Не думайце, аднак, што мы ў той час толькі і рабілі, што крычалі і пыталі мужыка: "Чаго бяжыш, мужычок?" і "Ты проснешься ль, исполненный сил?"
Гэта прыйшло пазней - сапраўдныя пакуты за народ. Чалавек, як вядома, найбольш сумленны да дваццаці пяці год, у гэты час ён арганічна не выносіць несправядлівасці, але моладзь занадта прыслухоўваецца да сябе, ёй нова і цікава глядзець, як новымі думкамі і пачуццямі (яна ўпэўнена, што такога не думаў і не адчуваў ніхто) рунее душа.
І толькі потым прыходзяць бяссонныя ночы над шматком газеты, на якім надрукавана такімі ж літарамі, як і ўсё, што сёння ўзвялі на шыбеніцу трох, разумееце, трох, жывых і вясёлых. Потым прыходзіць і жаданне ахвяраваць сабою. Усе мы, і я ў тым ліку, прайшлі праз гэта.
Але ў той час я ў глыбіні душы (хоць і лічыўся "чырвоным") быў перакананы, што не толькі з шыбеніц растуць на зямлі лясы (што, вядома, было правільным нават у часы Язафата Кунцэвіча і беларускай доказнай інквізіцыі) і не толькі стогн адчуваецца ў нашых песнях.
Для мяне ў той час было значна больш важлівым зразумець, хто я, якім багам я павінен маліцца. Прозвішча маё было, як казалі ў тыя часы, "польскае", - хоць я і дагэтуль не ведаю, што ў ім такога мазавецкага было, - у гімназіі (а гэта было тады, калі яшчэ не забыўся чорнай памяці папячыцель Карнілаў, паплечнік Мураўёва) называлі нас, гледзячы на мову бацькоў, "древнейшей ветвью русского племени, чистокровными, истинно русскими людьми". Вось як, нават больш рускія, ніж самі рускія. Прапаведавалі б нам гэтую тэорыю да пачатку гэтага стагоддзя - абавязкова б Беларусь перашыбла Германію, а беларусы зрабіліся б першымі гвалтаўнікамі на зямлі і пайшлі б адваёўваць у рускіх, якія не сапраўды рускія, жыццёвы абшар, асабліва яшчэ калі б добры Божачка даў нам рогі.
Я тады шукаў свой народ і пачынаў разумець, як многія ў той час, што ён тут, побач, толькі за два стагоддзі з нашай інтэлігенцыі добра выбілі гэта разуменне. Таму і працу сабе я выбраў незвычайную - зведанне гэтага народа.
Я кончыў пасля гімназіі універсітэт і стаў вучоным-фалькларыстам. Справа гэтая ў той час толькі пачыналася і лічылася сярод уладу маючых небяспечнай для існуючага парадку.
Але паўсюль - і толькі гэта рабіла лягчэйшай справу маю -я сустракаў увагу і дапамогу. І ў асобе малаадукаванага валаснога пісара, які пасля дасылаў запісы казак мне і Раманаву, і ў асобе дрыжачага за хлеб вясковага настаўніка, і (мой народ жыў!) нават у асобе аднаго губернатара, надзвычай добрага чалавека, сапраўднай белай вароны; ён даў мне рэкамендацыйны ліст, у якім загадваў пад пагрозай суровых захадаў чынідь мне ўсялякую дапамогу.
Дзякуй вам, простыя беларускія людзі!
Нават зараз яшчэ я малюся на вас. Што ж казаць пра тыя гады...
Паступова я зразумеў, хто я. Што прымусіла мяне зрабіць гэта?
Можа, цёплыя агні вёсак, назвы якіх і дагэтуль нейкім цёплым болем уваходзяць у маё сэрца: Ліпічна, Сорак Татар, Бярозава Воля, урочышча Разбіты Рог, Памярэч, Дубрава, Вавёркі?
А можа, начлег на поплаве, калі дзеці баюць казкі і драма крадзецца да цябе праз кажух разам з холадам? Ці мурожны пах маладога сена і зоры праз прадзёртую страху адрыны?
Або нават і не яны, а проста хвойная ігліда ў чайніку, дымныя чорныя хаты, дзе жанчыны ў андараках прадудь і пяюць бясконцую песню, падобную на стогн.
Гэта было маё. За два гады я абышоў і праехаў Менскую, Магілеўскую, Віцебскую, частку Віленскай губерні. І паўсюду я бачыў гора народнае, бачыў брудных дзяцей, бачыў сляпых жабракоў, бачыў гора народа майго, даражэй за які - я зараз ведаю гэта - у мяне не было нічога на свеце.
Тады тут быў этнаграфічны рай, хоць казка, а асабліва легенда, як найбольш нетрывалыя прадукты народнай фантазіі, пачалі забірацца ўсё далей і далей, у мядзведжую глуш.
Я пабываў і там, у мяне былі маладыя ногі і маладая прага. І чаго мне толькі не даводзілася бачыць!
