Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Кот усмiхнуўся i прамовiў:

- А цяпер сядай мне на хвост.

Анры сеў i адразу здзiўлена ўбачыў, што хвост у Ката пачаў хутка расцi i выцягвацца, i неўзабаве перанёс яго на другi бераг.

Глава 7

Кветка жыцця

Анры пачцiва развiтаўся з Катом i пабег да сада, дзе расла кветка жыцця. Да сада заставалася яшчэ метраў сто, i Анры баяўся, каб нейкая новая перашкода не спынiла яго. Але неўзабаве ён дабраўся да садовае агароджы.

Ён пашукаў фортку i хутка яе знайшоў, бо сад быў зусiм невялiкi. Але ў iм расло столькi розных незнаёмых раслiн, што знайсцi сярод iх кветку жыцця было немагчыма.

На шчасце Анры прыгадаў, што Добрая фея сказала яму паклiкаць доктара, якi даглядае за чарадзейным садам. Ён голасна крыкнуў i не паспеў нават вокам мiргнуць, як раслiны побач з iм заварушылiся, i з iх выйшаў маленькi чалавечак ростам не большы за дзяркач. Ён быў у доўгай чорнае мантыi, з круглымi акулярамi на гарбатым носе i трымаў пад пахай тоўстую кнiгу.

- Што вам трэба, мой хлопча? - спытаўся Доктар, пазiраючы на Анры. - I як вам удалося дасюль дабрацца?

- Пане Доктар, - адказаў Анры, - мяне паслала да вас Добрая фея. Мне патрэбна кветка жыцця, каб вылечыць маю маму, бо яна памiрае.

- Ну што ж, - сказаў Доктар, пачцiва прыўзнiмаючы шапку, - кожны, каго пасылае сюды Добрая фея, для мяне добры госць. Хадзiце, хлопча, за мной, я дам вам тое, што вы шукаеце.

Ён павярнуўся i пайшоў у глыбiню сада, ды так хутка, што Анры ледзь паспяваў за iм. Ён увесь час баяўся, што адстане ад Доктара, i болей яго не знойдзе, бо Доктар быў такi маленькi, што цалкам знiкаў за сцяблiнамi высокiх раслiн.

Але нарэшце яны падышлi да нейкай раслiны, якая стаяла асобна i была ўся абсыпаная прыгожымi кветкамi. Доктар выняў з кiшэнi садовы нож, зрэзаў адну галiнку з кветкай i, аддаўшы яе Анры, сказаў:

- Вось, бярыце i рабiце ўсё так, як сказала вам фея. А вяртаючыся дадому, не выпускайце кветкi з рукi, бо калi вы яе пакладзеце, яна адразу i назаўсёды знiкне.

Анры хацеў падзякаваць маленькаму Доктару, але той ужо знiк сярод раслiн ды лекавых траваў. Застаўшыся адзiн, Анры падумаў:

- Як жа мне цяпер хутчэй вярнуцца дадому? Бо калi я, спускаючыся з гары, сустрэну тыя самыя перашкоды, якiя сустрэў, пакуль сюды падымаўся, я згублю сваю каштоўную кветку. А без яе мне не ўратаваць маёй беднае мамы!

I тут ён на шчасце ўспомнiў пра палку, якую падараваў яму Воўк.

- Зараз паглядзiм, - падумаў Анры, - цi праўда, што яна можа перанесцi мяне дадому.

Ён сеў верхi на палку i не паспеў падумаць, што хоча апынуцца дома, як адчуў, што падымаецца ў паветра i ляцiць некуды з маланкавай хуткасцю.

Праз iмгненне ён быў ужо каля ложка, у якiм ляжала яго хворая мацi.

Ён кiнуўся да яе, i пачаў цалаваць ды абдымаць, але мацi не варушылася. Тады ён хуценька выцiснуў ёй на вусны сок чарадзейнае кветкi, i ў тую ж хвiлiну мацi расплюшчыла вочы i, абняўшы Анры, ускрыкнула:

- Мiлае маё дзiця, мой добры Анры! Дзякуй табе, я была такая хворая, але цяпер я адчуваю сябе цудоўна. I мне вельмi хочацца есцi.

Тут яна ўважлiва зiрнула на сына i са здзiўленнем сказала:

- Але ж ты вельмi вырас, мой мiлы хлопчык! Што здарылася? Як ты мог так вырасцi за некалькi дзён?

