— Ты вярнуўся?
— Праз тысячу метраў ход паніжэў...
Робат, на жаль, поўзаць не ўмеў. Такім чынам, на гэты раз Паўлу не дапамагла і прыкмета. Марс паводзіў сябе надзвычай сур’ёзна, не прызнаваў жартаў.
— Схадзі направа,— Гушча з прыкрасцю падумаў, што дарэмна страчана цэлая гадзіна. Гэта заданне можна было даць робату як запасны варыянт, калі ў левым спасцігне няўдача.— Інфармуй мяне.
Правы ход вёў у нікуды. Вундэркінд неўзабаве наткнуўся на глухую сцяну. Павел у гэты час быў на тым месцы, дзе левы тунель пачынаў апускацца. Цяпер гэты лаз заставаўся іх апошняй надзеяй. Мізэрнай, бо меркаванне, што тунель былое рэчышча, рассыпалася. Ён пасвяціў ліхтаром у глыбіню лаза, прыгнуўся і сунуўся ў пустую чарнату. Калі ісці стала немагчыма, ён апусціўся на калені, а потым і зусім на жывот і папоўз, падграбаючы рукамі, адштурхоўваючыся ад сцен нагамі.
Колькі прайшло часу, Павел не ведаў, не хацеў глядзець на хранометр. Якая розніца — дарогі назад усё роўна не было. I раптам святло ліхтара кінулася ў адзін бок, у другі, заскакала, замітусілася, адбіваючыся недзе далёка-далёка. Павел шумна выдыхнуў. Гара нібы расхіналася перад ім, адкрывала сваё таямнічае нутро. Ход прывёў яго ў новую пячору, шырокую і высокую, як катлаван на будаўніцтве шматпавярховага гмаху. Гэта давала перадышку, надзею. Павел павадзіў вакол сябе промнем ліхтара і павярнуўся назад, да лаза. Ён яшчэ не ведаў, як гэта зробіць, але рашыў, што Вундэркінда абавязкова прыцягне сюды. Пакінуўшы яго, потым не дараваў бы сабе здрады, хаця Вундэркінд быў толькі робатам.
Удвая цяжэйшую скрыню з шклянымі вырабамі, здавалася, было б прасцей працягнуць па гэтай няроўнай нары, чым далікатнага, не прыстасаванага да такой грубай транспарціроўкі робата. Асцярожна цягнучы, падштурхоўваючы, пераносячы гэту злепленую пад чалавека ляльку, Павел больш за ўсё баяўся пашкодзіць дакладныя і крохкія механізмы кібера. За ўсё жыццё ў яго не было больш цяжкай і больш адказнай фізічнай працы. Разы тры ён знясілена апускаў рукі, але крыху адпачыўшы, валок Вундэркінда зноў.
I калі нарэшце апынуўся на адкрытым месцы, то ўжо не знайшоў сіл, каб паставіць яго на ногі і падключыць схемы да крыніц энергіі. Ён апусціўся побач з робатам і доўга ляжаў ніцма, адчуваючы нечалавечую стому і бязмежную радасць, якая пульсавала ў затуманеным мозгу.
Напэўна, Павел страціў прытомнасць. Але колькі працягвалася небыццё, падобнае на трызненне, сказаць не мог бы. Ён даўно ўжо не лічыў час. Яму мроіўся Мінск, парк над Свіслаччу, Валя. Потым узнікаў «Набат», Бурмакоў, Віця... I штосьці гудзела ў вушах. Павел ачуўся менавіта ад гэтага гудзення. Яно быццам ішло з шлемафона. Павел паціснуў плячамі і стаў ажыўляць Вундэркінда. Неўзабаве той ужо стаяў, і яго зялёныя лінзы, як сапраўдныя вочы, наіўна паблісквалі. Але яго адразу нешта занепакоіла, ён закруціў галавой, заварушыліся вусы-антэны.
Гушча насцеражыўся. Калі толькі ў кібернетычным арганізме Вундэркінда нічога не разладзілася, то яго цікаўнасць была вартая ўвагі.
А Вундэркінд падаўся наперад, быццам наважыўся пабегчы, імгненне счакаў і прамовіў, як заўсёды, раўнадушна:
— Пад вуглом трыццаць адзін градус ад асявой у сцяне назіраюцца адтуліны.
Павел кінуў туды самы моцны прамень, які мог даць яго ліхтар, але ўбачыў шурпатую сцяну. Ды ён не мог не верыць лакатарнаму зроку робата і крануўся яго пляча, быццам той мог спасцігнуць сэнс гэтага дотыку:
— Пойдзем...
Гушча крочыў шырока, дарога тут была раўнейшая, менш заваленая — выбух не адолеў горную тоўшчу. Робат не адставаў, трымаючыся на метр ззаду, і Паўлу часам здавалася, што ў Вундэркінда, як і ў яго, перахоплівае дыханне і з горла вырываецца кароткі хрып.
Кіламетры праз два пячора зноў звузілася, перайшла ў своеасаблівы калідор з высокай столлю. А яшчэ метраў праз сто Павел напароўся на скалу. Ён выключыў ліхтар і колькі часу пастаяў, прывыкаючы да цемры. I тады прама перад сабой убачыў... зорку. Адну, другую, россып...
