Леанід Воўчак
Эльф
1
– Тата, раскажы нам казку.
– Пра што?
– Ня ведаю.
Арсень прыўзняўся на локці, а Яўген расьцягнуў рот ва ўсьмешцы, не адрываючы галавы ад падушкі. Абодва выдатна ведалі, што маё пытаньне было ўскоснай згодай і казкі ім не пазьбегнуць. Чаму яны любілі мае казкі, якія атрымліваліся ў мяне занадта мудрагелістымі і нават трошкі нуднымі, я так да гэтага часу і не зразумеў. Ну, ды добра. Казку дык казку.
– Дык пра што? – спытаў я, хаця для сябе ўжо даўно вырашыў, пра што будзе аповяд. – Вырашайце, пакуль я добры.
– Раскажы аб падарожжах, – Арсень ужо сядзеў на ложку, захутаўшыся ў коўдру, – пра прыгоды.
– Навогул, любая казка апавядае пра прыгоды.
– Аб падарожжах ды прыгодах ў часе, – Арсень быў відавочна задаволены сваёй выдумкай, а негаваркі Жэнька заўсьміхаўся яшчэ шырэй у знак згоды са старэйшым братам.
– Вы самі кожны дзень падарожнічаеце ў часе, – я вырашыў крыху паразумнічаць і заадно набіць сабе цану. – Вы засьнеце сёньня, а праз імгненьне прачнецеся заўтра раніцай. Калі прысніцца сон, то падарожжа ў часе пройдзе з прыгодамі.
– Ну, тат! – Арся відавочна гарэў нецярпеньнем.
– Добра, добра, так і быць …
Гальская армія, колькасьцю ў пяцьдзесят тысяч чалавек, разьмясьцілася ў Алезыі. Усяго некалькі месяцаў таму Верцынгетарыкс нанёс паразу войскам Цэзара ў бітве пры Герговіі і адчуваў сябе гаспадаром становішча да таго часу, пакуль Цэзар і Ціт Лябіен не замкнулі ягонае войска ў крэпасьці падвойным кальцом ўмацаваньняў. Для Юлія Цэзара параза пры Герговіі стала ня толькі самай буйной няўдачай ў ягоным жыцьці, але і неацэнным вопытам. Рымляне зрабілі ўсё, каб не дапусьціць зноўку такога промаху. Яны збудавалі вакол асаджаных у Алезыі дзьве лініі абароны. Неабходнасьць стварэньня падвойнай абароны дыктавалася тым, што войскі Цэзара вялі баі глыбока на тэрыторыі праціўніка. Адна лінія абараняла рымскія войскі ад вылазак галаў з асаджанай крэпасьці, а другая была збудаваная на выпадак, калі да тых, хто знаходзіўся ў аблозе, прыбудзе дапамога. Рымскія войскі ў гэтым выпадку самі трапяць у акружэньне.
Менавіта на выпадак акружэньня, кожная з абарончых ліній рымлян была абнесена частаколам ў чатыры метры вышынёй і акружана глыбокімі ірвамі. Такія абарончыя ўмацаваньні апынуліся галам не па зубах. У выніку, уласны горад стаў для Верцынгетарыкса і ягоных паплечнікаў пасткай. Калі ў Алезыі пачаўся голад, а адчай галаў дайшоў да апошняй мяжы, здарыўся цуд: на дапамогу войскам Верцынгетарыкса прыйшла абьяднаная армія гальскіх плямёнаў начале з Коміем. Гэтая армія налічвала ніяк ня менш за дзьвесьце тысяч чалавек. Рымскае войска, як і прадчуваў Цэзар, аказалася заціснутым у падвойнае кальцо, нібы ў ціскі, але ад гэтага ня стала менш грозным. Галы, у сваю чаргу, былі выкананы рашучасьці зьнішчыць рымлян. Кожны з гальскіх воінаў, як у горадзе, так і з вонкавага боку рымскіх ўмацаваньняў, разумеў, што калі не прарваць абарону ворага, яны прайграюць вайну і паўстаньне супраць Рымскай рэспублікі будзе задушана. Але на два наступных дня, ня гледзячы на нястрымныя атакі галаў, абарона, якую Гай Юлій Цэзар пабудаваў разам са сваім сябрам і паплечнікам Цітам Лябіенам, засталася непахіснай.
