9
Пасля сляпучага бляску распаленага пяску ў пакоі было цёмна, зябка і сыра. Цяжкае гарачае паветра пахла плесняю — не тое, што на дварэ. Раптам яму здалося, што ў яго пачынаецца галюцынацыя.
Жанчыны не было. На імгненне ён аслупянеў. Хопіць загадваць загадкі! Але, увогуле, ніякай загадкі і няма. Жанчына, ведама, тут. Нагнуўшы галаву, яна моўчкі стаяла спіною да яго перад бакам з вадою каля ўмывальніка.
Яна ўжо была адзетая. Ад падабраных тонам да тону бледна-зялёнага з яркімі ўзорамі кімано і шаравараў, здавалася, ішоў свежы пах мятнага бальзаму. Напраўду, тут нічога не скажаш. Зноў ён занадта многа думае пра жанчыну. Але ў гэтых зусім незвычайных умовах, ды яшчэ пры тым, што ён не выспаўся як трэба, у яго не магла не разгуляцца фантазія.
Адною рукою жанчына апіралася аб край бачка і, гледзячы ўсярэдзіну, паволі вадзіла пальцам кругі на вадзе. Мужчына, энергічна размахваючы пацяжэлаю ад пяску і поту рубашкаю, шчытна намотваў яе на руку.
Жанчына азірнулася, насцярожылася. Яе твар так непасрэдна выказваў нямое пытанне, просьбу, што здавалася, усё жыццё пражыла яна з гэтым пытаннем на твары. Мужчына стараўся трымацца гэтак, быццам нічога не здарылася.
— Спякота, праўда?.. У такую гарачыню проста не хочацца рубашкі надзяваць.
Але жанчына ўсё яшчэ глядзела на яго недаверліва, запытальна, спадылба. Нарэшце з нясмелым, робленым смяшком перарывістым голасам сказала:
— Ага... праўда... Калі ўпацееш адзетая, усё цела ўкрывае пясчаная высыпка...
— Пясчаная высыпка?
— Ага... Скура чырванее... робіцца як пасля апёку і злазіць.
— Дзіва, злазіць?.. Я думаю, яна проста прэе ад сырасці.
— Можа, і прэе... — Падобна было, што жанчына крыху асмялела, ахватней гаварыла. — Як толькі мы пачынаем пацець, стараемся скінуць з сябе ўсё, што толькі можна... Ды вось жа бачыце, як мы жывём, — няма чаго баяцца, што некаму пападзешся на вочы...
— Яно гэтак... Ведаеце, мне няёмка, папраўдзе, але ўсё ж я хацеў папрасіць вас памыць мне гэтую рубашку.
— Добра, заўтра якраз прывязуць ваду.
— Заўтра?.. Заўтра, напэўна, пазнавата... — Мужчына гмыкнуў. Ён спрытна перавёў гаворку на другое. — Дарэчы, калі ж нарэшце мяне паднімуць наверх?.. Мне ўсё гэта вельмі нязручна... Такому простаму службоўцу, як я, парушэнне вызначанага рэжыму нават на паўдня можа нарабіць вельмі многа непрыемнага клопату... Я не хачу траціць ні хвіліны... Цвердакрылыя — гэта насякомыя, якія лятаюць над самаю зямлёю... Іх вельмі многа ў пясчаных мясцінах, вы ведаеце, якія яны?.. Я якраз і хацеў у час гэтага свайго адпачынку пастарацца знайсці хоць які-небудзь новы від гэтага насякомага...
Жанчына мыляла губамі, але нічога не гаварыла. Відаць, яна паўтарала сама сабе незнаёмае слова «цвердакрылыя». Але мужчына адчуў, што яна зноў замкнулася. I, быццам незнарок, памяняў гаворку.
— Няўжо ў вас няма ніякіх сродкаў, каб трымаць сувязь з людзьмі ў вёсцы?.. Што, калі грукаць, напрыклад, у бітоны з-пад газы?
Жанчына не адказвала. З хуткасцю каменя, кінутага ў ваду, яна зноў апусцілася ў сваё выратавальнае маўчанне.
— У чым справа, га?.. Чаму вы маўчыце? — Ён ледзь стрымаў сябе, каб не закрычаць. — He разумею, што здарылася... Калі выйшла памылка, будзем лічыць гэта памылкаю — і такой бяды... Што зроблена, тое зроблена, і распачынаць гісторыю я не збіраюся. Таму маўчаць — найгоршае, што вы можаце зрабіць. Добра. Ёсць якраз вось гэтакія школьнікі, але я ім заўсёды кажу: колькі б вы ні прыкідваліся, што бераце віну на сябе, на самай справе гэта найвялікшая маладушнасць... Калі вы можаце апраўдаць свой учынак, дык у чым жа справа, гаварыце адразу!
— Дык... — жанчына адвяла вочы, але голас яе прагучаў нечакана цвёрда. — Вы, напэўна, і самі ўжо зразумелі?
— Зразумелі? — Ён нават не спрабаваў схаваць узрушэння.
— Ага, я думала, вы ўжо, напэўна, зразумелі...
— Нічога я не зразумеў! — Мужчына ўсё ж закрычаў: — Як я магу зразумець? Хіба можна зразумець, калі нічога не гавораць?
— Дык жа напраўду жанчыне адной не па сіле вось такое жыццё...
