А калі трапіцца выпадкам магчымасць вырвацца, то няхай ёй будзе шчасце! Удачы табе, Клаўка!..
4...
Раніцай пасля гэтай ночы Ніну выклікалі на допыт. Гэта быў яе апошні допыт.
Дапытвалі яе цяпер не ў будынку былога Інстытута народнай гаспадаркі, а тут жа, у памяшканні турмы. У вузкім і нізкім пакоі, куды яе ўвялі праз цёмны калідор, быў следчы з «вучоным выглядам». Ён сядзеў за сталом з нейкім немцам у форме эсэсаўца.
— У казіно? Не, я не пайду, Рэйзе... Бомбы з неба! Лепш да мяне, добра? Будзе весела!.. — гаварыў следчы эсэсаўцу.
— Добра... Толькі, каб Ані не была,— адказаў другі ўстаючы. — Ты ведаеш, я яе ўдала спіхнуў аднаму маёру. Можа, цяпер адчэпіцца... Добра было б, каб ты паклікаў Берту... А-а, паклічаш?
Ён акінуў Ніну позіркам.
Следчы блізарука прыплюшчыў вочы і надзеў рагавыя акуляры, якія ляжалі перад ім на папцы. Ён пачаў штосьці жаваць, як і мінулы раз.
— Я яшчэ раз паклікаў цябе, — загаварыў ён рэзка. — Мне патрэбны... прозвішчы мінскіх падпольшчыкаў і адрасы явак... Ты іх, вядома, ведаеш...
— Не ведаю... — адказала Ніна абыякава.
— Не ведаеш?.. Ты, значыць, рашыла ўпарціцца?.. А я думаў, што наша мінулая размова... непрыемная для цябе размова прымусіла цябе паразумнець. Аказваецца, не... Не? — вочы за рагавымі акулярамі рабіліся злымі. Ніна падумала, што сёння зноў будуць біць, але следчы раптам прамовіў:
— Ну, што ж, нарэшце... Мы заплоцім. Грошы дам... У Германію магу адправіць... калі ты баішся сваіх...
— Я казала — не ведаю нічога пра падпольшчыкаў.
— Ты смяешся?.. Ваша брыгада звязана з горадам. Гэта вядома... У мяне дакладныя весткі... Я маю весткі, што тут была і ты...
— Я не была...
— Ты ілжэш!.. — не вытрымаў, умяшаўся Рэйзе.
— Не, я не была тут, — ціха, але цвёрда паўтарыла яна.
— ' Не, ты была!.. Была!
Следчы нецярпліва паварушыў губамі.
— Яўкі і прозвішчы! — крыкнуў Рэйзе тонам загаду.— Зараз жа!.. «Не ведаю, нічога не ведаю...» — едка перакрывіў ён Ніну.
Рэйзе злосна ўсміхнуўся.
— Я не буду далікатнічаць!.. Пакуль не позна, чорт пабяры, — яўкі! Ну, я чакаю?
Памаўчаў, уставіўшыся пранізлівым позіркам на Ніну. Яна падумала, што гэта, відаць, апошняя размова тут, што далей — канцлагер, а можа, адразу Трасцянец...
Але чаго ён чакае? Няўжо думае, што яна ў апошнюю хвіліну здасца? Якая ненавісная морда, як хацелася б апусціць на яе прыклад аўтамата.
— Ну?!
— Я сказала — не ведаю...
Твар гестапаўца густа наліўся крывёю. Ён рэзка падскочыў да Ніны і з усяе сілы ўдарыў яе па твары. Яна ўпала. Калі Ніна прыўзнялася і села, стрымліваючы боль, каб не застагнаць, Рэйзе, пазіраючы ва ўпор, прашыпеў пагрозна:
— Маўчыш?! У-у-у, бальшавічка!..
— Супакойся, Рэйзе, — сказаў яму следчы. — Яна хутка змоўкне зусім. А іх — я знайду, знайду-у! Усё роўна!
З суседняга пакоя выбег ефрэйтар.
— Не трэба. Хаця... папрасі Берту... Готфрыд Берту, каб яна прышла да мяне... роўна а восьмай...
Ефрэйтар вышаў. Следчы сінім алоўкам штосьці надпісаў наверсе ліста пратакола, перакрэсліў яго і кінуў, як непатрэбную рэч, на край стала. Пры гэтым ён зірнуў на Рэйзе так, нібы пытаўся: «Ну вось — задаволен?..»
Белай рукой з тоўстымі пальцамі махнуў турэмшчыку:
— Вывесці!..
Зноў— калідорны прыцемак, грукат ботаў турэмшчыка, рады дзвярэй. Важка заскрыпелі завесы, і Ніна апынулася ў сваёй камеры.
Абыходзячы людзей, якія сядзелі і ляжалі на падлозе і нарах, стала прабірацца да свайго месца. Прымасціўшыся на ўскрайку нараў, абаперлася локцямі на калені. У галаве аднастайна паўтаралася: «маўчыш, маўчыш».
— Хутка сёння цябе... Напэўна, усё-ткі білі, — прамовіла суседка, Красуцкая.
— Без гэтага, відаць, не абыйсціся...
На Ніну раптам найшла нейкая дзіўная бяздумнасць, на якісьці час жанчына перастала заўважаць, што рабілася навокал...
