Вось чаму, калі адолець лабірынт цікаўнасці, стане зразумела, што ўжо само існаванне маскі разбуральнае. I паколькі выкарыстанне маскі прыраўноўваецца да наўмыснага забойства, у рад могуць быць смела пастаўлены бандытызм і падпал, якія ані яму не ўступаюць. He дзіва, што ў маскі, якая, па сутнасці, сімвалізавала разбурэнне і ішла сярод руінаў чалавечых адносін, разбураных самім сваім існаваннем, — у маскі не ляжала душа да падобных разбурэнняў. Колькі б бугроў жаданняў ні напухала, аднаго яе існавання даволі, каб іх разбурыць.
Па-дзіцячы эгаістычныя жаданні маскі, якой ад роду няма і сарака гадзін... Жаданні згаладалага ўцекача, які толькі што вырваўся з турмы на волю скрозь гнездзішчы п’явак... Якую ж свабоду можа мець гэтая ненажэрная прорва са свежымі слядамі наручнікаў?..
Не, шчыра кажучы, нельга сцвярджаць, што адказу зусім не было. Жаданні — гэта не тое, што разумеюць з дапамогаю разважанняў, іх трэба адчуць. Паспрабую растлумачыць. Той самы канвульсіўны намер — жаданне стаць ахвяраю расавых забабонаў.
Я добра зразумеў гэта ў тую хвіліну, як выйшаў на вуліцу. Якая ж патрэба віляць, нібыта апраўдваючыся, была ў мяне да гэтага часу? Можа, віляючы, я разлічваў уратавацца ад сораму? Не, я, напэўна, напраўду грувасціў адно апраўданне на другое, але не таму, што адчуваў сорам, гэта можна смела сказаць. У мяне было адно-адзінае жаданне, сваё асабістае, на якім, хацеў я таго ці не, што б там ні было, павінен быў пабудаваць нашы адносіны.
Адносіны з табою бачыліся мне такімі, якімі я ўяўляў іх сабе ў самых бессаромных фантазіях маскі. Што б я ні захацеў адчуць, пажадаць, зведаць — усё было звязана з тымі марамі, і яд рэўнасці, які толькі-толькі перастаў атручваць мяне, зноў, набраўшы сілы, пайшоў па маіх жылах насустрач патоку крыві. Ніякага дзіва, што гэта вяло да асацыяцый у мяне з заўтрашнім планам. Нават маска не магла не адчуць сябе скавана, няўтульна. Як бы там ні было, свабода маскі, хоць яна і змяшчалася пераважна ў абстрактных адносінах з іншымі людзьмі, была ўсё роўна што птушка з адарванымі крыламі. Маска, якую траха былі не выкінулі, калі знаходзілася ў стане перамір’я, здольная была толькі на невыразнае мармытанне.
Яна стала супакойваць мяне — калі я буду бясконца нервавацца, дык не толькі маска, але і сам я ператваруся ў сродак. Няхай твар у мяне — маска, але ж цела, як і некалі, маё асабістае. Можна заплюшчыць вочы і ўявіць, што на ўсім свеце знікла святло. Імгненна маска і я ператворацца ў адно цэлае, і няма да каго раўнаваць. Калі да цябе дакранаюся я сам, значыць, той, да каго ты дакранаешся, таксама я сам; адкінь усе ваганні...
Варта толькі над гэтым добра падумаць, як усе доказы здадуцца адвольнымі. Раз я ідэнтычны самому сабе, а другому — зусім чужы, значыць, я напалавіну чужы. Праўда? Мы — жоўтая раса, але мы не былі жоўтаю расаю ад прыроды. Упершыню мы ператварыліся ў жоўтую расу дзякуючы таму, што назвала нас так раса з другім колерам скуры. Ігнараваць умоўнасць твару і зрабіць ніжнюю палову цела галоўнаю ў вызначэнні асобы раўназначнае ашуканству. Калі я наважыўся ўпарта абараняць атаясамліванне па ніжняй палавіне цела, тады мне давядзецца без ніякае паблажкі ўзяць на сябе адказнасць за эратычныя дзеянні маскі. Хай сабе толькі ў думках, але ўсё роўна я бессаромна дакараў цябе, вінавацячы ў здрадзе, і яд рэўнасці віраваў у маёй душы, а як толькі справа зачапіла мяне, я стаў бесклапотна балбатаць пра трату свабоды ў чыстым выглядзе, зусім не думаючы, што гэта можа параніць цябе. Урэшце, ці не нагадвае рэўнасць раздуранай кошкі, якая, карыстаючыся сваімі правамі, не прызнае сваіх абавязкаў?..
Такім чынам, лаючы мяне, маска ў той самы час з прыдуркаватым выглядам, нібыта нічога не адчуваючы, прасейвала праз самыя розныя сіты ўсе мае жаданні, імкнучыся такім спосабам пераканаць мяне, што астатняга няварта хацець. Праўда, разнавіднасцяў жаданняў у поўным сэнсе гэтага слова надзіва мала, і яны вельмі простыя, а калі выключыць прагу разбурэння, дык іх можна пералічыць на пальцах. Пералічу тыя, што прыйшлі на памяць. Найперш, тры галоўныя жаданні: голад, полавая цяга, сон. Потым агульныя жаданні: натуральнае спаражненне, прага, збавенне, нажыва, забавы. Далей спецыфічныя: жаданне здзейсніць самазабойства, патрэба атручэння — віно, тытунь, наркотыкі. Нарэшце, калі разумець жаданні ў шырокім сэнсе, можа, правільна будзе ўключыць у іх прагу славы, патрэбу ў працы.
