У дзікай зале, дзе на сценах бязгучна шалахцелі крылы і рукі ўздымаліся ў жэстах бласлаўлення і пагрозы, сядзела за вялізным дубовым сталом групка людзей. У галаве стала сядзеў, паклаўшы перад сабою шастапёр, стары Вежа. Насупраць драмаў сівы Вінцук Рамінскі, старэйшы брат таго Рамінскага, што пры Напалеоне кіраваў народнай вартай.
Ля яго змрочна маўчалі стогадовыя Стах Барысевіч-Кальчуга і Лук'ян Сіпайла. Пахмура піпчыў люльку Янка Камар, брат павятовага маршалка ў тым самым дванаццатым годзе і сябра Вежы па славутаму "сядзенню ў камяніцы над порахам", адзін з тых нямногіх, што асталіся. Далей крэсліў нешта на паперы, трос белай галавою прадзед маладога Яноўскага з-пад Радугі, які, на пасяджэнні ў Раўбічах, хацеў памерці, баронячы скрыжаванне шляхоў на Гуту, Чарнігаў і Рэчыцу. Думаў, ашчаперыўшы галаву пальцамі, стары Вітахмовіч, самы стары з усіх прысутных, стодваццацігадовы чалавек тысяча семсот трыццаць дзевятага года нараджэння.
I, урэшце, мiж iм i Вежам сядзеў самы малады член зборнi, супраць усiх правiл i па намаганню Вежы ўзяты ў гэта кола сакратаром i архiвiстам Юллян Раткевiч. Вежа патрабаваў i дабiўся свайго. Патрэбен быў малодшы, бо ў большасцi не хапала ўжо фiзiчных сiл, а Раткевiч быў бадай што адзiн з найлепшых знаўцаў традыцый.
Ішло пасяджэнне падспуднай рады старэйшых, славутай "сівой рады" Прыдняпроўя. Тых, што хавалі патрэбныя веды, таямніцы, зберагалі ў памяці звычаі і сачылі за генеалогіяй мясцовых людзей. Вежа здаўна быў галавою "сівой рады", хоць і строіў з яе кепікі.
— Шчаўкунчыкі замшэлыя… Своеасаблівы "гоцкі альманах"[46] Дэбрэ з Дзебраў. Рыцары маннай кашы і таркаванай морквы.
Гэта былі яшчэ самыя мяккія з ягоных эпітэтаў. Але сёння Вежа, страшэнна схуднелы, глядзеў на "рыцараў маннай кашы" з трывогай.
Маўчанне рабілася цяжкім.
— Мроя[47], — глуха сказаў Янка Камар.
Маўчанне.
— Ява, — сказаў сівы аж да прозелені стары Вітахмовіч. — Памяць продкаў. Ён памрэ.
Жоўчнае аблічча Юлляна Раткевіча было непарушнае.
— Бадай, сапраўды, усё, — сказаў Раткевіч Юллян. — Ён не хоча жыць… Колькі часу яе ў нас не было?
Вінцук Рамінскі думаў:
— Нешта не памятаю. Ці не ў польскі раздзел, пане Вітахмовіч?
— Тады, — сказаў той. — Я чаму памятаю, мне тады было трыццаць чатыры, і я збіраўся другі раз ажаніцца. Розных нявест прапанавалі. Адна была сястра пана Юрася Жукоўскага. Пан Юрась захварэў у семдзесят трэцім. Пры Кацярыне. Пачаў сніць нанава жыццё. Але не кавалкамі з розных часоў, а нібы… адной… плынню. Сніў, як рабілі запасы ў пушчы, як білі аленяў і зуброў, як салілі. Як потым ішла раць на Крутыя горы біць татар. Дасніў да сярэдзіны бою — і памёр… Нічога нельга было зрабіць…
Падумаў.
— Яшчэ раней, гады за чатыры— пяць, захварэлі Аляхновіч-Спіса і Янук Корста, стрыечны брат прапрадзеда гэтага шчанюка Юлляна.
Вітахмовіч помніў спрэчку аб тым, ці прымаць Раткевіча, але начыста забыў, — а можа, зрабіў выгляд? — што "гэты шчанюк" сяздіць зараз між іх.
Юллян усміхнуўся сам сабе.
— Спіса памёр, — сказаў Вітахмовіч. — А Корста выжыў. Хоць, па прозвішчу мяркуючы, памерці б Корсце…[48] Але тут ужо як хто, так што ты, Данііл, не думай занадта.
Забубнеў:
— Хвароба… хвароба… хвароба… Такая ўжо хвароба.
Нешта не чуў я, каб гэтай хваробай нехта, акрамя нас, хварэў.
Лук'ян Сіпайла сказаў:
— Рада, памятаеце, меркавала, што і ў Акіма, вашага бацькі, былі зачаткі.
— Рада адмовілася ад гэтай думкі, — сказаў Барысевіч-Кальчуга.
Вежа сплёў пальцы.
— Чорт, — сказаў ён. — Уражлівасць дурная. Ідыёцкая дурная ўражлівасць. І такія страшныя для маладога падзеі.
— Сілы саслабелі, — сказаў Камар. — Абыякавасць.
— Несвядома спрабуе адысці ад нясцерпнага свету, — сказаў Раткевіч Юллян.
— Што ж рабіць? — спытаў дзед. — Я ведаю: калісьці пры першых адзнаках у манастыр ішлі. Спакой. Праца. Але тады манастыр быў крэпасцю… Манахі межы баранілі, подступы да гарадоў. А цяпер?.. Загорскі ды ў манастыр! Да божых пацукоў!.. Што ж рабіць, сівая рада?
