Литмир - Электронная Библиотека
A
A

— Ведаю. Чацвёрты раздзел, першы артыкул Статута. А якія, вы лічыце, гэта словы: "пісар маець", "літарамі", "позвы", "не іншым языком і словы"?

— Рускія словы, — рэкнуў Ямант.

— Віншую, — з'іранізаваў Валеры.

— З чым?

— З добранабытай дурасцю, — сказаў Дамброўскі.

— А гэта што? — усміхнуўся Віктар. — "Заказала яму пад горлам, абы таго не казаць", "беглі есмо да двара на конех", "на ўрадзе кгродскім пінскім жалаваў, адпавядаў і пратэставаў се земляны павету Пінскага…". Тры сказы — тры стагоддзі. Тры сказы — тры мясцовасці. А мова адна. Чаго яшчэ трэба? А Будны? А старажытны іканапіс?! Алесь, Юзаф тваёй дысертацыі не слухаў. Торкні яго носам… Продкі думалі не так.

— Адкуль вы ведаеце, як яны думалі? — спытаў Людвік.

— Вам ніколі не даводзілася перамалёўваць факсіміле? — спытаў Віктар. — Але што я, вы афіцэр, ваша рамяство — вайна. А шкада… Часам у старым рукапісе трапляецца неразборлівае месца. Для выдання яго трэба дакладна скапіраваць. І вось водзіш рукою, паўтараючы лініі, і раптам ловіш сябе на думцы, што ўсё, ўсё разумееш. Таму што твая рука паўтарае рухі рукі чалавека, які жыў за трыста год да цябе. Так і з падспуднай думкай продка, за якой сочыш, чытаючы стары рукапіс.

— Цікава, — з нечаканай сур'ёзнасцю сказаў Баброўскі.

— І нават каб нічога такога не было — адно адчуванне намі сваёй радзімы дае нам права на адпор афіцыйным патрыётам, — румянец плямамі ўспыхваў і згасаў на шчоках Віктара. — Што ж гэта за думка ў іх?! Хто яны?! Шляхта ў самым горшым сэнсе гэтага слова!.. Але вось яны, — Віктар абвёў вачыма сяброў, — і сотні іншых пацвердзяць, што мы супраць Польшчы магнатаў і за Польшчу простых людзей. Чые думкі выказваеш, Ямант? Думкі Веляпольскага?.. Выказвай, змыкайся з "правіцай" белых! Але ведай: мы для Веляпольскага і К° — не вотчына і не хлопы. Досыць з нас рабства… Братэрства, так, але не падначаленне! Роўнасць, і ні на волас ніжэй!

— Гэта сепаратызм, — успыхнуў Ямант. — Гэта заўчасны гандаль, гэта нож у спіну.

Віктар трымаў руку на грудзях:

— Наш Савіч дзейнічаў поплеч з Канарскім, і ніхто не кінуў яму папроку ў нявернасці і здрадзе. Мы — верныя людзі.

Сухі пакутлівы кашаль раздзёр ягоныя грудзі. Ён кашляў у хустку так, што Алесь з жахам чакаў: вось-вось з'явяцца чырвоныя плямы.

— Ямант, кінь, — сказаў Стэфан Баброўскі. — Ты што, не бачыш?

— Толькі не шкадаваць, — праз кашаль гнеўна пракрычаў Віктар. — Толькі не шкадаваць!

— Хто за адмаўленне ад правоў на ўскраіны? — спытаў Зыгмунт.

Акрамя крайняй "левіцы" беларускіх чырвоных узнялі рукі Урублеўскі, Дамброўскі, Стэфан Баброўскі і потым, зірнуўшы на Віктара, Зыгмунт Падлеўскі. Устрымаліся Авейдэ, Звяждоўскі і Серакоўскі. Рашуча супраць быў Ямант.

— Супраць — адзін.

— Два, — з клёкатам сказаў Віктар.

— Хто яшчэ?

— Падлеўскі! Пішыце і яго супраць. Мы тут не літасць вымольваем. Мы патрабуем тое, што нам належыць.

Кастусь, увесь пацямнелы з твару, глядзеў на Серакоўскага і чакаў:

— За што ж стаіш ты, Зыгмунт?

Серакоўскі глядзеў яму ў вочы спакойна і шчыра.

— Не за калонію.

— А аб'ектыўна?

Віктара ўсё яшчэ біў кашаль.

— За канфедэратыўную дзяржаву. За непадзельную Польшчу, у якую на роўных правах з палякамі ўвайшлі б беларусы, літоўцы і ўкраінцы… Мы не маем права паслабляць паўстанне, Кастусь.

— А ўсё ж робіце гэта.

— Чым?

— Словам "непадзельная", — цяжка варухнуў сківіцамі Кастусь. — Чым ты тыды адрозніваешся ад белых?

— Ну, ведаеш…

— Што "ведаеш"? — Твар Кастусёў скамянеў, асіметрычныя вочы гарэлі халодным агнём. — Ваяводствы Мазавецкае, Кракаўскае, Літоўскае, Люблінскае, Беларускае, Украінскае. — І, нібы страшэнную поўху, кінуў: — Можа, яшчэ Крымскае? Цікава, што сказаў бы на гэта твой друг Шаўчэнка?

Зыгмунт сцепануўся.

