Литмир - Электронная Библиотека

— Колькі іх было? — пацікавіўся лейтэнант, сціраючы з твару пот.— Многа?

— О, відана-нявідана... Цэлую гадзіну бесперапынна ішлі!

Жанчына ледзь хавала радасць. Клямт адчуваў, што яна зусім не баіцца яго, бачачы, які ён бяссільны і ўстрывожаны. Гэта Клямта злавала.

— Ты брэшаш! — пагрозна сказаў лейтэнант.

Яна не запярэчыла, а ўсё з той жа прытоенай радасцю прамовіла:

— Нашто мне хлусіць?

Клямт загадаў запаліць яе хату: ах, як яму хацелася, каб радасць з гэтага твару знікла, замянілася горам. Няхай парадуецца, пазіраючы на пажар... Шкада, што ён вымушаны быў спешна выбірацца з вёскі.

Калона звярнула з шасэ. Амаль гадзіну ехалі па пыльнай дарозе, у спякотнай цішыні. Потым іх спынілі ў нейкай вёсцы і загадалі заняць абарону на беразе рачулкі. Рота стала акапвацца ў пяску, між лазовых кустоў. Чорт пабяры, колькі ім даводзілася капаць зямлі ў гэтыя дні! І ўсё, галоўнае, марна: ні ў адным з акопаў не прышлося абараняцца.

Не было боепрыпасаў, і Клямт, які сядзеў у цяньку пад лазовым кустом, думаў пра бой з трывогаю, лаючы ў душы тылавых службістаў і няўпраўных генералаў, якія не маглі ў свой час пра гэта паклапаціцца.

Перад вечарам перадалі новы загад адыйсці. Зноў адступаць!

Але Клямт на гэты раз пакідаў непатрэбныя акопы не толькі без узлаванасці на свой лёс, а нават з ахвотай. Ён быў цяпер са сваёй ротай недалёка ад Талачына, да якога лейтэнант набліжаўся з вялікімі надзеямі. Ён думаў не пра адпачынак: перадышкі, ён ведаў, чакаць не прыходзіцца, ды яна яму і не патрэбна — не такі час. Клямт спадзяваўся, што ў Талачыне можна будзе атрымаць боепрыпасы. Там таксама, напэўна, стабілізуецца фронт і праясніцца становішча...

Акрамя роты Клямта, тут ішлі рэшткі ўсёй дывізіі. На цягачах і грузавіках, што выцягнуліся ў доўгую нястройную чараду, млелі ад спёкі некалькі соцень пехацінцаў і артылерыстаў. Калона рушыла вельмі марудна, невядома чаму робячы частыя прыпынкі...

Кіламетраў за дзесяць ад гарадка зусім .спыніліся.

— У Талачыне — рускія танкі... — папаўзла па дарозе вужакаю чутка.

— Не можа гэтага быць! Брахня!.. — адгукнуўся Клямт, які сядзеў на падножцы машыны, жуючы галету. Ён быў недаверлівым, калі чуў пра розныя непрыемнасці.

Келер апаліў яго зняважлівым позіркам.

— Чаму не можа быць?

— Выдумка баязліўцаў! За такія чуткі расстрэльваць трэба!

Келер, не сказаўшы нічога, павярнуўся і пайшоў да групкі салдат, якія воддаль аб нечым гаварылі. Клямт застаўся сядзець на падножцы.

Але спакой яго знік. А што, калі гэта праўда?.. Раздумваць — праўда ці не праўда гэта, яму не прышлося, бо тут яго паклікалі да маёра-камбата. Ён даведаўся па трывожных тварах афіцэраў, што гэта праўда...

Здарылася непапраўнае і грознае — перарэзан шлях!

Раздзел VI

1...

Гэта быў апошні дзень працы Сяргея Сняжко ў гаражы, які належаў фірме «Ост».

Сяргей ад самай раніцы корпаўся ў маторы старога «Ганамака», замяняючы поршні і падшыпнікі.

— Ну, як справы, Сняжко? — запытаўся ў яго шэф гаража Гюнтэ, тоўсты, нізенькі, з кароткімі пухлымі ручкамі немец, апрануты ў рабочую блузу. Гюнтэ стараўся здавацца дабрадушным і прасцецкім. — Яшчэ пажыве гэты стары каняка?..

— Пажыве, пан шэф, — кіўнуў галавой Сяргей, выціраючы аб пакулле чорныя рукі.

— Ты марудна, надта марудна працуеш, гэта вельмі кепска. Трэба старацца працаваць хутчэй. Але справу ты ведаеш нядрэнна. Ты будзеш добры майстар, Сяргей. — Гюнтэ нават ляснуў Сяргея па плячы, што ён звычайна рабіў, калі быў у добрым настроі.— Пачакай крыху: мы закончым вайну, — і ты будзеш вучыцца... Так, так — вучыцца, — калі будзеш старацца працаваць. На спецыяльных курсах!.. Я табе дапамагу паступіць...

Сяргей падумаў: «Я і без цябе паступлю ў інстытут, калі мы выганім вас адсюль». Але ўголас, адкінуўшы назад валасы, што спадалі на лоб, адказаў:

— Дзякую, пан шэф...

