Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Я ўсхапiўся з пасцелi, але раптам зноў спалохаўся, ногi падкасiлiся, я прыслухаўся - усё цiха. Паволi лёг на ложак. Галава аж трашчала. Я пачаў лiчыць. Далiчыў да тысячы i спынiўся; дзверы цiхенька адчынiлiся; Хэры ўвайшла ў пакой i знерухомела, прыслухоўваючыся да майго дыхання. Я стараўся дыхаць спакойна.

- Крыс?.. - шэптам паклiкала Хэры.

Я не адгукнуўся. Яна цiхенька лягла. Я адчуваў, што яна баiцца паварушыцца, i знясiлена ляжаў побач. Не ведаю, колькi гэта доўжылася. Я паспрабаваў прыдумаць хоць нейкае пытанне, але чым больш мiнала часу, тым выразней я адчуваў, што не пачну першы. Прыкладна праз гадзiну я заснуў.

Ранiца прайшла як звычайна. Я падазрона разглядваў Хэры, калi яна гэтага не заўважала. Пасля абеду мы сядзелi побач насупраць агляднага iлюмiнатара, за якiм плылi нiзкiя рыжыя хмары. Станцыя слiзгала ў iх, як карабель. Хэры чытала кнiгу, а я пазiраў на Акiян. Апошнiм часам гэта было маiм адзiным заняткам i адпачынкам. Я зразумеў, што калi пэўным чынам нахiлiць галаву, то можна ўбачыць у шкле нашы адлюстраваннi, празрыстыя, але выразныя. Я зняў руку з падлакотнiка. Хэры - бачыў я ў шкле, - пераканаўшыся, што я загледзеўся на Акiян, хутка нахiлiлася над падлакотнiкам i дакранулася губамi да месца, дзе толькi што ляжала мая рука. Я па-ранейшаму сядзеў ненатуральна прама, Хэры схiлiлася над кнiгай.

- Хэры, куды ты выходзiла сёння ноччу?

- Ноччу?

- Ага, ноччу.

- Ты што... табе прыснiлася, Крыс. Я нiкуды не выходзiла.

- Не выходзiла?

- Не. Табе прыснiлася.

- Напэўна, - адказаў я. - Праўда, вiдаць, мне гэта прыснiлася...

Вечарам, калi мы клалiся спаць, я зноў пачаў гаварыць пра наша падарожжа, пра вяртанне на Зямлю.

- Перастань, не хачу пра гэта чуць, - прамовiла Хэры. - Не трэба, Крыс. Ты ж ведаеш...

- Што?

- Ды так, нiчога.

Калi мы ўжо ляжалi, Хэры сказала, што ёй хочацца пiць.

- Там на стале стаiць шклянка соку, падай мне, калi ласка.

Яна адпiла палову i працягнула шклянку мне. Я не хацеў пiць.

- За маё здароўе, - усмiхнулася Хэры.

Я выпiў сок, ён здаўся мне саланаватым, але я не звярнуў на гэта ўвагi.

- Пра што ж нам гаварыць, калi ты не хочаш гаварыць пра Зямлю? - спытаўся я, калi Хэры патушыла святло.

- Цi ажанiўся б ты, калi б мяне не было?

- Не.

- Нiколi?

- Нiколi.

- Чаму?

- Не ведаю. Дзесяць гадоў я пражыў адзiн i не жанiўся. Не будзем пра гэта, каханая...

У галаве шумела, нiбыта я выпiў бутэльку вiна.

- Не, давай пагаворым, давай. А калi б я цябе папрасiла?

- Каб я ажанiўся? Глупства, Хэры. Мне нiхто не патрэбен, мне патрэбна толькi ты.

Хэры схiлiлася нада мной. Я адчуваў яе дыханне на сваiх губах, яна так моцна абняла мяне, што неверагодная санлiвасць на iмгненне мiнулася.

- Скажы пра гэта iнакш.

- Я кахаю цябе.

Яна ўткнулася галавой у маё плячо, я адчуў, як дрыжаць яе вейкi, Хэры плакала.

- Хэры, што з табой?

- Нiчога. Нiчога. Нiчога, - паўтарала яна штораз цiшэй.

Я спрабаваў расплюшчыць вочы, але яны самi заплюшчвалiся. Не ведаю, калi я заснуў.

Мяне разбудзiла чырвонае святло. Галава была як алавяная, шыя не гнулася, быццам усе косцi зраслiся ў адну. У роце засмягла, я не мог варушыць языком. Мо я атруцiўся нечым, падумаў я, з цяжкасцю падымаючы галаву. Я працягнуў руку ў напрамку Хэры i наткнуўся на халодную прасцiну.

