- Божа мой! Не з мечам прыйшлi мы да гэтага дома, а з жальбай i з мiрам.
- Тады добра, - адказаў той, - будзьце маiмi гасцямi ўсе.
Прайшло шмат часу, перш чым апусцiлi развадны мост i адчынiлi браму. Калi ўсё гэта нарэшце зрабiлi, падрэ Дыега разам з панам дэ Мантэса, апярэдзiўшы воз, першыя ўехалi пад нiзкае скляпенне вежы. I як толькi ўехалi, вочы iх, прызвычаеныя да цермы, асляпiў бляск паходняў i смалiстых лучын. Толькi праз хвiлiну яны змаглi зарыентавацца, як многа нерухомых рыцараў i ўзброеных пахолкаў атачала з усiх бакоў шырокi надворак. I хоць людзей было вельмi многа, цiшыня стаяла на дзядзiнцы, цiха было i на змрочных мурах i замкавых вежах, чуўся толькi трэск агнёў.
Малады дон Мiгуэль, акружаны гайнёй паляўнiчых сабак, усмiхаўся i чакаў гасцей каля анфiлады, якая вяла ў замкавыя пакоi. Ён быў без зброi, меў на сабе прасторны, глыбока выразаны на шыi чырвоны каптан i светла-блакiтныя, скроеныя па арабскай модзе штаны. Як гэтым уборам, так i смуглявасцю скуры i разрэзам цёмных, гарачых вачэй ён больш нагадваў нявернага маўра, чым кастыльскага рыцара.
Падрэ Дыега, сыходзячы з каня, зноў мусiў стрымацца, каб не выдаць варожых пачуццяў, якiя абуджаў у iм гэты малады галава роду дэ Лара. Ён думаў, што па заведзеным парадку яго прывiтаюць адпаведна яго сану i годнасцi. Але дон Мiгуэль, усё яшчэ ўсмiхаючыся, маўчаў i, здавалася, зусiм не збянтэжаны зацягнутай цiшынёй, бестурботна лашчыў рукою сабак. Тады падрэ Дыега наважыўся загаварыць першы.
- Мiр з табою, сыне мой, - сказаў ён.
Той моўчкi пакланiўся, не адпускаючы сабак. Воз вялебнага айца спынiўся непадалёк, i пусты двор пачаў запаўняцца тлумам фамiльянтаў. "Дурнiца, падумаў падрэ Дыега, - i так рана цi позна дастане цябе рука справядлiвасцi". А ўголас сказаў:
- Думаю, сыне мой, ты разумееш, якi табе i твайму дому гонар прымаць госцем асобу айца Вялiкага iнквiзiтара.
Дон Мiгуэль адпiхнуў вялiзнага харта, якi лапамi ўспяўся яму на грудзi.
- Пайшоў! - сказаў мякка i лагодна.
Пасля павярнуўся да айца Дыега:
- Я не ганюся, дастойны пане, за гонарам. Навошта мне той гонар? Маю, як бачыце, усё.
I з гасцiнным жэстам дадаў:
- Заходьце, аднак, дастойны пане. Мае людзi пакажуць вам дарогу. А можа, вы хочаце быць з панам Вялiкiм iнквiзiтарам?
- Так, - сказаў падрэ Дыега, - стан вялебнага айца патрабуе гэтага.
Дон Мiгуэль павярнуўся да капiтана, якi стаяў побач, пануры i маўклiвы:
- Вы пан дэ Мантэса?
Дон Ларэнца ўздрыгнуў.
- Адкуль вы мяне ведаеце?
- А хто ж вас не ведае? - адказаў той. - Заходзьце, калi ласка.
I, адагнаўшы сабак, сышоў з вузкiх сходаў, каб даць дарогу людзям, якiя здымалi з воза цела Вялiкага iнквiзiтара.
Цень смерцi спачываў на твары айца Тарквемады. Ужо ў дарозе, у першую ноч, яго хапiў частковы паляруш, i падрэ страцiў мову i прытомнасць. Цяпер, калi яго на плячах неслi дамоўнiкi, ён таксама здаваўся непрытомным. Ад святла паходняў, што калыхалiся на ветры, на яго схуднелы твар падалi водблiскi i ценi, а сам твар быў нерухомы i немы. Адно толькi вока падрэ Тарквемады было адкрытае, але i яно, пакутлiва гледзячы ў бяздоннае неба, здавалася, нiчога не бачыла ў гэтым свеце.