Праца ў Гюнтэ сёння была скончана. Сяргей скінуў ненавісную спяцоўку і надзеў свой латаны, замаслены пінжачок. Хлопец быў вельмі стомлены: цэлых трынаццаць гадзін пратрымаў яго «шэф» у гэтым праклятым гаражы. Дабрадушны з выгляду Гюнтэ стараўся выціскаць з людзей усё, што толькі можна. «Жмінда старая», — вылаяўся ў думках Сяргей, пазіраючы ўслед Гюнтэ, які накіраваўся ў кантору.

Сняжко ўжо сабраўся ісці дамоў, як на двор укаціў незнаёмы сіне-шэры «опель-капітан». З машыны рашуча выскачыў гестапавец, а ў сярэдзіне яе Сяргей пазнаў шафёра, падпольшчыка Калесніка.

Твар Калесніка быў увесь у сіняках і страшэнна распух. «Папаўся!» — адразу зразумеў Сяргей і тут жа насцеражыўся: «А Клава? Што з ёю?» Яго стому ўмомант нібы ветрам здзьмула. Думкі адразу пабеглі, завіхурыліся.

«Клава таксама... папалася?!»

Напэўна, папалася. У яе, у мяшках з бульбаю, павінна было быць самае галоўнае — магніткі. Нічога іншага «недазволенага» Калеснік не вёз, толькі гэта...

Значыцца, гестапаўцы знайшлі магніткі. А калі так, то яму таксама не мінуць турмы... Трэба зараз жа ратавацца, як мага хутчэй. Мускулы Сяргея напружыліся. Ён заўважыў, што два эсэсаўцы з аўтаматамі станавіліся каля выхаду з двара.

Не марудзячы больш ні хвіліны, Сяргей, хаваючыся за машыну, шмыгнуў за вугал гаража. Ён прабраўся па вузенькім цёмным калідорчыку, што ішоў паміж сцяною і плотам, да месца, дзе была адарвана дошка.

Сяргей адсунуў яе і выскачыў на агарод. Тут ён азірнуўся: ці не гоніцца хто за ім. Не пакуль.

Ён паўз плот прабраўся на другую вуліцу. Прайшоў крыху, спакойна і непаспешліва, каб не выклікаць падазрэння ў сустрэчных, потым павярнуў у завулак. «Дзе ж Клава? Чаму Калеснік быў у машыне адзін?..» — думаў Сяргей, адыходзячы ўсё далей і далей ад гаража. Ён рабіў розныя здагадкі. Найбольш праўдзівай з іх здавалася такая: Клаву, мусіць, павезлі ў сталоўку, дзе яна працавала...

Эх, Клава, Клава! Чаму табе гэтак не пашанцавала? І Калеснік — столькі разоў выходзіў удала з усіх небяспек, і раптам — папаўся...

У ціхім завулку, які быў вельмі далёка ад гаража, Сяргей спыніўся. Прысеўшы на лаўку нібы адпачыць, ён пачаў абдумваць, што рабіць далей. Усё раптам перамянілася ў яго становішчы, і ён пакуль не ведаў, як яно будзе далей. Адно было толькі вядома, што ісці дамоў нельга.

Калі гестапаўцаў яшчэ і няма ў яго хаце, то яны хутка, як груганы, наляцяць туды. Наляцяць, каб схапіць, кінуць у турму, катаваць усіх Клавіных блізкіх. Гэта іх звычайны метад.

Нават, калі Клава і Калеснік не выдадуць яго, — а яны не выдадуць, — Сяргея ўсё роўна арыштуюць. Толькі за тое, што ён Клавін брат...

Што ж рабіць? Куды ісці? Дзе прытуліцца хоць на першую ноч?

2...

Першыя дзве ночы ён перабыў у свайго таварыша, з якім пасябраваў яшчэ да вайны ў тэхнікуме. Месяцы тры назад яны працавалі разам у гаражы, потым яго дружбак паспрачаўся з Гюнтэ і перайшоў на працу ў іншае месца.

Сяргей сядзеў у цёмным, цесным дрывотніку, у якім пахла сухою асінаю. Ён двое сутак нікуды не выходзіў, і гэтыя двое цягучых сутак здаліся хлопцу не менш, як двума тыднямі. Напэўна, ніколі за ўсё жыццё ў Сяргея не было такой цяжкай пары, як гэтая. Асабліва горка станавілася яму, калі ён думаў пра тое, дзе цяпер Клава. Слаўная, вясёлая сястрычка, як табе, напэўна, балюча і цяжка!

У яго было такое адчуванне, быццам ён перад ёй вінаваты за няўдачу. Можа, ад гэтага кожны раз, калі Сяргей думаў пра сястру, так яму нястрымна хацелася выйсці адсюль і дзейнічаць. Эх, каб у яго была хоць адна магнітка ці каб хоць быў аўтамат! У яго, праўда, ёсць аўтамат, але ён закапаны там, на селішчы, — каля хлява, а зараз туды нельга прабрацца...

Вельмі прыкра, што цяпер няможна пабачыць тых, з кім ён быў звязаны яшчэ два дні назад. Ён сустракаўся з імі ці каля кінотэатра, ці на скверы ў канцы вуліцы Астроўскага, ці дзе-небудзь у ціхім завулку. Цяпер ён можа выходзіць са схову і сустракацца толькі ўночы, — значыцца, трэба прыдумаць новыя спосабы сувязі... Самая ж вялікая бяда ў тым, што ён адарваўся ад сувязнога з гаркома партыі...

14
{"b":"849555","o":1}