Литмир - Электронная Библиотека
A
A

— Не будзе гэтага, — сказаў пан Яраш. — Ніколі. Нізашто.

— Я кахаю Загорскага, — сказала Майка.

— Ён вораг.

— Вам — магчыма. Ды і тое не вам, а дурному гонару. Ён сябра вам, каханы — мне, брат — Франсу. Ён ніколі не думаў шкодзіць вам, нягледзячы на незлічоныя абразы. Бо ён чалавек, а вы… вы… вы — дваране, і не больш. Даю слова: ніколі не буду нічыёй жонкай, акрамя як яго. Усё аддам за яго. Ніколі не буду з ім жорсткая. Хай пакора, хай нават рабства, абы пакарацца яму. І ўсё. І на гэтым маё апошняе слова…

Кароткая шыя пана Яраша набрыняла крывёю.

— Убачым, — ціха сказаў ён. — Сілком пад вянец павяду. Гэта і маё апошняе слова…

— Вы можаце, вядома, зрабіць са мною ўсё. Але і я з сабою магу зрабіць усё. Я ведаю, поп згодзіцца вянчаць, нават калі вы прывядзеце мяне ў ланцугах. Ён усім абавязаны вам. Усім, і нават тым, што дваццаць год не служыць па новаму абраду, прыкрываючыся словам "хвароба". Ён ведае, каму ён павінен дзякаваць за тое, што за ім сто разоў не прыйшлі і ён не здох у Салаўках на саломе. Ён "не зрабіў граху", а вы "не паддаліся, не паступіліся гонарам". І таму ён абвянчае. А сведкі, якія будуць бажыцца, што я ішла па сваёй ахвоце, таксама знойдуцца.

Голас яе зазвінеў:

— Я не буду ганьбіць вас і крычаць у храме. І гэта будзе апошняя падзяка за тое, што вы мяне нарадзілі

і з гэтай прычыны цяпер забіваеце… Апошняя. Таму што адразу пасля вяселля я заб'ю гэтага вылюдка. Сына вылюдка і шалёнай сцервы. А потым заб'ю сябе…

— Як хочаш, — сказаў пан Яраш.

Адразу пасля размовы ён загадаў прыставiць да пакояў Мiхалiны верных людзей i сказаў Iллi Хаданскаму, што вяселле будзе праз два месяцы, у канцы кастрычнiка, каб асталося тыднi тры да пiлiпаўкi. Да таго часу ён просiць графа Хаданскага не з'яўляцца.

Пан Яраш усё ж шкадаваў дачку, хоць яна сама была вінавата, даўшы слова. Ён спадзяваўся, што за два месяцы яе возьме одум, і разумеў, што прысутнасць Іллі прымусіць Міхаліну ўпарціцца. Дый новы член сям'і раздражняў Раўбіча сваёй самаўпэўненай мордай.

…Запіску аб усім гэтым перадаў Алесю пляменнік нянькі Тэклі. Яны часам сустракаліся ў тым самым бярозавым гаі.

Беды, крыўда і гнеў, несправядлівасць лёсу літаральна шматавалі яго.

Вечар быў цёплы. Вогнішчы гарэлі за ракою, а ў рацэ адбівалася вячэрняя заранка, куды больш яркая і барвяная, чым на небе. Ля вогнішчаў — там, відаць, начавалі жнеі — гучаў ціхі смех. Потым даляцела ціхая сумная песня.

За рэчанькай за быстраю ў цымбалы б'юць,
А там маю каханую за ручкі вядуць,
Адзін вядзе за ручачку, другі за рукаў,
Трэці стаіць — сэрца баліць: кахаў ды не ўзяў.

І гэтая заранка, і безназдейная глыбіня ракі, і, галоўнае, словы песні раптоўна ўразілі яго вострай адпаведнасцю з тым, што рабілася ў ягоным сэрцы.

Алесь ведаў цяпер, што яму рабіць. Дарэмна ён дараваў. Заўтра ж ён пойдзе да Хаданскага і дасць яму поўху. Потым у зборні трэба дачакацца, пакуль пан Яраш і Франс будуць паасобку, і зрабіць тое самае з імі. На адзін дзень прызначыць усе тры двабоі. Будзе вельмі добра, калі Ілля загіне, а Франс зваліць яго. Тады Майка атрымае вызваленне, а крыўды ў яе на Алеся не будзе. І, магчыма, Раўбіч пашкадуе.

Нашто ж мы кахаліся, нашто сады цвілі,
Нашто ж нашы пуціначкі травой зараслі?
Другі з табой вянчаецца ў царкве залатой,
А мне адно вянчанейка — з сырою зямлёй…

Раніцай, аднак, здарылася незразумелае і неверагоднае. Ён толькі на золку заснуў на якую гадзіну цяжкім кашмарным сном. Потым прачнуўся, успомніў учарашнія думкі, хацеў устаць і адчуў, што не можа. Гэта не была баязлівасць. Гэта было горшае: абыякавасць.

Успомніў Раўбіча і падумаў: усё роўна… Франса: усё роўна… Паспрабаваў уявіць гуллівыя, нібы ў кацяняці, вочы і рудаватыя валасы Іллі і адчуў: і гэта — усё роўна.

Твар Майкі ўсплыў перад вачыма. Краёчак вуснаў, ясныя, як марская вада, вочы. Зноў не адчуў нічога, акрамя абыякавасці.

Добра ведаў, што ён у спальні. Бачыў нават калоны і завесу, што калыхалася ад ветрыку. Але здавалася, што ён зноў бачыць гэта ў сне, дрэмлючы на нагах.