Бачыў я цырымонію з заломам, крапіўныя святкі, гульню ў забытага нават тады "яшчура". Але найбольш бачыў я апошнюю бульбу ў місе, чорны, як зямля, хлеб, соннае "а-а-а" над калыскай, вялікія выплаканыя вочы жанчын.
Гэта была візантыйская Беларусь!
Гэта быў край паляўнічых і намадаў, чорных смалакураў, ціхага, такога прыемнага здалёк, звону забытых цэрквачак над дрыгвой, край лірнікаў і цемры.
У той час якраз падыходзіў да канца доўгі і балючы прадэс вымірання нашай шляхты. Гэта смерць, гэта гнаенне зажыва цягнулася доўга, амаль два стагоддзі.
І калі ў васемнаццатым шляхта памірала бурліва, з дуэлямі, памірала на саломе, прамантачыўшы мільёны, калі ў пачатку дзевятнадцатага паміранне яе яшчэ было авеяна ціхім сумам забытых палацаў у бярозавых гаях, то ў мае часы гэта было ўжо не паэтычна і зусім не сумна, а брыдка, часам нават жахліва ў аголенасці сваёй.
Гэта было паміранне байбакоў, якія занурыліся ў свае норы, паміранне жабракоў, продкі якіх былі адмечаны ў Гарадзельскім прывілеі, а самі яны, хоць і жылі ў багатых напаўразбураных палацах, насілі ледзь не кажухі, хоць гонар іх быў нязмерны.
Гэта было адзічанне без прасвятлення: брыдкія, часам крывавыя ўчынкі, прычыну якіх можна было шукадь толькі на дне іх, блізка або занадта далёка адзін ад аднаго пасаджаных вачэй, вачэй вылюдкаў, дэгенератаў.
Палілі печкі, выкладзеныя галандскай кафляй, пашчапанымі ўломкамі бясцэннай беларускай мэблі семнадцатага стагоддзя, сядзелі, як павукі, у сваіх халодных пакоях, гледзячы ў бязмежную навакольную цемру праз акно, па шыбах якога сцякалі наўскос флатыліі кропель.
Такі быў той час, калі я ехаў на экспедыцыю ў глухі Н-скі павет губерні. Я выбраў дрэнны час для паездак. Летам, вядома, фалькларысту добра: цёпла, вакол прыгожыя краявіды. Але па сваіх выніках наша прада лепшая за ўсё ў глухія восеньскія або зімовыя дні.
Тады адбываюцца ігрышчы з іхнімі песнямі, пакудзелле з бясконцымі гісторыямі, а пазней - сялянскія вяселлі. Гэта наш залаты час.
Але мне выпала паехаць толькі ў пачатку жніўня месяца, калі не да казак, і толькі цягучае наша "жніво" гучыць над палеткамі. Я праездзіў жнівень, верасень, частку кастрычніка і павінен быў зачапіць толькі два тыдні, самы пачатак глухой восені, калі я мог спадзявацца на што-небудзь вартае. Пасля мяне чакалі ў губерні неадкладныя справы.
Улоў мой быў зусім мізэрны, і таму я быў злы, як поп, які прыйшоў на хаўтуры і раптам заўважыў, што нябожчык уваскрэс. Мяне мучыла даўняя застарэлая хандра, якая варушылася ў тыя дні на дне кожнай беларускай душы: нявера ў каштоўнасць сваёй справы, бяссілле, глухі боль - асноўныя прыкметы ліхалецця, тое, што, па словах кагосьці з польскіх паэтаў, паходзіць ад настойлівай пагрозы, што нехта ў блакітным пабачыць цябе і міла скажа:
- Бжалце ў жандармерыю.
Асабліва мала было ў мяне старадаўніх легенд, а менавіта за імі я і паляваў. Вы, напэўна, ведаеце, што ўсе легенды можна падзяліць на дзве вялікія групы. Першыя жывуць паўсюль, распаўсюджаны сярод большай часткі народа.
У беларускім фальклоры гэта легенды пра вужыную каралеву, пра бурштынавы палад, большая частка рэлігійных легенд.
А другія, як ланцугамі, прыкулі да нейкай адной мясціны, павета, нават вёскі. Іх звязваюць з дзіўнай скалой на беразе возера, з назвай вёскі або ўрочышча, з толькі адной, вось гэтай, пячорай. Вядома, што такія легенды, звязаныя з нязначнай колькасцю людзей, выміраюць хутчэй, хоць яны часам значна больш паэтычныя, ніж агульнавядомыя, і, калі іх надрукуюць, карыстаюцца вялікай папулярнасцю.
Так, напрыклад, выйшла на людзі легенда пра Машэку. Я паляваў менавіта за другой групай легенд. Мне трэба было спяшацца: легенда і казка выміраюць.
Не ведаю, як другім фалькларыстам, але мне заўсёды было цяжка перадчасна ехаць з якой-небудзь мясцовасці. Мне ўсё здавалася, што за зіму, якую я прабуду ў горадзе, тут памрэ нейкая бабуля, якая адна, разумееце, адна ведае зараз чароўны стары сказ. І гэты сказ памрэ з ёю, і ніхто, ніхто яго не пачуе, а я і мой народ застанёмся абакрадзенымі.