Литмир - Электронная Библиотека
A
A

— Нашто цябе благі лёс прывёў тады да мяне, калі я была малая… Божа, якая пакута!

Кастусь змрочна запытаў:

— Дык дзе ж бацька?

— Не ведаю, дзе бацька. Знік. Я яшчэ раз вярнулася была ў хату. Пуста. Павукі адбітае ад дошчак акно заплятаюць.

Як прайшоў дзень і сцямнела, гэтае месца зноў стала пустое. Ні голасу, ні шоргату. Стала поўная цішыня. І ветру не было, але лісце з бярозы падала ўсю ноч, так што зранку ўся зямля пад бярозай была выслана жаўталісцем. Але не было каму цешыцца хараством гэтага малюнка. Тут не было ні душы. Птушкі, што збіраліся зімаваць у лесе, смела садзіліся на паваленае дрэва, і за цэлы дзень ніхто ні разу не спудзіў іх.

III

І тут было скрыжаванне дарог, але малое і своеасаблівае. Хто ведае, чым падтрымліваецца існаванне некаторых глухіх дарог, па якіх мала хто калі ездзіць і якіх ніколі ніхто не правіць і не глядзіць. Але вельмі можа быць, што такая дарога больш бачыла на сабе чалавечага ўтрапення, чым біты шлях. На тым шляху, калі ўпадзе чалавек, яго неўзабаве падымуць. Тут жа ён можа заходзіцца тыднямі ў адзіноце. Малое скрыжаванне было на самым узлессі, кіламетраў за чатыры ад паваленага дрэва і вялікай бярозы. Вялікі шлях, што праходзіў праз гэты лес і далёка ад лесу на паўночны захад, на Вялікім скрыжаванні скрыжоўваўся з Маскоўска-Варшаўскай шашою, тут, за лесам, перасякаў вельмі вузкую, на выгляд толькі палявую дарогу, з пяском, ператоўчаным конскімі капытамі на пыл. Перакрыжаванне тут было простым кутам. Калі вялікі грунтавы шлях ішоў з усходняга поўдня на заходнюю поўнач, то скрыжаваная тут з ім дарога злучала заходні поўдзень з поўднем усходнім. Гэтым апошнім кірункам дарога прыводзіла да Маскоўска-Варшаўскай шашы даволі-такі далёка ад Вялікага скрыжавання. Ад лесу ці ад малога скрыжавання да самай шашы дарога ішла паўз невялікія лясы і скрозь узгорыстым полем і спрэс усюды паўз густыя паселішчы. Так што зранку тут на гэтай дарозе льга было часта пачуць пах дыму з хатніх комінаў. Першы ж кірунак вёў дарогу найбольш чыстым полем, з чыстымі ж узгоркамі. Мясцовасць тут была вышэйшая, узгорыстасць гусцейшая, і дарога не заўсёды ўздымалася ўгару, а давала кругу. Тут яна абвакольвала вядомую на ўсю ўсходнюю Случчыну Малібажкаву гару паміж Заняведамскімі і Вераб’ёўскімі лясамі і рэзалася проста ў некалькі шырозных тарфяных балот. Кіламетраў за сорак з гэтага боку да малога скрыжавання пры гэтай дарозе ляжаў у полі вялікі, як гара, камень дзіўнай формы і не менш дзіўнымі на ім слядамі мінуўшчыны. Камень меў трохкутную форму, як бы палавіну куба, разрэзанага напалам ад аднаго рога да другога і ўбітага ў зямлю адным рабром сваім. Так што было падобна, што гэта каменны зуб увязіўся ў зямлю, а здалёк здавалася, што гэта нешта нейкае стаіць на адной назе. Камень гэтакі высокі, што пад ім мог стаяць чалавек, крыху прыгнуўшыся, і мог такім парадкам закрыцца зверху і ад бомбы і ад дажджу. Верх каменя быў пляскаты і бадай што правільны чатырохкутнік, быццам дошка стала. Нага гэтага каменя абрасла імхом, верх жа аставаўся зусім чыстым. Узлезці на верх гэтага каменя было вельмі цяжка. Малыя пастушкі, найпярвейшыя лазуны, станавіліся пры камені адзін на аднаго і верхняга падсаджвалі, ды і то мала каторы мог здзержацца, вісючы на руках, і не ўпасці на зямлю. На сподняй старане каменя, пад якой чалавек мог хавацца ад якой-небудзь прыгоды, немаведама кім і калі, быў выразаны рысунак тонкімі і неглыбокімі рысамі, але вельмі выразны. Рысунак не быў удалы і тым больш не быў нават блізак да мастацтва. Гэта была вельмі недакладная зарысоўка, і калі добра і доўга прыглядацца да яе, то тады рысунак праступаў выразней: з напятага добра лука страла прыцэлена ў галаву аднарогага быка. Ці гэты рысунак нарадзіўся сваім замыслам у быце тае самае асобы, што пакінула яго тут, ці гэта была простая стылізацыя, цяжка сказаць. У кожным разе рысунак быў старадаўні, гэта відно было з таго, што некаторыя рысы яго даволі-такі прыцерліся. Гэты камень называўся ў гэтых мясцовасцях «сухі дзюб», і не толькі ў гэтых мясцовасцях. Вельмі далёка адтуль, кіламетраў, напэўна, не менш як семдзесят, у Леньках пад самым Грэскам, я чуў, як жанчына сказала свайму малому, які нешта насваволіў: «Ідзі з разгону вытніся лбом аб сухі дзюб». Паўз гэты «сухі дзюб» дарога ідзе далей роўнай лініяй да свае завіліны, а там, раздвоеная на вілы, адным рогам ідзе на тую самую «Перабродскую Злыбяду», дзе, як казаў Сымону Ракуцьку Тамаш, немцы зрабілі канцэнтрацыйны лагер. А другім рогам дарога даходзіць да вялікай сялібы, якая займае шырокі абшар у чыстым полі. Ад усяго тут павявае старадаўшчынай. Да рэвалюцыі гэта быў маёнтак тутэйшага зямельнага магната. Двухпавярховы дом стаяў белым паўкругам, у якім расло больш як паўсотні старых дрэў усялякіх парод. Два сады яшчэ захаваліся паабапал дома. Яблыні і ігрушы ўжо дупляваліся, але яшчэ садавіна адцягвала ўніз іх голле. Незаўважна стары сад пераходзіў у зону маладых дрэўцаў. Гэты малады сад быў пасаджан год сем таму і займаў гектар не менш дваццаці. На зялёным паплаўцы за гэтым садам стаялі будынкі дробнага з выгляду заводзіка, віннага браварца, дзе выраблялася яблычнае віно і гатавалася павідла. За поплавам былі дзве вуліцы новых хат і дамкоў з жоўтымі шуфлядамі і шалёўкай вокан, з кветнікамі ад вуліцы і вяндлярнямі на агародах. З усяго было відно, што тут будоўля дайшла да свайго завяршэння апошнімі гадамі. У гэты час ранняй восені, калі непадалёку ад малога скрыжавання бяроза сыпала на лясную дарогу жоўтае лісце, тут, на поплаве, каля віннага завода хадзіла на пашы чарада кароў, у кожнай з якіх вымя адвісала ніжэй каленных суставаў. У двухпавярховым доме пахла фарбаю і мытаю падлогаю. Вокны былі адчынены, і пад імі ляжалі на двары зграможджаныя разам абы-як школьныя парты і сталы, шафы і чорныя дошкі для пісання мелам. Усё гэта было перасыпана і перашпаклёвана кнігамі, некалькі разоў перамыта дажджамі і бесперапынна прысыпалася пылам з навакольнага поля. Было яшчэ невялікае дапаўненне да агульнага малюнка: некаторыя хаты стаялі з павыбіванымі вокнамі і знятымі з крукоў сенечнымі дзвярыма, а паміж дрэў перад двухпавярховым домам пахаджваў нямецкі паліцай, відаць, нейкі тутэйшы хамула з падстрыжанымі вусамі. З другой стараны дома стаялі грузавікі і лёгкая машына, і два нямецкія салдаты мылі яе. Невядома, які гэта быў дзень пасля таго, як Гертруду і старога Густава малады Густаў спаткаў на Баранавіцкім вакзале, але гэта было праз нядоўгі час пасля таго. У адным з пакояў двухпавярховага дома сядзела за сталом Гертруда і цераз стол насупроць яе той сярэдні афіцэр, што камандаваў салдатамі, калі яны ахоўвалі маладзейшага Густава ў Баранавічах і па дарозе і абстрэльвалі лес паабапал дарогі. Вельмі можа быць, што яны заседзеліся пасля абеду, бо на стале былі ласункі, а час хіліўся на вечар.

