабеглі па сценцы вежы. Ён заўважыў, што адусюль, збоку, знізу, спераду, на яго клубамі ідзе густы чорны дым, ахутвае, сціскае, адчуў, што дым лезе ў рот, забірае дыханне, нясцерпна душыць горла.

«Тэрмітны снарад!..»

Якавенка ірвануўся, каб стаць на сядзенне, выбрацца з вежы, — люк быў адчынены, — але ад дыму, ад гарачыні яго цела налілося такой неадольнай млоснасцю, што зрабілася непаслухмяным, бяссільным. Прыкрыўшы далонню твар, які жахліва пякло ад полымя, ён схапіўся рукой за край люка і, збіраючы рэшткі сілы, нечалавечым намаганнем стаў падымацца ўгару. Ён зняў руку з твару, ён ужо быццам не чуў болю апёку на твары, усе думкі, уся сіла, усё было цяпер для аднаго,— падняцца ў люк, вырвацца з гэтага жару, з гэтага дыму, з нечалавечай пакуты. Ён падняўся і выбраўся б, напэўна. Але да ўсяго ў яго аказалася была перабіта нага, і рана гэтая знясільвала яго ўшчэнт. Ужо амаль выбраўшыся з люка, ён, аж скрыгочучы ад крыўды, бяссільна аб'ехаў уніз.

Спрабуючы зноў падняцца, ён заўважыў, што на ім задымілася і ўспыхнула вопратка.

Поўнае няўтрымнай прагі жыць, вырвацца, збіраючы рэшткі сілы, не трацячы адзінай надзеі, упарта трымаючыся за яе, ніяк не хацела здацца, прымірыцца з непапраўнай бядою гэтае жыццё.

«Мішка, каласочак!.. Ганнуся!» — згадалася яму, згадалася такім жаданым, такім дарагім, што ён застагнаў ад болю, ад крыўды. «Мішук! Ганнуся!» — нібы клікаў ён нямымі, абпаленымі вуснамі, уставаў, браўся душою да іх, то з надзеяй, то з адчаем.

42
{"b":"849555","o":1}