Литмир - Электронная Библиотека
A
A

— Ты што, не бачыш? — сказаў Кастусь. — Ён малады, ён дурань.

У хваравітых вачах Яманта стаялі слёзы.

— Я не буду страляцца, хлопцы, — сказаў Ямант. — Мне нельга без гэтай справы, але я не застрэлюся. Гэта нізка для сына радзімы. Але я клянуся вам, я пайду і высачу кагосьці з сатрапаў і стрэлю, а потым дам сябе схапіць… Вазьмі сваю прапанову назад, Алесь… Даруй мне, чуеш?

Загорскі глядзеў у вочы Віктару. Ён ведаў: хлопцы дзеля пачуцця еднасці падтрымаюць яго, але Віктар будзе потым пакутаваць. І хаця ён не лічыў правільным папускаць Яманту, Алесь уздыхнуў.

— Добра, — глуха буркнуў ён. — Я не буду ставіць гэтага пытання. — Не таму, што змяніў сваю думку, а таму, што…

— Мы лічым, што ты маеш рацыю, грамадзянін, — сказаў Валеры.

— Вы лічыце. Але яны унь не лічаць, — Алесь паказаў на крайніх "левых". — Няхай будзе так.

— Добра, — сказаў Серакоўскі. — Значыць, так і запішам: "Аўтаномія, федэрацыя ці поўная самастойнасць — вырашаць пасля перамогі самі народы, у прыватнасці беларускі народ". — І раптам дадаў: — А гулянне ў Пецергофе было сёлета дрэнь.

Алесь азірнуўся і ўбачыў: у дзвярах стаяў гаспадар.

— Час канчаць. Праз палову гадзіны будзе повен дом людзей.

— Згода, — сказаў Зыгмунт.

Дзверы зачыніліся.

…Загорскі і Кастусь выйшлі з курыльні ў вялікую гасцёўню. Там было поўна, але яны не ведалі ў твар амаль нікога. Алесь глядзеў на сябра няўхвальна: усё аблічча Кастуся пайшло дробнымі чырвонымі плямамі, бы ад крапіўніцы.

— Нервы ў цябе, Кастусь.

— Ведаеш, месяц назад са мной здарылася страшнае: абвастрэнне хваробы.

— Якой? Ты мне нічога…

— Ды я думаў, усё прайшло. У мяне некалькі год назад былі прыступы.

— Эпілепсія?

— Не. Проста раптам нібы скуру дзерлі. Кожны нерв у целе аголены. Баліць.

Кастусь гаварыў глуха і хаваў вочы.

— Баліць. Разумееш, ад самай нязначнай прычыны баліць. Ад хлусні — баліць, ад двудушнасці — баліць.

— Што, непрыемна?

— Не. Фізічна баліць. Разумееш, ад самай нязначнай крыўды каму-небудзь. Ад дробязей. Некалькі дзён назад стаю ля Нявы. Бачу, бяздомны сабака выдзер у дзяўчынкі з рук піражок. Дзяўчо бедненькае, галоднае, відаць. Стаіць і плача. І так мне сатла — ты толькі не кажы нікому — і дзяўчынку шкада, і сабаку шкада. Проста — ну, аж сэрца кроіцца! Галоўнае, сабака не адбегся далёка, так і глынуў у падваротні. А дзяўчо плакаць не можа голасна, як здаровыя дзеці. Разумееш, стаіць і, як у нас кажуць, квіліць… Ну, лухта ж гэта, тым больш — я купіў ёй піражок… Дык нa табе — другі купіў і кінуў сабаку, а ён завішчаў і бегчы, нібы я ў яго… каменем.

Кастусёў твар раптам нагадаў Алесю твар дзіцяці.

— І вось амаль што спаць не магу. Як успомню: божа ты мой! Ну хоць бы дзяцей у двары сірочага дому ці старых на лавачцы, на бульвары, а то малпу ў балгарына-катрыншчыка… Далонька, ведаеш, дзіцячая, зморшчаная. І клятчастая сукенка на ёй… Як успомню — нібы гэта я за вольтаў слуп ухапіўся… У мяне… з якога?.. ага, з пятага кастрычніка галюцынацыі. Нібы стаіць нехта фіялетавы і тоўсты. І нічога ў яго няма, акрамя аднаго залатога вока. Стаіць ды краямі сваёй грубой мантыі варушыць. І нібыта хоча есці людзей, не ведаю ўжо якім чынам. А паўз мяне ідуць, ідуць. Маці-нябожчыца без аблічча, ты ў рызманах, Віктар, дзяўчынка з пірагом, сабака… Усе, каго ў жыцці бачыў… І глядзяць… Кожную ноч так.

Алесь спалохаўся. Узяў сябра за грудзі, моцна страсянуў. Каліноўскі здрыгануўся.

— Даруй, мілы, — сказаў ён. І дадаў пасля паўзы: — Памятаеш, сказаў Вежы, што на мой век нерваў хопіць. Баюся, не хопіць. Толькі б гэта здарылася пасля… калі ўжо ў кожнага будзе па пірагу.

— Шкада, што ты не ў мяне, — назнарок груба сказаў Алесь. — Я б табе за твае фантазіі… Пойдзеш сёння да мяне.

— Нашто?

— Буду даглядаць. Па-першае, кожны вечар перад сном дзве гадзіны хадзіць. Па-другое, піць адвар. Аглая дасць. Па-трэцяе, "тройчы дзевяць", настой траваў на гарэлцы. Па-чацвёртае — халодныя ванны два разы на дзень.

Грубаваты і ўпэўнены тон зрабіў, здаецца, патрэбнае ўражанне.

— Медык, — сказаў Кастусь.

