Ад iх няможна адвязацца;
Зноў тая самая бядота,
Зноў слёзы, крыўда i згрызота.
Адно Алеся суцяшала
I Кастуся бяда спаткала:
Кастусь на "веруi" сеў макам,
Абодвум кепска, небаракам!
I кажа раз Алесiк брату:
- Закiнем кнiгi ў снег, за хату,
Ты "верую", а я "начаткi",
I пойдуць iншыя парадкi.
- А будуць бiць? - То што? паплачам,
Затое ж потым мы паскачам.
- А тата кнiжак зноў дастане?
- Ну й што? i тым дамо мы рады,
А там падыдуць i Каляды,
А там, дасць Бог, вясна настане...
Эх, брат: якi ты баязлiвы!
Не бойся, Костусь: будзем жывы!
Чаго баяцца? нiчагутка!
Закiнем iх у снег цiхутка.
А ты маўчок! нi шэп! нi слова,
I ўсё, брат, пойдзе адмыслова.
- Не, брат Алеська, не рабi ты,
Бо тата наш такi сярдзiты!
- Дык ты не хочаш? - Не: баюся!
- Адзiн i я, брат, адступлюся,
Сказаў Алесь i засмуцiўся
I ў свае думкi углыбiўся.
На скорым часе ранiчкою
Алесь у кепскiм быў настроi:
Хадзiў, бурчаў, не змоўчваў маме,
Ўсё дагары вярнуў нагамi.
- Бадай яны былi згарэлi!
I дзе чарты iх тут падзелi?..
- Чаго ты шворышся, мармотка?
Ў пытаннi маткi злосцi нотка
Зусiм Алеся угнявiла.
Зiрнуў на матку ён нямiла.
- Няма "начатак"! - Зноў "начаткi"?
Калi ўжо будуць iм канчаткi?
Ён ператрос i вугалочкi,
Як ёсць, аблазiў i куточкi;
Глядзеў за бэльку i ў пячуру,
Падняў такую шуру-буру,
Што хоць ты з хаты выбiрайся
I тых "начатак" адцурайся.
Алесь раскiс i не ў гуморы.
- Мо iх забраў Марцiн з каморы?
(Марцiн нядаўначка з кватэры
Прыносiў нейкiя паперы.)
Алесь Марцiна прыплятае
I ўсё шукае ды шукае,
I не знаходзiць сваю страту.
З гуменца бацька шусь у хату!
I, не гаворачы нiчога,
Рвануўся раптам да малога!
Аж задрыжаў. I ў момант вока
Ўгары матнуўся пас высока
I ў тую ж самую хвiлiну
Агнём апёк Алесю спiну.
Алесь заенчыў праразлiва,
Упаў i зноў схапiўся жыва,
А дзецi ў плач, у енк, у слёзы,
I ўсе разбеглiся, як козы;
А бацька, страшны, поўны злосцi,
Алеся лупiць без лiтосцi;
I мацi рады даць не можа
Так моцна бацька абурыўся.
Даў Бог, Ксавэры налучыўся.
- Пакiнь, Мiхал! пакiнь, нябожа!
Апамятуйся, цi так можна?
Насмерць заб'еш неасцярожна!
Прыбег i дзядзька на падмогу,
Насiлу вырвалi нябогу.
А бацька сек, пытаў скрозь гнеў:
- Куды "начаткi", гад, задзеў?
Алесь без вопраткi i босы
Бяжыць у снег, проставалосы,
За хлеў ён чэша без аглядкi:
- А во яны! а во "начаткi"!
I мушу я адно зазначыць,
Няхай тут праўду кожны ўбачыць,
Што гэта прыкрае здарэнне
Пайшло яму на паляпшэнне.
ХVI. ВЕЧАРАМI
Малюнкi родныя i з'явы!
Як вы мне любы, як цiкавы!
Як часта мiлай чарадою
Вы ўстаяце перада мною!
I так панадна смеяцеся
Жывою баграю на лесе,
I златаблескiмi снапамi
Праменняў-стрэлаў над палямi,
I брыльянцiстаю расою,
Калi гарачаю касою
Скрозь лiсцяў сетачкi-аконцы
На ёй заззяе цiха сонца,
Яе так песцiць, так кахае,
Па ёй вясёлкi рассыпае!