Але большая іх частка прасеецца праз першае сіта, што называецца «тратаю свабоды». Папраўдзе, як бы ні хацелася спаць, сон сам па сабе не можа быць мэтаю. Ён — толькі сродак, каб прачнуцца. Увогуле, сон, як яго ні разглядай, варта залічыць да назапашвання свабоды. Па той самай прычыне натуральнае спаражненне, прагу, нажыву, збавенне, славу, працу, мабыць, лепей тут не разглядаць.
...Вось толькі не пазбегнуць, напэўна, нападкаў за тое, што апошняе з названых мною жаданняў — праца — легкадумна разглядаецца як сродак у адным радзе з натуральным спаражненнем. Уявім, што нараджаецца ў выніку працы, — яе на самай справе трэба зрабіць паноўным сярод жаданняў. Калі б не была створана рэч, не было б, мусіць, і гісторыі, не было б, мусіць, і свету, не паявілася б, безумоўна, і такое паняцце, як чалавек. Апрача таго, калі разглядаць працу як самаадмаўленне, гэта значыць, калі праца служыць пераадоленню працы, дык адно гэта дае падставу лічыць яе мэтаю. I нават у тым выпадку, калі праца становіцца самамэтаю, яна не робіць непрыемнага, агіднага ўражання, як прага нажывы ці славы. Наадварот, у гэтым выпадку людзі, спачувальна ківаючы, кажуць: «Ён здорава працуе». Можна не баяцца, што яму будуць упікаць, што яго будуць ганіць. Што ні кажы, а людзі ж самі прыдумалі такія выразы, як «грашовая праца», «выгадная праца», «высокакаштоўная праца»...
Шкада толькі, што блаславёнае становішча было нясцерпнае масцы. Калі ў любой форме не парушаецца забарона, выкарыстанне маскі траціць усялякі сэнс. «Свабодаю толькі маскі» найперш павінны быць незаконныя дзеянні. (Папраўдзе, працэнтаў на шэсцьдзесят я быў задаволены працаю ў інстытуце... Калі б у мяне адабралі яе, дык, думаю, сумаваў бы па ёй працэнтаў на дзевяноста... I ўсё ж я мог бы абысціся без маскі.) Такім чынам, хоць праца дзеля працы і прасеялася праз першае сіта, у другім яна ўсё ж павінна астацца. Папярэджваю, я не збіраюся чапаць праблемы каштоўнасцяў. Я гавару толькі пра жаданне ўцекача з турмы ў гэтую мінуту, чыё алібі гарантавана.
З астатніх жаданняў голад таксама, відаць, пападае ў другое сіта. Бо дармавое харчаванне не так мэта, як сродак, з самага пачатку не будзем яго чапаць, але недзе я, здаецца, чуў пра закон, які забараняе наядацца ўдосталь. Забароненае спатоленне голаду не ва ўмовах фронту ці турмы — з’ява даволі рэдкая. Але калі паспрабаваць знайсці яго, дык ці не выявіцца яно ў людаедстве? Праўда, у гэтым выпадку гаворка ідзе не толькі пра спатоленне голаду — вялікае месца тут займае элемент забойства. А забойства, як мы ўжо вырашылі, чапаць не будзем.
Самазабойства таксама ўваходзіць у лік забароненых актаў, але яго можна ўчыніць з сапраўдным тварам. Аднак дзякуючы масцы мне ўрэшце ўдалося пазбегнуць лёсу «жывога пахаванага». Таму, калі я і збіраюся ўчыніць самазабойства, найлепей, каб з самага пачатку нічога не пачынаць. Прагу забавы таксама не трэба браць ізалявана; часам гэта разнавіднасць збавення, у іншых выпадках — своеасаблівая праца без аб’екта, — увогуле, мне хацелася б разглядаць яе як складанае ўтварэнне, у якое ўваходзіць шэраг згаданых ужо кампанентаў. Цяга да атручэння, гэтаксама як жаданне напіцца, — не болей чым благая падробка пад маску, і таму... Я напраўду быў у ідэальным стане ап’янення. Вось таму і няварта мне вяртацца зноў да гэтага.
Такім чынам, жаданні адно за адным прасейваліся праз сіта, і асталіся, нарэшце, тыя самыя канвульсіі ахвярнасці.
Дарэчы, што ты думаеш пра мае развагі? Ага, іменна пра развагі. Урэшце з іх вынікала, што, калі б я захацеў у тую ноч патраціць свабоду ў чыстым выглядзе — гэта было б не што іншае, як сексуальнае злачынства. А на самай справе я так і не ўчыніў нічога, хоць бы крышачку падобнага на злачынства. I не таму, што ў мяне не было да гэтага ніякага нахілу, і не таму, што не надарылася выпадку, але, увогуле, я так яго і не ўчыніў. Вось чаму я пытаюся ў цябе толькі пра адно — пра свае развагі.