— Мы далі слова, — Франс бялеў. — Яна сама дала слова Хаданскім.
— Раней за ўсё яна дала слова мне.
— Хто агалосіў яго?
— То ты лічыш, што слова, дадзенае перад богам, — лухта, а перад людзьмі — усё?
— Мы жывём не сярод багоў.
Чорт пацягнуў Алеся за язык:
— На жаль, i я за апошнi час усё часцей пераконваюся ў гэтым.
Франс закусіў губу.
— Ну вось, — сказаў Алесь. — Дальбог, Франс, падумай ты, урэшце, хоць раз не аб сваім дурным гонары, а аб яе шчасці.
— Ты — гэта шчасце?
— Для яе, — сказаў Алесь. — Прынамсі, яна лічыць так. I я пастараюся, каб яна не расчаравалася ў ім як мага даўжэй. Таму што і яна — маё шчасце. Мяркую — да канца.
— Калі будзе гэты канец?
— Ты збiраешся стаць на маёй дарозе? — Алесь сумна ўсмiхаўся. — Дарэмна, я ж не стаяў на тваёй.
I ўбачыў, што сказаў страшнае. Франс таргануў галавою.
— Так, — глуха сказаў Франс. — I таму я яшчэ раз кажу табе… — у яго цакаталі зубы. — Не спадзявайся атрымаць за ўсё, што ты зрабіў, нічога, акрамя зла.
— Ты пагражаеш мне?
Франс звыкла перайшоў на "вы".
— Vous verrez les conséquences et vous en jugerez[57]. Я невыпадкова сустрэў вас. Я ўсё ведаў. Аб усім дамоўлена. Яе сёння ж… завязуць. У крайнім выпадку заўтра раніцай! Чуеш? Чуеш, ты?!
Алесь зрабіў быў крок да яго і спыніўся:
— I ты мог крычаць аб гонары? Дурань жа я, што паверыў вам.
Толькі тут Франс зразумеў, што Алесь сапраўды ні ў чым не вінаваты, што ва ўсім вінаватая крайняя датклівасць пана Яраша і яго, Франса, абражаны гонар і дробязная злоснасць. Алесь цяпер сапраўды мае права пагарджаць ім.
— Я ведаю, — працягваў Алесь, — цяпер вы яе не выпусціце да смерці. I я яшчэ мог нечага чакаць ад цябе, акрамя подласці?
Франс ведаў, што Алесь цяпер мае права сказаць яму ўсё, і не здзівіўся. Але рука прывыкла адказваць на слова "подласць" толькі адным чынам.
…Алесь трымаўся за шчаку. Вочы ў яго былі заплюшчаныя. Потым ён непаразумела ўзняў вейкі.
Франс глядзеў на гэтае аблічча, на якім адно брыво было вышэй за другое ад нявер'я ў тое, што адбылося, і гатовы быў упасці да ног Алеся.
Пацягнуўшы ротам паветра, Алесь адштурхнуў Франса.
— Я ведаю, чаго каштуе чалавеку, калі яго б'юць па твары. Я нікога не біў першы. Ніколі. Таму я не ўдару цябе. Я проста цябе… заб'ю, — і пайшоў.
Франс стаяў і глядзеў яму ўслед.
Мсціслаў, пачуўшы аб усім, толькі ляснуў сябе па шчацэ.
— Быдла, — сказаў ён. — I на цябе спадзяваўся Кастусь? Цябе сур'ёзным лічылі?! Якраз тады, калі вось-вось трэба будзе ліць кроў па-сапраўднаму!
— Гэта дарэмна, — сказаў Алесь. — Калі ты не хочаш, я знайду другога.
— Ды як ты мог?! Калі кожнае жыццё дарагое!.. Калі Беларусь…
— Я не магу ваяваць за Беларусь з пабітай мордай, — сказаў Алесь.
Гэтым жа вечарам Мсціслаў і пан Адам Выбіцкі павезлі да Раўбічаў патрабаванне сатысфакцыі.
Вярнуліся яны позна, і прымірэння ім дабіцца не ўдалося. Майку сапраўды сілком замкнулі ў пакоі. Раўбіч загадаў нікога не прымаць. Але Наталя нейкім дзівам збегла да Вежы і расказала яму аб усім.
Раздражнёны да апошняга тым, што Раўбічы ўвесь час лезуць на ражон, стары паклікаў Басак-Яроцкага і Раткевіча і вырашыў з імі выклікаць, пасля Алеся, Франса і пана Яраша, каб усё скончыць адным разам. Еўфрасіння божкала і хапалася за галаву. У доме стаяў крык. Вырашылі, што першы будзе страляцца Вежа, за ім Яроцкі, потым Раткевіч.
I ўсё ж таму, што Вацлаў ледзь не роў, думаючы аб Наталі і аб тым, якую здраду чыняць у адносінах да яе, і яшчэ таму, што Глебавічна хапала ўсіх за рукі, вырашылі счакаць дзень-два і паглядзець, чым усё скончыцца.
Усё гэта было б нават трохі смешна, каб не вынікі, з якімі вярнуліся секунданты.
На аркушы паперы бездакорным почыркам Франса было выведзена:
"Моn рrіnсе, mon humeur portait 1е сасhеt mais concessions faites de mauvaise grace sont les pires que l'on puisse faire"[58].
