Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Эдмунд смяяўся:

— А што? Хіба дрэнны?

— Для яе, відаць, не дрэнны. Ружавее, як півоня. Кніксен за кніксенам: "О, гер Вя-ры-га! Жартаўніч-ка! Што вы?!" Вось ажэнішся — мы да цябе ў госці прыйдзем, а ты сядзіш, кнасцер курыш. Дзяцей вакол — плойма. А пад галавой падушачка, і на ёй вышыта: "Morgenstunde hat Gold im Munde" — у ранняй, значыцца, гадзіне золата ў вуснах.

— А ён усё роўна да паўдня дрыхне, — падтрымаў Віктара Валеры.

— Я і кажу. I вось ён нас частуе. Адно яблыка парэзана на скрылёчкі і па ўсёй вазачцы раскладзена, каб больш было.

Вярыга не пакрыўдзіўся. Пацягнуўся і гулка ўдарыў сябе ў грудзі.

— Чэзлая ў вас, хлопцы, фантазiя. I гумар такi самы. Iмпатэнцкi. А жыццё ж багацейшае. Паўнакроўнае яно, рагоча, кпiць, жарэ. Не з вашымi мазгамi вышэй за яго ўстаць. Заходжу я туды i паважна так кажу: "Фунт кiлбасных абрэзкаў для майго сабакi". А яна мне: "Вам загарнуць цi тут будзеце есцi?.." Во як! А вы лезеце з посным рылам…

Хлопцы зарагаталі.

— Вось што, хлопцы, — сказаў Алесь. — Пакіньце вы гэты паўрубель на сняданне.

— У мяне прынцып, — сказаў Вярыга. — Нічога не адкладвай на заўтра, акрамя работы.

— Не, сур'ёзна. Хадзем да мяне. Павячэраем, пасядзім, пагамонім.

— Нязручна, — сказаў Кастусь. — Толькі прыехалі — нa табе хеўра.

— А не жэрці зручна?

— Усе збянтэжыліся.

— Ну, кіньце вы, сапраўды. — Алесь пачырванеў: пачыналася. — На апошняй станцыі яшчэ Кірдун купіў жывых ракаў. "Дзіва, кума, а не ракі. Адным ракам поўная торба… і клюшня вон тырчыць".

Вярыга абвёў усіх вачыма і падкрэслена аблізнуўся.

— Ён да цябе цяпер заўсёды хадзіць будзе, — сказаў Віктар. — Зойдзе і па-руску: "Есть есть?" А ты яму: "Есть нет".

— Калі ласка, — перасек жарт Алесь. — Заўсёды буду чакаць.

Хлопцы муляліся, але пачыналі здавацца.

— Дык, кажаш, і ракі? — спытаў Вярыга.

— I ракі.

— А да ракаў?

— Як належыць. Белае віно.

— Белае?

— Белае.

— Хлопцы, — прастагнаў Вярыга. — Хлопцы, трымайце мяне. Трымайце мяне, бо я, здаецца, не вы-тры-ма-ю.

— Вось і добра, — сказаў Алесь. — Хадзем хутчэй.

Яны ішлі Неўскай узбярэжнай. Недзе далёка за спіной гучалі галасы астатняй кампаніі. Хлопцы назнарок адсталі, каб пакінуць сяброў удвох.

— Вось і ўсё, што я магу табе сказаць, — скончыў Алесь. — Такія, як Кроер, каб менш зямлі мужык атрымаў бясплатна, шкодзяць бацькаваму праекту. Загадзя адбіраюць у хлопа палову надзела, ды яму ж, за грошы, здаюць "у арэнду". Страты ніякай. А пасля вызвалення скажуць: "Трымай, мужык, палову надзела ды не вякай…" А бацьку: "Маршалак, прабачце, але апошнія гады яны гэтай паловай не ўладалі. У арэнду бралі". Дзед на такіх сяк-так цісне, але цяжка.

— Нічога, — сказаў Кастусь. — Больш людзей косы возьме, як прыйдзе бунт.

Звонка гучалі крокі. Імкнулася да мора магутная рака. Над горадам ляжала светла-сіняя, амаль празрыстая ноч.

— У Мсціслава маці памерла, — сказаў Алесь. — Хварэла даўно. Вечна па водах. Астаўся ён васемнаццацігадовым гаспадаром. Але зрабіць пакуль нічога не можа. Трохі не хапае да паўналецця.

— А што ён павінен зрабіць?

— Тое, што і я, як гаспадар стану. Адпусціць людзей.

— Думаеш, дадуць?

— Могуць не даць. Тут ужо — зрабіў дый стрэлу чакай.

— Вось так яно і ёсць.

Яны ішлі, абняўшыся за плечы.

— Як з маёй просьбай? — спытаў Кастусь.

— Я пагаварыў з усімі хлопцамі "Чартапалоху і шыпшыны". Я кім пагаварыў, каму і напісаў. Хлопцы думаюць па-ранейшаму. "Братэрства" не распалася.

— Як добра!

— Мсціслаў, Пятрок Ясюкевіч, Мацей Біскуповіч, Усяслаў Грыма… ну, і я. Мы ўпяцёх узяліся за людзей, якіх ведалі. Разумееш, у хлопцаў справа пайшла весялей. А ў нас з Мсціславам нешта цяжка. Адчуваю: перашкаджае нешта. Ведаю, свой чалавек, з якім гавару, а ён муляецца ды ўсё некуды нібы хаваецца.

