Каб закончыць, аднак, аб працэсе Ларэнца Перэза, мы павiнны з абавязку кранiстаў дадаць, што ўжо ў месяцы сакавiку, на дзень святога Iосiфа, усе набожныя жыхары горада Таледа мелi магчымасць удзельнiчаць у вялiкай урачыстасцi, пад час якой ератык i бунтаўнiк Ларэнца Перэз, а таксама шматлiкiя супольнiкi яго злачынства былi аддадзены ачышчальнаму полымю. Тыя, каго абцяжарвалi меншыя правiны, таксама i кару панеслi менш суровую i былi засуджаны на шматгадовыя галеры або на царкоўныя цярпеннi i грашовыя рэстрыкцыi, але ў кожным выпадку на страту годнасцi i забарону займаць пасады аж да трэцяга калена.
Радуючыся такой поўнай перамозе справядлiвасцi, не лiчыць нам, аднак, не выказаць жалю, што той, якi рашуча пасабляў высветлiць чыстую праўду, не пабачыў яе апошняга трыумфу.
Праз дзень пасля таго, як Ларэнца Перэз скарыўся перад Святым трыбуналам, вялебны айцец Тарквемада цяжка занядужаў, i, хоць лекар i блiзкае атачэнне не сказалi яму пра сур'ёзнасць стану, - ён сам, ведзены беспамылковым адчуваннем незабаўнай смерцi, пажадаў аддаць Богу душу i пайсцi ў небажаты ў роднай Авiле. Нiхто не адважыўся супрацiвiцца яго волi.
I вось ранiцай трынаццатага верасня года ад нараджэння Госпада Бога нашага Iсуса Хрыста адна тысяча чатырыста дзевяноста восьмага, папярэдне стварыўшы хвораму сама лепшыя ўмовы падарожжа, почат дамоўнiкаў Вялiкага iнквiзiтара вырушыў з Таледа, каб суправаджаць вялебнага айца ў яго апошняй зямной вандроўцы."
Раздзел шосты
Вечар быў не познi, але вельмi цёмны, ветраны i дажджлiвы, калi почат дамоўнiкаў Вялiкага iнквiзiтара, цэлы дзень кiруючы трактам ля падножжа Сiера дэ Грэдас, дабраўся, нарэшце, да перавала Санта Ана i цяжкай горнай дарогай пачаў сыходзiць на ўзгор'i Старой Кастылii. Наваколле было бязлюднае i дзiкае, ды i слава ў яго была вельмi благая за рабункi i гвалты, якiя чынiлi навакольныя бароны, а таму ў гэтыя мясцiны, асаблiва начною парою, нават салдаты Святой эрмандады завiтвалi вельмi неахвотна.
Воз, на якiм спачываў вялебны айцец, быў шчыльна акрыты парусiнай. Рухаўся павольна, але ўсё роўна яго трэсла на здрадлiвых выбоiнах, бо дарога была няроўная, камянiстая i коўзкая. Адразу за перавалам Санта Ана iмжа перастала, затое iмгла, якая падымалася з далiн, гусцела ўсё больш. Запалiлi яшчэ паходнi, але гэта мала дапамагала, свяцiлi яны слаба. У глыбiнi цемры грымеў паток.
Дон Ларэнца дэ Мантэса ехаў паблiзу воза, ведучы свайго андалузца так упэўнена i свабодна, нiбы днём па роўнай дарозе. Падрэ Дыега, закрываючы ад ветру твар плашчом, пад'ехаў на сваiм канi да яго.
- Дон Ларэнца, - сказаў ён, - баюся я, што вялебны айцец не вынесе цяжкасцяў гэтай дарогi. Слабее з гадзiны на гадзiну.
Пан дэ Мантэса, статны i лёгкi, нягледзячы на тое, што быў абвешаны зброяй, здавалася, пранiкаў яснымi вачыма i ў мглу, i ў цемру. Ён спытаўся:
- Што загадаеш, вялебны ойча?
- Ведаеш гэтыя мясцiны?
- Я нарадзiўся пад Авiлай.
- Цi ёсць тут дзе спынiцца нанач?
Пан дэ Мантэса паказаў рукою наперад.
- За чвэрць гадзiны адсюль ёсць замак.
- Чый?
- Паноў дэ Лара.
З правага боку па крутым адхоне з грукатам асыпалася каменне.
