Литмир - Электронная Библиотека

Голас пасуровеў:

- Ну і ідзі сабе, добры чалавек, туды, адкуль прыйшоў. Бачыце вы, ён на графства спадзяецца. Жартачкі начныя! Пайшоў, пайшоў. Пашукай сабе дзе-небудзь у лесе бярлог, калі ты такі спрытны.

- Бабуля, - узмаліўся я, - з радасцю пашукаў бы, каб не непакоіць людзей, але ж я не тутэйшы, я з павета, заблукалі мы, сухой ніткі няма.

- Прэч, прэч, - сказаў няўмольны голас.

Іншы чалавек, можа, схапіў бы ў адказ на гэта камень і пачаў бы біць у дзверы, сыплючы праклёны, але я нават тут не мог пазбавіцца думкі, што гэта дрэнна: сілком драцца ў чужую хату. Таму я толькі ўздыхнуў і звярнуўся да фурмана:

- Ну што ж, пайшлі адсюль.

Мы накіраваліся былі да фурманкі. Відаць, наша саступлівасць зрабіла добрае ўражанне, бо голас, памякчэўшы, кінуў нам наўздагон:

- Пачакайце, падарожнікі. Хто ж вы такія?

Я забаяўся адказаць "фалькларыст", бо двойчы мяне пасля гэтага слова лічылі за мазурыка. Таму я адказаў:

- Купе ц.

- А як жа вы трапілі ў парк, калі вакол мур і чыгунная агароджа?

- А я і не ведаю, - адказаў я шчыра. - Ехалі не дзе, відядь, па балоце, кудысьці праваліліся, ледзь выбраліся... Раўло там нешта.

Я і не спадзяваўся на такі вынік маіх слоў, але пасля іх голас ціха войкнуў і спуджана закудахтаў:

- А-а Божжа ж мой! А гэта ж вы, напэўна, з Волатавай прорвы прыехалі, гэта ж толькі там і няма агароджы. Во пашчасціла вам, выратавала вас царыца нябесная. А матка боская! А пакутнічкі нябесныя!

І зараз такая дабрыня і такі адчай адчуваліся ў яе словах, што я дараваў ёй гэтую гадзіну на ганку.

Дзверы загрукалі засаўкамі, пасля зарыпелі, разыходзячыся і прапускаючы ў начную цемру смугу аранжавага цьмянага святла.

Перад намі стаяла невялічкая бабулька ў шырокай, як звон, сукні, ліловай шнуроўцы, у якой, напэўна, хадзілі нашы прапрашчуры пры каралі Стасе, і ў вялікім крухмальным чапцы. Твар у добрых зморшчынах, нос кручкаваты, а рот вялізны, падобны на шчыпцы для арэхаў, з трошкі адтапыранымі наперад вуснамі. Кругленькая, амаль як бочачка сярэдняй велічыні, з пухленькімі ручкамі - яна так і напрошвалася на тое, каб яе клікалі "маді". І ў руках у гэтай бабулі быў вялізны пячны рагач: зброя. Я ледзь не зарагатаў, але ў час прыпомніў халодную дрыгву і дождж за вокнамі і змаўчаў. Колькі людзей і зараз стрымлівае смех з таго, што варта смеху, прыпамятаўшы, што за сцяною дождж!

Мы ўвайшлі ў пакойчык, дзе пахла мышамі, і струмені вады адразу пабеглі з нашай вопраткі на падлогу. Я глянуў на свае ногі і жахнуўся: яны амаль па калена былі ў бурай кашы, як у ботах.

Бабуля толькі галавою паківала.

- Бачыце, я адразу сказала, што гэта тая жахлівая твань. Вы, пане купец, павінны паставіць свечку за тое, што так лёгка абышлося. - І яна адчыніла дзверы ў суседні пакоік, дзе жарка палаў камін. - Добра абышлося. Скідвайце адразу ж вопратку, сушыцеся. У вас ёсць што апрануць з сухога?

Сак мой, на шчасце, быў сухі, я пераапрануўся перад камінам, вопратку маю і фурманову бабуля некуды пацягнула, а пасля зайшла ў пакой з сухою - для фурмана. Зайшла, не звяртаючы ўвагі на тое, што фурман стаяў зусім голы і сарамліва паварочваўся да яе спіною.

Паглядзела на яго сінюю спіну і сказала непрыхільна:

- Ты, малец, ад мяне не вельмі адварочвайся, я старая баба. І пальцы на нагах не падціскай. На вось, пераапранайся лепей хутчэй.

Калі мы пераапрануліся і трохі сагрэліся ля каміна, бабуля паглядзела на нас глыбока запалымі вачыма і сказала:

- Ну, вось і добра. Ты, малец, пойдзеш зараз з Янам начаваць, тут табе будзе нязручна. Ян!

Ян з'явіўся. Гэта быў падслепаваты чалавек год шасцідзесяці з доўгімі сівымі валасамі, носам, вострым, як шыла, запалымі шчокамі, з вусамі, якія звісалі да сярэдзіны грудзей.

Я вельмі здзівіўся, што адна бабуля з рагачом у руцэ адчыніла нам дзверы, не пабаялася двух дарослых мужыкоў, якія невядома адкуль з'явіліся ўначы, але пасля таго, як пабачыў Яна, зразумеў, што ён стаяў недзе ў засадзе і жанчына спадзявалася на яго дапамогу.

