— Давай тую, партызанскую!— папрасіў маўклівы Архіпаў, калі песня сціхла.
Касцючэнка, не спяшаючыся, расцягнуў гармонік, прайшоўшыся два разы па белых гузіках, потым заспяваў прыцішаным голасам:
На опушке леса старый дуб стоит,
А под тем под дубом партизан лежит.
Он лежит, не дышит, он как будто спит,
Золотые кудри ветер шевелит.
Байцы сціхлі. На Аляксея з гэтымі словамі дыхнула родным i блізкім, як добры ўспамін. Яму раптам захацелася адысці ад усіх, застацца аднаму са сваімі думкамі, i ён пайшоў па звілістай сцежцы ў поле. З лесу ўслед яму даносілася:
Ты скажи хоть слово матери своей.
Ой, болит сердечко по тебе, Андрей.
Думкі перанеслі Аляксея туды, дзе Ніна. Перад вачыма ўзнік той гарадок, дзе яны былі некалі з таварышам. Аляксей паспрабаваў уявіць цяперашні воблік Ніны, але не мог, яна паўстала такой, якой была да вайны.
Яго поўнілі ўспаміны. Малюнкі далёкага былога набліжаліся, ажывалі, стаялі перад вачыма. Асабліва ясна яму прыгадаліся дні, калі ён працаваў інжынерам. «Я сумавала, цябе не было цэлы дзень»,— нібы пачуўся голас Ніны... Калі яна казала гэта?.. Успомніўся завод за горадам... Аляксей цэлымі днямі не выходзіў з цэха. Развітваўся з Нінай ранкам, a вяртаўся ўвечары. Працаваў ён з задавальненнем, але ўсё ж жыў чаканнем сустрэчы з Нінаю; вяртаючыся дамоў, ён кожны раз спяшаўся.
Ніна звычайна выходзіла насустрач...
«Цэлы дзень не было!.. Мы тады ростань мералі днямі, нават не днямі — гадзінамі».
Яму прыгадаўся той вечар, калі яны пазнаёміліся. Аляксей тады вучыўся ў Палітэхнічным інстытуце, на, апошнім курсе. Таварышаў па пакоі запрасілі знаёмыя дзяўчаты з універсітэта ў госці, i хлопцы разам з сабою пацягнулі i яго. Аляксей спачатку ўпіраўся, бо тады пачаў пісаць свой дыпломны праект, i акурат не давалаея адна задача, над якой ён біўся i якая не выходзіла з галавы. Хлопцы пацягнулі сілком.
Там Аляксей i ўбачыў яе.
Ix пазнаёміў Косцік Зубец, Аляксееў таварыш. Ён знаёміў так, нібы даўно сябраваў з Нінаю, хоць ведаў яе ўсяго дні тры. Пагаварыў Аляксей аб нечым з ёю i не заўважыў, як захапіўся размоваю, забыўся i пра свой праект, i пра таварышаў. Косцік жа, раўнівец, чамусьці пакрыўдзіўся на Ніну! Знарок увесь вечар абыходзіў яе, танцаваў з другою. Не падышоў ён i тады, калі сталі разыходзіцца, i Аляксей праводзіў Ніну дадому. Тут, калі яны ішлі на тую вуліцу, дзе жыла Ніна, пачалося ix сяброўства. Пакуль ішлі па вуліцы, расказвалі адзін аднаму пра сваё студэнцкае жыццё. Не заўважылі, як падышлі да хаты. Iм было так легка i радасна, што не хацелася развітвацца.
«А мне адразу здалося, што вы — маўклівы!» — сказала яна са здзіўленнем.— «А хіба — не?» — запытаў Аляксей у тон ёй. Яны засмяяліся...
Успаміны ішлі ўрыўкамі, без усякай паслядоўнасці. Адны паўставалі ясна, іншыя праплывалі няўлоўнымі прывідамі.
Вечарэла. Апошнія хвіліны на зялёным полі палымнелі чырвоныя праменні заходзячага сонца, працягнуўшы дзіўныя доўгія цені. Потым яны нейкі час вогненна палалі на хмарцы, падпаліўшы берагі яе, нарэшце, i хмарка згасла. Паступова сціхала жыццё. Маладое жыта пакрылася расою. Толькі там, дзе была рота, чуўся неўтаймаваны шум.
Аляксей схамянуўся — зайшоў далека — i павярнуў назад. Ішоў ён хутка. Хромавыя, прыпыленыя днём боты чапляліся за сцяблінкі, што раслі на самым краі сцежкі, атрасалі расу. Верх халяў быў шэры ад пылу, a ніз намок ад расы.
— Дзе ты прападаў?— запытаў Аляксея лейтэнант Гогабярыдзе, які спаткаў яго на ўваходзе ў лес.
— Сакрэтнічаў з Нінаю.
Чарнявы, з тонкім носам i прыгожымі вусікамі твар лейтэнанта ажывіўся, у вачах мільганулі хітрыя іскрынкі.
— З якою Нінаю? Пазнаёміўся?
— З Нінаю, з жонкаю.
— Ну-ну, не выдумляй! Я даведаюся!— усміхаючыся, пастрашыў Гогабярыдзе.
4...
Праходзячы каля зямлянкі Сонцава, старшы лейтэнант спыніўся, каб прыкурыць. Непадалёк ішла гаворка. Аляксей пазнаў непаспешлівы, басавіты голас Быстрова.