— Царкву кінь, — сказаў Юллян. — Хіба яна справілася хоць з адной справаю, што ёй даручылі: з дабром, любоўю, мараллю?..
— Ды, можа, абыдзецца, — сказаў Вінцук Рамінскі.
— Не, — сказаў Сіпайла. — Стома — смерць. Ідзі вышэй сіл сваіх, і станеш жыць доўга. Трэба, каб ён ніколі больш не стамляўся. Супакоіць яго трэба… Спакой.
Усе маўчалі. Потым Вежа нясмела сказаў:
— То што? Неба?
— Відаць, — сказаў Барысевіч-Кальчуга. — Больш нічога не зробіш.
— Дзе? — спытаў Сіпайла.
Вежа кашлянуў:
— Храм сонца!
Юллян падумаў.
— Бадай, праўда. Самае высокае, самае блізкае да неба месца. Даўжэй за ўсё наваколле бачыць сонца. Музыка, трубы гэтыя, не пашкодзяць?
— А што яны пашкодзяць, — сказаў Вежа. — На ўсходзе сонца радасны спеў, на захадзе — сумны. Урэшце, як Камар скажа.
Усе глядзелі на змрочнага Янку Камара, галоўнага чалавека ў той справе, што яны збіраліся рабіць.
— Узгорак стромы, — сказаў Камар. — Макуша — голая. Неба будзе колькі хочаш. Мала чалавек яго бачыць, як, не раўнуючы, свіння, а тут за лічаныя дні — на ўсё жыццё. Хай будзе так. Толькі ў парк не пускайце нікога, нават самых блізкіх. Яму цяпер нельга бачыць людзей.
Ён ляжаў перад імі голы і не саромеўся гэтага. Яму было ўсё адно. Толькі крыху непрыемна, што ўсе вокны адчынены, заслоны зняты і свежы ветрык вее на голае цела. Халаднавата было, і гэта перашкаджала прачнуцца ад сну, у якім былі дзед, Міхаліна і іншыя, зноў пачаць жыць, бачыць пажары, патокі крыві ў вежных рыштоках, чуць гукі сечы, стогны сталі і выгукі.
Толькі што яго з гадзіну парылі ў самай гарачай пары, хасталі венікамі і аблівалі мятнай вадою. Потым
Яшчэ з гадзіну мылі ў прахалодным басейне. Ён страшэнна замёрз. І вось цяпер, не адчуваючы нічога, акрамя холаду, ён ляжаў на мяккай посцілцы.
Янка Камар сядзеў ля яго і дзіўна, нейкімі дробнымі рухамі трох пальцаў гладзіў ягоную галаву. Ад гэтых дотыкаў хіліла ў дзівосную свежую дрымоту, злёгку паколвала ў каранях валасоў.
Славуты майстра Камар распачынаў сваю справу. Рэдкую, невытлумачальную справу. Тую, якой не ведаў ніхто ў загорскім наваколлі. Толькі ён ды два ягоныя вучні. Вучні і слугі стаялі побач, а Камар гладзіў і гладзіў галаву, глядзеў у Алесевы вочы. І ад гэтага рабілася трохі лягчэй.
І ўрэшце Камар загаварыў. Нават не загаварыў, а нібы заспяваў журліва-тонкім рэчытатывам.
— Глядзі, глядзі на свет. Глядзі, любы хлопча, на свет. Глядзі. Глядзі. Неба над табою. Шмат. Шмат неба. Сіняга-сіняга неба. Аблокі плывуць, як караблі. Нясуць, нясуць душу над зямлёю. Нясуць. Зямля ўнізе вялікая. Зямля ўнізе цёплая. Зямля ўнізе добрая. І неба над зямлёй вялікае. І неба над зямлёй цёплае. І неба над зямлёй добрае. І аблокі між небам і зямлёй. Ты — у аблоках, аблокі — у табе. Сіняе-сіняе неба, белыя-белыя аблокі, чыстая-чыстая зямля. Нельга не быць шчаслівым. Нельга. Нельга. Паглядзі, пераканайся, што ты шчаслівы.
Алесь нібы праз песню адчуваў дотыкі ўпэўненых моцных і клапатліва-асцярожных рук да свайго цела. Двое слуг займаліся нагамі. Два вучні — грудной клеткай, рукамі і плячыма. Яны перабіралі кожны мускул цела.
— Ты здаровы. Ты свабодны. Вецер абвейвае ўсё цела. Неба глядзіць у вокны. Неба. Неба.
Голас спяваў так з гадзiну. Упэўненыя рукi за гэты час перабралi не толькi кожны мускул, а, здавалася,
кожную сувязку, кожны сасуд і нерв, кожную жылку. І разам з гэтымі рухамі наліваліся аднекуль у цела дзіўнае заспакаенне, раўнавага і мірная сіла.
Яго зноў аблілі вадою. І зноў рукі. І зноў рэчытатыў Камара і вочы, якія бачаць цябе да дна.
Заспявалі над ім галасы. Ён не разумеў слоў, але мелодыя, простая, прывабная і чаруючая, з перападамі ад высокіх гукаў да нізкіх, нібы ўладна адрывала яго ад звыклага і звычайнага, ад свету, дзе ўладарыла салдатня, дзе чужыя людзі, так не падобныя да людзей, рабілі з людзьмі, што хацелі, дзе на гасцінцах гучаў крык "ку-га", дзе чужынцы духу шматавалі ўсё маладое, здаровае, чыстае.