Калi схема згарэла, ён кiнуў попел пад сядзенне, паклаў пад язык горкую таблетку i паспрабаваў заснуць. Яму было нявесела, а то б ён, адчуўшы раптоўную палёгку, усмiхнуўся, калi б убачыў, мiль за пяцьдзесят ад Будапешта, пагорак у форме напарстка, парослы ельнiкам, якi парушыў аднастайнасць неабсяжнай Дунайскай раўнiны. Каб абагнуць гэты пагорак, шаша рабiла вялiкi круг, потым кiравала ў горад. I дарога, i пагорак цяпер былi белыя ад снегу, якi лахманамi, нiбы грачыныя гнёзды, павiснуў на дрэвах. Ён запомнiў дарогу, пагорак i лес - гэта было першае, што ён убачыў, адчуўшы поўную бяспеку, калi ўцякаў, перайшоўшы гранiцу, пяць гадоў таму. Яго спадарожнiк, якi сядзеў за рулём, парушыў упершыню маўчанне з таго часу, як яны выехалi з Белграда, i сказаў: "Будзем у Будзе праз гадзiну з чвэрцю".
Да гэтага часу доктар Цынер не адчуваў бяспекi. Цяпер палягчэла ў яго на сэрцы зусiм з iншай нагоды. Ён думаў не пра тое, што да гранiцы ўсяго семдзесят мiль. Ён быў ужо амаль дома. Яго пачуццi ў той момант узялi верх над розумам. Дарэмна было гаварыць самому сабе: "У мяне няма дома, я еду ў турму". Прычынай гэтай хвiлiннай радасцi, якая агарнула яго, было наблiжэнне да пiўной Кругера ў садзе, да парку, залiтага па вечарах зялёным святлом, да крутых вулачак з развешанай упоперак iх бялiзнай. "Урэшце, я ўсё гэта ўбачу зноў, - падумаў ён, - калi мяне павязуць з турмы ў суд". I тут ён прыгадаў з раптоўнай журбою, што на месцы пiўной цяпер - жылыя будынкi.
За снеданнем Корал i Майет сядзелi па розных баках столiка як чужыя i адчувалi праз гэта вялiкую палёгку. Напярэдаднi, за вячэрай, яны паводзiлi сябе, як даўнiя сябры, якiм не было чаго сказаць адно аднаму. За снеданнем яны гаварылi бесперапынна, як быццам цягнiк паглынаў не мiлi, а гадзiны, i iм даводзiлася запаўняць тыя гадзiны размовамi, якiх хапiла б на цэлае жыццё разам.
- А калi я прыеду ў Канстанцiнопаль, што я буду рабiць? Ты ўжо наняў мне пакой?
- Не думай пра гэта. Я заказаў нумар у гатэлi. Ты паселiшся разам са мной, i ў нас будзе падвойны нумар.
Яна пагадзiлася з iм, ад радасцi ў яе перахапiла дыханне, але зараз яна не магла стрымаць сваiх пачуццяў, сядзець моўчкi. Скалы, будынкi, голыя пашы праносiлiся мiма з хуткасцю сорак мiль у гадзiну, а колькi яшчэ iм трэба было абгаварыць.
- Мы прыедзем на свiтанку? Што мы будзем рабiць цэлы дзень?
- Разам паснедаем. Потым мне трэба будзе пайсцi ў кантору, даведацца, як там iдуць справы. А ты можаш тым часам пахадзiць па крамах. Я прыйду надвячоркам, мы паабедаем i пойдзем у тэатр.
- Так? А ў якi тэатр?
Ёй было дзiўна бачыць, як усё крута змянiла гэтая ноч. Яго твар ужо не быў падобны на твары тых юнакоў, з якiмi яна была знаёмая даволi блiзка, нават жэст яго рукi - ён бесперапынна прапаноўваў нешта, раскрываючы далонь, - зрабiўся зусiм iншы. Яго запал, калi ён расказваў, колькi ён патрацiць на яе грошай, якiя асалоды яе чакаюць, - быў цудоўны, i яна верыла яму.
- У нас будуць найлепшыя месцы ў тваiм тэатры.
- У "Дзяўчат Дана"?
- Так. А потым мы ўсiх iх запросiм на вячэру, калi ты захочаш.
- Не. - Корал адмоўна пакруцiла галавой: тут яна рызыкавала страцiць яго, бо многiя дзяўчаты Дана маглi аказацца прыгажэйшыя за яе. - Пасля тэатра давай пойдзем дамоў i ляжам спаць.