Пан дэ Мантэса зняў з дапамогай чаляднiка зброю i адправiў таго. Ён хацеў пабыць адзiн. Сеўшы перад камiнам сагрэцца, ён зразумеў, што застанецца сам-насам аж да свiтання, неабходнасць адзiноты занепакоiла яго. I хоць быў стомлены, спаць не хацелася.
Адведзены пакой быў не шырокi, але, як i ўсе астатнiя, праз якiя ён праходзiў, абсталяваны з пышнасцю, якое ён не сустракаў нават у сама багатых i магутных паноў каралеўства. Усё тут iшло насуперак рыцарскай суровасцi i аскетызму. Дарагiя дываны на падлозе, старажытныя муры расквечаны каляровымi мазаiкамi, нiзкi i шырокi ложак займаў, як на злосць добрым звычаям, занадта шмат месца, а насупраць камiна сафа, засланая ўзорыстым палатном, уся ў мяккiх падушках, паўколам акружала iнкруставаны стол. Усход адчуваўся нават у паветры, насычаным пахам ружовага алею.
На стале стаяў прыгатаваны госцю посiлак: трохi халоднага мяса, хлеб i садавiна. Дон Ларэнца адсунуў ежу, пацягнуўся па вiно. Яно было салодкае, пахучае i вельмi моцнае. Але не дало таго, чаго ён хацеў. Пасля некалькiх кубкаў яму стала яшчэ цяжэй на сэрцы, i думкi, ад якiх ён хацеў уцячы, пачалi няўмольна даймаць яго.
Навокал панавала цiшыня, бляск агню, якi мiгацеў на пастаўленай каля камiна зброi, здаваўся адзiнай адзнакай жыцця. Замак, хоць было яшчэ не надта позна, здавалася, увесь забыўся ў глыбокiм сне.
Пан дэ Лара ўвайшоў так цiха, што дон Ларэнца толькi тады павярнуў ад агню твар, калi ў бляску перад сабой разгледзеў цень чалавечай постацi. Убачыўшы пана дэ Лару, якi стаяў непадалёк, падхапiўся надта паспешна i раптоўна. Але дон Мiгуэль трымаўся так, нiбы не заўважыў гэтага. Ён сказаў:
- Я прыйшоў спытацца ў вас, цi не бракуе вам чаго?
На iм была адзежына з цёмна-пунсовага шоўку, багата патканая золатам, i ў гэтай хатняй вопратцы ён здаваўся дону Ларэнцу яшчэ больш чужы. Праз хвiлiну ён адчуваў сябе побач з гэтым маладым чалавекам амаль варварам. Але горда адразу адагнаў гэтае пачуццё.
- Цудоўнае вiно, дон Мiгуэль, - сказаў лёгка. - Сядай i выпi са мной. Жывеш на гэтым адлюддзi, бы ў казцы.
- Вы так думаеце, пане? Цяжка мне, праўда, вызначыць, што ёсць, а што не ёсць казка. А пакуль што жыву, як мне падабаецца.
Дон Ларэнца ўголас засмяяўся.
- На лiшак сцiпласцi не можаш паскардзiцца. Гаворыш такiм тонам, нiбы хочаш даць зразумець, што толькi ты адзiн умееш жыць паводле свайго жадання. Няўжо ты так думаеш?
- Не, - адказаў дон Мiгуэль, - я не лiчу сябе чалавекам, якому дадзена шмат прывiлеяў. Проста адны жывуць згодна са сваiмi жаданнямi, другiя насуперак iм.
- I напэўна, як я здагадваюся, прыпiсваеш гэтым першым розныя цноты i дабрачыннасцi i, перш за ўсё, асаблiва вялiкую адвагу?
- Правiльна, пане, здагадваецеся. Сапраўды, у наш час, каб думаць, трэба мець адвагу.
- Бачу, не вельмi табе даспадобы наш час?
- Наадварот, захапляюся яго дасканалай справядлiвасцю.
- Няўжо? Няўжо?
- Да гэтага часу, як вядома, людзей падзяляла страшэнная няроўнасць. Адны выйгравалi сваё жыццё, другiя яго прайгравалi. Цяпер паражэнне церпяць усе аднолькава.
Дон Ларэнца паморшчыўся.