- Ты заплямiшся, - папярэдзiў я.
- М-мм? - прамармытаў ён з поўным ротам.
Снаўт еў так, нiбыта ў яго некалькi дзён i макавага зернейка не было ў роце. Пасля налiў паўшклянкi вiна, адным глытком выпiў, выцер губы i, адсопшыся, паглядзеў на нас пачырванелымi вачыма. Павярнуўшыся да мяне, Снаўт прамармытаў:
- Адпусцiў бараду?.. Ну, ну...
Хэры бразгала посудам у ракавiне. Снаўт пачаў хiстацца на абцасах, зморшчыўся, гучна цмокнуў, стараўся ачысцiць зубы ад рэшткаў ежы. Здавалася, што ён робiць гэта знарок.
- Табе неахвота галiцца, праўда? - спытаўся Снаўт, назойлiва пазiраючы на мяне.
Я не адказаў.
- Глядзi сам! - дадаў ён праз хвiлiну. - Проста раю табе. Гiбарыян таксама не хацеў галiцца.
- Iдзi спаць, - адказаў я.
- Што? Няма дурняў! Давай лепш паталкуем. Слухай, Кельвiн, а мо ён хоча нам дабра? Мо ён хоча нас ашчаслiвiць, толькi не ведае як? Ён чытае ў нашых галовах жаданнi, а ўсведамляюцца ўсяго толькi два адсоткi нервовых працэсаў. Значыць, ён ведае нас лепш, чым мы самi. Таму яго трэба слухацца. Трэба згаджацца з iм. Разумееш? Ты не хочаш? Чаму, - плаксiва спытаўся Снаўт, - чаму ты не голiшся?
- Перастань, - мармытнуў я, - ты п'яны.
- Што? П'яны? Я? А што? Чаму чалавек, якi з усiмi сваiмi бэбахамi пёрся з аднаго канца Галактыкi ў другi, каб даведацца, чаго ён варты, чаму ён не можа напiцца? Чаму? Ты верыш у асаблiвую мiсiю чалавека, Кельвiн, га? Гiбарыян, яшчэ калi галiўся, расказваў мне пра цябе... Ты менавiта такi, як ён казаў... Толькi не хадзi ў лабараторыю, а то яшчэ страцiш веру... там творыць Сарторыус, наш Фаўст навыварат, ён шукае сродак ад несмяротнасцi. Ведаеш? Апошнi рыцар святога Канчатку, толькi гэткi i мог з'явiцца сярод нас... у яго ўжо была неблагая iдэя - працяглая агонiя. Добра, праўда? Аgоnia реrреtua*... саломка... саламяныя капелюшы... як ты можаш не пiць, Кельвiн?
* Аgоniа реrреtuа - вечная агонiя (лац.).
Яго вочы, амаль што невiдушчыя ў запухлых павеках, спынiлiся на Хэры, якая нерухома стаяла ля сцяны.
- О, чароўная Афрадыта, народжаная з пены, на тваёй далонi боская адзнака, - пачаў дэкламаваць Снаўт i папярхнуўся смехам. - Амаль што... падобна... праўда, Кель... вiн?.. - ледзь вымавiў ён праз кашаль.
Я па-ранейшаму захоўваў спакой, але паступова ён пераходзiў у халоднае шаленства.
- Перастань! - прашыпеў я. - Перастань i выйдзi!
- Ты выганяеш мяне? Ты таксама? Гадуеш бараду, выганяеш мяне? Табе не патрэбны мае прапановы i парады? А я ж - твой верны сябар па зорках. Кельвiн, давай адчынiм донныя люкi i пачнём крычаць яму туды, унiз, мо ён пачуе? Але як яго iмя? Уяўляеш, мы папрыдумлялi назвы ўсiм зоркам i планетам, а мо ў iх ужо былi назвы? Мы ж узурпатары! Паслухай, давай пойдзем туды! Пачнём крычаць... Скажам яму, у што ён нас ператварыў, хай ён спалохаецца... пабудуе нам срэбныя сiметрыяды, i памолiцца за нас сваёй матэматыкай, i пашле нам скрываўленых анёлаў, i яго пакуты будуць нашымi пакутамi, яго страх - нашым страхам, i пачне ён малiць нас пра канец. Бо ўсё гэта - i ён сам, i тое, што ён робiць, малiтва пра канец! Чаму ты не смяешся? Я ж жартую. Калi б людзi мелi большае пачуццё гумару, мо да гэтага i не дайшло б. Ты ведаеш, чаго хоча Сарторыус? Ён хоча пакараць яго, гэты Акiян, хоча прымусiць яго крычаць усiмi вяршынямi адразу... Ты думаеш, ён не пасмее прадставiць такi план арэапагу склеротыкаў, якi паслаў нас сюды адкупляцца ад не нашай вiны? Ты маеш рацыю, ён спалохаецца... спалохаецца з-за саламянага капелюша. Пра яго ён нiкому не кажа, на гэта ў нашага Фаўста не хопiць адвагi...
