IV
Той нядоўгi час, калi Надзя жыла ў Раманавых бацькоў, пакiнуў у яго душы такi горкi i балючы асадак, што пра яго не хацелася ўспамiнаць. Першыя днi маладая была ласкавая i прыветная. Не Раманавы бацькi дагаджалi ёй, а яна iм. А потым Надзю нiбы падмянiлi. То яна цэлыя днi нi з кiм не гаварыла, то адмаўлялася есцi, то плакала без прычыны. "Што з ёй?" - думаў Раман. Адказаць яму магла б толькi мацi, але яна маўчала. Справа ў тым, што Калiнiха вельмi часта наведвала дачку. Яны iшлi ў другi пакой i там падоўгу шапталiся. Мужчыны былi на рабоце i нiчога не ведалi. Мацi хацела сказаць пра гэта бацьку, але не адважвалася. Раман можа пакрыўдзiцца. Навошта падымаць лiшнi вэрхал у хаце? Што за бяда, калi мацi прыйдзе да дачкi? Аднак сэрца чула, што робiцца нешта нячыстае, нядобрае.
Маладая ўжо наседзелася дома, i ёй пара было выходзiць на работу. Аднойчы ў нядзелю, калi яны засталiся адны дома, Раман хацеў пагутарыць аб гэтым з Надзяй. Але яна апярэдзiла яго.
- Раман, - сказала яна, - ты ўсё жыццё будзеш працаваць у калгасе?
- А чаму не? - здзiвiўся Раман. - Я хацеў сказаць, галубка, што i табе пара iсцi на работу.
- У калгас?
- А куды ж больш?
Надзя пазелянела. Такою яе Раман нiколi не бачыў. Дзе падзелiся Надзiны ласкавасць, мiлы позiрк? Вочы яе затуманiлiся, здавалася, што яна нiчога не бачыць i не разумее.
- Надзя, што з табой? - спалохана запытаўся ён.
Надзя нiбы не чула яго запытання.
- У калгас? Мо даяркай цi цялятнiцай? А можа ў свiнарнiк загонiш? Ты для гэтага мяне замуж браў? Каб я ў гнаi капалася? Хто я табе?! Жонка цi служанка? У хаце адна, хоць разарвiся... Старая няўклюда капусты зварыць не ўмее.
- Што ты кажаш? Гэта мацi мая няўклюда?
- Твая! Твая! Твая мацi!..
- Замаўчы! - крыкнуў Раман i сцiснуў кулакi.
- Ха-ха-ха! - зарагатала раптам Надзя, потым кiнулася на ложак i залiлася слязьмi. Раман падышоў да яе, пачаў суцяшаць, цалаваць мокры ад слёз твар, а яна са злосцю адпiхала яго ад сябе i крычала ў падушку:
- Iдзi! Iдзi! Iдзi!
I гэтае "iдзi" гучала злавесна. "Яна хворая, - мiльганула думка ў Рамана. - Я яе пакрыўдзiў..." Але другая думка аспрэчвала першую: "Гэта яна мяне крыўдзiць без жалю".
Назаўтра Надзя ўвесь дзень не ўставала з ложка, а Раман хадзiў як сам не свой. Скончылася ўсё гэта неяк раптоўна i дзiка. Аднойчы Раман не вытрымаў, падняў руку на жонку. На гэты раз яна не смяялася i не плакала.
- Я цяжарная, - сказала яна, пераможна зiрнуўшы на мужа i з такой злосцю блiснуўшы вачыма, што ён аж здрыгануўся. - Я цяжарная, i табе не будзе жыцця, - яна крутнулася i пайшла з хаты. Раман хацеў бегчы за ёй, але бацька не пусцiў яго.
- Вернецца! - сказаў ён.
Але Надзя не вярнулася.
Думкi пра Надзю, пра тое, што яна цяжарная, не давалi Раману спакою. Ён перабiраў у памяцi ўсе яе ўчынкi за апошнi час, i цяпер яны здавалiся яму не такiмi ўжо дзiкiмi. Ён знаходзiў iм апраўданне. Цяжарная! Ёй нездаровiцца, таму i злуецца. Яе трэба берагчы...
Раман не мог уявiць, што яго дзiця народзiцца i застанецца без бацькi, што ён нават не будзе мець магчымасцi i права зiрнуць на яго, пакуль яно не падрасце. Непакоiла Рамана i другое. Хiба Надзя не зможа выйсцi замуж? Маладая i прыгожая жанчына. Знойдзецца чалавек! Але той чалавек не будзе любiць яго дзiцяцi. I яго сын цi дачка пры жывым бацьку - сiрата. Горш чым сiрата...