Я бачу роўныя пакаты
Палёў за Нёмнам i iх шаты
Аўсоў палоскi, лавы жыта,
Што морам золата разлiта;
I грэчак белыя абрусы,
I лесу два крылы, як вусы,
I цёмны роў, вадой прабiты,
Такi зацяты i сярдзiты;
Ялоўцаў шэрыя аблогi,
Дзе белы мох, сiвец убогi
Пясочак жоўты засцiлаюць
I дзе зайцы прыпынак маюць.
Я чую шум рознагалосы
Лясоў, лугоў, дзе звоняць косы
У часе дружнай касавiцы;
Я чую громы навальнiцы,
I шум глухi буйных дажджоў,
I песнi звонкiя палёў,
I цiхi плач ускрай магiлы.
Даўно зацiх iх голас мiлы,
Даўно ўсё змоўкла i прапала,
Iх толькi памяць захавала.
Але нявiднымi нiцямi
Я моцна-моцна звязан з вамi,
Малюнкi роднае краiны!
Эх, зараслi вы, пуцявiны
У гэты мiлы мой куточак,
Дзе ные жоўценькi пясочак
Пад летнiм сонцам, пад спякотай
I ззяе смутнай пазалотай
Над самым Нёмнам срэбраводным,
Так сэрцу блiзкiм-блiзкiм, родным.
I зараслi не палынамi,
Не крапiвой, не драсянамi,
Не чаратом, не лебядою
А беларускаю бядою.
Ды покi будзе сэрца бiцца,
Яно не зможа пагадзiцца
Нi з гэтым гвалтам, нi з бядою
Над нашай роднаю зямлёю...
Эх, мiлы край адвечнай мукi!
Пракляты будзьце, вусны, рукi,
Што на цябе ланцуг кавалi
I ў твар зняважлiва плявалi!
Няхай агонь i жар пакуты
Навекi спалiць здзек той люты,
Якi спрадвеку там пануе,
Над тым, хто родны скарб шануе
I хто ўсiм сэрцам i душою
Астацца хоча сам сабою.
Жывi ж, наш край! Няхай надзея
Гарыць у сэрцы i мацнее,
Што хоць не мы, дык нашы дзецi
Убачаць цэльным цябе ў свеце!
Алесь на дзеле праканаўся,
Што ён дарэмна марнаваўся
I што ўжо больш няма збавення,
Як толькi ўзяцца за вучэнне,
Як гэты клопат не марудны.
I што ж? закон быў не так трудны,
Ужо па той адной прычыне,
Што ён запiсан быў на спiне
(А ў сэрца ўложан сам сабою),
I ўсё пайшло сваёй чаргою.
Цяклi дзянькi ды йшлi нядзелi,
I час тут вольны хлопцы мелi,
Вучылiсь толькi да абеду,
Вучылiсь нават не без следу.
I Костусь, мушу я прызнацца,
Ўжо ўмеў на дошцы распiсацца,
Што вельмi цешыла Мiхала
I гонар бацькаў падымала.
Удзень, як лекцыi канчалi,
На рэчку хлопцы выбягалi
Крыху пакоўзацца па лёдзе
Цi так пабегаць на свабодзе,
У снег залезцi па калена,
А то насiлi козам сена
Ў звярынцы козы зiмавалi
I iм палонкi прасякалi.
I сам дарэктар клышаногi
Не горш ад вучняў бег з дарогi,
Гайсаў па снезе, распускаўся
I штурхалямi захапляўся.
А як надарыцца часамi
Яму спаткацца там з казамi,
Тады крычаў ён благiм матам,
Тады рабiўся ён вар'ятам,
Такая радасць пашыбала,
Так хвалявала, захапляла.
I гэту радасць, мiг шчаслiвы,
Выказваў крыкам праразлiвым.
- А я-я-яй! А я-я-яй!
Крычаў, хоць вушы затыкай.
Другi раз хлопцы валяць валам
У ток да дзядзькi ўсiм кагалам.
На току ў дзядзькi, бы ў святлiцы,
Маркотна свецiць блеск газнiцы;
Дрыжыць агоньчык сiратлiва,
У бокi ходзiць палахлiва.
На месце ўсё тут i прыбрана,
Так гладка ўсё дапасавана.
А тыя ж граблi цi цапочкi!