Ежы Анджаеўскi
Цемра зямлю ахiнае
Пераклад: Васiль Сёмуха
"Сонца запала", - крычаць астраномы ў неба,
А навошта запала, нiхто не адкажа, маўчанне;
Цемра зямлю ахiнае, i людзi паснулi нема,
А навошта спяць людзi, нiхто з iх не вывучае.
Прачнуцца без адчування, як без чування спалi...
А.Мiцкевiч. "Дзяды", ч.III.
Раздзел першы
Адна старая гiшпанская кронiка натуе, што ў сярэдзiне верасня тысяча чатырыста восемдзесят пятага года, позна паполуднi, у гарадок Вiла-Рэал прыехаў вялебны айцец Вялiкi iнквiзiтар у атачэннi больш як дзвюх сотняў конных i пешых фамiльянтаў, цi, кажучы iнакш, дамоўнiкаў, служак Святой iнквiзiцыi, якiх таксама яшчэ называлi Хрыстовай мiлiцыяй. Вулiцы Вiла-Рэал, дадае скрупулёзны летапiсец, - апусцелi, знiклi з iх будкi жыдоўскiх гандляроў, цiха было i ў заезным доме, i ў шынку, а вокны большасцi жылых дамоў былi пазачыняныя жалюзi. Гарачыня, дзённы сквар трохi ўжо апаў, але з Сiера Марэны ўсё яшчэ цягнула сухiм i асмужлiвым ветрам.
Толькi почат, вялiкая кавалькада коннiкаў з атрадам лучнiкаў наперадзе, мiнуў Пуэрта дэ Таледа i ўехаў за гарадскiя муры - як у цiшынi, што запанавала ў горадзе, цяжка загрукаў звон калегiяты Сан-Пэдра, а пасля азвалiся званы кляштара Сан-Дамiнга, касцёлаў Санта Круз, Санта Марыя ля Бланка i Сан-Томас. Праз хвiлiну ў Вiла-Рэал ужо грымелi званы ўсiх сабораў, кляштараў i бажнiц.
Двое святых братоў, якiя iшлi ўнутранай анфiладай кляштара дамiнiканцаў, спынiлiся. Адзiн быў ужо ў гадах, каржакаваты, па-мужыцку шырокi ў плячах; другi - зусiм яшчэ малады, нiзкi i дробны, з цёмным хлапечым тварам.
- Прыехаў, - сказаў брат Матэа.
- Матэа, Матэа! - азваўся брат Дыега. - Калi б я мог малiцца за гэтага чалавека, я прасiў бы ў Бога, каб ён забраў яго ад жывых.
Брат Матэа, схiлiўшы галаву, перабiраў ружанец. З далечынi, не заглушаны блiзкiмi званамi, чуўся высокi i чысты розгук звона загараднай пустэльнi сёстраў кармелiтак.
- Дыега, - цiха сказаў Матэа, - ты нiчога не казаў, а я нiчога не чуў.
- Баiшся? Ты? А ты думаеш не тое самае?
- Не заўсёды можна гаварыць, што думаеш.
- Ведаю.
- Ты малады i няўрымслiвы.
- А ты б мо хацеў, каб я быў як камень?
- Не. Але нават каменне цяпер мае вушы i язык. Не забывайся. Калi ўжо айцец Тарквемада пакiнуў каралеўскi двор, каб наведацца ў Вiла-Рэал, жудасць будзе...
- О, Матэа, страшнейшага за тое, што я пабачыў, бадай, ужо i няма.
- Не трэба iлюзiй, - сказаў брат Матэа, - жудасць не адмета падзей i здарэнняў, а толькi iх вынiк.
Дыега гнаў свае думкi.
- Божа вялiкi i мiласэрны! Вера мая нязменная, непарушная, а сэрца, Матэа, сэрца маё параненае i сумленне скаламучанае. Аднойчы ў Севiллi на квамадэра я бачыў, як гарэлi на вогнiшчах адразу сто чалавек. Разам з братамi я спяваў гiмн: "Exurge Domine et iudica causam Tuam" i нават праз гэты велiзарны хор не мог не чуць енкаў i ляманту тых, што памiралi. А другi раз...
- Маўчы, Дыега. Раны сэрца можна загаiць толькi ў цiшынi.
- Няма мне цiшынi! Ты сказаў, што не заўсёды можна гаварыць, што думаеш. Што гэта азначае? Не давяраеш мне? Баiшся мяне? Ты, мой сябар, мой настаўнiк.
