Литмир - Электронная Библиотека
A
A

— Гэта хто?

— Я… А ўсяго, значыць, пяць. Гэтыя пяць складаюць верх "Агула", ніхто не ведае, што ён ёсць. Наверсе толькі агульны бібліятэкар і скарбнік. Як усюды. Скарбнік і бібліятэкар маюць права рашаючага голасу. Але гэта ва ўсіх зямляцтвах так. На самай справе наша пяцёрка рэкамендуе людзей, да якіх прыгледзеліся, сувязному. Той займаецца з рэкамендаваным асабіста. Дае яму кнігі, спрачаецца па розных пытаннях і, падрыхтаваўшы, рэкамендуе далей.

— Гэта Віктар, — сказаў Алесь.

— Чаму так думаеш?

— Хто ж яшчэ можа лепей кіраваць чытаннем, раіць, якую кнігу чытаць?

— Маеш рацыю. Тут не толькі я, тут большасць абавязана яму… Выбраныя ім людзі трапляюць у гурток, назва якому, для дурных, "Літаратурныя вечары".

— I ў гэтым гуртку ты, Віктар і яшчэ з тых, каго я ведаю, бадай, Валеры.

— Тфу ты, чорт, — сказаў Кастусь. — Ішоў бы ты на месца Пуціліна[24], кучу грошай зарабіў бы.

— Кінь, Кастусь, я проста цябе ведаю. Я проста сем год пражыў са старым Вежам. А гэта, брат, школа. Ну, што "Вечары"?

— Ты трапіш туды. Спадзяюся, хутка. Людзі там выключныя. Па-першае, галава: Зыгмунт Серакоўскі. Пра гэтага я табе пісаў. Сем год ссылкі, сем пядзяў у лбе, сем дабрачыннасцяў. Пра астатніх пакуль не трэба. Сам убачыш. Дый кола іхняе ўвесь час пашыраецца.

— Палякі?

— Розныя.

— Што думаюць пра нас?

— Частка думае вось так. Паўставаць — разам. Лёс Беларусі і Літвы — плебісцытам яе жыхароў. Значыць, або самастойная федэрацыя, або аўтаномія ў межах Польшчы, палітычная і культурная. Як скажа народ. Урублеўскі, напрыклад, лічыць, што плебісцыту нельга дапусціць ні ў якім разе пры цяперашняй слабой народнай самасвядомасці. Ён так і кажа, што проста Польшчы трэба адмовіцца ад правоў на Беларусь і Літву, паколькі ў свой час дваранства страшэнна скампраметавала самую ідэю такога саюза. Добрыя суседзі, браты — вось і ўсё.

— Чаму ты кажаш "частка"? — спытаў Алесь. — Хіба ёсць такія, што іначай думаюць?

Каліноўскі спахмурнеў.

— У тым і справа, што з самага пачатку існуе пагроза расколу. Я кажу: лепей з самага пачатку ад

згоднікаў, шавіністаў, патрыётаў ад касцёла і розгі — вызваліцца. Распусціцца для выгляду, а потым — верным і чыстым — ткаць сцяг нанава. Прынамсі, еднасць.

— Па-мойму, верна.

— Зыгмунт пратэстуе, — са скрухай сказаў Кастусь. — Залішняя вера ў суседа, залішняя даверлівасць.

— Хто б вінаваціў, — сказаў Алесь. — І ты не лепшы.

— Што? Праўда хіба? — спалохаўся Кастусь.

— На жаль, праўда.

— Разумееш, са свайго боку Зыгмунт мае рацыю. Занадта нас мала. Калі выкінуць іх — астанецца нас купка. І потым, да пэўнай мяжы нам з імі ісці адной дарогай. Мы за волю, яны за незалежнасць.

— А потым што — здрада?

— Я і кажу. Эдвард Дэмбоўскі[25] разумеў паўстанне як трэба. Перш за ўсё воля і роўнасць усіх людзей. Але мы пакуль што вымушаны ісці на саюз з імі. Мала нас. Ах, чорт, мала!

— Хто яны?

— Белыя. Так мы іх называем. "Ах, радзіма! Ах, веліч! Ах, слава!" Знаеш, нашто ім бунт? Каб прывілеяў сваіх не згубіць, каб да ўлады дарвацца.

— Досыць паскудна.

— Спяць і ў сне бачаць свайго караля, сваіх айцоў царквы, свае прыёмы, балі, сваю паліцыю, сваіх катаў на айчынных эшафотах. Хоць паршывае, ды сваё.

— Песня знаёмая, — сказаў Алесь. — Лізагубава песня. Дый сёння я яе чуў.

— Дзе?

— Ад Яманта. Не падабаецца мне Ямант, Кастусь.

— Ну, Яманта да іх не мяшай. Ямант ідэаліст.

— Табе лепей ведаць. Але белых я, на вашым месцы, гнаў бы.

— Будзеш разам са мною біцца?

— А што я — сюды маліцца прыехаў?

— Добра, — сказаў Кастусь. — Руку.

— А яшчэ хто ёсць?

— Яшчэ, як усюды, балота. I палітыкі ім хочацца, і дыпломаў, і каб царства божае само прыйшло. Надта ж ужо ім не хочацца бойкі да зубоў. Крычаць, што гэта толькі ўжо калі нічога зрабіць будзе нельга.

— Гэтых трэба пераконваць.

— Але… Ну і, урэшце, мы. Чырвоныя.