- Галава гэтага вялiкага роду, - сказаў задуменна падрэ Дыега, - калi я не памыляюся, дон Мiгуэль дэ Лара?
- Так, ойча.
- Гэта праўда, што яго бацька ўзяў за жонку кабету з паганскага роду Абенцарагаў?
- Так, вялебны ойча, гэта праўда. Аднак яна прыняла нашу веру.
- Цi добрае iмя ў гэтага дона Мiгуэля?
На гэта пан дэ Мантэса адказаў:
- Я не ведаю дона Мiгуэля, але чуў, ён высока цэнiць свабоду.
Конь вялебнага айца пакаўзнуўся, але падрэ Дыега моцнай рукой у пару яго стрымаў, i той не ўпаў.
- Знаю такiх людзей, - сказаў з пагардай. - Цэняць сваю свабоду, не ведаючы, а што яшчэ горш, не хочучы ведаць, што такое сапраўдная свабода.
- Якраз гэта i я хацеў сказаць, вялебны ойча. Што загадаеш?
Падрэ Дыега адказаў:
- Вялебнаму айцу больш за ўсё патрэбен адпачынак.
Замак паноў дэ Лара сапраўды быў недалёка. Цёмны i зачынены, узносiўся мурамi i вежамi высока па-над дарогай, як каменнае гняздо над ускраем стромай скалы, а ля яе падножжа, недзе глыбока ўнiзе, шумела бурная рака.
Дарога, якая вяла да замка, была крутая i вузкая, конi слiзгалiся на ёй, мгла, праўда, трошкi ўжо разышлася, затое пранiзлiвы вецер дзьмуў проста ў твар. Некалькi лучнiкаў спешылiся, каб плячыма падтрымаць цяжкi воз.
Апынуўшыся перад мурамi замка, падрэ Дыега, прыгнечаны iх змрочнасцю, пашкадаваў аб сваiм рашэннi. Але вяртацца назад было позна. Якраз ужо адзiн з дамоўнiкаў затрубiў у рог, i, перш чым зацiхлi яго гукi, з вышынi пачуўся зычны голас:
- Хто вы такiя i што вам трэба?
Пан дэ Мантэса выехаў наперад. Крыкнуў:
- У iмя караля i каралевы - адчынiце!
Праз нейкую хвiлiну ўжо другi голас, малады i гучны, запытаўся:
- Хто гаворыць ад iмя караля i каралевы?
Пан дэ Мантэса адказаў:
- Яго дастойнасць, вялебны айцец Вялiкi iнквiзiтар.
- Падрэ Тарквемада? - здзiвiўся ў цемры юначы голас. - Якi ж iнтэрас, ды яшчэ так позна, мае да мяне дастойны пан Вялiкi iнквiзiтар?
Пан дэ Мантэса, нецярплiва гарцуючы на сваiм андалузцы, ужо хацеў востра адказаць, але падрэ Дыега паклаў яму далонь на плячо.
- Не варта нам, дон Ларэнца, гаварыць ганарыста i пыхлiва, - сказаў напаўголаса.
I са спакойнай годнасцю, трохi павысiўшы голас, сказаў у цемру:
- Хай будзе пахвалёны Iсус Хрыстос.
Было цiха. Спытаўся:
- Цi з панам дэ Лара гаворым?
- Так, я пан дэ Лара, - адказалi з муроў.
Падрэ Дыега павiнен быў зрабiць вялiкае намаганне, каб не выказаць сваю антыпатыю, якую абуджаў у iм гэты дзёрзкi голас. Сказаў:
- Цяжкая i смутная неабходнасць прымушае нас шукаць гасцiны ў вашым доме, пане. Вялебны айцец, пакутуючы ад цяжкай хваробы, едзе ў Авiлу, але мы баiмся, што можа не вытрымаць цяжкай дарогi, калi не адпачне гэтай ноччу.
- Няўжо пан Вялiкi iнквiзiтар сапраўды так цяжка хворы? - спытаўся пан дэ Лара, не вельмi ўдаючыся ў смутак.
Падрэ Дыега памаўчаў хвiлiну. Нарэшце сказаў:
- Усё так, як я сказаў.
- Тады заходзьце, - адказаў пан дэ Лара. - Цi пану Вялiкаму iнквiзiтару будзе дастаткова, калi яго будуць суправаджаць дзесяць вашых рыцараў?
На гэты раз падрэ Дыега не стрымаў абурэння i ўсклiкнуў: