Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Чернышевич Аркадий

Калiнiшын зяць (на белорусском языке)

Аркадзь Чарнышэвiч

Калiнiшын зяць

I

Раман Хмыль прачнуўся за поўнач у бацькавай хаце. Прыснiлася нешта страшнае, незразумелае. Трызненне нейкае. Раман адчуў, што лоб яго аблiўся халодным потам, а сэрца гатова выскачыць з грудзей. Што гэта было? Раман напружыў памяць. Ага! Ён апынуўся на нейкай скале, высачэзнай i гладкай. Памкнуўся злезцi, але калi зiрнуў унiз, то ўбачыў бездань. Ад жаху Раман заплюшчыў вочы, i ў гэты момант нехта штурхнуў яго ў плечы. Ён азiрнуўся i ўбачыў невялiчкую дзяўчынку з кiрпатым носiкам i блiскучымi вочкамi. Ён пазнаў яе. Яна стаяла i смяялася.

Калi гэты сон паўстаў у памяцi, Рамана зноў ахапiў жах. Ён паспрабаваў крануцца i ледзь не паляцеў з ложка: малодшы брат сапхнуў яго на самы край. Раман сеў i ўспомнiў усё, што адбылося ўчора вечарам памiж iм, жонкай i цешчай.

Раман ажанiўся з Надзяй некалькi месяцаў назад. Надзя была стройная i прыгожая дзяўчына. Ён тады толькi што прыйшоў з армii. Убачыў яе i адразу закахаўся. Неўзабаве справiлi вяселле. Думаў тады Раман, што злавiў шчасце, што яму пашанцавала ў жыццi. Надзя скончыла школу, а далей вучыцца не паступiла. А каб паступiла, то хiба выйшла б яна за яго замуж! Не ведаў Раман, што Надзя i не думала куды-небудзь паступаць. У яе i яе мацi былi зусiм iншыя меркаваннi.

I вось ён зноў у бацькавай хаце. Нi халасцяк, нi жанаты. I ўспомнiлася ўсё да самых драбнiц.

II

Надзiну мацi Марылю ў наваколлi звалi Калiнiхай. Па мужу. Ён, праўда, зваўся не Калiна, а Болесь. Да трыццаць дзевятага года служыў панскiм леснiком i ганарыўся сваiм шляхецтвам i каталiцтвам. Калiнай яго дражнiлi за тое, што ён злавiў у лесе вясковага пастушка, якi зразаў на пугаўё калiну. "Паночак, дык ён жа калiну зрэзаў, - скардзiўся Болесь пану. - Цэлае дрэва зглумiў, гад". Пастушка аштрафавалi, хоць тое "дрэва" было таўшчынёю ў палец.

Загiнуў Калiна ў часе Айчыннай вайны ад партызанскай кулi. Тады Надзi iшоў пяты год. Калiнiха сама выгадавала дзвюх дачок. Хутар яе быў добры. Пры фашысцкiх акупантах трымала парабкаў i карысталася немалымi льготамi як удава палiцая. Парабкаў выбiрала маладых, дужых, каб не толькi днём, але i ноччу нечага былi варты, аднак трымала iх у руках, i нi адзiн не стаў яе мужам. Дзiвiлiся людзi: дробная, непрыгожая, няўдалая жанчына, пстрычкай забiць можна, а ў жыццi - люты драпежнiк. Калi ўчэпiцца ў што-небудзь, то не толькi рукамi, але i зубамi ўвап'ецца, як клешч, не адарвеш.

Так жыла Калiнiха i гора не ведала, пакуль не прыйшоў канец фашысцкай акупацыi. Мiнулася панства. Аднак яна не здалася. Абiвала парогi ўстаноў, плакала, галасiла, скардзiлася на сваё горкае ўдоўства, на мужа-нягоднiка, якi не ўмеў быць чалавекам. Здзекаваўся з яе, пакуль быў жывы, i праз што, праз якое яна павiнна пакутаваць. А ў яе ж малыя дзецi. Яна так уелася ў косцi раённаму начальству, што яе нарэшце пакiнулi ў спакоi, толькi хутар значна абрэзалi.

