У хлопца было два пісталеты, чатыры абоймы, ён мог падзяліцца з дзяўчынай, але гэтага не зрабіў. Мікалай быў не гатовы даверыць зброю чалавеку, з якім правёў так мала часу. Ці ўмее яна наогул карыстацца пісталетам? Якое мінулае ў яе? Як яна выжыла ў такі цяжкі і незвычайны апошні месяц? Ён не дапытваў Паліну, не ціснуў на яе, бо баяўся аддаліць яе ад сябе. Не ведаў, як адрэагуе на яго пытанні Паліна і ці будзе адказваць на іх толькі праўдай. Мікалай лічыў, што будзе лепшым рашэннем пакінуць зброю пры сабе, а па дарозе даведацца пра дзяўчыну: у паводзінах, у размове. Сама ж Паліна меркавала, што хлопец знайшоў зброю ў міліцэйскіх участках і, не турбавалася аб тым, што ў яе няма такой абароны.
Усе стаялі перад дзвярамі, накрылі галаву тканінай. Мікалай накінуў капюшон, а вусны і нос схаваў пад чорнай маскай. Дзяўчына прыгожа абматала сабраныя валасы ў зялёную тканіну і таксама схавала ніжнюю частку твару пад чорнай маскай. Мікалаю было цяжка пакідаць свой бяспечны куток, пакідаць яго з пачуццём, што ён больш ніколі не вернецца ў родны горад. А Паліна, наадварот, спяшалася выйсці на вуліцу, пакінуць паміраючы горад і дабрацца да месца, дзе яе чакаюць.
– Ты гатовая? – спытаўся Мікалай у дзяўчыны.
– Так. Давай жа хутчэй адчынем дзверы, – упэўнена адказала Паліна.
Раптам, непрыемна і звонка, па-новаму заспявала радыё сваім трэскам. Усе двое тузануліся ад нечаканасці. Святло лямпаў заміргацела вельмі хутка. Сабака толькі павярнуў галаву на музыку і паварушыў вушамі. Пасля чаго, хлопец рэзка павярнуўся, падышоў да радыёпрыёмніка і вырваў вілку з разеткі. Шум абарваўся.
– Цяпер мо, пойдзем? – спытала дзяўчына.
Паліна шукала новыя прыгоды. Яна была з тых людзей, якія не сядзелі на адным месцы, не любілі маркотных і аднастайных дзён. Нават у такі змрочны час, ёй хацелася рухацца, адправіцца ў паход. Менавіта таму яна блукала па горадзе не толькі думаючы пра дачку, але і ў пошуках чагосьці новага. І сустрэўшы Мікалая, яна ні ў якім разе не хацела спыняцца. Бо побач з ім, яна станавілася яшчэ храбрэй, была гатовая зазірнуць далей гарадскіх будынкаў. У гэты момант, Паліна, нібы зусім забылася пра мінулае ці ж не хацела ўспамінаць пра яго. Трымала ўсё ў сабе, ёй так было прасцей.
– Паліна, зараз, калі выйдзем. Ты ідзі за мной, трымайся мяне. Рабі ўсё аб чым я цябе прасіў учора. Усё тое, што датычыцца нашай бяспекі…калі ласка, моўчкі рухаемся да вакзала. Ні слоў, ніякіх глупстваў, ніякіх рухаў у бок без асаблівых прычын ты не робіш. Усё разумееш? – звярнуўся хлопец і сур'ёзна паглядзеў на мілую дзяўчыну.
– Слухаюся, камандзір, – хітра ўсміхнулася яна.
– Добра, ідзем ужо…але строга па плане, – настойваў Мікалай.
– Мг, – добрая ўсмешка не пакідала яе вуснаў. – Адчыняй ужо.
«Будзе цяжка!» – падумаў ён і адвёў вочы. Адчыніў, расхінуў дзверы.
Двое ступілі на вельмі дробны шэры пясок.
V
Раніца была зацішная, бясхмарная, цёплая. Пыл спакойна ляжаў унізе, нібы яшчэ не прачнуўся, а працягваў ціха спаць. Вялікія шэрыя пяшчаныя насыпы яшчэ больш накрылі сабой увесь праспект пасля ўчорашняй буры. Зусім не відаць колаў машын, салоны поўныя ўсякім здробненым смеццем. Усё што перашкаджала ветру вольна гуляць па горадзе, сабрала перад сабой масу дробнага сухога пяску. Быццам, як зімой, пранеслася снежная завіруха і загнала снежную пудру ва ўсе вуглы. За мінулую ноч высокія будынкі зусім не змяніліся, яшчэ больш не сцерліся, усё гэтак жа, як і ўчора, стаялі без дахаў або верхніх паверхаў. Ні на сантыметр не зменшыліся.
Мікалай першым ступіў на мяккую паверхню, якая ад кожнага яго кроку абуджалася. Падымаліся і забаўляліся парушынкі, а пасля хутка асядалі. Хлопец неспакойна азіраўся, кідаў пільны погляд па баках. За ім упэўнена ішла Паліна, якая падымала пыл усё вышэй, да сваіх каленяў. Яе чорныя кеды з белымі палосамі і новыя цёмна-зялёныя мужчынскія нагавіцы, якія дзяўчына знайшла ў часовым доме Мікалая, хаваліся ў гарэзлівым роі пясчынак. Свае халодныя пальцы рук Паліна схавала ў кішэні сіняй кофты. З больш спакойным пачуццём яна глядзела на горад, на раскіданыя жоўтыя плямы ранішняга сонца. Усё вакол грэлася. Дзяўчына прыемна прымала прамяні і думала толькі пра бяспечны шлях. Побач не было тых цёмных ценяў, па якіх маглі блукаць вар'яцкія звяры. Падумаўшы пра гэта, Паліна паглядала на Яшу, які бесклапотна сядзеў за спіной Мікалая. Чорны сабака не вадзіў носам, толькі прыжмурваў вочы, быццам збіраўся заснуць.
