- Дык ты ўсё гандлюеш незаконнай пушнiнай? - пачуў ён голас Эндзi.
- Так, - цвёрда сказаў Рой. - А Джынi прадае тое, што я злаўлю. - Яму трэба было хоць нейкiм чынам уключыць у размову Джынi.
- Яна мне расказвала. - Эндрус пазiраў на яго з незразумелай горыччу тлустага мядзведзя.
- Чаго ты вярнуўся, Эндзi? - незадаволена спытаў Рой.
- Не ведаю, Рой. Трэба ж было некалi вяртацца, вось i вярнуўся.
- Табе не трэба было вяртацца! Эндрус пацiснуў плячыма:
- Магчыма. - Ён пачынаў злавацца.
Рою хацелася, каб Джынi падтрымала яго, але яна занялася вячэрай. Яна знарок выключыла сябе з гаворкi. Рой застаўся адзiн.
- Ты хочаш застацца ў Сент-Элене? - спытаў ён у Эндзi з жаданнем як мага хутчэй усё высветлiць i скончыць, злуючыся на Джынi i iдучы напралом.
Гэта для Эндзi было ўжо занадта.
- Ну i Рой, - закрычаў ён. - Што з табой сёння? Што з табой? - бушаваў ён. - Не, вы толькi падумайце! Я вось ужо колькi гадоў, як сышоў з горада, мог сто разоў памерцi. Так, так! Джынi кажа, што ты i лiчыў мяне мёртвым. I вось я вяртаюся. Вось я, тут. Прыходжу, каб пабачыць цябе. А ты сядзiш, як сыч, над вожыкам. Што з табой, Рой? Чаго ты злуешся? Ты не хацеў мяне бачыць?
Рой ледзь дыхаў.
- Што са мной? - недарэчна паўтарыў ён.
- Ага, што з табой?
У гэтым сярдзiтым воклiчы перад Роем уваскрос яго ранейшы сябар. Цяжар гадоў быў скiнуты, узрост забыты, тлусты твар быў афарбаваны згадкамi; i Рой убачыў, што гэта ўсё ж Эндзi, Эндзi з халодным пустым позiркам, але недзе ўнутры - усё той жа няўрымслiвы i непаседлiвы Эндзi.
- Ты проста застаў мяне знянацку, - сказаў Рой, i губы яго скрывiлiся ад усмешкi.
- Так, знянацку, але ж я думаў, што ты кiнешся да мяне на шыю. Сябар Рой! Адзiны чалавек, якi павiнен узрадавацца мне. Ты горш за Джынi.
- А Джынi табе ўзрадавалася? - забыўшыся пра стрыманасць, спытаў Рой.
Круглыя вочы Эндруса абмацалi ўсяго Роя.
- Дык вось што цябе турбуе? - Эндзi адкiнуў галаву i рассмяяўся так, што ажно закалацiўся стол, бразнуў рондаль на палiцы, замiргала лямпа. - Ну i дурань жа я! Як гэта я не здагадаўся! Джынi? - Эндрус павярнуўся, каб убачыць жонку, быццам ён толькi зараз успомнiў пра яе, i пакруцiў галавой. - Ах, Джынi! - сказаў ён. - Дык у чым справа? Хiба Рой не клапоцiцца пра цябе? Хiба вы не валодаеце разам знакамiтай пушной фiрмай: Рой i кампанiя? - Ён задаволена стукнуў цяжкай далонню па стале. Рой не верыў вушам. Вось яна, хвiлiна, якой ён баяўся цэлыя дзесяць гадоў! Дык вось яна крыўда, дакор, абвiнавачанне: некалькi з'едлiвых слоў, паблажлiвая ўсмешка.
- Аблапошылi Роя, - сказаў Эндзi, i ягоны смех сведчыў, што чакаць можна ўсяго.
- Перастань смяяцца, - сказала яму Джын Эндрус.
- Ведаеш, Рой, - сказаў Эндзi, зноў звяртаючыся да сябра. - Калi б у яе была сiла, яна схапiла б мяне за каршэнь i выпхнула за дзверы адразу ж, як я сюды заявiўся месяц таму. Тады яна зусiм звар'яцела.
- Ты не маеш права асуджаць яе, - сказаў Рой, усё яшчэ не верачы сабе i не верачы нi ў што.
- А я яе не асуджаю, - сказаў Эндзi i пацягнуўся, выпрастаўшы свае ручышчы i расправiўшы грудзi, як мяхi. - Але чаго ёй вар'яцець? Павiнна радавацца, што я ад яе своечасова сышоў. Праўда, Джынi?
