Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Прыйдзе час, і не будзе тады ўжо кодэкса гонару, не будзе дваран і мужыкоў, не будуць даносіць і кідаць у турмы за вальналюбства і светлыя думкі. Не будзе нават слова "воля", не будзе нават слова "праўда", таму што і тое і другое зробіцца звыклым і іншага проста не будзе.

I вось тады асабісты гонар будзе стаяць так высока, што ніхто не асмеліцца абразіць яго словам або дзеяй. Таму што грамадства не можа быць быдлячай чарадой. Не можа яно быць і зборышчам нулёў пры некалькіх адзінках, іначай будзе тое, што цяпер: народы будуць сапці і з налітымі крывёй вачыма лезці адзін на аднаго, каб стаптаць, падпарадкоўваючыся волі адзінкі ці некалькіх адзінак, або, што яшчэ горш, знішчаць свае ж нулі, каб самому стаць большым нулём за кошт іншых. Але нуль — хай ён будзе з яблыка, кола ці нават з цэлую планету — усё ж нуль.

Алесь уздыхнуў. Не можа быць, каб Каліноўскі не зразумеў гэтага.

Тым больш што і Пушкін і Галуа былі вялікія людзі, і іхняя справа заступалася за іх. А ён, Загорскі, сярэдні чалавек, якіх на Беларусі тысячы.

I калі ён, сярэдні чалавек, не абароніць свайго гонару, хто тады зробіць гэта за яго?

Ён устаў ад папер. Усё было зроблена. Засталося чакаць.

Можна было зрабіць многае ў гэтыя часы. Заснуць — але нашто?

Калі жэрабя дасць першы стрэл Франсу — ён, Алесь, засне надоўга. Калі жэрабя дасць стрэл яму — Алесь паспее выспацца. Ён не будзе літаваць Франса. Сам Франс патрабаваў смерці аднаго, і, хоць шчасця не будзе, у Алеся астанецца вайна за справядлівасць. Да канца. Вайна, у якой няма чаго шкадаваць свайго жыцця.

Можна было з'ездзіць да Вежы. Але стары не паказвае і ніколі не пакажа сваіх пачуццяў. Будзе сухавата-прыязная размова.

Алесь падышоў да краю тэрасы. Дзень і вечар былі нязвыкла гарачыя, ноч таксама дыхала сухасцю. Таму ён яшчэ ўдзень загадаў, каб ягоны ложак вынеслі на гэты вялізны, як зала без сцен і столі, балкон. Ложак астанецца непамяты.

Ён стаў і глядзеў на свет. Дрэвы замерлі. Блішчэла шырокае ўлонне Дняпра. Срэбныя выбухі італьянскіх таполяў пераліваліся. Белыя аркады спускаліся ў парк. Неба высыпала, нечакана для пачатку лета, тысячы зор.

Сямікаляровы агеньчык Капэлы. Лебедзь, распластаўшыся, ляціць у вышыні. Вунь Міцар і Алькор. А далей — туманныя струмені Шляху Продкаў. Кажуць, яны, продкі, спусціліся адтуль і туды ж ідуць пасля смерці.

Пад гэтымі зорамі сэрца раптам не вытрымала. Яно пачало стукаць мацней і мацней.

"Майка… Майка… Майка", — утрапёна клікала яно.

Было ціха і цёпла. Толькі сэрца калацілася пасярэдзіне гэтага бясконцага і спакойнага абшару. I ён раптам адчуў, што гэта сэрца стала вялікае, як тое, бязмежнае сэрца, і разумее ўсё. Усё на зямлі.

3 глыбінь вялікага сэрца — сусвету ляцеў, усё нарастаючы, пяшчотны і ўсёабдымны кліч-звон:

— Алесь… Алесь… Але-е-есь…

Гэта было ўсюды і ва ўсім. Сусвет сціскаўся.

…Нібы сніў з расплюшчанымі вачыма. Нібы два крылы — а можа, два срэбныя сувеі Шляху Продкаў — леглі на плечы.

— Алесь.

Ён страпянуўся. Рукі былі на ягоных плячах. За ім, абдымаючы яго, стаяла Майка.

— Ты? Як ты…

Задыхаючыся, яна сказала:

— Вылезла праз акно i спусцiлася па плюшчы. Яны не ведаюць… Я ўжо больш не магла.

Загорскі ўбачыў драпіну на яе запясці.

— Плюшч не вытрымаў, — сказала яна.

Ён прыпаў вуснамі да гэтай драпіны і правёў імі на ўсю даўжыню:

— Бачыш, прыйшоў і мой час. Тады вярба, цяпер плюшч. Тады я, цяпер ты.

Абняў яе.

"Што ты нарабіла?" — хацеў сказаць ён, але змоўчаў.

Гэта сапраўды было ўсё. Цяпер ён не мог паводзіцца, як раней. Заўтра ён не будзе страляць, не зможа. Цяпер гэта будзе немагчыма.

Але яна не магла больш. I хіба ён сам не хацеў гэтага? I хіба гэта малая плата: купіць такою цаной усё на зямлі?

I вось яе вочы, і валасы, і рукі, і гнуткія плечы пад ягонымі рукамі. Усё астатняе не мае ні значэння, ні цаны.

