Литмир - Электронная Библиотека
A
A

- Кажаш, малы радыус дзеяння?

- Так. На большы не было матэрыялу.

Сцены раптам пачалi падаць на мяне. Я заплюшчыў вочы.

- Божухна... яна... вернецца, праўда, вернецца...

- Не.

- Чаму?

- Не вернецца, Кельвiн. Ты памятаеш пену, што ўздымаецца? Пасля гэтага яны не вяртаюцца.

- Нiколi?

- Нiколi.

- Ты забiў яе, - цiха прамовiў я.

- Так. А ты хiба не зрабiў бы гэтага? На маiм месцы?

Я ўскочыў i пачаў бегаць ад сцяны да кута i назад. Дзевяць крокаў. Паварот. Дзевяць крокаў. Я спынiўся перад Снаўтам.

- Паслухай, давай пададзiм рапарт. Запатрабуем прамой сувязi з Саветам. Гэта можна зрабiць. Яны пагодзяцца. Павiнны. Планета будзе выключана з Канвенцыi Чатырох, усе сродкi магчымыя. Выкарыстаем генератар антыматэрыi. Думаеш, што ёсць нешта такое, што можа супрацьстаяць антыматэрыi? Нiчога няма! Нiчога! - пераможна гукнуў я, аслеплы ад слёз.

- Ты хочаш яго знiшчыць? - спытаўся Снаўт. - Навошта?

- Iдзi! Пакiнь мяне!

- Не пайду.

- Снаўт!

Я пазiраў яму ў вочы. Ён адмоўна пакруцiў галавой.

- Чаго ты хочаш? Чаго ты ад мяне дабiваешся?

Снаўт падышоў да стала.

- Добра. Пададзiм рапарт.

Я адвярнуўся i зноў замiтусiўся па пакоi.

- Сядай.

- Адчапiся.

- Ёсць два пытаннi. Першае - факты. Другое - нашы жаданнi.

- I пра гэта трэба гаварыць менавiта цяпер?

- Так, цяпер.

- Не хачу. Разумееш? Гэта мяне не датычыць!

- Апошнi раз мы паслалi паведамленне перад смерцю Гiбарыяна. Больш як два месяцы таму. Мы абавязаны падрабязна далажыць пра працэс з'яўлення...

- Ты змоўкнеш? - Я схапiў яго за руку.

- Бi мяне, калi хочаш, але я ўсё адно не змоўкну.

Я выпусцiў яго руку.

- Рабi што хочаш.

- Разумееш, Сарторыус паспрабуе схаваць пэўныя факты. Я амаль упэўнены ў гэтым.

- А ты не будзеш?

- Не. Зараз не. Гэта не толькi наша справа. Ты ж разумееш, пра што гаворка. Акiян выявiў здольнасць да разумных дзеянняў, здольнасць да арганiчнага сiнтэзу вышэйшага парадку, якi нам не вядомы. Акiян ведае будову, мiкраструктуру, абмен рэчываў нашага арганiзма...

- Добра, - пачаў я. - Чаму ты замоўк? Акiян правёў на нас серыю... серыю доследаў. Псiхiчная вiвiсекцыя. Заснаваная на ведах, украдзеных у нас. Ён не ўлiчыў тое, да чаго мы iмкнёмся.

- Кельвiн, гэта ўжо не факты, нават не вывады. Гэта гiпотэзы. У пэўным сэнсе ён лiчыўся з тым, чаго хацела нейкая абмежаваная, глыбока схаваная частка нашай свядомасцi. Гэта мог быць - падарунак...

- Падарунак! Божа мой!

Я засмяяўся.

- Перастань! - крыкнуў Снаўт, хапаючы мяне за руку.

Я сцiснуў яму пальцы. Я сцiскаў iх усё мацней i мацней, аж пакуль не хруснулi суставы. Снаўт спакойна, прымружваючы вочы, пазiраў на мяне. Я адпусцiў руку i адышоўся ў кут. Стоячы тварам да сцяны, я прамовiў:

- Пастараюся без iстэрыкi.

- Дробязь. Што мы будзем патрабаваць?

- Кажы ты. Я не маю сiлы. Яна сказала што-небудзь перад тым, як?..

- Не. Нiчога. Я лiчу, што зараз з'явiўся шанц...

- Шанц? Якi шанц? Якi?.. А-а... - прамовiў я цiшэй, пазiраючы яму ў вочы, i раптам усё зразумеў. - Кантакт? Зноў Кантакт? Нам усё мала? I ты, ты сам, i ўвесь гэты вар'яцкi дом... Кантакт? Не, не, не. Без мяне.