— Гэта ён мне? А кодэкс? — спытаў Загорскі.
— Ён перадаў гэта Іллі Хаданскаму, той мне, а я вам. Відаць, хацеў яшчэ мацней уразіць, — сказаў Мсціслаў.
— Усё адно гэта нiкуды не варта, — пацiснуў плячыма Алесь. — Зносiны, няхай i цераз секундантаў, з другiм бокам.
Пан Адам крэкнуў:
— А мне здаецца, тут дваістасць ягонага стану. I адчуванне правіны, і жаданне не мірыцца.
— Хто яго секунданты? — спытаў Алесь.
— Ілля Хаданскі і Міхал Якубовіч, — сказаў Выбіцкі.
Ніхто не рашаўся перайсці да ўмоў двабою. Маўчалі.
— Ну, — сказаў урэшце Алесь.
— Без лекара, — сказаў жорстка Мсціслаў. — Права першага стрэлу за намі няма. Жэрабя. Адлегласць паміж бар'ерам — дваццаць крокаў. У выпадку, калі першыя стрэлы вынікаў не дадуць, праціўнікі абменьваюцца другімі і трэцімі — да смерці аднаго.
— Міла, — сказаў Алесь.
— Ты не пратэстуеш? — спытаў пан Адам.
— Нашто, — паціснуў плячыма Алесь.
— Мы нічога не маглі зрабіць, Алесь, — сказаў Маеўскі. — Жэрабя — гэта па-роўнаму. Яны аднолькава патрабуюць смерці як для цябе, так і для сябе.
Адам з'едліва і сумна ўсміхнуўся:
— Вядома, да таго часу, пакуль жэрабя не кінулі. А потым пачынаецца забойства.
Тыя пайшлі. Вечар быў вельмі цёплы і ціхі. Загоршчынскі парк драмаў пад светлымі зорамі.
Заўтра будуць страляцца. На поплаве. Недалёка ад таго месца, дзе сустрэлі на начлезе Войну… Тады яму, Алесю, было адзінаццаць. Цяпер — дваццаць адзін.
Дзіўна, ён ні аб чым не шкадаваў. Што ж, бывае і так…
Ён сеў і напісаў караценькі ліст дзеду, што помніць яго (перашкаджаць дуэлянтам забаранялася, і дзед, відаць, хоць і пакутаваў, вымушаны быў сядзець дома), дзякуе за ўсё.
Другі ліст быў запавет. Палову ўсёй рухомай і нерухомай маёмасці — панам Маеўскаму і Каліноўскаму "на заснаванне той прамыслова-гандлёвай кампаніі, аб якой яны ўтрох марылі". Адну шостую ўсяго — брату Вацлаву Загорскаму. Другую шостую — Юрыю і Антанідзе Раткевічам, прыпісаным да малодшага роду праз маці, з тым, каб яны карысталіся гэтым роўна і без крыўды. Палову астачы — на стыпендыі студэнтам з Загорскага наваколля, далейшае ўтрыманне школы і багадзельні ў Загоршчыне і дапамогу бедным. Астатняе — Кагутам, Кірдуну і іншым слугам, каб была кампенсацыя за страту службы і забеспячэнне на астатнія гады жыцця… Замежны капітал, тую частку, што належыць асабіста яму, — на дапамогу паэтам, што пішуць на мясцовай мове, стварэнне музея, куды перадае ўсе свае калекцыі, і заахвочванне лінгвістычных, гістарычных, археалагічных і этнаграфічных прац, што датычацца Беларусі.
Вось і ўсё. Душапрыказчыкі — Вежа, Маеўскі і Раткевіч. Кастусю не напісаў. Не зразумее і не ўхваліць.
Кастусю нельга было ўсяго тлумачыць. Ці зразумее Кастусь, як ён, Алесь, заеўся з усім наваколлем, як, не робячы асабістага зла, усё ж стаў ворагам для ўсіх, бо ягоная ідэя была для многіх варожай. Алесь разумеў, гэта не Франс Раўбіч ударыў яго, а падвышанае, хваравітае пачуццё гонару. Напалову мужык па выхаванню, ён міжвольна паўстаў супраць усяго гэтага, супраць стогадовых прымхаў і забабонаў, і гэта яны цяпер забіваюць яго. А ён хоць і мужык, але таксама і князь, і сам аддаваў даніну традыцыям і не можа канчаткова паступіцца дваранінам у сабе: адмовіцца ад дуэлі, выклікаць да сябе агульную пагарду, каб жыць і рабіць далей сваю справу.
Трагедыя? Магчыма. Але колькі ўжо разоў людзей лавілі на тым жа, каб расправіцца. Лавілі, бо яны былі дзецьмі свайго часу і свайго асяроддзя.
Галуа[59], якога так любіў "матэматычны Грыма". Галуа ледзь паспеў на кавалку паперы ў апошнюю ноч запісаць асноўныя прынцыпы сваёй тэорыі.
Хто яшчэ? Ну, вядома, Пушкін. Чалавек дваццаць першага стагоддзя — і ўсё ж не палічыў за магчымае адмовіцца.
I многія яшчэ будуць так гінуць, не менш годныя, чым Лермантаў. Ёсць, аднак, у гэтым забабоне і другі бок, схаваны пакуль што для ўсіх.