… Ён стаяў між узброеных людзей. Хто ў латах, кранутых іржою ад шматдзённай крыві, хто ў кальчугах, ад якіх тапырылася шырокая, тканая кветкамі і лістамі чартапалоху вопратка. Шугаў агонь. Фарбы былі такія яркія, якія яны ніколі не бываюць у жыцці: чырвань плашчоў аж гарыць, жаўцізна шчытоў — як золата і сонца.

Алесь і ўсе, хто побач з ім, бачылі вілы, доўбні і баявыя цапы натоўпу, што абкружаў іх. Зблытаныя валасы, магутныя, нецяперашнія сківіцы, жоўтыя, як мёд, і белыя, значна святлейшыя, чым цяпер, валасы, люты агонь у сініх вачах.

Замак палаў перад ім зыркім шалёным агнём. Ляцелі іскры.

А ён, Алесь, — а можа, і не ён, а нехта іншы, — драмаў, стоячы на нагах, бо чатыры дні ён і ўсе гэтыя людзі не спалі і чатырох хвілін.

Яму было бадай што ўсё адно, што з ім і іншымі зробіць натоўп.

Ён бачыў чалавека з разбітай галавой. Чалавек ляжаў наперадзе, сажні за чатыры перад імі.

— Патрусіце іхнія нівы сваім ячменем! — крычаў нехта.

— Смерць-смерць-смерць! — роў натоўп.

"Ды гэта ж Юр'ева ноч, — падумаў ён. — Як я там апынуўся? Чаму ўспамінаю нейкую невядомую мне дзяўчыну?

Які ён цьмяны, гэты сон, што я сасніў! Нейкая Загоршчына, якой не павінна яшчэ быць, нейкі чалавек супраць мядзведзя, нейкая дзяўчына!

І вось яшчэ нехта схіляецца ў сне нада мною, — страшэнна баліць галава! — высокі, стары, з хваляй карункаў на грудзях.

— Унуча. Любы, што з табою?

Які яшчэ ўнуча, калі ён мой прапраўнук?! Якое права мае на мяне гэты стары?!"

Зноў яркiя колеры. Больш жыццёвыя, чым жыццё. Невялiкi строй людзей, сярод якiх ён. Клiнам стаяць перад iмi людзi ў беласнежных плашчах з крыжамi. Iх многа. Трохi меней, чым людзей на ягоным баку, але на самай справе куды болей. Адзiн з крыжастых варты пяцi на ягоным баку. Так было i так будзе. Таму што на ягоных людзях раменныя шаломы, а на тых — сталь, за якую нельга нават учапiцца. Воiны з ягонага боку спяваюць, i ён заўважае, як святлеюць iхнiя вочы i дрыжаць ноздры.

— Га-ай! — крычыць нехта, нібы спявае, і яго падтрымлівае хор.

І вось ён, невядомы сабе, але больш блізкі, чым ён сам, ляціць на кані насустрач кліну. А за ім са згэлкам, лямантам, рыканнем ляціць конная лава.

Чырвоны туман у вачах. Галава працуе ясна і разлічана. Удар знізу, злева, справа. Зваліць канём таго… Стралу ў бабку беламу каню — хай падае. Гаспадар не ўстане.

Удзерліся ў строй. Сэрца захлынаецца ад халоднай ярасці. Сячы. Нават прыемна, калі кроў свішча са шматлікіх ран на целе: робіцца прыемна і прахалодна, як у дождж. Гэтаму, і таму, і яшчэ вунь таму. Але чаму ў варожых вачах пад забралам — жах?

— Пaна! Пaна! — лямантуе клін.

Яны варочаюць коней. Яны ўцякаюць.

— Алесь, хлопчык! Ну што? Што?

— Мроя, — кажа нехта. — Ява.

Невядомая жанчына, якую ён ніколі не бачыў, але якую кахае, белая, з залацістымі валасамі, кажа:

— Пакуль яны ходзяць па гэтай зямлі — я сплю з адным каханым. У той дзень, калі разаб'еш ты — з табою. У той дзень, калі яны — з крыгай лёду.

І ўначы над шчапянымі стрэхамі вісіць ірваная камета. На хвіліну ён успамінае сябе, а потым наплывае змрок, млоснасць і адчай… Бацька, маці, Віктар, Стафан, людзі "Ку-гі". "Які подлы свет! Я не хачу рабіць на яго. Я не хачу нават жыць для яго. Не хачу. Не хачу".

— Алесь! Алесь! Хлопчык!

Ён ляжаў, нічога не разумеючы, акрамя жывых сноў. Не ў змозе паварушыць рукою ці нагою, не ў змозе не аддавацца гэтым снам, дзе, як жывыя, хадзілі крыжакі і вялізныя мядзведзі з кордамі-зубамі, дзе людзі жылі ў сырых васьмігранных пакоях з вялікімі равучымі камінамі і ржавымі пожагамі, дзе на частаколах, як на лазні ў кагосьці, каго ён непрыемна сасніў, стырчалі конскія чарапы, — ён ляжаў і сніў і хацеў толькі аднаго: заснуць так, каб не бачыць гэтых акон і заслоны і старэчага аблічча, што схілялася часам над ім. Праз два месяцы ў гэтым сне павінна было здарыцца нешта нясцерпна цяжкае. Алесь хацеў заснуць да таго часу так, каб ужо ніколі не ведаць, не даведацца, што гэта будзе.

65
{"b":"829352","o":1}