Анры сапраўды падрос на цэлую галаву, бо з таго часу, як ён выйшаў з хаты, прайшло два гады сем месяцаў i шэсць дзён. Цяпер яму было ўжо амаль дзесяць гадоў. Але раней, чым Анры паспеў што-небудзь растлумачыць, акно ў хаце адчынiлася, i ў пакоi ўзнiкла Добрая фея. Абняўшы Анры, яна падышла да матчынага ложка i расказала кабеце пра ўсё, што зрабiў Анры, каб яе ўратаваць, пра тое, колькi яму давялося адолець цяжкасцяў i перажыць небяспекi, i якi ён увесь гэты час быў мужны, цярплiвы i добры. Анры чырванеў, слухаючы, як яго хвалiць Добрая фея, а мацi яшчэ мацней прыцiскала яго да сэрца i ўвесь час цалавала. Парадаваўшыся разам з мацi i сынам, Добрая фея сказала:

- А цяпер, Анры, можаш пакарыстацца падарункамi, якiя далi табе Дзядок i Асiлак.

Анры выняў табакерку i адчынiў яе; з табакеркi адразу выйшаў цэлы натоўп маленькiх рабочых - такiх маленькiх, што рост у кожнага быў не большы, чым у пчалы; але iх было так многа, што яны запоўнiлi ўвесь пакой. Рабочыя адразу пачалi працаваць, ды так спрытна i хутка, што ўжо праз чвэртку гадзiны збудавалi i абставiлi мэбляй прыгожы дом пасярод вялiкага сада, да агароджы якога з аднаго боку падыходзiў лес, а з другога - цудоўны поплаў.

- Усё гэта цяпер тваё, мой слаўны Анры, - сказала Добрая фея. - Калi табе будзе чаго не хапаць, то здабыць гэта табе дапаможа падораны Асiлкам чартапалох. Падораная Воўкам палка перанясе цябе, куды ты толькi захочаш, а кiпцюр, якi падарыў табе Кот, захавае табе i тваёй мацi здароўе i маладосць. А цяпер, Анры, бывай, жывi шчаслiва i не забывайся, што дабрыня i сыноўская любоў заўсёды прыносяць узнагароду.

Анры кiнуўся Добрай феi ў ногi; яна дазволiла яму пацалаваць сабе ў руку, усмiхнулася i знiкла.

Мацi Анры вельмi хацелася ўстаць ды пайсцi палюбавацца на новы дом, сад, лес i поплаў, але ў яе не было нiводнай сукенкi: калi яна хварэла, яна вымушаная была пасылаць сына на базар, каб ён прадаў там што-небудзь з яе адзення i хоць трошкi зарабiў iм на хлеб. Таму цяпер у яе зусiм нiчога не засталося.

- Ах, дарагi сыночку, - сказала яна, - на жаль, я не магу ўстаць, бо ў мяне няма нi спаднiцы, нi сукенкi, нi чаравiкаў.

- Не бядуйце, мама, - адказаў Анры. - Зараз усё ў вас будзе.

Ён выняў з кiшэнi чартапалох i, панюхаўшы яго, пажадаў, каб у iх з мацi былi чаравiкi i добрая вопратка, а ў хаце - абрусы ды бялiзна на ложках.

У тую ж хвiлiну шафы ў доме напоўнiлiся адзеннем, мацi аказалася апранутаю ў чароўную сукенку з тонкае воўны, а Анры ў цудоўны блакiтны гарнiтур, i на нагах у iх узнiклi прыгожыя чаравiкi. Абое ажно ўскрыкнулi ад радасцi; мацi саскочыла з ложка i разам з Анры пайшла аглядаць новы дом. Тут усяго было ўдосталь: паўсюль стаяла прыгожая i зручная мэбля, на кухнi было шмат сама розных каструль, рондаляў i мiсаў. Але ўсе яны былi пустыя. Тады Анры панюхаў чартапалох i пажадаў, каб на стале быў накрыты добры абед. У тую ж хвiлiну перад iмi ўзнiклi гарачы суп, смажаная баранiна, запечаная курыца i вельмi смачная салата. Яны адразу селi за стол i пачалi есцi з такiм смакам, што, гледзячы на iх, любы здагадаўся б, што яны не елi цэлыя тры гады. У адзiн момант яны праглынулi i суп, i баранiну, i курыцу, а потым i ўсю салату. Наталiўшы голад, мацi з дапамогай Анры прыбрала са стала, яны памылi посуд i падмялi ў кухнi. А потым заслалi ложкi чыстай бялiзнай, якую знайшлi ў шафах, i ляглi спаць, падзякаваўшы Богу i Добрае феi. А мацi шчыра падзякавала яшчэ i свайму сыну Анры. Так яны i зажылi ў шчасцi ды згодзе: дзякуючы чартапалоху ў iх заўжды было ўсяго ўдосталь; дзякуючы кiпцюру яны нiколi не хварэлi i не старэлi, а палкай яны не карысталiся, бо ў сваiм доме iм было добра i нiкуды ў iншае месца зусiм не хацелася.

10
{"b":"74229","o":1}