— А што? І медык. Чытаць толькі вясёлае. Есці біфштэксы. Спыць класціся з курамі… Сур'ёзна, сур'ёзна, Кастусь… І яшчэ: закахацца табе трэба… Ну, гэта, урэшце, як хочаш. Але які месяц я цябе не адпушчу.

Да іх падышоў Віктар, і Алесь змоўк, Алесева сэрца аблівалася крывёй за братоў.

— Слухай, Алесь, — сказаў Віктар. — Кастусь казаў, што ты заместа поўнага вызвалення прапанаваў свайму бацьку нейкія ліберальныя ваніты. Нейкую канкурэнцыю з мужыком, цукроўні, гуты, трасцу… Ты што, ад нас адмяжоўваешся? — вочы ў Віктара былі бліскучыя, відаць, ад лёгкай гарачкі.

— Кінь, — сказаў Алесь. — Трэба мне даць бацьку нешта, за што можна было б змагацца афіцыйным шляхам? Ці ён павінен быў нашу праграму высунуць: зямлю — сялянам, цара з чыноўнікамі ды злоснымі прыгоннікамі — на асіну, мову — у школы, папоў — са школ. Ты гэтага хацеў?

— Ну… як… Н-не тое, вядома…

— А потым, нічога не зрабіўшы, юкнуць, як у палонку? За меншае людзей у Сібір заганялі… Я, Віктар, не думаў так, як прапаноўваў. Але пакуль народ на паўстанне не пайшоў — трэба рабіць хоць што.

— Адкасніся ад яго, — раптам рэзка сказаў брату Кастусь. — Чаго вы ўсе да яго з пытаннем гэтым ідыёцкім. "Како веруеш?" Ён не горшы за цябе патрыёт.

Віктар разгубіўся ад нападу.

— Гэта хто?? рэзка паказаў Кастусь у бок аднаго з гасцей.

— Сляпцоў. Венгерскі герой.

— Ну і дурань,? рэзка сказаў Кастусь.? А той?

— Эверс, дарадца міністэрства замежных спраў.

— Гэты нашто?

— Ён і яшчэ унь той, Чарткоў, шталмайстар, ды яшчэ тая порхаўка, сенатар Княжэвіч, міністр фінансаў — шырма. Каб не было блакітных "сяброў" з адпаведнага дома.

— Нядрэнна прыдумана. А той?

— Іваноў трыццаты.

— Ты што, жартуеш? — абурыўся Алесь.

— На самай справе. Ад'ютант для асобых даручэнняў пры пецярбургскім ваенным генерал-губернатары.

— Што, таксама маска?

— Ды не. Чамусьці прасякся павагаю да Людвіка. Цягаецца ўсюды разумныя размовы слухаць… А там унь Шчарбіна, паэт. Бачыце, якое аблічча… А той, у акулярах, з бакенбардамі, стары, — былы сябра Пушкіна. А цяпер таварыш, здаецца, міністра народнай асветы. Вяземскі Пётр Андрэевіч. Паэт. Шкада, хлопцы, старасці.

— А той хто, на вераб'я падобны? На вялізнага вераб'я.

— Талстой. Феафіл. Музычны крытык… А той — раганосец Феактыстаў, пёс ланцужны, намеснік Фадзея Булгарына. З маладых, ды ранні. І, скажы ты, не паспее стары падлец здохнуць, як ужо на ягонае месца новага рыхтуюць.

Адзiн з гасцей асаблiва прыцягнуў увагу Алеся. Не вонкавым выглядам — урэшце, бадай звычайным, — а нейкай падкрэсленай незалежнасцю рухаў.

Колькі яму магло быць год? Пэўна, далёка за пяцьдзесят. Ва ўсякім разе, аб гэтым неабвержна сведчылі вельмі сівыя вусы, склератычны румянец на шчоках і скронях, нос, што калісьці, відаць, быў вастраваты і трошкі задзёрты, а цяпер, з гадамі, абвіс і зрабіўся ўжо нават трохі чырвоны. Дый бровы былі як у старога: кусцістыя, суровыя бровы.

Незнаёмы сустрэўся з Алесем вачыма і, відаць, зразумеў, што той разглядае яго як цікавы і загадкавы экземпляр роду чалавечага. Вусы варухнуліся, але нават калі б гэтага не было, аб усмешцы можна было б здагадацца па вачах.

Вось што маладзіла чалавека: вочы! Залаціста-карыя і, дальбог, пякуча-сінія, як паўдзёнае неба.

У вачах нейкая пакутлівая вечная думка, якая катавала і нават у хвіліну весялосці не давала палёгкі. Цяжкі, знясілены нейкай неадчэпнай думай, змардаваны і грозны твар.

— А таго ты не ведаеш? — спытаў Алесь, збіраючыся ўжо ісці назад у курыльню.

— Ведаю.

— Хто?

— Шаўчэнка.

Алесь міжвольна зрабіў два крокі назад. Раней чым мозг паспеў дадумаць, што гэта непрыстойна. Але ўсё адно было позна: густа-сіняга сурдута нідзе не было відаць.

…З курыльні большасць народу ўжо разышлася. Сядзелі ля агню толькі хлопцы, з якімі ў першы вечар пазнаёміўся Алесь, ды Малахоўскі, Мілевіч і Зыгмунт. Але затое набралася іншай моладзі. Некаторых Алесь ведаў. Унь тыя таксама землякі, з акадэміі мастацтваў. А той — сябра Урублеўскага па лясным інстытуце, цельпукаваты Яневіч, беларус з-пад Мядзеля. А той таксама свой, Антось Іваноўскі, сябра Віктара па працы і ідэях… Некаторых Алесь бачыў на пасяджэннях "Агула".

40
{"b":"829352","o":1}