Ён узняў яе нечакана лёгка і трымаў на руках, баючыся адпусціць, бо ў яе пагрозліва-блізкіх вачах былі два маленькія адбіткі Шляху Продкаў. Магчыма, і сапраўды Шлях — толькі адбітак у нечых вачах. I няхай. Бо яны — роўныя.

Яна заплакала.

— Дальбог, я не магла. Я ўсё разумею, але я не магу, каб ты забіў, і не магу, каб цябе забілі…

Яна варухнула рукой і пацягнула аднекуль з-за карсажа ланцужок. На канцы яго быў збаночак з каменя. Памерам з ракавінку слімака-балацяніка.

— Здурэла? — спытаў ён.

— Не. Я і тады, калі пасварыліся. Вырашыла: пайду. Калі не адаб'е, хоць у царкве, — я тады ля аналоя вып'ю.

— Дурнічка. Дурнічка. Не смей.

I тады ён абарваў збаночак i закiнуў яго ў парк.

Прыпаўшы вуснамі да яе вуснаў, ён маўчаў.

Прыціскаючы яе да сябе, адчуваючы ротам выгіб шыі, плячом — дрыготкія ад подыхаў грудзі, адною рукою — стан, а другой — ногі пад складкамі клятчастай сукенкі, ён, баючыся, што страціць прытомнасць, бо ў яго падгіналіся ногі, зрабіў некалькі крокаў і ўпаў.

Пад ёю было сіняе, як неба, пакрывала. У яе вачах былі зоры, толькі цяпер іншыя. I ён гасіў і гасіў гэтыя сусветы вуснамі, а яны зноў узнікалі, і ён не мог з імі нічога зрабіць, бо яны жылі.

Уся яна была тут, на ўсю даўжыню, і нікога больш не было нават у мінулым, бо гэта было тое і не тое, гэта было неймавернае шчасце, якога не бывае на зямлі.

Увесь сусвет — з зорамі і дрэвамі, з Шляхам і Дняпром — запаўняў яго сэрца. Сусвет з болем і лікаваннем сціскаўся да памераў сэрца, а сэрца раптам пашырылася да памераў сусвету.

I ўзышло ззянне! Ззянне, падобнае на мірыяды далёкіх і блізкіх сонцаў, якія потым сталі чорныя.

. . . . . . . . . . . . . . . . . .

Кацілася ноч. Пашыранымі ў цемры вачыма ён бачыў яе непрыкрытае цела — ногі адна на адной, закінутае аблічча і складзеныя ўздоўж тулава рукі, нібы яна ляцела да зор. А далей бачыў шаты і бясконцыя палі пад урачыстым зорным святлом.

I ўсё адно ўвесь гэты абшар быў лухтой перад гэтым чалавекам, перад бясконцым духам бязмежнасці і любові, увасобленым у ім.

…Заглыбіўшыся ў адзіную на ўсю ноч хвіліну дрымоты, ён раптам убачыў побач з усім гэтым яшчэ і іншае.

…Туман стаяў над зямлёй. Бачныя былі над ім конскія галовы на доўгіх шыях. Коні выходзілі да напаўзгаслага вогнішча, ля якога ляжаў ён.

I туман, як вада, сплываў з зямлі, і паўсюль былі белыя, белыя коні.

Коні схіляліся над ім і дыхалі цёплым. А між іх са смешным тоўстым хвастом, з вільготнымі вачыма стаяла ўчарашняе жарабятка. Стаяў над ім і плакаў малады белы конь.

Сёння ўначы яна з'явілася да мяне, быццам жывая, быццам зусім не памерла. Ды так яно і было.

Яна была ў сваёй мантыльі… Цёмна-блакітныя ў зелень, як марская вада, вочы глядзелі на мяне горка. I ледзь бачны быў ля скроні маленькі белы шнар, а ля ключыцы — другі. Дзіўна было, што яны зажылі.

За ёю былі тысячы зор, але яна глядзела на мяне. Варухнуліся горкія вусны.

— Нашто ты зрабіў гэта? — сказала яна ціха, і голас яе ляцеў нібы з глыбінь сусвету.

— Што? — спытаў я, хоць ведаў усё.

— Нашто выставіў мяне перад усімі? Ты не ведаеш, мне балюча пазнаваць сябе, бачыць на сабе позіркі людзей, бо тое, што аддаюць толькі каханаму, стала цяпер набыткам усіх. Як ты мог? Мне так страшна і так балюча.

— I мне таксама, — сказаў я. — Але хіба невядомы мне жорсткі мастак не выставіў сваёй каханай у вобліку мілоскай Венеры… Яна таксама была жывая, і ёй страшна і балюча было бачыць сябе ў статуі… I скульптару было горш за яе, але іначай ён не мог. Ён ішоў праз знішчэнне яе маленькага асабістага гонару — да ўслаўлення яе вялікага гонару ў вяках. I ўжо не яна стаяла перад людзьмі, а сімвал Жанчыны.

Яна маўчала, і зоры мігцелі за яе распушчанымі валасамі і ў іх.

— Потым, каму да гэтага справа цяпер? — нечакана ўсміхнуўся я. — Каму справа да яе жывых пакут? I каму будзе справа да цябе праз тысячу год, жанчына?

Увесь свет здаваўся адной суцэльнай птушынай песняй. Мокрыя дрэвы з цёмнымі стваламі і дымнай лістотай курэлі, абтрасаліся. Уся зямля пад імі была мокрая.

78
{"b":"829352","o":1}