— Чорт пабяры! Я ўсё менш веру, што можна адсюль выбрацца жывым!..
— Батальён сапёраў ішоў справа ад нас... Учора наляцелі рускія казакі,— пасеклі ўсіх...
— Палавіну ў палон забралі. Мне гаварыў лейтэнант з трэцяй роты...
— Гавораць, да нас ідзе корпус. На дапамогу. Фюрэр паслаў... Яны ўжо каля Барысава...
— Пад Барысавам многа войск. Чакаюць толькі, калі рускія падыдуць. Дадуць бальшавікам!..
— Кацёл рускім зробяць...
— Мне казалі, што фюрэр даў загад ужыць новую зброю. Сакрэтную... Першага ліпеня!..
— Ну? Гэта — здорава.
Яны занепакоена паглядваюць у блакітнае высокае неба. Там амаль бесперапынна гудуць і звіняць чародкамі і вялікімі групамі савецкія самалёты. Праўда, яны звычайна ідуць на нейкія іншыя цэлі, але некаторыя з іх абстрэльваюць калону, кідаюць бомбы.
Учора адна бомба ўцэліла ў кузаў грузавіка, пашматаўшы і машыну, і ўсіх, хто там быў...
Ад самалётаў няма нідзе ратунку.
«Адкуль у рускіх столькі самалётаў?! І чаму мала відаць нашых? Куды яны падзеліся? Што з імі?..»— здзіўляецца Клямт.
Снарадаў так і не дачакаліся. Гаручае таксама не падвозілі, і таму амаль усе гарматы прышлося кінуць. Іх кінулі надвячоркам на ціхім узлессі. Некалькі гармат артылерысты ўзарвалі: зарадзілі ў апошні раз і, насыпаўшы ў ствалы пяску, стрэлілі.
— Што гэта?— запытаўся адзін салдат, пачуўшы недалёкія выбухі.
Другі адказаў абыякава:
— Гарматы ўзрываюць... Каб ісці было лягчэй.
— Так, чаго добрага, станем хутка гэткімі лёгкімі, што і паляцець зможам...
— ...на неба!
Назаўтра калону абстралялі з ляска: білі з кулямётаў і дробных мінамётаў. Міны выбухалі проста на дарозе. Вялікі ўзброены натоўп раптам звярнуў з дарогі ў поле, топчучы тых, хто ўпаў.
Потым высветлілася, што гэта была групка партызан. Калі адзін батальён, у якім быў Клямт, арганізаваўшыся, перайшоў у контратаку, партызан адбілі.
Клямт, як і некаторыя іншыя салдаты і афіцэры, быў нямала ўсцешаны гэтай «перамогай».
Салдаты вярнуліся да машын. Дзе-ні-дзе ўжо чуліся павесялелыя галасы, і Клямт слухаў гэтыя галасы з ахвотай.
Паехалі далей, уздымаючы пыл на дарогах, перасохлых ад спёкі.
Недзе збоку, ззаду, як відаць было з тапаграфічных карт, засталіся Крупкі. Набліжаўся Барысаў. Ён быў цяпер ужо недзе на сярэдзіне паміж захадам і поўначчу.
На беразе невялікай рэчкі калона спынілася.
— Што там, гэр лейтэнант? Чаму сталі?..— запытаўся ў Клямта руды, даўгарукі салдат Трэйдэ.
— Прыпынак, відаць.
Клямт рашуча падаўся наперад, каб даведацца, што здарылася. Перад ім была нізкая лугавіна, засеяная безліччу купін, пасярэдзіне якой цягнуўся невысокі насып, што раптам абрываўся каля вады. Справа і злева на беразе віднеліся дзе-ні-дзе зараснікі чароту.
Блізка ад рэчкі Клямт убачыў групу афіцэраў і падышоў да іх. Наводдаль была яшчэ адна групка, у якой Клямт лёгка пазнаў доўгага, з вялікай галавой генерала, камандзіра дывізіі. Клямт запытаўся ціха ў знаёмага афіцэра, чаму стаіць калона.
— Не бачыш?.. Мост узарваны! Партызаны пастараліся!..
Два салдаты, не раздзяваючыся, хадзілі ў вадзе, якая дасягала ім шыі,— мералі глыбіню.
— Пракляцце! Прыдаецца, відаць, пакідаць нам гэтыя цацкі,— прамовіў адзін з афіцэраў, кіўнуўшы на грузавікі.
Клямт абнадзейліва адказаў:
— Яшчэ невядома!
— Чаго невядома?! Ясна, як божы дзень!..
— Не хныкайце! — сказаў Клямт.
Афіцэр узлаваўся на Клямта за гэтакі тон размовы. Ён змераў лейтэнанта позіркам і абазваў яго крыўднай клічкай «грыб». Лейтэнанта называлі і раней «грыбам», падсмейваючыся над яго ростам і фуражкай.
Клямт зрабіў выгляд, што гэта яго ніяк не абразіла. Ён глядзеў, як яшчэ некалькі чалавек накіроўваліся абследаваць берагі і рэчку па другі бок ад насыпу. Спачатку яны пахадзілі крыху па беразе, штосьці абмяркоўваючы. Клямт і яшчэ адзін афіцэр падаліся да іх: тут выбіралі найбольш трывалы грунт. Такога грунту, каб па ім свабодна маглі прайсці машыны, на беразе не было. Дзе-ні-дзе тут нават уздыхала пад нагамі дрыгва. Выбралі проста больш сухое месца...