Я ўсхапiўся.

Ложак быў пусты, у пакоi - нiкога. Сонца чырвонымi дыскамi адлюстроўвалася ў шкле. Я ўстаў. Выгляд у мяне быў, вiдаць, смешны, я хiстаўся, як п'яны. Хапаючыся за мэблю, я дашкандыбаў да шафы, у душавой - нiкога. У калiдоры таксама. У лабараторыi - нiкога.

- Хэры!!! - закрычаў я пасярод калiдора, няўклюдна размахваючы рукамi. Хэры... - прахрыпеў я яшчэ раз, пра ўсё ўжо здагадаўшыся.

Не помню, што адбывалася пасля. Здаецца, я бегаў па ўсёй Станцыi не апрануты, заглядваў нават у трум, пасля ў нiжнi склад i бiў кулакамi ў зачыненыя дзверы. Магчыма, я быў там некалькi разоў. Трапы аж звiнелi, я падаў, падымаўся, зноў некуды iмчаўся, дабраўся нават да празрыстай агароджы, за якой было выйсце вонкi - падвойныя бранiраваныя дзверы. Я штурхаў iх з усёй сiлы i малiў, каб гэта быў сон. Нехта побач са мной трос мяне, некуды цягнуў. Пасля я апынуўся ў малой лабараторыi. На мне была мокрая халодная сарочка, валасы злiплiся. Ноздры i язык абпальваў спiрт. Я напаўляжаў, цяжка дыхаючы, на нечым металiчным, а Снаўт у сваiх брудных шарачковых штанах вазiўся каля шафкi з лекамi, пераварочваючы там нешта; iнструменты i шкло страшна грымелi.

Раптам я ўбачыў Снаўта каля сябе; ён, нахiлiўшыся, уважлiва зазiраў мне ў вочы.

- Дзе яна?

- Яе няма.

- Але... але Хэры...

- Няма больш Хэры, - паволi i выразна прамовiў ён, нагнуўшыся яшчэ нiжэй да майго твару, быццам ён ударыў мяне, а зараз хацеў паглядзець, што з гэтага атрымалася.

- Яна вернецца, - прашаптаў я, заплюшчваючы вочы.

I ўпершыню я нiчога не баяўся, не баяўся прывiднага вяртання, не разумеючы, як мог баяцца некалi.

- Выпi.

Снаўт падаў мне шклянку з цёплай вадкасцю. Я паглядзеў на вадкасць i раптам плёхнуў яе яму ў твар. Ён адступiўся, выцiраючы вочы; я падскочыў да яго. Ён быў такi маленькi!

- Гэта ты?!

- Пра што ты гаворыш?

- Не хлусi, сам ведаеш, пра што. Ты размаўляў з ёй мiнулай ноччу? I загадаў ёй даць мне снатворнае, каб... Што ты з ёю зрабiў? Кажы!!!

Снаўт пашукаў нешта ў нагруднай кiшэнi, дастаў змятую капэрту. Я выхапiў яе. Капэрта была заклеена, не падпiсана. Я расклеiў яе. Выняў складзены ў чатыры столкi лiсток. Буйны, крыху дзiцячы почырк, няроўныя радкi. Я пазнаў яго.

"Каханы, я сама папрасiла яго. Ён добры. Страшна, што мне давялося падмануць цябе, нельга было iнакш. Ты можаш зрабiць для мяне толькi адно слухай яго i шануй сябе. Ты цудоўны".

Унiзе стаяла адно закрэсленае слова, я здолеў прачытаць яго: "Хэры". Яна напiсала, пасля замазала; была яшчэ адна лiтара - цi то X, цi то К - не разабраць. Я прачытаў адзiн раз, другi. Яшчэ раз. Я працверазiўся ўжо, не мог нi крычаць, нi стагнаць.

- Як? - прашаптаў я. - Як?

- Пасля, Кельвiн. Трымайся.

- Я трымаюся. Кажы! Як?

- Анiгiляцыя.

- Як? Гэта ж апарат?.. - вырвалася ў мяне.

- Апарат Роша не прыдатны. Сарторыус змайстраваў iншы, спецыяльны дэстабiлiзатар. Малы. Радыус дзеяння - некалькi метраў.

- Што з ёй?..

- Яна знiкла. Успышка i паветраная хваля. Слабая хваля - i ўсё.

50
{"b":"79165","o":1}