Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Джынi нiбыта здзiвiлася пытанню, але пасля павольная ўсмешка паказала, што яна зразумела. Яна ўстала, абышла вакол стала i села каля Роя з падкрэсленай рашучасцю. Затым паглядзела на яго быццам з неразуменнем.

- Я думала, што Джэк расказаў...

- Што расказаў?

Яна зноў памаўчала.

- Спадзяюся, гэтым разам было добрае паляванне?

Рой ведаў цану гэтым яе спакойным словам: ён бачыў горад Таронта, чуў званок трамвайнага вагона, якi вадзiў яе бацька, бачыў усiх гэтых гарадскiх жанчын, якiя спяшалiся да сваiх пiшучых машынак цi да прылаўкаў, каб абслугоўваць народ.

- А што? Чаму гэта так важна?

- Вось чаму. Я патрацiла тыя шэсцьсот даляраў. Я купiла гэтую хату i ўчастак на чатыры акры. На аўкцыёне. Ён iшоў асобна, вось я i купiла яго, Рой.

Рой ляпнуў сябе па тоўстых каленях.

- Вы купiлi старую хату?! - сказаў ён.

- Купiла.

Ён гатовы быў кпiць над лёсам, смяяцца. Раптам ён усё зразумеў. Яму вярталi ўсё яго жыццё, а Эндзi нiбыта i не было. Вось яна, пэўнасць, якую ўвесь час у яго адбiралi. Джын уцягнула яго назад у жыццё, яна дала яму адзiна магчымы адказ - i менавiта тут, у Сент-Элене. Але свет зноў пагрозлiва насоўваўся на яго.

- Чатыры акры гразi! - сказаў ён. - Вы хочаце зрабiць з мяне фермера? - Ён быў гатовы зноў растаптаць усё гэта.

- Не, Рой, не, - сказала яна. - Не кажыце, што я хачу зрабiць з вас фермера. Проста я купiла хату, вось i ўсё.

- Правiльна, Джынi, - хуценька адказаў ён.

- Я зусiм не хачу зрабiць з вас фермера, - паўтарыла яна.

- А цi ведаеце вы, што я не маю больш паляўнiчага ўчастка, - сказаў ён.

- Я ведаю. Я бачыла ў горадзе Скоцi i iншых.

- А мо i мне варта стаць фермерам, - бесклапотна прамовiў ён.

- Вы скончылi б, як i ваш брат Сэм.

Зараз ён цудоўна ведаў усё, усё, што паслалi яму багi, але яму хацелася падражнiць яе.

- А што, калi я пайду на поўнач? - сказаў ён. - Тады вы, вядомая рэч, выправiцеся ў свой Таронта?

- Вы можаце iсцi куды хочаце, - спакойна адказала яна. - Я выкупiла гэтую ферму. Я i буду ўтрымлiваць яе. А вы iдзiце куды хочаце!

- I вы думаеце справiцца з фермай? - ён стараўся запалохаць яе. - Вы думаеце, што адна справiцеся з чатырма акрамi?

- I з гэтым спраўлюся, - сказала яна.

- Праўда, - сказаў ён супакоена. - Бадай што справiцеся!

- А як вы? - спытала яна са сваiм гарадскiм лаканiзмам.

- Што я... - пачаў ён.

Яна чакала.

Затым ён раптоўна пайшоў да дзвярэй.

- Я хутка вярнуся, Джынi, - сказаў ён.

- Куды ты? - гукнула яна наўздагон.

- Пайду паталкую з iнспектарам, - азваўся ён i ў тое ж iмгненне знiк за дзвярыма.

Яна назiрала, як ён спускаўся з ганка, а iндзейскi сабака - за iм. Яна чула, як ён клiкаў сабаку, бачыла, як ён, высока ўздымаючы кароткiя ногi, з плюханнем iшоў па гразi, нiбыта гэта была паляўнiчая сцежка, i чула, як ён смяяўся сваiм ранейшым смехам.

60
{"b":"81021","o":1}