Дапамога была важнецкая: у руках старога вартаўніка я пабачыў стрэльбу. Гэта была нават не зусім стрэльба, да яе больш пасавала б назва "мушкет".

Стрэльба была вышэй галавы, прыблізна дзюймаў на шэсць, ствол яе быў з насечкамі і шырокім раструбам на канцы, ложа і прыклад заляпаныя, выцертыя, з брамкі звісаў фіціль. Словам, ёй даўно было месца недзе ў музеі зброі. Такія стрэльбы звычайна б'юць, як гарматы, і так адбіваюць у плячо, што непадрыхтаваны чалавек валіцца на зямлю як сноп.

І я чамусьці з задавальненнем падумаў, што ў маёй кішэні зараз цудоўны англійскі рэвальвер на шэсць набояў.

Ян узяў фурмана і павёў яго да дзвярэй, ледзь варушачы нягнуткімі старэчымі нагамі. Я пабачыў, што нават рукі ягоныя трэсліся. Варта была ненадзейная.

"Добрая дапамога для гаспадыні", - з горыччу падумаў я.

А гаспадыня адразу ж кранула мяне за плячо і загадала ісці за ёю ў "апартаменты". Мы прайшлі яшчэ адну клятушку, старая жанчына адчыніла дзверы, і я ціха войкнуў ад здзіўлення і захаплення.

Перад намі была вялікая прыхожая-гасціная, як гэта вадзілася ў старасвецкіх панскіх дамах. Але што за прыхожая!

Яна была вялізная, такая вялізная, што мой змрочны адбітак у люстры недзе на другой сцяне здаваўся не большым за суглоб мезенца. Падлога з дубовых цаглін, зараз даволі пашарпаных, неабсяжна высокія сцены, ашаляваныя чорнымі ад старасці, бліскучымі дошкамі, разьбованымі па краях, вокны амаль пад столлю, маленькія, у глыбокіх стральчатых нішах.

Відадь, мы ў цемры ўзбіліся на бакавы ганак, бо проста направа ад мяне быў парадны ўваход: шырокія, таксама стральчатыя, дзверы, падзеленыя драўлянымі калонкамі на тры часткі. На калонках была трохі пашчапаная часам разьба: кветкі, пялёсткі і плады. За дзвярыма, у глыбіні вестыбюля, -уваходныя дзверы, масіўныя, дубовыя, акутыя пацямнелымі бронзавымі цвікамі з квадратнымі галоўкамі. А над дзвярыма -вялізнае цёмнае акно ў ноч і цемру. На акне - мастадкай работы выгінастыя краты.

Я ішоў па прыхожай і здзіўляўся. Якая прыгажосць і як гэта ўсё запушчана чалавечым нядбальствам. Вось цяжкая мэбля ля сцен - яна рыпіць нават у адказ на крокі. Вось агромністая драўляная статуя святога Юрыя, адно з цудоўных, трохі наіўных стварэнняў беларускага народнага генія - ля ног яе тонкі белы пыл, быццам хтосьці насыпаў мукі: гэту непаўторную рэч сапсаваў шашаль. Вось на столі люстра, таксама выдатная па прыгажосці - вісюлькі яе абабіты больш чым напало ву.

Магло б здацца, што тут ніхто не жыве, каб не палалі ў вялізным каміне дровы і не залівалі няпэўным мігатлівым святлом усю гэтую карціну.

Амаль з сярэдзіны прыхожай шырокія беламармуровыя сходы вялі на другі паверх, падзяляліся надвае і прыгожа, закруглена ўзбягалі амаль у такі самы па памерах другі пакой. Тут было ўсё тое самае, што і на першым паверсе, нават палаў такі самы камін гарачым полымем, толькі што на сценах чорнае дрэва (напэўна, гэта быў дуб) чаргавалася з пацёртымі штофнымі шпалерамі кававага колеру. І на гэтых шпалерах красаваліся партрэты ў цяжкіх чорных рамах. Ды яшчэ ля каміна стаялі столік і два крэслы. Бабуля тарганула мяне за рукаў:

- Я зараз адвяду пана ў яго пакой. Гэта недалёка, па калідоры. А пасля... можа, пан хоча вячэраць?

Я не адмовіўся, бо амаль цэлы дзень не еў.

- Ну, то тады няхай пан пасля выйдзе сюды.

Праз якіх хвілін дзесяць я быў у зале і там зноў пабачыў бабулю, якая шырока ўсміхнулася мне і сказала з даверам:

- Ведаеце, вёска рана кладзецца спаць. Але ў нас не любяць спаць, у нас кладуцца як мага пазней. І гаспадыня не любідь людзей. Не ведаю, чаму яна сёння згадзілася прыняць вас у свой дом і нават дазволідь прысутнічадь за вячэрай (няхай пан мне даруе). Відаць, пан самы варты даверу чалавек з тых, што былі тут за тры гады.

- Як, - здзівіўся я, - хіба гаспадыня не вы?

- Я ахмістрыня, - з годнасцю сказала старая. - А ахмістрыня ў лепшым з лепшых дамоў, у добрай сям'і, зразумейце гэта, пан купец. У самай лепшай з найлепшых сем'яў. Так. Гэта лепей, чым быць нават гаспадыняй у не самай лепшай з найлепшых сем'яў.

45
{"b":"829347","o":1}