— Што, мяркуеш, прычынаю?

— Мяркую, у Прыдняпроўі ёсць яшчэ адна арганізацыя. І вялікая. Шмат людзей яднае… Нехта рыхтуе вялікі закалат… Нехта бунт рыхтуе.

Памаўчаў.

— Доўга думаў, хто мае дачыненне. Вырашыў глядзець, хто з сумленных людзей, з тых, хто бачыць падлейшую нашу сучаснасць, а ходзіць вясёлы і бадзёры. Бачу: Раткевіч Юллян, Біскуповіч Януш, іншыя. А гэта ўсё людзі Раўбічавага кола. Успомніў адну падзею, на якую ў той час не звярнуў увагі. I займеў вялікае падазрэнне, што не абыходзіцца там і без пана Яраша.

— Пагаварыў бы.

— Нельга, Кастусь… Смяртэльныя мы ворагі з Раўбічамі.

— Ты што? З панам Ярашам, з Франсам?

— Але…

— Ды ты што? Ды ты як? А Майка?

— Цяпер памірыліся цішком. Ніхто нічога не ведае.

Кастусь схапіў яго за плечы і патрос:

— I ты думаў, што вы нарабілі?! Ах, шкада якая! Ах, які жаль! — Кастусь, як заўсёды ў хваляванні, гаварыў цяжка, з запінкай, блытаў словы.

— До аб гэтым, — сказаў Алесь. — Паспрабуем самі потым разабрацца. Дык вось, гаварылі мы з хлопцамі многа. Між іншым, і з тымі, што за нас тады заступіліся. Выбіралі вельмі асцярожна. Рафал Ржэшэўскі згадзіўся. Яшчэ хлопцы… Сашка Волгін згадзіўся. Доўга думаў. А потым кажа: "Мне, хлопцы, акрамя вас, дарогі няма".

Хлопцы ішлі праз светлую, празрыстую ноч.

— Колькi ў вас людзей? — спытаў Калiноўскi.

Алесь дастаў з кішэні сшытак без вокладкі.

— На… Мы пакуль што з'ядналі ў гурт сто шэсцьдзесят чатыры чалавекі.

— Надзейныя?

— Да канца, — вельмі ціха сказаў Алесь. — На жыццё дык на жыцце, а калі на смерць, то і на смерць.

— Я веру, што ты — да канца, — пасля доўгага маўчання сказаў Каліноўскі. — Ты павінен ведаць усё, дружа. Толькі ўлічы: пасля таго, што я табе зараз раскажу, дарогі назад не будзе… У нас ёсць свая арганізацыя, "накшталт зямляцтва". Гэта — для іншых. Назва "Агул". Гэта палякі з усяго захаду, нашы беларусы, літоўцы. Трохі менш людзей з Інфлянтаў. Скажам шчыра, зусім мала ўкраінцаў. Колькасць членаў-студэнтаў нешта каля пяцісот чалавек. Людзі розныя. Адны проста за паўстанне заняволеных, другія — за нацыянальны рух, трэція — за аўтаномію… Вонкава дзейнасць зямляцтва заключаецца ў самаасвеце і дапамозе бедным студэнтам. Таму ёсць свая каса, узносы, свая бібліятэка. Грошы сапраўды ідуць незаможным. З бібліятэкай больш складана. Там забароненыя творы Міцкевіча, Лелявеля, нашы ананімы, руская патайная літаратура. Герцэн, напрыклад, амаль увесь. I "Дылетантызм", і "Лісты", і амаль усе зборнікі "Полярной звезды", а з гэтага лета і "Колокола". Ну, а потым — Фур'е, немцы, іншыя… Шмат чаго ёсць. Тыя людзі, якія карыстаюцца гэтай часткай бібліятэкі, — ёсць ядро. Не думай, што трапіць так лёгка. Наогул, у нас тры ступені. Пяць членаў "Агула", якія добра ведаюць адзін аднаго, рэкамендуюць у "Агул" чалавека, за якога могуць паручыцца… Пяць чытачоў падспуднай бібліятэкі могуць рэкамендаваць у яе чытачы таго з членаў "Агула", якому яны вераць і якога ведаюць. Я гаварыў пра цябе. Сябры з верхняй рады пад маю асабістую паруку дазволілі мне, мінаючы ступень "Агула", увесці цябе непасрэдна ў склад асабліва давераных. Я расказаў пра цябе як на духу. У нас не хапае людзей. Асабліва з Прыдняпроўя… Мы ставім цябе на асобае становішча чалавека, аб удзеле якога ў верхняй радзе амаль ніхто не будзе ведаць.

— Дазвольце спытаць, чым абавязаны?

— Цалкам наш. Не крыўдуй, я таксама быў у такім становішчы. Яшчэ і цяпер мяне ведаюць менш, чым іншых. Такому лягчэй звязваць людскія ніці ў адну сець. Ты і яшчэ некалькі чалавек будуць як рэзерв на выпадак правалу асноўнага ядра. Улічы, што табе вельмі вераць. Я сказаў, што ты думаў аб перавароце і пачаў рабіць першыя крокі да яго на некалькі год раней за мяне.

— Ну, што ты…

— Маўчы. Дык вось. Трэцяя ступень. Гэта скарбнік, бібліятэкар агульнай бібліятэкі, яшчэ два члены і бібліятэкар падспуднай бібліятэкі…

31
{"b":"829352","o":1}