Ён разважаў і гаварыў ледзь не бесперапынку. Амаль ніколі яго не бачылі спакойным — Жывіца то радаваўся, то гараваў. Убачыў патоптанае жыта, падбег туды, пахадзіў, паглядзеў, а пасля паўгадзіны айкаў:
— Ай-ай, колькі жыта здрасавана! Колькі дабра на глум пушчана!.. То ж расло пад пяшчотным сонейкам такое багацце, цягнулася ўгару, налівалася сабе сокамі, кланялася каласкамі зямлі — і вось раптам палягло, памерла... Бывала, да вайны, кожнае сцябельца, як дзіця тое, беражэш, каб ніводнае зярнятка не прапала ў полі, а тут — цэлая паласа стаптана — і быццам так і трэба!..
Амаль на кожным полі Жывіца прыглядаўся да збажыны — як наліваецца. Яна стаяла яшчэ шыза-зеленаватая, але з кожным днём спела. Жывіца ўсхвалявана разважаў, ці засеялі палі там, дома, ці не патаптаны яны і як іх прыдзецца прыбіраць...
Калёсы, на якіх Жывіца ехаў, або правільней, каля якіх ён ішоў, падабаліся яму тым, што былі лёгкія, але яны ўжо дажывалі свой век. Колы амаль увесь час надакучліва скрыпелі.
Жывіцу даводзілася з калёсамі многа валаводзіцца.
Ледзь не кожныя паўдзесятка кіламетраў спыняў ён каня і гаварыў жвава:
— Шына, няма на яе ўправы, спаўзае!
— Атоса зноў спала!.. Цьфу, каб ты згарэла, такое прыладдзе!
Ён адразу пачынаў борзда завіхацца.
— Строй, няма чаго сказаць! Эх, у нас, у «Сусветнай рэвалюцыі», рабілі, бывала, павозкі. Коціцца — ні скрыпу, ні рыпу, а паклажу, як на грузавік, можаш нагрузіць, усё вытрымае! Самі ж павозкі — лёгкія, не то што конь, а дзіця можа пакаціць.
Каняку ён вельмі бярог і шкадаваў. Адганяў бясконца аваднёў, якія плоймай круціліся над ім і ўпіваліся ў бакі і шыю. Жывіца не злаваў, што ён ідзе паволі. Толькі калі-ні-калі памахваў пужкаю ды дабрадушна пасвістваў, як бы для таго, каб падахвоціць.
Жывіца запэўніў сваіх спадарожнікаў, якія па міласці гэтага стварэння вымушаны былі амаль увесь час тупаць пеша:
— Падкарміць бы крыху, і можна хоць на іпадроме скакаць наперагонкі. Усіх бы, ручаюся галавой, перагнаў!
І раптам прамовіў задуменна і трывожна:
— А можа, там ніводнага канякі цяпер не засталося. Адзін гэты будзе... На яго, можа, там будуць усе нашы надзеі... Да вайны на гэтага каня, напэўна, мала хто і глядзець захацеў бы, а цяпер — калі ён адзін — за ім трэба, як за самым дарагім стаеннікам, хадзіць.
І Жывіца на ўсіх прывалах старанна падкармліваў каня.
Спыніліся на начлег у Талачыне.
Гарадок быў увесь запоўнены войскамі. Не было такога двара, дзе б не віднеліся ці грузавікі, ці гарматы, ці групкі байцоў. На некалькіх дварах стаялі крытыя машыны з чырвонымі крыжамі, і Жывіца здагадаўся, што гэта вайсковы шпіталь.
Толькі аб'ехаўшы з паўсотні двароў, убачылі нарэшце адзін пусты.
Жывіца заехаў на двор, каля сцяны пустога хлява распрог каня, даў яму з воза пахучага сена. Двор быў шырокі, зарослы рамонкам і травою, ён аддзяляў дом ад невялікага саду, які падступаў да вуліцы.
Міхалап і хлапчук пайшлі ў хату, а старшыня застаўся назіраць за канём. Спаць Жывіца збіраўся тут, на павозцы, каб каняка, крый бог, не прапаў — час неспакойны, многа ўсякага народу бадзяецца, вуха трэба трымаць востра.
Амаль адразу за ім на двор зайшло некалькі жанчын і дзяўчат. Жывіца заўважыў, што яны вельмі стаміліся, і параіў ім спыніцца тут: ён заўсёды спачуваў людзям. Жанчыны пачалі размяшчацца, некалькі з іх пайшло на суседнія двары, а чалавекі чатыры засталіся тут. Жывіца, вядома, пацікавіўся, хто яны і адкуль, і даведаўся, што іх учора гітлераўцы гналі ў Германію, але танкісты насціглі немцаў і вызвалілі палонных.
«Можа, гэта тыя танкісты?» — падумаў раўніва, з зайздрасцю, Жывіца.
— Ці не бачылі вы, скажыце, якія знакі нарысаваны на танках?
— Хто ж прыглядаўся да знакаў! Хіба нам было да таго! Як падляцелі да нас танкі, як выскачылі адтуль свае людзі ды пачаліся абдымкі— дык і зямлі пад сабою не бачылі!.. Не тое, што знакаў!..