Павел знясілена прыхіліўся да сцяны. Ён яшчэ не ведаў, што там, за праломам,— плато, круча, новая гара. Гэта, урэшце, не мела значэння. Галоўнае, цяпер можна паслаць таварышам вестку. Але яго апярэдзілі, нібы толькі і чакалі гэтай думкі.
— Павел Канстанцінавіч! Павел Канстанцінавіч!
У шлемафоне чуўся Віцеў голас, ломкі, крыху асіплы. Відаць, не адну гадзіну юнак паўтараў вось так, з кожным разам усё больш і больш трацячы надзею.
Павел хацеў адказаць, што ён тут, жывы, але толькі прамармытаў нешта невыразнае.
Голас у эфіры, манатонны, сумны, на імгненне перарваўся і ўзвіўся крыкам:
— Па-авел Канстанцінавіч!
— Усё нармальна, Віцяй,— нарэшце справіўся са сваім хваляваннем Гушча.— Жывыя, цэлыя, а падрабязнасці пісьмом.— Усё, што было нядаўна — змрок, безнадзейнасць, туга,— разам сплыло. Ён ужо быў сярод сваіх таварышаў, ён ужо жартаваў.
— Віншую, Павел Канстанцінавіч.— Бурмакоў забраў у Віці сувязь, дзелавіта спытаў: — Дзе вы знаходзіцеся? — і ні слова пра свае пачуцці, трывогу.
— Каб знаццё...— рассмяяўся Гушча.— Вось, можа, Вундэркінд...
Робат прыняў меркаванне як каманду, варухнуў яркімі ў цемры вачамі і назваў каардынаты. У зорным марсіянскім небе ён арыентаваўся лепш за свайго гаспадара-астранома.
— Ну і краты! — пасля невялікай паўзы, відаць, прыкідваў на карце, працягла прамовіў Бурмакоў.— Такую гару прагрызлі.— I ўжо прыкметна ўстрывожана спытаў: — Павел Канстанцінавіч, кіслароду ў вас гадзін на дванаццаць засталося?
— Гэта ж цэлая вечнасць! — усклікнуў Гушча, раўнадушна адзначыўшы ў свядомасці, што выходзіў з лона гары амаль двое з палавінай сутак.
Ён не стаў чакаць світання, не здолеў. Расшырыў шчыліну — парода тут была мякчэйшая за астатнюю, таму, напэўна, і ўтварыліся пячора і гэта адтуліна, і хутка яны з Вундэркіндам былі ўжо на волі. Павел уздыхнуў на поўныя грудзі, паабяцаўшы, што наступным разам у пячору яго не загоніць нават балід, калі ён адолее тутэйшую атмасферу і не распадзецца раней. Падняўшы твар угару, якую хвіліну глядзеў на бяскрайнюю нябесную прастору, тады выгукнуў:
— Цудоўна як, сябры!
Над галавой як распасцёрся гіганцкі планетарый з нерухомымі зоркамі, непрывычнымі з выгляду планетамі — поўным вогненнага ззяння Юпітэрам, зеленаватай Зямлёй з шарыкам-Месяцам, буйным Сатурнам... I толькі Фобас, марсіянскі месяц, залацісты кругляк, парушаў агульную нерухомасць, асцярожна каціўся між зорак, нібы баючыся ці загасіць іх, ці, наадварот, абпаліцца.
Вундэркінд таксама глядзеў у неба. Моўчкі, не мігаючы, быццам разумеў, што не зможа зраўняцца з чалавекам у сіле эмацыянальнага ўспрыняцця прыгажосці. Павел аж пашкадаваў яго, непрыкаянага, пазбаўленага пачуццяў. Пасля перажытых разам выпрабаванняў Вундэркінд стаў яму такім жа блізкім, як была б блізкай жывая істота.
А потым прыйшла думка, што раптам і дасканалы кібернетычны мозг пад уплывам акалічнасцей, спакваля падведзены да гэтага, аказаўся здольным улаўліваць у навакольным асяроддзі не адны фізіка-хімічныя ўласцівасці матэрыі, а і пэўныя эстэтычныя вартасці. I ўжо недзе верачы ў сваю прыдумку-жаданне, сказаў:
— Хораша, Вундэркінд! Ты бачыш!
— Бачу...
Здзіўлены, Гушча застыў з працягнутай да робата рукой.
— ...інароднае цела з інертнага рэчыва. Адлегласць адна тысяча шэсцьсот метраў. Арыенцір на Вялікую Мядзведзіцу.
Павел зарагатаў, хапаючыся за жывот.
— Што ён такое адмачыў? — Бурмакоў чуў іх размову.
— Не ў тым справа,— Павел перастаў смяяцца.— «Згустак думкі крышыць скалы, згустак энергіі зваліць гару».
— Зноў вершы? Дарэчы, прыпасы вам выслалі. Але я нешта не разумею вашых алегорый, Павел Канстанцінавіч?
— Прабачце, Сцяпан Васільевіч,— збянтэжыўся Гушча.— Гэта не красамоўства. Мне было падалося, што Вундэркінд пераадолеў сваю механічную абмежаванасць.
— I залюбаваўся разам з вамі зоркамі? — Бурмакоў таксама рагатнуў, не з салідарнасці, іранічна.— Бывае...
Да світання Гушча перазарадзіў кіслародны і харчавальны апараты, памяняў энергетычны блок кібера.