Тады тры салдаты раздзеліся і падаліся ў ваду. Рэчка тут аказалася акурат неглыбокай. Можна было б перапраўляцца, толькі ці вытрымаюць берагі.
— Ну што ж, паспрабуем! — рашыў маёр, які кіраваў пераправаю, і загадаў, каб падалі першую машыну. Яна прайшла амаль да рэчкі, але тут угрузла. Па камандзе маёра дзесяткі два ці тры салдат акружылі яе, выцягнулі на сваіх плячах і пераправілі на той бок... Другая таксама засела і яшчэ больш.
— Ну, тут работы да раніцы! — сказаў поблізу Клямта хтосьці з салдат.
Неспадзявана каля пераправы, каля калоны і ў калоне пачалі ірвацца міны.
— Рускія, рускія... прарваліся! — пайшло трывожнае.
Клямт адразу подбегам заспяшаўся да сваіх. Настрой быў тут такі ж трывожны, як і на пераправе. Лейтэнант, заўважыўшы гэта, пачаў лаяцца:
— Хто балбоча, што рускія прарваліся? Трусы! Гэта — партызаны! Іх невялічкая групка!..
Але міны лажыліся так часта, што словы Клямта не заспакойвалі нікога: усе, хоць і страляючы, адыходзілі з дарогі ў поле. Далей ад выбухаў.
Клямт пачуў, што яго кліча незнаёмы салдат:
— Лейтэнант Клямт. Дзе лейтэнант?
— Я тут. Што там такое? — Да Клямта падбег сувязны ад капітана Штаме, камандзіра батальёна. Ён перадаў загад — перапраўляцца ўброд.
— Адным? А як жа машыны? — захваляваўся Клямт.
— Машыны кінуць.
2...
Адстрэльваючыся і стрымліваючы партызан, групкі пачалі перапраўляцца. Вада Клямту даходзіла да шыі. Ён не скідаў вопраткі — навошта, высахне!..
Ад таго берага ад рэчкі ішлі пехатою. Рух цяпер стаў зусім марудны,— дарога паўзла насустрач павольна-павольна. Да якой-небудзь бярозы ці хвоі, што віднелася ўдалечы, прыходзілася тупаць цэлую гадзіну. Многія салдаты без прывычкі хутка стамляліся. Зброя, якую яны неслі на плячах, станавілася ўсё больш важкай. Гадзіны праз чатыры некаторыя пачалі ўжо адставаць, — калона ўсё расцягвалася і расцягвалася. Клямта гэта злавала:
— Хто там паўзе ззаду, чорт пабяры? Гэй, Трэйдэ, хутчэй! І вы, іншыя,— падцягнуцца! Раскіслі...— Дзе ваш кулямёт? — накінуўся ён зноў на даўгарукага Трэйдэ.
— Обер-ефрэйтар Келер узяў.
Клямт убачыў на плячах Келера кулямёт, загадаў зараз жа аддаць назад салдату. Обер-ефрэйтар хацеў быў запярэчыць, але Клямт асек яго:
— Зараз жа! Гэта што — патворства распушчанасці?!
Келер паслухаўся яго неахвотна, пры гэтым Клямт улавіў ледзяны выраз яго вачэй. Мімаволі мільганула ў галаве разважлівае: гэтага ефрэйтара трэба асцерагацца. Клямт успомніў мінулыя спрэчкі, якія раздзялілі іх мяжой непрыязнасці, а можа, і варожасці.
«Сачыць за ім трэба, — падумаў пра Келера. — Першы зручны выпадак і ён — здрадзіць...» Каб Клямт не пабойваўся салдат, якія любілі Келера, ён пастараўся б зняць яго з камандзіраў і далажыць пра яго размовы каму след. Але цяпер пакуль не выпадала... «Нічога, — суцяшаў сябе лейтэнант, — прыдзе час: я яму ўсё прыпомню!..»
Хутка лейтэнанту давялося затрывожыцца пра іншае: выявілася, што батальён адарваўся ад штаба палка!
Усім, што засталося ад батальёна, камандаваў цяпер капітан Штаме. Ранейшы камандзір загінуў яшчэ на другі дзень рускага наступлення. Штаме, заўсёды п'яны і злосны, часта крычаў на ўсіх, пагражаў пісталетам. Нават Клямт пабойваўся яго, але лейтэнанта супакойвала думка, што такі чалавек не падвядзе ў цяжкую хвіліну ў баі.
— Дзе гэты пракляты штаб? — падышоўшы да Клямта, запытаўся капітан.
— Не ведаю, гэр капітан... Відаць, адстаў.
— Дурань! «Адстаў»! Гэтыя чысцюлі знарок адсталі і — пайшлі ў палон да бальшавікоў!.. Зразумела?
— Так, капітан.
Клямту нічога не было зразумела. Начальства няма, і што робіцца навокал, невядома. Куды ісці — ніхто не ведае, нават Штаме. Многія лічаць, што трэба хутчэй дабірацца да Барысава, але хто скажа, што там, у Барысаве, чакае? Можа, там бальшавікі?