Брат Матэа падняў галаву. Дыега стаяў за крок ад яго, збялелы. Ён дрыжаў, вочы ўспыхнулi цёмным бляскам.
- Брат Дыега, калi сумленне працiвiцца прызнанай няпраўдзе, тады чалавек павiнен баяцца не людзей, а больш за ўсё самога сябе.
- Сябе?
- А ты ведаеш, куды можа завесцi супярэчлiвасць сумлення? Цi не жахае цябе твой бунт?
- Не! Я не хачу нi жаху, нi спалоху, анiчога, што называецца страхам. Я хачу нешта зрабiць.
- Малiся, - сказаў брат Матэа.
Тым часам атрад Хрыстовай мiлiцыi вузкiмi i ўсюды аднолькава апусцелымi вулкамi наблiжаўся да калегiяты. Вялiкi iнквiзiтар каралеўстваў Кастылii i Арагона, падрэ Томас Тарквемада, у чорнай царкоўнай сутане, ехаў на белым кардобскiм канi, акружаны служкамi, прамы, хоць i быў у гадах. Вочы прыплюшчыў.
Адзiн рыцар з почату Iнквiзiтара, маладзенькi русявы дон Ларэнца дэ Мантэса, схiлiўся з каня да таварыша.
- Пацукi пазашывалiся ў норы.
Дон Радрыга дэ Кастра засмяяўся.
- Пацукам тое не паможа.
- Ты думаеш?
- Рукi Святога трыбунала даўжэйшыя за сама глыбокую пацучыную нару. Апроч таго, пацукi баяцца, i страх выдае iх.
- Цi той, хто баiцца, абавязкова i вiнаваты?
- Не ведаю, што мне да гэтага. Знаю толькi, што заўсёды трэба быць супраць тых, хто баiцца.
- Кажуць, кароль Фердынанд патрабуе вельмi многа грошай.
- Вайна заўсёды каштуе дорага.
- Ты думаеш, што ўсе мараны - ератыкi?
- Не ведаю. Мусiць, усе. Але гэта нi мне, нi табе абыходзiць не павiнна, Ларэнца. Нам - выконваць загады i не баяцца.
- I ты нiколi не баiшся?
- Цi не на тое мы, каб баялiся нас?
- Вялебны ойча, - напаўголаса сказаў капiтан фамiльянтаў Вялiкага iнквiзiтара дон Карлас дэ Сiгура, - прыехалi.
Падрэ Тарквемада падняў вочы. Сярод дамоў, якiя шчыльна абступалi Плацэ дэ Сан Пэдра, у неба ўзносiўся такi вялiзны мур, што здавалася, нiбы не людскiя рукi ўзвялi яго, а нейкi гвалтоўны i раптам застылы ў паветры выбух камення i разьбы ўвечнiў яго спiчастыя формы. Людзi, якiя тоўпiлiся перад саборам, у ценi яго здавалiся нiклымi i прыгнечанымi. Абапал сходаў стаялi з запаленымi свечкамi браты дамiнiканцы. Iх цёмныя сутаны трапяталi ад ветру. Агеньчыкi свечак таксама калыхалiся. Затое пасярэдзiне сходаў, у атачэннi службоўцаў Святога афiцыума i свецкага духаўнiцтва, чакалi гожага госця абодва iнквiзiтары таледскага арцыбiскупства, канонiк калегiяты доктар Альфонса дэ Торэз i дамiнiканец брат Гаспар Мантыха. Тут жа, побач, заклаўшы далонi ў рукавы манаскай хабiты, стаяў прыёр кляштара Сан-Дамiнга - падрэ Бласка дэ ла Куэста.
Якраз змоўк звон калегiяты, следам пачалi ацiхаць i ўсе астатнiя званы ў горадзе - i на плошчы раптам запанавала цiшыня. Двое лучнiкаў падбеглi да вялебнага айца, але Тарквемада спынiў iх кароткiм рухам далонi i злез з каня сам.
Натоўп схiлiў галовы.
- Вiтанне табе, вялебны ойча i найгоднейшы пане, - сказаў канонiк дэ Торэз.
Усе чакалi, што Вялiкi iнквiзiтар дабрасловiць тых, хто яго сустракаў, але Тарквемада не зрабiў гэтага.
- Мiр з вамi, шаноўныя браты, - сказаў праз хвiлiну глухiм голасам, трохi ўжо старэча-падхрыплым. - Няхай усе ласкi i шчадроты госпада нашага Iсуса Хрыста сыдуць на ўсiх, хто гэтага варты.