Нешта казка пачынаецца не зусім удала. Мабыць, бурныя і неверагодныя падзеі, якія адбыліся са мной некалькі дзён таму, пакінулі свой адбітак на маім апавяданьні. Спадзяюся, Арсюха з Жэнька мяне даруюць. Я пацёр твар рукамі, спрабуючы засяродзіцца, але, замест гэтага, у думках трапіў на касмадром, поўны пажарных, паліцэйскіх і ваенных машын. Менавіта на касмадроме пачаліся дзіўныя і займальныя падзеі, якія перавярнулі ўсё маё жыцьцё.
Але казку, хочаш ня хочаш, трэба працягваць …
Галы прайгралі вайну. Паўстаньне апынулася падушаным. Два дні спатрэбіліся рымлянам, каб разграміць войска Комія, якое прыйшло на дапамогу абаронцам у Алезыі. Верцынгетарыкс, разумеючы, што вынік паўстаньня прадвызначаны, вырашыў пазьбегнуць непатрэбных ахвяраў і добраахвотна зьняў з сябе дасьпехі. Ён склаў зброю ў знак пакоры пераможцу і сеў ля ног Цэзара ў чаканьні ягонага рашэньня. Самыя адданыя правадыру галы з ліку тых, хто перажыў зь ім аблогу, рушылі ўсьлед ягонаму прыкладу, але да Цэзара іх не дапусьцілі. Гэтых галаў, колькасьцю у сто пяць чалавек, выстраілі ў чаргу непадалёк ад стаўкі Цэзара і загадалі апусьціцца на калені. Арс быў у іхнім ліку. Побач зь ім стаяў на каленях ягоны малодшы брат Ген. Арс супрацівіўся, каб брат, які не ўдзельнічаў ні ў адной бітве, а працаваў у абозе і на кухні, зьявіўся разам з ваярамі на добраахвотную капітуляцыю. Супрацівіўся зусім не таму, што Ген ня быў байцом. Арс ведаў, што адвагі брату не займаць, але вельмі хацеў захаваць яму жыцьцё. Ён адчуваў, што, у адрозненьне, ад яго самога, Ген жыве ў адным сьвеце, а памерці сёньня, зажадай таго Цэзар, можна было ў любы момант.
Увесь дзень сотня галаў стаяла на каленях. Увечары, калі ўжо сьцямнела, міма іх прайшоў Цэзар. Пры сьвятле дымлівых паходняў ён разглядаў твары сваіх добраахвотных палонных. Спыніўся ля братоў. Гэтая парачка не магла не прыцягнуць ягонай ўвагі. Ён доўга задуменна разглядаў іх. Маўчаў і глядзеў. Затым зрабіў крок, узяў Гена за валасы і закінуў ягоную галаву да сьвятла паходняў. Ген, які знаходзіўся на мяжы непрытомнасьці ад стомы, зрабіў спробу дзёрзка паглядзець у вочы Гая, але ў галаве паплыло. Бачны сьвет пачаў звужацца ў кропку і каб ня грымнуцца перад Цэзарам без прытомнасьці, Ген ўсю сваю волю накіраваў на гэтую сьветлую кропку перад вачыма. Ён учапіўся ў яе сьвядомасьцю і ўтрымаўся. Сьвет паступова вярнуўся ў першапачатковы стан. Праўда Цэзар так і ня ўбачыў ягонага дзёрзкага погляду. Погляд атрымаўся разгубленым і спалоханым. Але Цэзар зразумеў стан хлапчука, разгледзеў ягоную барацьбу з непрытомнасьцю. Ён адказаў хлапчуку сумнай паўусмешкай і кінуў некалькі слоў праз плячо.
Легіянер, які знаходзіўся пры Цэзару, адкрыў біклагу і працягнуў яе Гену. Ген узяў пляшку і асьцярожна пакаштаваў. У высахлае горла пацякло даўкае кіслае віно. Зрабіўшы некалькі глыткоў, Ген з цяжкасьцю адарваўся ад жыватворнага напою і працягнуў пляшку брату. Легіянер з гнеўным вокрыкам паспрабаваў забраць віно, але Цэзар ўскінуў руку ў забараняльным жэсьце і засьмяяўся. Арс сербануў віна і перадаў біклагу далей. Прашаптаўшы нешта на вуха Ціту Лябіену, Цэзар пайшоў уздоўж палонных, як быццам хацеў прасачыць шлях пляшкі і ўбачыць чалавека, на якім скончыцца ейнае зьмесьціва. Зрэшты, гэта было ўсяго толькі супадзеньне.
Ціт Лябіен аддаў распараджэньне і тут жа да Гену падышлі два рымскіх салдата, паднялі яго на ногі і кудысьці павялі. Астатнім дазволілі зладзіць начлег, разьвесьці вогнішчы і прыгатаваць ежу, але Арсу было не да яды, бо здарылася тое, чаго ён баяўся больш за ўсё: яго разлучылі з братам …
Ноччу мяне пабудзіў Арсайла.