Яны ішлі да чыгункі па апусцелай вуліцы. Усю дарогу маўчалі. Кожны думаў аб сваім. Праходзячы міма палаца культуры, Паліна кінула свой погляд на ацалелыя калоны ля ўваходу, прыўзняла вочы і паглядзела на іх самы верх, як яны яшчэ моцна трымаліся за апошнюю бэльку даху. Пасля чаго вярнула свае вочы на Мікалая. А хлопец, трывожна ішоў наперад, ён зусім не звяртаў увагі на прыгожы будынак, не ўспамінаў той выпадак з падзеннем адной калоны. Ён толькі пачухаў канапаты нос і працягваў у думках разважаць над тым, што чакае іх наперадзе. Але калі б Мікалай хоць на секунду адвёў вочы на палац, і ўбачыў, што ўсе калоны роўна стаяць перад ім, гэта б яго трохі напалохала. Закінула б яму ў галаву яшчэ некалькі пытанняў, на якія ён не адразу б змог адказаць.
Калі яны падышлі да чыгуначнага вакзала, было падазрона ціха. Шырокі галоўны будынак, з ледзь пацёртым дахам, амаль не прапускаў сонечнае святло ўнутр, схаваў унутры сябе ўсе памяшканні ў халоднай цені. Іншыя будынкі, якія знаходзіліся побач, адкідалі адлюстраванне цемры і не давалі прамога сонечнага бяспечнага праходу паміж імі. У цені, у будынках або каля іх, маглі папросту хавацца драпежнікі або тыя, каго больш баяўся Мікалай, тыя каго яшчэ не сустракала Паліна – істоты. Было відавочным рашэннем хлопца не праходзіць па падземным пераходзе да чыгункі. А таксама, небяспечна было прабірацца па версе, па высокіх лесвіцах, якія злёгку сцерлі свае вострыя вуглы. Менавіта цяпер Паліна перастала адчуваць нейкую лёгкасць, прыгнятальная абстаноўка прывяла да хвалявання. Яны абышлі вакзал з левага боку, выйшлі на першую платформу.
На чыгунцы тоўпіліся вагоны: грузавыя і пасажырскія. Злева, ля пераходнага моста, на чыгунцы бязладна адпачывалі перакуленыя цэлыя саставы. Сутыкнуўшыся адзін з адным, яны перамяшаліся, збілі амаль усе слупы, якія трымалі правады. Уся куча была накрытая пяском, нібы шэрым попелам, і ўсё гэта непрыемна глядзелася ў нежывых танах. А вось з правага боку было значна чысцей, прыстойней. Вагоны стаялі смірна пад блакітным небам. Два сумных дызельных састава на далёкіх пуцях і адзін электрычны састаў, што быў бліжэй да вакзала, на другім пуці. Гэты транспарт ужо даўно нікуды не спяшаўся.
– Вось ён… Ацалеў, – ціха прашаптаў Мікалай. – Я за ім даўно назіраю.
Двое глядзелі на шэра-чырвоны састаў электрычкі, над якім віселі непашкоджаныя правады. Затым, ад спалоху, яны паглядзелі ў бок вакзала. Дадатковы груз трывогі, да, да таго не спакойным чалавечым сэрцам, надаў раптоўны шум крылаў дробных чырвоных стварэнняў, што зграяй падняліся высока над вакзалам.
– Пойдзем… – сказаў хлопец і працягнуў Паліне руку.
Дзяўчына ўзялася за яго левую далонь. Яны ступілі на першыя засыпаныя пуці, якія асвятляліся прамымі сонечнымі прамянямі. Ішлі цяжка. Абутак патанаў. Ногі, амаль да каленяў, хаваліся ў масе сыпкіх пясчынак бетону. Ішлі як зімой па высокім мяккім снезе. Мікалай моцна трымаў дзяўчыну за цёплую далонь, дапамагаў ёй не ўпасці. Пад нагамі яны адчувалі: то рэйкі, то шпалы, то дробныя камяні. Хоць вакол не было чуваць нейкіх звяроў, істот, і ўсё ж, яны не рызыкнулі падысці да транспарту праз ценявую частку, з боку вакзала.
Усе дзверы чатырох вагонаў былі зачыненыя, шкла зусім не было.
Падышоўшы да першага ад іх вагона, Мікалай зняў з сябе заплечнік і кінуў яго праз акно, затым зняў са спіны сумку-пераноску з сабакам і перадаў яе Паліне. Дзяўчына адчула вялікі цяжар, цярпела боль у руках. Мікалай хутка ўзлез унутр вагона праз шырокае акно, а затым падаў руку дзяўчыне. Падняў спачатку Яшу, затым пацягнуў да сябе Паліну. Унутры шэрага вагона было ціха, амаль не страшна. Слядоў ад прысутнасці жывых буйных арганізмаў тут не было. На некаторых пасажырскіх месцах было не занадта пыльна і можна было разгледзець зялёны колер крэслаў. Да таго ж, шмат розных прадметаў ляжала ў цэнтры, у калідоры: часопісы, жаночыя сумачкі, чамаданы, тэлефоны, акуляры.