Калi арганiзаваўся калгас, яна ўступiла ў яго апошняй. Ад хутара засталася толькi хата з добрым садам. На работу яна выходзiла кожны дзень i нiколi не вярталася дамоў з пустымi рукамi. Былi ў яе i iншыя заробкi. Начныя. Вакол хутара калгасныя палi: збажына, бульба, канюшына. Калiнiха не грэбавала нiчым. Брала не памногу. Навучыла i дачок. I трэба сказаць, што яны так налаўчылiся ў гэтай справе, што не мiналi нiчога, што трапляла пад рукi. Асаблiва малодшая, Надзя. Гэта было такое пранырлiвае дзяўчо, што магло з-пад курыцы яйкi ўкрасцi. I рабiла гэта так хораша i лоўка, што нiхто не мог i падумаць пра яе дрэннага. Прыгожая, сцiплая, з мiлымi вочкамi, якiя заўсёды глядзелi пад ногi, яна нагадвала ляльку. "Не, гэта не Калiнiшына дачка", - думаў кожны, хто яе бачыў.

Такiм чынам, у Калiнiхi хапала i хлеба i да хлеба. Але гэтага ёй было мала. Калiнiха любiла грошы i гандаль. Крадзеным збожжам выкормлiвала ў год некалькi парсюкоў i прадавала iх там, дзе было больш выгадна. Ёй былi вядомы ўсе рынкi ў Менску i Вiльне. Цяжка было адной, i яна знайшла памочнiкаў: мясцовага п'янiцу Мiкiту Бычка, якi пад чаркай прадаў бы не толькi парсюка, але i родную мацi, каб яна была жывая, i леснiка Стася Парахню - сябра нябожчыка Калiны.

Самагонку Калiнiха гнала даўно, толькi не памногу. Калi падраслi дочкi, яна стала гнаць болей. Да выпiўкi, вядома, патрэбна i закуска, а яе ў Калiнiхi хапала. Такiм чынам на Калiнiшыным хутары адчынiлася карчма, толькi нелегальная. Тут збiралiся п'янiцы, гультаi i зладзеi - усе тыя, каму грошы дастаюцца лёгка i несумленна.

Усё гэта ведаў Раман яшчэ да армii. Перад самым яго адыходам на службу Калiнiха аддала замуж старэйшую дачку. Надзя тады яшчэ хадзiла ў школу.

III

Калi Раман сказаў бацьку, што хоча ажанiцца з Надзяй, той доўга маўчаў.

- З Калiнiшынай дачкой?.. - спытаў ён нарэшце.

- А пры чым тут Надзя? - узарваўся Раман, адразу зразумеўшы, што бацька не адабрае яго выбару. - Яна не такая!

- А ты добра прыгледзься.

- Я прыгледзеўся ўжо! Два месяцы з ёй хаджу, калi хочаце ведаць.

- Ведаю! Два месяцы мала.

- Я ў хаце ў iх бываю.

- Ну i што?

- Што? Добрая сям'я, вось што. Людзi языкамi прывыклi малоць: Калiнiха сякая, Калiнiха такая... А яна таксама нямала перажыла.

Бацька ўсмiхнуўся:

- Перажыла, кажаш?

- Так... I калi хочаце ведаць, я кахаю Надзю, i мне лепшай жонкi не трэба.

- Мабыць, i чаркай частавалi, - сказаў нiбы мiж iншым бацька, i гэта апякло Рамана. Апякло таму, што i сапраўды частавалi, i не адзiн раз. Ён так прывык да гэтага, што iшоў да Надзi i заўсёды спадзяваўся, што там вып'е.

- Што ж, можа, i сапраўды яна не такая, - прамовiў бацька. - Бывае.

Цяжэй было ўгаварыць мацi.

- Да Калiнiхi ў прымакi iдзеш, сынок? - з жалем запытала яна.

- Чаму ў прымакi? Я Надзю да сябе бяру.

- А я чула, што Калiнiха да Надзi прымака хоча ўзяць, каб з дачкой i зяцем да смерцi дажыць...

- Языкамi людзi мелюць.

- Я не ад людзей, а ад яе самой чула, яшчэ калi ты ў армii быў.

Гэта крыху ўразiла Рамана. Тады ж Надзя ў школе вучылася. Няўжо Калiнiха ў той час думала пра Надзiна замужжа? А сама Надзя? Яна ж хацела вучыцца далей. Глупства ўсё гэта. Раман так i адказаў мацi.

- Глупства. Калiнiха пажартавала.

- Не ведаю, сынок... Але наўрад цi ўжывёмся мы з ёю...

- Вось як! А хто не ўжывецца, вы цi яна?

- Я ёй, мабыць, не дагаджу.

- Ёй не трэба дагаджаць!

Доўга цягнулiся такiя размовы, нарэшце адгулялi вяселле, i Надзя перайшла да Рамана.

1
{"b":"73927","o":1}