– Тат, за акном нашай спальні хтосьці плача, – прашаптаў ён мне ў самае вуха, як толькі я адкрыў вочы ў адказ на ягоны дотык да майго пляча.
– Зараз даведаемся, – ледзь чутна адказаў я, затым паволі, імкнучыся не абудзіць жонку, выбраўся з-пад коўдры. – Ты са мной?
– Так, – Арсэнь тут жа учапіўся за маю руку.
Наш дом размяшчаўся ў лесе, прыкладна за шэсьць кіламетраў ад бліжэйшага пасёлка. Лес абступаў дом з усіх бакоў, а з тылу, як раз з таго боку, на якую выходзілі вокны дзіцячай спальні, дрэвы падступалі ўшчыльную да дома. Наша з жонкай спальня размяшчалася праз калідор насупраць дзіцячай. Мы з Арсэнам, не ўключаючы асьвятленьня, спусьціліся на першы паверх. У змроку пярэдняга пакою я надзеў чаравікі на босыя ногі і ўзяў з паліцы ліхтарык.
– Не баішся? – спытаў я сына.
– Не, – адказаў той, паблясківаючы ў цемры вачыма.
– Жэнька сьпіць?
– Не-е. Гэта ён першы пачуў плач і мяне разбудзіў.
– Кліч яго. Толькі хутка і ціха, каб мама не прачнулася.
Арсэнь на дыбачках ўцёк, а я, прыадчыніўшы дзьверы ў кухню, ціхенька цмокнуў вуснамі. Маляўка тут жа прашмыганула з кухні мне насустрач і ўстала на заднія лапы, упёршыся пярэднімі ў маё сьцягно. Маляўкай клікалі ручную лісу, якая, будучы маленькім лісянём, прыбілася да нашага дому. На сьпіне ў яе было некалькі колата-ірваных ранаў, з-за чаго я прыйшоў да высновы, што яна цудам выратавалася ад таго, чые дзеці сёньня плакалі ў ночы.
– Маляўка ідзе з намі? – дзеці ўжо былі побач са мной і ціскалі задаволеную лісу.
— Куды мы бяз яе? — я адчыніў ўваходныя дзьверы, і мы гуртам выйшлі з дому.
Ноч была незвычайна ціхая, цёплая і зорная. Ні аблачыны, ні ветрыку. Амаль поўны месяц у дастатковай меры асьвятляў наш шлях, таму ліхтарык я пакуль не ўключаў. З-пад навеса, пацягваючыся, выйшаў Байран. Байран – дварняк з прымешкай каўказскай аўчаркі быў велізарны і грозны. Мы ўзялі яго шчанюком з прытулку ў той жа дзень, калі на нашым падворку зьявілася Маляўка. Ягонай задачай было ня столькі ахова дома, колькі абарона Маляўкі ад суседзкіх і бадзяжных сабак, якія зрэдку забрыдалі на нашую тэрыторыю. Лісянё і куцяня расьлі разам, умацоўваючы сваё сяброўства гульнямі і сумеснай трапезай. Калі ім выносілі ежу, а Байран ў гэты момант адсутнічаў, зьдзяйсьняючы абыход уладаньняў, Маляўка ніколі не прыступала да ежы адна. Яна сядзела каля міскі Байрана, ахоўваючы яе да прыходу сябра. Як толькі ў полі ейнага зроку зьяўляўся Байран, яна тут жа адыходзіла да сваёй талерцы і пачынала есьці. Вось толькі месца для сну ў кожнага зь іх было сваё. Маляўка аблюбавала сабе кухню, а Байран аддаваў перавагу сну у двары пад падстрэшкам.
Байран без залішняй мітусьні прыбудаваўся да нашай працэсіі, і вось ужо ўсёй грамадой мы завярнулі за дом. Я, ведаючы, куды ісьці, накіраваўся па сьцежцы ў патрэбны бок у глыб лесу і праз пару дзесяткаў метраў спыніўся каля адной з хвояў. Маляўка з Байранам селі пад дрэвам, задраўшы галовы ўверх. Уверсе, сярод галін, была апраметная цемра.
— Слухайце, — прашаптаў я.
— Каго? — адначасова і таксама шэптам спыталі дзеці.
— Лес, — адказаў я.
Цішыня ў лесе ніколі не бывае абсалютнай, але ў гэты момант яна была менавіта такой. Здавалася, што нават Байран з Маляўкай затаілі дыханьне, адчуваючы значнасьць моманту. Раптам, у цемры галін над намі пачуўся шоргат. Праз некалькі секунд ён паўтарыўся. І зноў. Гэта ўжо было падобным на чыюсьці марудлівую валтузьню. Я ўключыў ліхтарык, накіроўваючы яркі прамень у бок шоргатаў. Уверсе, на тоўстай хвойнай галінцы, сядзелі два савяты. Яшчэ у пуху. Гэтакія абаяльныя вырадкі. Яны глядзелі на нас, круцілі галовамі і пляскалі вялікімі вачыма.