— Але пры чым тут я?
— I праўда, я, напэўна, вінаватая перад вамі...
— Што значыць «вінаватая»?.. — Ад хвалявання ў яго блытаўся язык. — Выходзіць, тут была цэлая змова?.. У пастку паклалі прынаду... Думалі, я ўскочу ў яе, як сабака ці кот, варта толькі пасадзіць туды жанчыну...
— Правільна, скора ж пачнуцца паўночныя вятры і пясчаныя буры — мы іх вельмі баімся... — Яна зірнула на адчыненыя насцеж дзверы. У яе манатонным, ціхім голасе чулася тупая перакананасць.
— Гэта не жарт! Нават бязглуздзіца мае межы! Гэта не што іншае, як незаконнае затрыманне... Сапраўднае злачынства... Нібыта нельга было абысціся без гвалту: ну, напрыклад, узялі б беспрацоўных за падзённую плату, іх колькі хочаш!
— А хіба добра, калі там дазнаюцца, як у нас тут...
— А калі я, тады нічога?.. Лухта!.. Вы проста памыляецеся! Як гэта ні сумна, але я не валацуга! Я і падаткі плачу, і маю месца сталага жыхарства... Скора пададуць заяву на росшук, і тады вам усім тут пападзе! Няўжо не зразумела? Нават такая простая штука?.. Як вы думаеце апраўдвацца... Пакліч вінаватага... я яму до-о-обранька растлумачу, якое ён распачаў глупства!
Жанчына апусціла вочы і ціха ўздыхнула. Плечы ў яе прыгнуліся, але яна нават не зварухнулася. Быццам няшчаснае шчаня, якому задалі непасільную задачу. Але гэта яшчэ мацней раз’юшыла мужчыну.
— Ну чаго марудзіш, адважыцца ніяк не можаш?.. Ублытаны тут не толькі я. Выходзіць, і ты такая самая ахвяра? Хіба няпраўда? Толькі што сама сказала, што, калі там дазнаюцца, якое тут жыццё, кепска будзе... Хіба гэта не даказвае, што ты сама лічыш: так жыць нельга. He рабі пакорнага выгляду — з табою ж абыходзяцца як з рабыняю! Ніхто не меў права засадзіць цябе сюды!.. Ну, хутчэй кліч каго-небудзь! Мы выберамся адсюль!.. Ага, разумею... Баішся, праўда?.. Глупства!.. Чаго табе баяцца!.. Я ж з табою!.. У мяне ёсць сябры, якія працуюць у газеце... Мы ўсё гэта падамо як сацыяльную праблему... Ну, што?.. Чаго маўчыш?.. Гавару ж табе, няма чаго баяцца!
Крыху счакаўшы, нібыта каб суцешыць яго, жанчына раптам сказала:
— Я згатую абед?..
10
Спадцішка, толькі краёчкам вока сачыў ён, як жанчына абірае бульбу, і пакутліва думаў: ці павінен прыняць яду, што яна гатуе.
Цяпер якраз такі момант, калі патрэбны спакой і стрыманасць... Намеры жанчыны зразумелыя, і трэба адкінуць усякія ваганні, не цешыць сябе пустымі надзеямі, а зірнуць у вочы фактам і выпрацаваць рэальны план, як адсюль выбрацца. Абвінавачанні ў незаконных дзеяннях пакінем на потым... А голад толькі забівае волю... перашкаджае сабрацца з духам.
Але, з другога боку, калі ён катэгарычна не прымае цяперашняга становішча, відаць, яму трэба адмовіцца ад яды. Было б проста смешна абурацца і есці адначасна. Нават сабака, калі яго кормяць, падціскае хвост.
Але не будзем спяшацца... Навошта займаць такую рэзкую абарончую пазіцыю, пакуль невядома, як далёка збіраецца зайсці жанчына... He можа быць і гаворкі пра тое, каб браць ад яе хоць што-небудзь дарэмна... Трэба плаціць акуратна за ўсю яду... I калі грошы заплачаны, не будзеш адчуваць сябе ў даўгу, ніколечкі... Нават тэлевізійны каментатар боксу шмат разоў гаварыў, што атака — найлепшая абарона.
Дык вось, знайшоўшы важкую прычыну, каб не адмаўляцца ад яды, ён уздыхнуў з палёгкаю. Раптам ён быццам зразумеў, злавіў нітачку думкі, якая ўвесь час выслізгвалася ў яго. Ці не пясок яго галоўны вораг? А калі гэтак, дык навошта дарэмна ставіць сабе нейкія невырашальныя задачы — ну, напрыклад, прарывацца праз стальныя завалы ці яшчэ што-небудзь падобнае. Калі вераўчаныя лескі прыбралі, дык можна зрабіць драўляныя. Калі пясчаная сцяна вельмі крутая, можна яе скапаць, каб яна стала пакатая... Калі хоць трохі паварушыць мазгамі, дык усё і вырашаецца... Можа, гэта задужа проста, але калі гэтым спосабам можна хутка дасягнуць мэты, дык чым прасцей, тым лепей. Як відаць з прыкладу Калумбавага яйца, самае правільнае рашэнне часта бывае да смехаты простае. Калі толькі не баяцца цяжкасцяў... калі толькі змагацца напорыста... дык яшчэ нічога не страчана.