— Гэта ясна. Паўстанне. Сацыяльны пераварот. Гэта па мне.

Кастусь глядзеў на яго трохі здзіўлена.

— Вырадак ты, Алесь. Табе па паходжанню, сувязям самы рэзон да белых. Яны багатыя, а мы — галота. Яны лібералы, мы — якабінцы і сацыялісты. Яны збіраюцца цэрквы ды заводы будаваць, мы…

— До, — сказаў Алесь. — Распеўся. Сам кажаш, што яны пераважна з царства польскага. А я беларус. I калі ўжо яны аб уладзе над маёй зямлёю крычаць, то ім не сябра. Мне свая каліта не дарагая. Мне мая зямля дарагая. Яна мне патрэбна. Вы за яе — значыць, я з вамі. А тое, што я князь, — справа дзесятая. Нікога гэта не цікавіць. А мяне менш за ўсіх… Давай спынімся ды пачакаем хлопцаў. Вось мы і дома.

…Усе сядзелі за сталом і елі, аж за вушамі пішчала, калі Аглая паклікала Алеся за дзверы.

Стаяла перад ім, прыгожая, уся як літая, гаварыла ціха:

— Хлопцы якія! Ну, Кастусёк — гэтага ведаю. Але ж і астатнія! I паляк гэты! А ўжо Эдмунд гэты… Трымайцеся за іх, паніч!

— Збіраюся.

— Вой, хлопцы!

— Што, пацалавала б?

— А што, грэх?

Аглая раптам пасур'ёзнела.

— Я не тое, паніч. А пра другое. На гэта я дазволу пытацца не буду. Будуць яны да нас хадзіць?

— Абавязкова.

— Паніч… Вы Віктара запрашайце. Часцей за ўсіх. Як убачыце, то і запрашайце. Нават самі шукайце і запрашайце.

— Што, спадабаўся?

Жанчына адмоўна паківала галавою:

— Сухоты ў яго. I подаўна ўжо…

— Ты што? Ды ён мне сам казаў, што здаровы як конь. А ён жа медык.

— Значыцца, сам не ведае… Карміць трэба, карміць. Мёд, масла, сала, мядзведжы тлушч. Салам заліць.

— Не вярзі. У яго, у такога хлопца?..

— Смерць што, выбірае? Паніч, слухайцеся мяне. Ён не бачыць, усе не бачаць. А я добра бачу… Думаю я, ці не позна ўжо.

Алесь урэшце паверыў і схаладнеў.

Са сталовай даляцеў залівіста-вясёлы смех Віктара.

Снег. Снег. Тое надвор'е, у якое шляхціц Завальня ставіў на акно свечку. Дуйка. Белыя вужакі, стаўшы на хвост і ўзняўшы ў паветра цела, дзесяткамі трапечуць і згінаюцца над кожнай вострай гурбай.

Праз слюдзяныя акенцы кібіткі відаць, як не хоча ляжаць на месцы снег, як ён імкнецца ў чорныя лясныя нетры, як заінелі крыжы коней.

Да Вежы яшчэ далёка. Хіліць спаць.

Каб не заснуць, Алесь думае. Аб хлопцах з "Агула", аб сустрэчах у яго на кватэры (дабіўся-такі гэтага!), аб тым, што за гэтыя пяць месяцаў арганізацыя павялічылася на семдзесят два чалавекі. I дзесяць хлопцаў з "Агула" аддалі Віктару.

I яшчэ аб тым, што гурток Серакоўскага пачынае рабіцца сапраўднай нелегальнай арганізацыяй і ўвосень можна будзе ўжо думаць аб справах, аб планах на будучае.

З усмешкай успаміналася адна з апошніх спрэчак. На тэму — што рабіць, акрамя падрыхтоўкі паўстання, тым, хто з памешчыкаў. Ямант вёрз нешта аб тым, што трэба пераконваць сваіх сялян, што дваране дужа харошыя, а цар дрэнны. Загорскі зірнуў на Кастуся, але той падміргнуў яму, паціснуў плячыма. Нічога не зробіш — ідэаліст. I тады Алесь устаў і сказаў, што гэта тыповае белае трызненне. Нікога не пераканаеш словамі. Калі нехта хоча, каб яго лічылі добрым, — хай робіць добрыя справы. Расказаў аб праекце бацькі, барацьбе вакол яго і дадаў, што тым, хто гарлае аб добрым стаўленні да мужыка, варта было б падарыць яму волю раней, чым цар, і на больш ільготных умовах. Тады нікога не трэба будзе агітаваць. За відочна добрае, за даброты жыцця нікога агітаваць не даводзіцца. А калі ўжо агітуюць паны і ўдзень і ўночы — так і ведай, што нешта няладна, і добра яшчэ, калі толькі падмануць збіраюцца. "Я думаю, трэба, пакуль тое, рабіць хоць гэтых, хоць сваіх людзей вольнымі. I гэта будзе найлепшая агітацыя для паўстання і лепшы сродак для яго перамогі".

Падняўся гвалт. Белыя напалі. Але нечакана напала і частка чырвоных: "Ружовыя акуляры! Дадуць табе рабіць дабро. Трымай кішэнь".

вернуться

24

Пуцілін Іван — наглядчык маскоўскай паліцыі, пазней начальнік вышукной паліцыі ў Пецярбургу. "Рускі Шэрлок Холмс".

вернуться

25

Глава кракаўскай рэвалюцыі 1846 года.

32
{"b":"829352","o":1}