Арс, юны пляменьнік Вірыдамара з гальскага племяні аўлеркаў, быў гатовы да сьмерці. Ні адзін чалавек ня змог бы абвінаваціць яго ў баязьлівасьці, але да здьзіўленьня многіх, з нападаў на рымлянаў ён выходзіў без адзінай драпіны, нібы ўвесь час адседжваўся за сьпінамі іншых. Калі рог трубіў адступленьне, Арс заўсёды адыходзіў да сваіх пазыцый у ліку тых, хто прыкрываў адыход галоўнага войску. У асноўным, гэта былі загартаваныя ў бітвах мацёрыя байцы. Любы відавочца, убачыўшы Арса сярод іх, вырашыў бы, што той трапіў у іхняе асяродьдзе выпадкова. Любы, але толькі ня тыя, хто змагаўся побач зь ім і асабліва ня тыя, супраць каго змагаўся ён. Адзін з гальскіх ваеначальнікаў, пусьціў па войску слых, што Арс зачараваны, таму многія з бывалых воінаў, вышэй за ўсё шанаваўшых доблесьць і мужнасьць, таемна радаваліся, што зачараваны рубака затуляе ім сьпіны пры адыходзе. Толькі нешматлікія ведалі, што Арс быў вучнем самога Эпарэдарыкса, прычым вучнем, шматкроць пераўзыйшэдшым ў майстэрстве свайго настаўніка. «Мне бы кагорту такіх байцоў, – аднойчы выказаўся правадыр галаў Верцынгетарыкс, – я бы пляваў на легіёны Цэзара і Ціта Лябіена».
Здольнасьць Арса нават у самай гарачай сутычцы не праліць ні кроплі уласнай крыві, здавалася цудам, але не была прыроджанай уласьцівасьцю. Да такога дзіўнага ўменьню прывялі юнака талент настаўніка і асабісты геній маладога гала. Усё ж, ягонае цела, як і целы ягоных паплечнікаў, было сьпярэшчана шнарамі ад мячоў і кінжалаў. Праўда, не ў такой, як у іншых колькасьці, але цалкам дастаткова, каб зразумець тое, што малады гал можа быць ўразьлівым. Усе гэтыя шнары Арс атрымаў у працэсе навучаньня, падчас выматвальных трэніровак, але самыя страшныя шнары ён насіў на сьпіне. Гэтыя шнары яму, яшчэ пяцігадоваму дзіцяці, пакінула рысь.
У гальскіх семьях дзяцей гадавалі мацеркі. Сын, які яшчэ не навучыўся валодаць зброяй, звычайна імкнуўся не паказвацца на вочы бацьку, але да Арсу, які яшчэ не пражыў сваё шостае лета, бацька ставіўся добразычліва. Такая добразычлівасьць тлумачылася тым, што гэты маленькі аўлерк быў на асаблівай апецы друіда Таньціорыса.
Аднойчы, пагодлівым летнім вечарам, Арс ўпотай ад матулі ўцёк сустракаць бацьку з паляваньня. Ён бег па змрочным лесе, радуючыся насталай у канцы гарачага дня прахалодзе. Сьцяжынка то зьяўлялася, то зьнікала, але хлапчука гэта не трывожыла, бо ён ведаў, што яна абавязкова прывядзе яго да бацькі, які заўсёды вяртаўся па ёй з паляваньня.