Я маўчаў. Снаўт усё мацней хiстаўся на нагах. Слёзы цяклi па яго твары i падалi на касцюм.
- Хто гэта зрабiў? Хто з намi гэта зрабiў? Гiбарыян? Гiзэ? Эйнштэйн? Платон? Яны ж злачынцы, разумееш? Падумай, у ракеце чалавек можа лопнуць як бурбалка, або засмажыцца, або хутка сыдзе крывёй, што нават i крыкнуць не паспее, а пасля толькi костачкi грымець будуць на арбiтах Ньютана з папраўкай Эйнштэйна. Вось табе i цацкi прагрэсу! А мы - брава, наперад па слаўным шляху! I вось прыйшлi i сядзiм у гэтых катухах, над гэтымi талеркамi, сярод несмяротных рукамыйнiкаў, з атрадам верных шафаў i адданых клазетаў... Сталi явай нашыя мары... паглядзi, Кельвiн. Я балбачу па п'янцы, але ж нехта мусiць гэта сказаць. Павiнен жа нехта ў рэшце рэшт?.. А ты, нявiннае дзiця, сядзiш тут, на бойнi, шчэццю зарос... А чыя вiна? Сам сабе i адкажы...
Ён паволi павярнуўся i выйшаў, схапiўшыся на парозе за дзверы, каб не ўпасцi; з калiдора чулася рэха ягоных крокаў. Я стараўся не глядзець на Хэры, але раптоўна вочы нашы сустрэлiся. Я хацеў падысцi да яе, абняць яе, пагладзiць па галаве, але не мог. Не мог.
УДАЛЫ ВЫНIК
Наступныя тры тыднi былi кожным сваiм днём падобныя адзiн да аднаго засланкi iлюмiнатараў апускалiся i падымалiся, ноччу адзiн кашмар змяняўся другiм; ранiцай мы ўставалi, i пачыналася гульня. А цi гульня гэта была? Я прытвараўся спакойным, Хэры таксама; маўклiвая згода, знарочысты, узаемны падман сталi нашым апошнiм прыстанiшчам. Мы шмат гаварылi пра тое, як будзем жыць на Зямлi; паселiмся дзе-небудзь каля вялiкага горада i больш нiколi не разлучымся з блакiтным небам i зялёнымi дрэвамi; разам прыдумвалi абстаноўку нашага будучага дома, абмяркоўвалi наш сад i нават спрачалiся пра дэталi... пра жывую агароджу, пра лаўкi... Цi верыў я ў гэта? Не. Я ведаў, што гэта немагчыма. Нават калi Хэры пакiне Станцыю i будзе жывая, то ўсё адно яна не спусцiцца на Зямлю: туды можа прыляцець толькi чалавек, а чалавек - гэта яго дакументы. Пад час першай жа праверкi наша падарожжа закончылася б. Яны паспрабуюць высветлiць, хто яна, раз'яднаюць нас, а гэта адразу ж выдасць Хэры. Станцыя - адзiнае месца, дзе мы маглi жыць разам. Цi здагадвалася пра гэта Хэры? Напэўна. Цi ёй хто-небудзь сказаў? У святле ўсяго, што адбылося, вiдаць, што так.
Аднойчы ноччу праз сон я пачуў, што Хэры цiха ўстае. Я хацеў абняць яе. Толькi моўчкi, толькi ў цемры мы маглi яшчэ адчуваць сябе свабоднымi; у адчаi, якi акружаў нас з усiх бакоў, гэтае забыццё было кароткачасовай адтэрмiноўкай пакуты. Хэры, здаецца, не заўважыла, што я прачнуўся. Не паспеў я працягнуць руку, як яна ўжо ўстала з ложка. Напаўсонны, я пачуў шлэпанне босых ног. Чамусьцi мне стала страшна.
- Хэры, - прашаптаў я. Крыкнуць я пабаяўся.
Я сеў на ложку. Дзверы ў калiдор былi прачыненыя. Тоненькая палоска святла наўскасяк перасякала пакой. Чулiся сцiшаныя галасы. Яна з некiм размаўляе? З кiм?