Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Таму я i трымаў цябе за гэтымi мурамi, таму i не дазваляў нiкога ўбачыць, i не меў нават слуг. Сваёю ўладай я стараўся даць табе ўсё, што ты толькi хацела, i пачынаў ужо радавацца, што ўсё iдзе гэтак добра. Заставалася ўсяго тры тыднi да твайго дня нараджэння, пасля якога ты была б вызваленая ад страшных варажбiткiных чараў. Але ў той дзень ты спытала ў мяне пра ключык, пра якi раней, здавалася, i не думала. Я не здолеў схаваць ад цябе хвалявання, выклiканага тваёй просьбай, i гэта яшчэ больш распалiла тваю цiкаўнасць. Хоць ты ўдавала вясёлай i бесклапотнай, я ведаў твае сапраўдныя думкi. Таму - сама можаш уявiць, як мне было цяжка, калi каралева феяў загадала мне пакiнуць цябе адну i пакласцi ключык на вiдным месцы, каб твая спакуса была яўнай i тым больш заслужанай магчымая перамога! Я вымушаны быў пакiнуць ключык i даць табе за маёю адсутнасцю вырашаць самой.

Уявi, Разалi, як я пакутаваў усю тую гадзiну, пакуль ты была адна, а тым больш калi вярнуўся i ўбачыў тваю разгубленасць i пачырванелыя шчокi. Я адразу здагадаўся, што ты не здолела стрымацца. Да таго дня, пакуль табе не споўнiцца пятнаццаць гадоў, я вымушаны быў хаваць ад цябе праўду i нiчога не казаў пра тое, хто ты i якая небяспека цябе чакае. Iначай ты адразу апынулася б пад уладай Мярзотнае варажбiткi.

Але i цяпер, Разалi, не ўсё яшчэ страчана. Ты можаш выправiць сваю вiну, калi за астатнiя два тыднi да твайго дня нараджэння хоць раз устаiш перад варажбiткiнымi чарамi. У пятнаццаць год ты павiнна была заручыцца з Чароўным прынцам, якi таксама паходзiць з нашага роду. I гэтыя заручыны яшчэ магчымыя. Ах, мiлае маё дзiця, Разалi, пашкадуй, калi не мяне, то хоць бы саму сябе, набярыся мужнасцi i болей не саступай сваёй прыхамацi.

Разалi слухала бацьку, седзячы ў яго на каленях, i горка плакала, схаваўшы твар у далонях. Але апошнiя бацькавы словы яе крыху падбадзёрылi, яна ласкава пацалавала яго i сказала:

- Бацька, клянуся вам, я выпраўлю сваю вiну, але не пакiдайце мяне болей адну. Побач з вамi ў мяне на ўсё стане мужнасцi, а без вас, без вашага мудрага бацькоўскага догляду мне можа зноў яе не хапiць.

- Ах, Разалi, - адказаў бацька, - на жаль, я больш не магу заставацца з табою. Цяпер я ва ўладзе Мярзотнае варажбiткi, свайго лютага ворага, а яна нiколi не пагадзiцца, каб я быў побач з табой i засцерагаў цябе ад яе вераломства. Мне нават дзiўна, чаму дагэтуль яе не вiдаць: ёй, вядома ж, было б вельмi прыемна паглядзець на маю скруху.

- Я тут, каля ног тваёй любай дачкi, - прарэзлiва вiскнула шэрая Мыш i вылезла, каб яе мог убачыць няшчасны чарадзей. - Мне было вельмi забаўна паслухаць расказ пра пакуты, якiя я табе прычынiла. Таму я i не паказвалася, каб даць табе скончыць. А цяпер, развiтвайся са сваёй даражэнькаю Разалi, я забiраю тваю прыгажуню з сабой i забараняю табе iсцi за намi.

Сказаўшы гэта, яна ўхапiла сваiмi маленькiмi вострымi зубамi Разалi за прыпол i моцна пацягнула за сабой. Разалi пачала крычаць, чапляцца за бацьку, але яе цягнула нейкая неадольная сiла. Гаротны чарадзей не вытрымаў, схапiў палку i замахнуўся ёю на Мыш, але не паспеў ён апусцiць рукi, як Мыш дакранулася да яго сваёй маленькаю лапкай, i ён знерухомеў, зрабiўшыся падобным да статуi. Разалi абедзвюма рукамi абхапiла бацькавы каленi i закрычала, молячы Мыш злiтавацца, але тая засмяялася сваiм страшным прарэзлiвым смехам i адказала:

- Хадзем, хадзем, мая любачка, табе яшчэ двойчы трэба паддацца тваёй мiлай цiкаўнасцi, але гэта будзе не тут. За два тыднi, што засталiся да твайго дня нараджэння, мы з табой шмат дзе пабываем i я шмат чаго табе пакажу.