— Усё роўна знак трэба было запомніць... Таму што без знака вы не будзеце ведаць, хто вас выратаваў!
— Божа, а я і не падумала пра той знак!..
Тут адазвалася праворная жвавая дзяўчынка:
— Збоку на тых танках была белая стрэлка і «Б»!
— Стрэлка і «Б»? Вось цяпер ясна, каму трэба дзякаваць!.. То — спрытныя, баявыя хлопцы! Я іх добра ведаю...
Ну так, гэта яны! Глядзі ты, як далёка апярэдзілі — напэўна, на цэлую сотню ці больш кіламетраў. Дзе там за імі ўгнацца! Праўду тады ў сорак першым казалі, што будуць фашыстаў назад перці так, што драпака даць яны не ўправяцца...
2...
Па вуліцы ішло ды ішло войска. Гуркаталі цягачы з важкімі гарматамі і прычэпамі, ад поступу якіх уздрыгвала зямля. Цягнуліся адна за адной павозкі, дымілі на хаду палявыя кухні. Нецярпліва сігналілі легкавікі, патрабуючы сабе дарогу.
На гарматах, на павозках, на прычэпах — усюды віднеліся стомленыя, але бадзёрыя постаці салдат. Яны, не спыняючыся, ехалі на захад...
Пачало ўжо змяркацца, калі да двара, на якім быў Жывіца, і да суседніх падышла доўгая калона запыленых салдат. Адразу, як толькі яна спынілася, між байцоў пачулася вясёлая гамонка.
— Прывал... Эх, завалюся я на гадзінку... Спіну выпраўлю на траўцы...
— Яно гэта вельмі не шкодна!
— Насып і мне табачку...
— Першы ўзвод, за мной! — пачуў Жывіца сярод іншых слоў.
Байцы са сваімі камандзірамі часткаю пайшлі ў хату цераз вуліцу, а іншыя павярнулі сюды на двор. Між іх быў малады, чарнявы сержант, які, увайшоўшы на двор, адразу накіраваўся да Жывіцы.
— Вы што, гаспадар тут? Не... Праезджы?— сержант хутка, але ўважліва акінуў позіркам Жывіцу. Па тым, як сержант гаварыў, Як азіраў незнаёмага быстрымі, жвавымі вачыма, было відаць, што ён энергічны і рашучы чалавек. Не сказаўшы больш нічога, сержант адразу пайшоў у хату. Неўзабаве ён з'явіўся на ганку і ўладна крыкнуў салдатам:
— Размяшчацца на двары, у садку!..
Сержанта звалі Юрый Туравец.
Салдаты, большасць, падаліся ў садок, у якім расло некалькі нізкіх маладых яблынь з раскідзістым галлём. Між лісця віднеліся няспелыя зеленаватыя яблыкі.
Жывіцу вельмі хацелася запытацца, адкуль прышлі байцы, але ён стрымліваўся. Старшыня адносіўся да вайсковых з некаторай асцярогай пасля таго, як танкісты яго ледзь не арыштавалі. Хто яго ведае, можа, гэта ваенная тайна, — запытаешся, а потым зноў прыдзецца ісці выкладваць душу перад іх начальнікам.
Усё-ткі Жывіца не ўтрываў. Падышоўшы да аднаго байца, ён спачатку пакурыў, пагаварыў аб розных дробязях і, нарэшце, як бы выпадкова, запытаўся:
— Здалёк, калі не сакрэт, едзеце?
— Цяпер ужо не сакрэт... З Оршы, бацька. Проста з горада,— адказаў весела і голасна салдат.
— Значыцца, Оршу занялі?!
— Занялі, бацька, занялі!
Паўз іх прайшоў лёгкай хадою малодшы лейтэнант з карымі вясёлымі вачыма, загарэлы да чарнаты. Неўзабаве яго постаць паявілася каля невялічкага агню, што расклалі салдаты.
— Глядзіце, не нарабіце пажару! — не камандзірскім, а таварыскім тонам прамовіў афіцэр.
— Не наробім... Будзьце спакойны...
Малодшы лейтэнант прысеў каля агню, на траве, паправіў доўгую галіну, што гарэла пасярэдзіне. Гэта быў Праворны, які зноў камандаваў тым самым узводам.
З вуліцы ў гэты час пачулася: «Сержанта Тураўца — да камандзіра ро-оты!» Сержант, які гаварыў наводдаль ад агню з байцом, адразу падаўся на вуліцу. Міхалап падышоў да аднаго з салдат, да Шарыфутдзінава — запытаўся:
— Не ведаеш, адкуль сержант родам?
— Туравец? Здаецца, з Мінска... Эй, Цішын,— крыкнуў ён да таварыша, які разуты і без сарочкі паліваў з кацялка на рукі байца, што ўмываўся,— тут пытаюцца, адкуль наш камандзір родам. Не з Мінска?
Той, каго звалі Цішыным, адказаў:
— У яго бацька ў партызанах.
— «У партызанах»! Не з Мінска, пытаюцца — ясна? Чалавек— галава, два вухі! — закончыў Шарыфутдзінаў прымаўкай, якую ён чамусьці любіў гаварыць і якая ў розныя выпадкі мела розныя адценні: то пагарды, то насмешкі, то таварыскага жарту.