Литмир - Электронная Библиотека

– Калі пяройдзем у новы дом, то старую хату тады я скіну з месца. Трухліна пойдзе на апал, а здаровае згодзіцца ў гаспадарцы.

Ужо нават i тое, што ён калі-небудзь будзе пілаваць на дровы трухліну са старой хаты, радавала яго. За тыя гады i ўвесь той пасёлачак выбудаваўся i перабудаваўся. Хто жыў у старой хаце, той i новую пакрысе складаў, бервяно да бервяна, дзе-небудзь у іншым месцы, дзе з задаваленнем спынілася яго вока. А хто жыў ужо ў новай хаце, той старую не пільнаваў, а скідаў яе. Такім парадкам гэты пасёлак так i астаўся шасціхатным. Можна было выбрацца на большую разлегласць, дзе ў полі вырасла новая вялікая вёска, але ў гэтым кутку людзі любілі сваё абжытае месца i з яго не зрушыліся. Антон Крамарэвіч быў шчаслівы яшчэ i тым, што нарэшце не жыў ужо на службе, як да часу, а асядаў на родным месцы. Гэта быў чалавек ціхмяны, добры i справядлівы. Пра яго казалі, што ён казюлі без патрэбы не раздушыць. Але, які б ён ні быў, раптам прыйшоў такі час, што ўвесь яго клопат пайшоў намарна i нічога ў яго не асталося больш, як паспрабаваць вярнуцца да той старой мары. Але горыч сціснула яму душу, i мара ператварылася ў здзеклівае непатрэбства i атрутную прыкрасць. Сам Антон Крамарэвіч лічыў, што ўсё здарылася праз Аляксандра Сушчэвіча, новага тут тады чалавека. Можа i так, а можа тут мела месца тая акалічнасць, што гэты Аляксандр Сушчэвіч, як мог i як зносіла яго не вельмі вострая галава, стараўся ўтрымацца на той паверхні, на якую выбіла яго бурнае ў тыя гады жыццё. іншая справа, што гэта магло дрэнна прычыніцца да Антона Крамарэвіча. Як бы там ні было, трэба не спускаць з увагі самога факта.

Аляксандр Сушчэвіч быў у тых жа гадах, што i Антон Крамарэвіч, i людзі яны былі вельмі непадобныя адзін на аднаго. Антон Крамарэвіч мог быць залічаны ў натуры дробныя, якія могуць убачыць у растрэсенай на дарозе саломе вялікую страту. Ён выгадаваўся на хлебе, з якога ашчаджалася кожная крошка. Так складалася гэтая натура. Дык трэба ведаць, што калі ў яго выпрацавалася патрэба ставіць не абы-якую хату, а дбаць у ёй аб святле, прасторы i выгодзе, то гэта быў бунт i рух у вялікае. Тут не трэба забываць жыватворчага подыху тых год, калі «хто быў нічым, той рабіўся ўсім».

Аляксандр Сушчэвіч быў родам з дробнага горада i з сям'i, у якой нязменна верылі, што найглыбейшая iснасць усяго свету ў тым, як каму пашанцуе, а на гэтым i трымаецца чалавечае жыццё. Сушчэвічаў бацька, не ў прыклад Крамарэвічаваму бацьку, зямлі не араў i хлеба не сеяў, а пускаў у ход дробную капейчыну i хацеў пакласці ў кішэню дзве. Ён сцен не ўзводзіў i дарог не масціў, а прыгандлёўваў на ўсім, што льга было купіць i перапрадаць. Гэта быў дробны перакупшчык. Аляксандрава маладосць прыпала на час першых год рэвалюцыi, i вялікая плынь пацягла i яго ў сваю імклівасць. Ён, як i кожны ў той час, лёгка мог вызначыць сабе сваю дарогу. Не ў прыклад тысячам маладых людзей, ён ні ў якія рабфакі i тэхнікумы не падаваўся, а з лёгкай душой далучыўся да тых, што адразу хацелі ступіць на прывабную сцежку. Ён быў хлопец увішны i дбайны. Ён не захацеў падначальвацца, а каб самому ўзначальваць. Аж сам бацька дзівіўся: як ён, такі малады, здолеў астацца за начальніка валасной міліцыi.

Спачатку ён канфiскаваў самагонныя апараты, а пасля налажыўся да гладкіх прамоваў. Месяц за месяцам i год за годам, i ён засвоiў некаторыя думкі вялікіх людзей, але браў іх не з правага, а з левага боку. Аднак жа праз год пяць сваёй службовай дзейнасці мог, вокам не міргнуўшы, лезці ў спрэчкі, i нават філасофскія, з кім толькі хочаш. «Усё цячэ, усё зменьваецца». Ён i гэта ўзяў сабе ў галаву. I раз як адзін з дзеячаў раённай улады выступіў на выпускным вечары ў сярэдняй школе. Невядома, з якой прычыны, але ён тут доўга гаварыў аб тым, што ў адной кнізе, якую ён чытаў, сказана, што нехта праз дзесяць год вярнуўся ў родныя мясціны i застаў усё там на ранейшым месцы i без змен.

– Вучыцеся вы, – сказаў ён выпускной з дзесятага класа моладзі, бачыць праўду жыцця дыялектычна, а не так, як гэты аўтар, у якога нішто нідзе не цячэ i не зменьваецца, а астаецца нават i праз дзесяць год на тым жа самым месцы.

Хоць з яго прамовы ніхто нічога i не зразумеў, аднак жа ўсё гэта мела дачыненне да яго далейшага жыцця. Пасля ўрачыстай часткі былі танцы, i ён здорава танцаваў, i асабліва з нейкай ціхай i высокай дзяўчынай. Яна была дачка тутэйшага аптэкара, i гора яе было ў тым, што яна нямала да гэтага часу прачытала кніг, але да поўнай меры не дачыталася, а толькі ўзварушыла свае думкі. Такім чынам яна адразу скеміла, што Сушчэвіч гаворыць у плане філасофii, а што i як – да гэтага яна ў той вечар не магла яшчэ дайсці. Гэтая добрая сэрцам i спакойная душой дзяўчына з таго вечара пачала думаць аб ім як аб чалавеку, вартым таго, каб ім захапляцца. Простае сэрца! Святая наiўнасць! Яна думала, што пасля дзесяцігодкі паедзе вучыцца далей, але імкненні яе маладосці раздвоіліся. Што ж да яго, то ён таксама з таго вечара не выпускаў яе з сваіх думак. Трэба сказаць проста i адразу: увосень таго ж года яна стала яго жонкай, а роўна праз год радзіўся Коля, які цяпер, маючы надзею, што гэта яго бацька таемна з'явіўся i жыве ў крайняй ад лесу старой трохаконнай хаце, шыбаваў сюды, азіраючыся i дробна перабіраючы нагамі.

Конец ознакомительного фрагмента.

Текст предоставлен ООО «ЛитРес».

Прочитайте эту книгу целиком, купив полную легальную версию на ЛитРес.

Безопасно оплатить книгу можно банковской картой Visa, MasterCard, Maestro, со счета мобильного телефона, с платежного терминала, в салоне МТС или Связной, через PayPal, WebMoney, Яндекс.Деньги, QIWI Кошелек, бонусными картами или другим удобным Вам способом.

3
{"b":"74063","o":1}