Мыш яшчэ мацней пацягнула дзяўчынку, але Разалi з такою сiлай абхапiла бацьку рукамi, што нават нягледзячы на ўсю незвычайную варажбiткiну моц, тая не магла яе ададраць. Тады Мыш раптам рэзка i пранiзлiва вiскнула, i ўвесь дом разам патануў у агнi. Разалi не разгубiлася, яна здолела зразумець, што калi застанецца тут i згарыць разам з домам, то астатняя надзея ўратаваць бацьку будзе страчаная i ён назаўжды застанецца рабом Мярзотнае варажбiткi. А калi яна захавае сабе жыццё, то захавае i магчымасць уратаваць бацьку.

- Бывай, мой бацька! - закрычала яна. - Мы абавязкова ўбачымся праз два тыднi. Вашая Разалi прынесла вам многа гора, але яна вас i ўратуе, абяцаю вам!

I яна кiнулася ўпрочкi, ратуючыся ад полымя. Яна доўга бегла, сама не ведаючы куды, потым яшчэ некалькi гадзiн iшла i нарэшце, не адчуваючы ног ад стомы i паўжывая ад голаду, адважылася падысцi да нейкай добрай кабеты, якая сядзела на парозе сваёй хаты.

- Панi, - сказала ёй Разалi, - цi не дасцё вы мне прытулак? Я памiраю ад стомы i голаду, дазвольце ж мне ўвайсцi ў вашу хату i правесцi ў вас ноч.

- Але чаму такая прыгожая дзяўчынка цягаецца адна па дарогах? - здзiвiлася кабета. - I што гэта з вамi за брыдкая мыш з такой страшнаю пысай?

Разалi азiрнулася i ўбачыла побач шэрую Мыш, якая глядзела на яе кплiвым позiркам.

Яна хацела яе прагнаць, але Мыш упарта стаяла на месцы. Убачыўшы iх барацьбу, добрая кабета закiвала галавой i сказала:

- Iдзiце, красуня, сваёй дарогай. Я не даю ў сябе прытулку нячыстай сiле i тым, хто з ёй знаецца.

Заплакаўшы, Разалi пайшла далей, i паўсюль, дзе яна нi пыталася, яе не хацелi пускаць, таму што ўсе бачылi брыдкую Мыш, якая нi на крок не адставала ад дзяўчынкi. Неўзабаве Разалi ўвайшла ў дрымучы лес. На шчасце, яна знайшла ў iм чыстую ручаiну i змагла наталiць смагу. У лесе было шмат арэхаў i ягад; i вось, папiўшы ды паеўшы, Разалi села, прытулiлася да дрэва i з трывогай пачала думаць пра свайго бацьку ды пра тое, што ёй рабiць i як быць адной усе гэтыя два тыднi. Думаючы так, Разалi заплюшчыла вочы, каб не бачыць праклятае шэрае Мышы; стома i прыцемак пачалi наганяць на яе дрымоту, i яна заснула глыбокiм сном.

Глава 3

Чароўны прынц

Пакуль Разалi спала, у лес на паляванне з паходнямi прыехаў Чароўны прынц. Ён сабакамi атутаваў аленя, i той, перапалоханы, схаваўся ў хмызах непадалёк ад месца, дзе спала Разалi. Сабачая зграя i мыслiўцы былi ўжо зусiм блiзка, яны гатовыя былi накiнуцца на аленя, калi сабакi раптам перасталi брахаць i цiха скупiлiся вакол Разалi. Прынц сышоў з каня, каб пусцiць сабак зноў у пагоню. Але якое ж было яго здзiўленне, калi ён убачыў прыгожую маладую дзяўчыну, якая спакойна спала пасярод дрымучага леса! Ён паглядзеў вакол, але нiкога болей не ўбачыў: яна была адна, зусiм адна, пазабытая ўсiмi. Разгледзеўшы яе ўважлiвей, прынц заўважыў на яе твары сляды ад слёз, якiя i цяпер кацiлiся з яе заплюшчаных вачэй. На Разалi была простая сукенка, але пашыта яна была з вельмi дарагога ядвабу, яе прыгожыя белыя ручкi, тонкiя пальчыкi, акуратныя каштанавыя валасы, дбайна зашпiленыя залатым грабянцом, зграбныя чаравiчкi i нiзка дробных перлаў на шыi - усё сведчыла пра яе высокае паходжанне.

3
{"b":"74229","o":1}