— Чым ты адрозніваешся ад белых з гнюснай ідэяй "адзінай і непадзельнай"? Чым ты адрозніваешся ад…

— Кастусь…

— Я даўно Кастусь. І я ведаю, што пры словах "непарушны", "непадзельны", "адзіны", калі іх гаворыць мацнейшы, сапраўдных людзей цягне разбіць непадзельнасць, разбурыць непарушнасць. Бо гэта замаскаваны ланцуг рабства.

Вочы ў Кастуся былі ўтрапёныя. Аблічча палала.

— Гэта не нож у спіну. Проста лепей загадзя дамовіцца аб усім, каб цвёрда ведаць, на што спадзявацца. Бо калі вам другараднае становішча — гэта большая ці меншая непрыемнасць, то ў нас пытанне стаіць іначай. Або воля, або не жыць.

— Я не пратэставаў, — сказаў Серакоўскі, — я ўстрымаўся. На маю думку, павінна быць так, але я нікому не навязваю гэтага. Я нават нікому не буду гаварыць пра яе. — Госас Зыгмунта гучаў суха: — Згода. Значыць, мы павінны пашырыць гэты погляд, прыняты цяпер большасцю рады, сярод памяркоўных і весці за яго спрэчку з белымі.

— Сорам! — выгукнуў Ямант. — Гэта падрыў агульнай моцы, грамадзянін Серакоўскі.

— Узаемадапамога! — сказаў Мілевіч.

— Сепаратызм! — сказаў Звяждоўскі.

Алесь зразумеў: нервовасць Кастуся можа сапсаваць справу. Прыйшоў час умяшацца:

— Большасць люзей не разумее, што прымусовасць, другараднае становішча, ланцуг — гэта вечная міна пад еднасцю, што ў такім стане нават між братамі расце пачуццё варожасці, а часам і нянавісці. Самастойнасць і магчымасць распараджацца сабою як хочаш — вось найлепшы грунт для братэрства.

— Чую, чым тут пахне, — сказаў Ямант пасля паўзы. — Рабесп'ераўшчынай, Дэмбоўскім, галіцыйскімі хлопамі, што пілавалі паноў піламі, Чарнышэўскім… Вось адкуль яны і ідуць, вашы крайнія, пачварныя погляды. З дому на Ліцейным.

— Якога? — спытаў Баброўскі.

— Што насупраць міністра дзяржаўных маёмасцяў. З дому гэтага карцёжніка, што піша вершыкі аб народзе, а сам нажыў маёнткі, і нават міністр унутраных спраў кажа, што ён не рэвалюцыянер, бо мае грошы.

Кастусь устаў. У яго пасмыкваліся вусны і шчака, дрыжала левае павека:

— Юзаф, маўчы, Юзаф, не даводзь. Чалавек, які… усё жыццё… Чалавек, які… напалову паляк і спачувае вам. Як табе не сорамна?

І сеў, дзіўна, як не сваімі рукамі, заграбаючы паветра. Запанавала цяжкае маўчанне.

— Прашу слова, — сказаў у цішыні Алесь.

Серакоўскі зрабіў запрашальны жэст.

— Я прапаную выключыць студэнта Яманта з рады і "Агула", — кінуў Алесь. — Я прапаную таксама папярэдзіць усе нізавыя арганізацыі, каб яны не ўздумалі выказваць Юзафу Яманту давер, калі не хочуць варожасці і, магчыма, правакацый…

— Ты што? — усміхнуў Кастусь.

— Раю не ўмашвацца.

— Я вас удару, Загорскi, — сказаў Юзаф.

— Не раю. Прапаную выключэнне.

— Падстава? — спытаў Звяждоўскі.

— Яднанне.

— Ясней.

— Наш трыумф у яднанні. Яднанні з левымі элементамі, якой бы нацыі яны ні былі: палякі, украінцы, рускія, літоўцы, курляндцы… — Ён гаварыў як адсякаючы кожнае слова. — І таму мы павінны з павагай ставіцца да кожнай нацыі, не абражаць яе старой варожасцю, недаверам, сумненнем у яе рэвалюцыйных сілах. Іначай — пагібель. Усе паўстанні грашылі гэтым і гінулі. Відаць, шляхецкіх нацыяналаў гэта нічаму не навучыла… Ты паставіш, урэшце, маю прапанову на галасаванне, грамадзянін Серакоўскі?

— Стаўлю…

Ямант абводзіў усіх вачыма і ўрэшце зразумеў: вочы большасці не абяцалі літасцівага рашэння.

— Хлопцы… — сказаў ён, — хлопцы, як вы можаце? — Голас яго дрыжаў. — Хлопцы, я аддам за паўстанне жыццё!

Усе маўчалі. І тады Юзаф усхліпнуў ад хвалявання.

— Хлопцы, я ніколі не думаў…

— Думай, — сказаў Валеры.

— Я абавязкова буду думаць. Не адбірайце ў мяне права загінуць за радзіму… Я хачу гэтага… Я не магу без вас… Хлопцы, што я, Юда?.. Хлопцы, даруйце мне!!!

Цяпер усе глядзелі на Алеся.

— Выключэнне, — кінуў Алесь.

— Алесь, ты нялітасцівы, — азваўся Віктар.

— Як ты можаш? — спытаў Вярыга.

Маўчанне.

39
{"b":"829352","o":1}