Яны пырхнулi разам, расплюхаўшы з кубкаў карычневыя кроплi кавы на абрус. Яна смяялася шчыра i адкрыта, шчаслiвая тым, што боль застаўся ззаду.
- Ведаеш, колькi мы ўжо праседзелi за снеданнем? - спытала яна. - Цэлую гадзiну. Раней за мной такога не вадзiлася. Кубак гарбаты ў ложку а дзесятай гадзiне - вось i ўвесь мой сняданак. Яшчэ зверху дзве скiбкi падсмажанага хлеба i крышачку апельсiнавага соку - гэта калi ў мяне добрая кватэрная гаспадыня.
- А калi ў цябе не было працы?
Яна ўсмiхнулася.
- Тады я абыходзiлася без апельсiнавага соку. Мы ўжо недалёка ад гранiцы?
- Зусiм блiзка. - Майет запалiў цыгарэту. - Ты палiш?
- Уранку не. Я пайду, а ты папалi.
Корал паднялася, i ў гэты момант цягнiк з грукатам пераязджаў стрэлку, яе адкiнула да Майета. Яна ўхапiлася за яго руку, каб захаваць раўнавагу, i праз яго плячо ўбачыла, як iмклiва праскочылi мiма i знiклi з вачэй сiгнальная будка i чорная пуня, заваленыя снегам. Хвiлiнку яна патрымалася за яго руку, пакуль галава ў яе перастала круцiцца.
- Любы, прыходзь хутчэй. Я буду цябе чакаць.
Корал раптам захацелася сказаць яму: "Хадзем са мной". Яна баялася заставацца адна, пакуль цягнiк будзе стаяць. Чужыя людзi могуць зайсцi i сесцi на месца Майета, i яна не зможа нiчога iм растлумачыць. I не зразумее, што ёй скажуць мытнiкi. Але тут жа падумала: Майет хутка разлюбiць яе, калi яна будзе ўвесь час заяўляць на яго свае правы. Назаляць мужчынам даволi небяспечна, яе шчасце не такое трывалае, каб асмелiцца рызыкаваць iм хоць калiва. Яна азiрнулася: ён сядзеў злёгку нахiлiўшы галаву i пагладжваў пальцамi залаты партабак. Пазней яна была шчаслiвая тым, што кiнула на яго гэты развiтальны погляд: ён павiнен служыць узорам вернасцi, яна назаўсёды захавае ў сэрцы яго вобраз, i гэта дасць ёй права сказаць: "Я нiколi не пакiдала цябе". Цягнiк спынiўся, калi яна ўвайшла ў сваё купэ i зiрнула праз акно на маленькую брудную станцыю. На дзвюх лямпах было напiсана чорнымi лiтарамi: "Субоцiца". Будынкi станцыi ледзь узвышалiся над шэрагам хлявоў, тут жа была платформа. Група мытнiкаў у зялёнай форме i паўтузiн салдат iшлi памiж пуцямi. Мытнiкi, вiдаць, не спяшалiся пачынаць агляд. Яны смяялiся i ажыўлена размаўлялi, iдучы да службовага вагона. Каля пуцей у шарэнзе стаялi сяляне, пазiраючы на цягнiк, жанчына кармiла грудзьмi дзiця. Наўкол валэндалiся салдаты, адзiн з iх адагнаў ад цягнiка сялян, але тыя зноў скупiлiся каля чыгункi, адышоўшы метраў на дваццаць ад станцыi. Пасажыры пачалi выказваць нецярплiвасць: цягнiк i так ужо затрымалi на паўгадзiны, а яшчэ нiхто нават i не збiраўся прыступаць да агляду багажу цi праверкi дакументаў. Некалькi пасажыраў выбралiся на адхон i перайшлi цераз рэйкi, шукаючы якi-небудзь буфет. Высокi хударлявы немец з круглай галавой безупынна хадзiў туды-сюды па платформе ўздоўж цягнiка. Корал Маскер убачыла, як доктар выйшаў з вагона ў мяккiм брылi, у плашчы, у шэрых баваўняных пальчатках. Ён i немец увесь час праходзiлi адзiн мiма аднаго, але абодва нiбыта iснавалi ў розных вымярэннях - так мала ўвагi звярталi яны адзiн да аднаго. На некаторы час яны аказалiся побач, пакуль чыноўнiк правяраў iх пашпарты, аднак i тут яны належалi да розных светаў: немец абураўся i ўголас выказваў нецярплiвасць, доктар абыякава ўсмiхаўся сам сабе.