Сэрца яго сцiскалася, калi ён уяўляў, што Надзю будзе цалаваць i абдымаць нехта другi.
I ён здаўся.
V
Калiнiха з дачкой дамаглiся таго, чаго жадалi. Яны сустрэлi Рамана стрымана, але радасна. Раман i сам быў рады, хоць i разумеў, што зрабiў нешта памылковае, не тое, што трэба.
У першыя днi ён адчуў сябе шчаслiвым. Цешча i жонка чым маглi дагаджалi яму. Прыемна было пасля работы ўключыць радыё, завесцi патэфон або проста легчы па канапу i пачытаць кнiжку. Раман працаваў цесляром. Яго брыгада будавала кароўнiк у другой вёсцы, таму на полудзень дадому ён не прыходзiў i, што рабiлася ў хаце без яго, не ведаў.
Прайшоў тыдзень. Аднойчы ў нядзелю Раман, як звычайна, прачнуўся рана. Была другая палова лютага. Ночы карацелi. Калi раман выйшаў на двор, на яго дыхнула наблiжэннем вясны. Ранак стаяў марозны, празрысты. На зеленавата-сiнiм небе ружавела зара. Са страхi звiслi кароценькiя ледзяшы. Раман зiрнуў на iх з замiлаваннем, яму захацелася, як у маленстве, збiць хоць адзiн i патрымаць у руках. Ён усмiхнуўся, саскочыў з ганка, схапiў кол i збiў. Яны пасыпалiся долу з ледзь чутным звонам. Ён падняў самы вялiкi. Холад апёк руку, яна аж прыстала да празрыстага ледзячка. I ледзячок, i празрыстая ранiца ўлiлi ў Рамана неймаверную радасць i бадзёрасць. Ён увайшоў у хату i ўключыў радыё. Грымнулi гукi гiмна, i ў гэты момант пачуўся злы голас цешчы:
- Усхадзiўся! Бач ты яго!
Голас быў не толькi злы. У iм чулася пагарда i знявага. I Раманава радасць i бадзёрасць знiклi.
- Рама-ан! - гукнула Надзя. - Рамано-ок, iдзi сюды.
Ён пайшоў нехаця.
- Сядзь, - горача прашаптала Надзя. Калi ён сеў, яна адкiнула коўдру, абхапiла рукамi яго шыю i гарачымi вуснамi ўпiлася ў яго вусны.
I Раман забыў пра ўсё на свеце.
Пасля снедання ён сабраўся наведацца да сваiх, але цешча папрасiла:
- Схадзi, Раман, параўнуй у хляве гной. Карова на цяленнi, яшчэ завалiцца.
Гэта было сказана не тонам загаду, а так проста i звычайна, як раней гаварыў бацька, i ў нейкай меры сцерла непрыемны асадак.
Першы раз Раман адчынiў Калiнiшын хлеў. На яго дыхнула цяплом i пахам перапрэлага гною. Хлеў быў раздзелены на некалькi частак. У адной стаяла вялiзная пярэстая карова. У другой ляжалi два здаравенныя парсюкi. У трэцяй пяць авечак. Карова была гладкая, парсюкi сытыя, на авечках блiшчала воўна... "Чым яна iх кормiць?" - падумаў Раман пра цешчу. Ён управiўся ў хляве i вырашыў зiрнуць у пуню. Колькi там сена? Але на дзвярах пунi вiсеў замок. "Значыць, не давяраюць". Ён пайшоў у хату i ў сенях пачуў голас Надзi. Яна была ў стопцы i клiкала яго. Раман зайшоў. Надзя стаяла, схiлiўшыся над кублам.
- Зiрнi, колькi ў нас сала.
I Раман зiрнуў. Кубел быў поўны.
- Гэты яшчэ не пачаты. А з гэтага бяром. - Яна адчынiла другi кубел. Бачыш, яшчэ i паловы не з'елi.
"У гэтай хаце з голаду не памрэш", - падумаў Раман.
- А вунь, бачыш? Каўбасы i кумпякi! - яна паказала ўгору.
Ён задраў галаву i пачаў лiчыць, колькi там гэтых каўбас i кумпякоў. Так i не падлiчыў, зблытаўся.