- Чаму? - спытаўся Снаўт абсалютна спакойна. - Кельвiн, ты па-ранейшаму, а зараз яшчэ больш, чым калi-небудзь, насуперак розуму прымаеш яго за чалавека. Ты ненавiдзiш яго.

- А ты хiба не?..

- Не, Кельвiн, ён жа сляпы...

- Сляпы? - паўтарыў я, думаючы, што недачуў.

- Вядома, з нашага пункту погляду. Ён не ўспрымае нас так, як мы ўспрымаем адзiн аднаго. Мы бачым твар, цела i адрознiваем адно аднаго. Для яго гэта празрыстае шкло. Ён пранiк у глыбiню нашай свядомасцi.

- Ну добра. I што з гэтага? Куды ты хiлiш? Калi ён здолеў ажывiць, стварыць чалавека, якi iснуе толькi ў маёй памяцi, i зрабiў гэта так, што яе вочы, рукi, яе голас... голас...

- Кажы! Кажы! Чуеш!!!

- Я кажу... кажу... Так... Далей... голас... з гэтага вынiкае, што ён можа чытаць нас, як кнiгу. Разумееш, што я маю на ўвазе?

- Так. Калi б ён захацеў, то мог бы з намi дамовiцца?

- Вядома. Хiба не ясна?

- Не. Натуральна, не, бо ён мог узяць толькi рэцэпт вытворчасцi, якi складаецца не са слоў. Фiксаваны запiс памяцi мае бялковую структуру, як галоўка сперматазоiда або яйцаклетка. Там, у мозгу, няма нiякiх слоў, пачуццяў. Успамiн чалавека - вобраз, запiсаны мовай нуклеiнавых кiслот на макрамалекулярных асiнхронных крышталях. Такiм чынам, ён узяў у нас тое, што найбольш вытраўлена, моцна забытае, глыбей за ўсё схаванае, разумееш? Але ён мог не ведаць, што гэта, якое мае для нас значэнне... Разумееш, калi б мы маглi стварыць сiметрыяду i кiнулi б яе ў Акiян, ведаючы архiтэктуру, тэхналогiю i будаўнiчы матэрыял, але не асэнсаваўшы, навошта, для чаго яна створана, што яна значыць для Акiяна...

- Гэта магчыма, - сказаў я. - Так, магчыма. У гэтым выпадку ён, вiдаць, наогул не хацеў таптаць нас, ганьбiць. Верагодна. I толькi незнарок...

Губы мае задрыжалi.

- Кельвiн!

- Так, так. Нiчога. Ужо нiчога. Ты добры. Ён - таксама. Усе добрыя. Але навошта? Растлумач мне! Навошта? Навошта ты гэта зрабiў? Што ты ёй сказаў?

- Праўду.

- Праўду, праўду! Што iменна?

- Ты ж ведаеш. Пайшлi да мяне. Будзем пiсаць рапарт. Пайшлi.

- Пачакай. Што ты, уласна, хочаш? Хiба ты хочаш застацца на Станцыi?

- Так, хачу застацца.

СТАРАЖЫТНЫ МIМОIД

Я сядзеў ля вялiзнага iлюмiнатара i глядзеў на Акiян. Рабiць не было чаго. Рапарт, складзены за пяць дзён, зараз уяўляў пучок хваляў, якiя iмчалiся ў пустэчы недзе за сузор'ем Арыёна. Калi пучок дасягне цёмнай, пылавой туманнасцi, што раскiнулася на тэрыторыi васьмi трыльёнаў кубiчных мiль i лавiла любы сiгнал i промень святла, ён патрапiць у першы з ланцуга перадатчыкаў. Адтуль ад аднаго рэтранслятара да другога, скачкамi даўжынёй мiльярд кiламетраў, ён будзе iмчацца па вялiзнай дузе, пакуль апошнi перадатчык, металiчная глыба, дарэшты забiтая дакладнымi прыборамi, з прадаўгаватай пыскай антэннакiравальнiкаў, не збярэ прамянi яшчэ раз i не накiруе iх далей у прастору, да Зямлi. Потым мiнуць месяцы, i гэткi ж пучок энергii, накiраваны з Зямлi, пакiнуўшы пасля сябе баразну iмпульсiўных скажэнняў у гравiтацыйным полi Галактыкi, дасягне касмiчнай хмары, праслiзне, узмоцнены, уздоўж ланцуга свабодна дрэйфуючых рэтранслятараў i на ранейшай хуткасцi паiмчыцца да двайнога сонца Салярыс.

51
{"b":"79165","o":1}