— Ты ведаеш, у якую брыгаду ты трапіў?— пытаўся ў кагосьці Быстроў.— Наша брыгада пад Сталінградам білася. Там i корпус стаў гвардзейскім. Пад Курскам зноў жа мы стаялі на галоўным напрамку. — Быстроў асабліва вылучыў: на «галоўным напрамку». — I не зганьбілі сябе. Потым пад Ельняй біліся, да самага Віцебска дайшлі.
— Ведаю... Ужо чуў...— перабіў абыякава нехта, відаць, з «новых». Голас Аляксею здаўся знаёмы, але ён не мог успомніць, чый гэта.
— Ведаеш! Мала ты ведаеш.
— Не перабівай, калі гавораць табе,— пачуўся трэці голас: Аляксей пазнаў, што гаварыў Сонцаў. «Новы» не адазваўся.
— Раз цябе, Рыбакоў, прынялі ў брыгаду, ты павінен кеміць па-асобаму. Ты чуў, што старшы лейтэнант сказаў? Аба-вя-зак! Ты не думай, што нам лёгкую задачу дадуць. Помні мае слова, пойдзем на фронт — дадуць галоўны напрамак. Дзе паважней ды пацяжэй!
Лагуновіч выняў запальнічку, але так i не запаліў, прыслухоўваючыся да гаворкі. «Бач ты, агітатар!»
— Ты павінен ганарыцца, што завешся — гвардзеец-сталінградзец! I берагчы чэсць сваю i ўсёй роты. У чарадзе адна авечка i то ўвесь гурт зняславіць, а тут у нашай баявой танкавай роце...
— Хто цябе прасіў вучыць?— нецярпліва адгукнуўся Рыбакоў,— Зампаліт табе даручыў? Не?
— A калі i ніхто не даручыў?
— Ну, дык i маўчы, зампаліт i без цябе абыдзецца.
— Гэта яшчэ як сказаць. Я, можа, таксама адказваю за брыгаду.
— Ге-не-рал мне знайшоўся! — у голасе Рыбакова Аляксей пачуў насмешку.
— А як ты думаеш? Адказваю! Па-першае, няма ніякіх падстаў сумнявацца, што я магу стаць да канца вайны генералам. Чалавек я відны, смелы i да ўсяго разумны, не табе пара, — перайшоў раптам на жарт Быстроў.— А па-другое, хоць я, скажам, i аднаго амаль чыну з табой, a ўсё-ткі не раўня табе. Ты тут без году тыдзень, ты... накшталт худога цяляткі, што падсунулі да добрай маткі, а я ад Сталінграда іду, — зноў сур'ёзна загаварыў ён.— Я, друг, з самага нараджэння брыгады выводзіў яе ў людзі. Яна мне, як сястра родная ці маці. I я хачу, каб салдаты ў ёй былі дастойныя, а не блазнюкі якія-небудзь...
— Точ-чна, Быстроў,— падтрымаў яго Сонцаў.— Уцэліў!
Рыбакоў прамаўчаў, i размова перайшла на другое. Аляксей, прыкурыўшы, зацягнуўся горкім дымком i пайшоў далей. Ён падумаў, што брыгада так добра захоўвае сталінградскую славу таму, што пра яе чыстату дбаюць усе.
«Што з імі будзе потым?— падумаў ён, успамінаючы Касцючэнку, Колышава, Рыбакова i другіх навічкоў, з якімі яму належала хутка ісці ў наступленне. З Касцючэнкам больш-менш ясна. Гэты ўжо абпалены агнём... А як Колышаў? Хлопчык ад мамкі, напэўна, яшчэ не адвык...»
Пасля праверкі лагер стаў сціхаць. Натомленыя за дзень, людзі хутка засыналі. Толькі вартавыя хадзілі павольна, мерна ўсцяж зямлянак, вакол парку, дзе стаялі маўклівыя дзіўныя здані машын у шэрых пакрывалах. У цішыні было чуваць, як шэпча ўгары на дубах лісце. Недзе ў лесе спалохана крыкнула птушка i сціхла.
Спакоем i цішынёю дыхала ноч. I ад таго, што гэта ноч была падобна на тыя, якія ён інекалі бачыў, ходзячы з Нінаю да раніцы па маўклівых вуліцах, успаміны набывалі большую рэальнасць i блізкасць... Вось i скончана доўгая ростань. Ён хутка прыдзе да яе! Толькі б хутчэй праляцелі гэтыя спакойныя дні, хутчэй на перадавую, у наступленне!..
Ён успомніў Ніну, i яна паўстала цяпер такою блізкаю, што, здавалася, ён чуе яе дыханне, яе шэпт.
Увесь вечар ён сядзеў удваіх з Якавенкам, які быў дзяжурным, i ўсё гаварыў i гаварыў пра сваё жыццё, пра Ніну. Яму многае хацелася выказаць. Апавядаючы, ён курыў папяросу за папяросаю.
У позні вечар над лесам узышоў месяц, але яго неўзабаве паступова пачалі зацягваць хмары. На небасхіле ўспыхвалі зарніцы.
Апоўначы паліўся дружны цёплы дождж, i Аляксей вярнуўся ў зямлянку.
Раздзел V
1...
Туравец ішоў з атрада «За Радзіму» ў штаб, апанаваны невясёлымі думкамі.