- Не махай рукамi, - сказала яму Джынi, - а то высыплеш на сябе муку, i спынi гэтыя размовы.
- А ты ўсё яшчэ крыўдуеш на мяне, Рой, - спытаў Эндзi, тупаючы ля плiты.
Рой не крыўдаваў, ён, нарэшце, зразумеў i ўспрыняў як належнае, што Эндзi нiяк не хвалюе такое становiшча. Ну нi кропелькi! Эндзi, несумненна, усё ведаў, але яго гэта быццам не датычыла. Яго мiжвольны жарт быў выклiканы тым, што iхнiя адносiны яго пацешылi, але за гэтым не было нi адабрэння, нi асуджэння, а тым больш выраку. Эндзi глядзеў на гэта дакладна так, як Рой на натуральны працэс ляснога жыцця. Гэта здзiвiла Роя, - спачатку з'явiлася адчуванне палёгкi, а затым i трывогi. Ён разумеў амаральнасць у прыродзе, але ў адносiнах да самога сябе яна была непрыемная яму. Тут было нешта абыякавае, i, гледзячы на выцвiлыя вочы сябра, ён бачыў у iх нешта халоднае i нечалавечае. I праўда: "Гэты хлопец - прыродны валацуга!" Нядзiўна, што ёнi не гневаецца, i не асуджае. Эндзi Эндрусу рашуча на ўсё напляваць.
- Не, я на цябе не крыўдую, - сказаў Рой збянтэжана, але крыху супакоена. - А што ты рабiў усе гэтыя гады?
- З адной заварухi ў другую, - сказаў Эндзi, - усё больш у армii.
- Не разумею, навошта табе армiя? - сказаў Рой.
- Спачатку цяжка было, гэта праўда, але пасля пачалася вайна. Вось гэта была вайна, Рой! - Вiдаць, нават згадка пра гэта была для яго прыемнай, нават вочы на iмгненне заззялi, i яго захапiлi ўспамiны.
- Ты ўсё яшчэ ў армii?
- Не. Некалькi месяцаў, як пакiнуў.
- Зусiм? - Рою хацелася скончыць хутчэй.
- Нiбыта так, калi толькi зноў не прагаладаюся, - Эндзi меў на ўвазе сваю паўнату, ён паляпаў сябе па жываце i засмяяўся. - Я чуў, што ты быў у заказнiку з Сахатым? - сказаў ён.
Джынi зiрнула на яго.
- Цiшэй, - сказала яна, - могуць пачуць.
- А як маюцца гэтыя валацугi, Сахаты i Зел? - спытаў Эндзi, якi прапусцiў мiма папярэджанне Джынi, ён пазiраў на яе, як яна падышла да плiты i паставiла на агонь каву.
Рой таксама назiраў за Джынi. Яму хацелася ўстаць i самому зварыць каву, але ён прымусiў сябе сядзець на месцы.
- Нiчога, жывуць. Яны пайшлi на поўнач, ратавалiся ад патрулёў.
- А чаму вярнуўся ты? - спытаў Эндзi.
Рой пацiснуў плячыма.
- Ды вось рызыкнуў, - сказаў ён няпэўна.
- Тут цябе нiчога не трымае, Рой? - загрымеў Эндзi.
Рой не адказаў.
- Ты ўпэўнены, што цябе тут нiчога не ўтрымлiвае?
- А што мяне можа трымаць? - нецярплiва агрызнуўся Рой.
Эндзi быў у захапленнi.
- Не ведаю, Рой. Толькi ў цябе выгляд сямейнага чалавека, увесь заклапочаны, згорблены, зусiм як Зел. Гэта нядобра...
Рою гэта не падабалася, i ён усё менш ахвотна адказваў на пытаннi i на грубаватыя жарты. Эндзi быў ранейшы, але Рой ведаў, што сам ён ужо не ранейшы Рой; i гэта яшчэ больш бянтэжыла яго. Ён ужо страцiў першапачатковы план i мэту гэтай сустрэчы - стыхiйны напор гiганта Эндзi звалiў усё ў адну неверагодную кучу. Мо таму Джынi i вырашыла не ўмешвацца. А ў Эндзi проста не было за што зачапiцца, Рой не ведаў, як да яго падступiцца.
- Рой, - працягваў мiж тым Эндзi, - табе трэба было б нешта зрабiць, напрыклад, падацца ў Штаты. Тут ты зусiм зарос мохам. Сядзiш так, нiбыта i не збiраешся ўставаць з месца. Хопiць, Рой, пайшлi i атрасем пыл гэтай мясцiны з нашых ног. Давай, Рой!