Невядома, што падштурхнула рысь зрабіць засаду непадалёк ад чалавечага жыльля, але яна напала на галапузага хлапчука, што бег сярод дрэў па лясной сьцежцы. Рысь напэўна забіла бы яго, але па шчасьлівай выпадковасьці, момант нападу ўбачыў бацька. Ні секунды не вагаючыся, ён кiнуў сваю паляўнічую дзіду ў драпежніка. Кідок атрымаўся трапным. Дзіда прыбіла зьвера да зямлі, пры гэтым пакінуўшы на сьцягне Арса глыбокую рану. Ад ран, нанесеных драпежнікам і дзідай, Арс доўга хварэў. Друід Таньціорыс адпойваў хлапчука адварамі і змазваў раны гаючымі мазямі, але ўсё роўна зраненага Арса ліхаманіла. Гледзячы на спалясаваную магутнымі кіпьцюрамі сьпіну, а так жа на пракушанае наскрозь ля самай шыі плячо хлапчука, друід прыгнечана ківаў галавою. Але Арс выжыў. Выжыў, каб пасьля стаць неперасягненым ваяром.
Калі б Арсу здарылася нарадзіцца задоўга да акупацыі Кудлатай Галіі войскамі Рымскай Рэспублікі, ён бы абавязкова стаў правадыром, здольным абьяднаць гальскія плямёны, заваяваўшы сабе славу і вядомасьць, але лёс распарадзіўся інакш. На момант, калі Верцынгетарыкс падняў паўстаньне супраць Рэспублікі, а затым, у выніку не дастаткова ўмелых дзеяньняў, апынуўся абаронцам у Алезыі, Арсу споўнілася пятнаццаць гадоў. Ростам малады гал быў сто семдзесят пяць сантыметраў, прыкладна семдзесят кілаграмаў вагой і па законе Рымскай імпэрыі ён ужо год зьяўляўся паўналетнім. Па законах галаў ён не лічыўся дарослым байцом, бо паўналецьце ў галаў надыходзіла толькі па дасягненьні семнаццаці гадоў. Зьнешнасьць Арса таксама не адпавядала зьнешнасьці ягоных аднагодкаў. Валодаючы тонкай, амаль празрыстай скурай, якая нібы сьвяцілася знутры, ён быў больш падобны на мілавідную дзяўчыну, чым на ўмелага і ўжо дасьведчанага байца.
Арс не баяўся памерці. У адрозненьне ад сваіх суайчыньнікаў, ён ня проста верыў у жыцьцё пасля сьмерці, а дакладна ведаў, што яно існуе. У сілу сваёй псіхікі, юнак валодаў ўспамінамі аб пражытых момантах, якія не маглі адбыцца зь ім у рэальным жыцьці. Ён быў упэўнены, што жыве двума жыцьцямі адначасова, і нават не здагадваўся, што частку ўспамінаў паслужлівая падсьвядомасьць чэрпала зь ягоных ўласных сноў і фантазіяў, якіх юны гал папросту не памятаў. Жыцьцё Арса нібы складалася з двух частак, адна зь якіх працякала ў рэальнасьці, а іншая – унутры ўласнай галавы. Не зьяўляючыся ні аўтыстам, ні шызафрэнікам, і існы па абодва бакі сваёй чарапной каробкі, Арс, як ні дзіўна, не рабіў адрозненьняў паміж уяўным і сапраўдным бокам свайго існаваньня. Калі спытаць яго аб тым, ці бачыць ён сны, ён катэгарычна адмаўляў бы гэта. Жыцьцё нібы ў двух вымярэньнях зусім не напружвала яго, не выклікала адрыньваньня, альбо асьцярогі. Ён нікому не расказваў пра гэта, лічыў, што ўсё так і трэба, а ў баі ішоў на неапраўданую рызыку не ў сілу варьяцкай адвагі ці неразважлівасьці, а па тому простаму чыньніку, што ведаў: памёршы ў гэтым сьвеце, ён застанецца жыць у іншым. Па гэтаму жа чыньніку, ў баі Арс паводзіў сябе стрымана, ніколі не выяўляў ні гневу, ні злосьці. Ён заўсёды быў спакойны, ня гледзячы на тое, што загінуць у бітве, дзе сьмерць заўсёды знаходзілася на адлегласьці выцягнутай рукі, што сьціскала востры клінок, было даволі проста…