Абудзілася яна, калі ўбачыла сонечную палоску на сцяне. Падумала, што ўжо, відаць, поўдзень, бо ў гэтым месцы палоска бывае, калі сонца стаіць на поўдні.
Тады ўспомнілася, як сонечны прамень мінулаю вясною лавіла Люда. Лавіла і ніяк не магла схапіць непаслухмяны прамень, які, нібы дражнячыся, скакаў раптам на ручкі, на пальчыкі.
Ніне захацелася ўзяць тыя ручкі, тыя пальчыкі, прыціснуць да свае шчакі. Пяшчотна-пяшчотна. У душы варухнулася такое харошае і такое сумнае пачуццё, што сэрца зайшлося з болю.
— Дзе гэта цяпер мая... Людачка? — загаварыла яна раптам да Красуцкай.
Ніне хацелася гаварыць пра дачку. Хто можа лепш зразумець яе, як Красуцкая, у якой засталося там, на волі, чацвёра дзяцей. Ніна расказала Красуцкай, не называючы горада, як аднойчы, — яна ўспомніла пакой Клавы, асветлены вячэрнім сонцам, — была блізка ад дачкі, але не змагла пабачыцца з ёй...
— Пабаялася за яе!.. За яе — такі непакой. Каб ніякай хмурынкі, здаецца, на яе!..
— Ведама, матчына сэрца... У якой гэта маці сэрца не баліць па дзіцяці? Мне дык усё рупіць: мусіць, не ўбачымся...
Ніну апаліла жорсткая думка, што напоўніла яе тугой: «І мы, мусіць, больш не ўбачымся...» Аднак усё ўнутры яе заспрачалася: не, не, гэтага не можа быць.
— А мне здаецца, што пабачу яе...
5...
Уночы непадалёк пачуліся гулкія выбухі гармат, частая дробная страляніна блізкіх кулямётаў. Ніна адразу пачала зацікаўлена слухаць. У камеры ўсе заварушыліся, загаманілі...
Хутка страляніна зрабілася такою густою, што, здавалася, усё неба пранізана кулямі ды асколкамі і, як бы ні хацелася, нікому не ўдасца прарвацца да горада. Лямпачкі ў камеры пагаслі. На пераплеценых кратамі вузкіх вокнах, прарэзаных каля самай столі, трапятала ўсплёскамі святло.
Але прайшло некалькі хвілін, і Ніна ў прамежку між выбухаў пачала ўлоўліваць жаданы ціхі гул. Ён мацнеў, не зважаючы на грукат гармат.
Нарэшце, пачуліся частыя і важкія выбухі бомб. Яны глушылі ляскат зенітак. Бомбы грукаталі як бы чэргамі, — выбухне некалькі бомб, потым наступае малая пауза, пасля якой зноў чуваць: гу-гу-гу. Сцены каземата і падлога пры кожным выбуху ўздрыгвалі.
— Гэта на Таварнай!.. — радасна крыкнула Ніна Красуцкай.— Бамбяць Таварную! Ой, ды як моцна! Што там цяпер робіцца, на Таварнай?! Эх, каб пабачыць!.. Чуеце, як грымнула. О, яшчэ раз! Чуеце?..
— Толькі б уцэлілі добра... — прашаптала на вуха Ніне Красуцкая.
Ніна ведала, што значылі гэтыя словы. На Таварнай амаль заўсёды стаяць эшалоны з боепрыпасамі...
— Уцэляць! Яны ўцэляць!.. О, чуеце, яшчэ — якія выбухі!.. Гэта ўжо ў іншым баку.
— На станкабудаўнічым...
Так, самалёты бамбілі і станкабудаўнічы завод, дзе гітлераўцы рамантавалі танкі і гарматы... Ніну перапаўняла такая радасць, якой яна даўно не ведала. Калі яшчэ тут гарэлі гэтак весела яе вочы, у якіх цяпер адбіваліся зарніцы выбухаў!..
Вось яно, яе шчасце. Прышло! Парадавала!
— Дзякуй вам... дзякуй, — шаптала Красуцкая.
У камеры ўзрушана гаварылі. Хтосьці засмяяўся, забываючыся пра сваё становішча. Праз тоўстыя сцены ўсё прабіваліся гукі выбухаў — ггах, га-гах...
Самалёты адбамбіліся, павярнулі назад. Гул сцішыўся, сціхлі зеніткі, а ў камеры яшчэ доўга панаваў той радасны, абнадзейлівы настрой, які прынеслі самалёты.
Па сценах трапяталі чырванаватыя водсветы.
— Відаць, недзе гарыць склад... — не магла маўчаць Ніна. — Мусіць, снарады! Глядзіце, як успыхвае!..
Яна падумала, што лётчыкі, магчыма, карысталіся тымі весткамі, якія прынесла яна з горада. Можа, іх камандзір па яе карце-схеме выбіраў аб'екты для бамбёжкі.
Значыцца, яна не дарэмна рызыкавала...
6...
Клаву прывезлі сюды з лагера, што быў на вуліцы Шырокай.
Калі людзі пачалі выходзіць з машын, гітлераўцы, якія канваіравалі арыштаваных, адабралі некалькі чалавек, першых, якія трапіліся. Між іх была і Клава. Ім адразу загадалі ўзняць рукі і, нічога не гаворачы, пагналі да нейкай нізкай і доўгай пабудовы, падобнай на хлеў, якая цямнела ў ранішнім змроку.