— Я стаў за гэты час вашым блізкім чалавекам. І мне яшчэ доўга прыйдзецца ахоўваць вас, — сказаў афіцэр. — Тут шчаслівая выпадковасць. Недалёка адгэтуль канцэнтрацыйны лагер, каля якога стаіць вялікая часць канвою і варты. Я са сваімі салдатамі належу да гэтай часці. Так што адначасна мы ахоўваем і вас і лагер. Вам тут смела можна жыць і працаваць.

— Гэта не выпадкова, — сказала Гертруда. — Наш Густаў, калі выбіраў месца для лагера, сумысля падумаў аб блізасці да гэтага маёнтка. Тут жа яшчэ адно: маёнтак вялікі, а тутэйшых людзей асталося мала, дзе яны падзеліся, невядома, хаты пустуюць…

— Яны паразыходзіліся па лясах і пасталі бандытамі.

— Дык у першыя гады, пакуль вайна, маёнтак будзе трымацца на рабоце забраных у лагер.

— Тым больш я тут доўга буду.

— І я так думаю. Учора, калі мылі падлогу, адна дзеўка так на мяне паглядзела, што я пакінула верыць майму сыну, які кажа, што над тутэйшым народам трэба павесіць меч, і ён уверуе, што гэта тая праўда, да якой ён сам павінен імкнуцца. Божа мой, я не думала, што мне ў мае гады прыйдзецца быць так далёка ад Германіі і перажываць такую трывогу. Усё жыццё мы марылі мець маёнтак у самой Германіі. Дзіўна сказаць, але мой Густаў на тую яшчэ, першую, вайну пайшоў ахвотна. Ён быў радавы. Мы былі арандатарамі. На той вайне ён меў ужо каштоўнасцей на цэлы маёнтак. Але ён не вытрыманы чалавек. У хваробе ён даў дурную волю сваім пачуццям і аддаў чорт ведае каму вялікае багацце. Праз усё жыццё я казала яму, што ён зрабіў злачынства перад Германіяй. Ён гэта і сам разумеў. Ён праклінаў той свой душэўны парыў. Калі з’явілася вучэнне фюрэра аб заваёве Германіяй свету, ён быў адным з тых першых, што ўбачылі тут адлюстраванне сваіх асабістых думак. Гэта ўжо не быў парыў. Наш Густаў з маладых год пачаў рыхтавацца да змагання за ўвесь свет для Германіі. Усё прайшло, як сон. Божа, наш Густаў не будзе арандатарам! Але чаму я сама не свая! Наш маёнтак не ў Германіі, а так далёка. Мы яшчэ не прычакаем, пакуль тут стане карэнная Германія.

38
{"b":"73674","o":1}