Сцелецца пыл... Хутка канчаюцца дні з белым павуціннем.
Сястра палошча бялізну на двары. Весела плюхае вада, сцякае з яе белых закасаных рук. Пасля садзіцца яна каля сцяны і спявае «над возерам чайку». З хаты мне слаўна глядзець на яе, на настурцыі і астры, на жоўтыя вішні і ветраны пыл.
Хутка будзе вечар. Вецер не сціхне, і чуваць будзе, як за рэчкаю гавораць хвоі...
Вечарам, здаецца, будуць збірацца нашы гаварыць аб зямлі.
Будзе там стаяць дзядзька Язэп, як уросшае глыбока ў зямлю дрэва, будзе маўчаць ды рэдка падаваць увагі; будзе выказвацца Астап Варывончык і рагатаць Міхалінчык Пятрусь. Будзе там збоку сядзець і Яўхім Стрыгун і скардзіцца на ўсё - і на кепскае, і на добрае: ёсць жа такія людзі на свеце...
Трэба будзе пасля ўсяго гэтага пайсці пасядзець у дзядзькі Язэпа - заўтра я еду ў горад.
Я хаджу па хаце і думаю. Уваходзіць раптам Тамаш Арлоўскі і бярэ мяне за плячо.
- Хадзем, сынку, да мяне.
- Чаго?
- Хадзем. Там Язэп і Варывончык.
Мы ідзем па пыльнай вуліцы ў яго хату, і Тамаш там клапоціцца.
- Пасколькі вы, браткі, тады труну рабілі, дык от трохі, значыцца, пад гэтае...
Мы выпілі па чарцы і пасядзелі трохі.
- Дык от, браткі, - гаворыць Тамаш, - адзін застаўся... Жаніцца - не гады, сказаць, так жыць - дачку замуж аддаю.
- Ты жонку любіў? - пытае вясёлы Варывончык Астап.
- Што т-ты ў старога чалавека пытаеш? - апраўдваецца Тамаш. - Што ты гэта? Ты думаеш, я тут табе ведаю цяпер - што ты пытаеш... не гады ўжо... ліха яго ведае...
Мы яшчэ выпілі па чарцы, пасядзелі трохі і пачалі разыходзіцца... Кружыцца трохі галава: я іду міма хаты дзядзькі Язэпа, бачу, як Дося ходзіць па двары, і мне, таксама, як тады, на полі, хочацца падбегчы туды, схваціць яе на рукі і імчацца так па пустых дарогах і без дарог...
Заўтра я еду ў горад.
* * *
Тры гады - вялікі час у чалавечым веку.
Я цяпер успамінаю, адчуваю і думаю.
Сягоння днём на люднай вуліцы ўбачыў я Досю з мужам - былым практыкантам на каморніка. Яна патаўсцела і выглядае сталай і задумёнай... І гэта ўсё будзіла ва мне думку аб факце: колькі дарог будзе яшчэ пройдзена і колькі людзей уведана!..
Я пакланіўся Досі, і яна раптам пабялела, неяк асунулася, зрабілася маленькай, і ў вачах яе засвяцілася нешта вострае - мяжа між імкненнем і журбою...
Вечарам прыйшоў ад сястры з вёскі ліст. Там было і ад дзядзькі Язэпа. Няроўнымі, ад непрывычкі пісаць, літарамі было напісана:
«...Дзякую, сынку, за паклон... Навін у нас, сказаць, вялікіх няма. Што мая баба памерла - ты ведаеш, а што Дося з мужам пераехала ў той самы горад, дзе ты, таксама, пэўна, ведаеш... Яўхім Стрыгун ажаніўся. Астап жа разышоўся з сваёю жонкаю. Жывуць сабе... Мы павысякалі летась каржакаватыя хвоі за рэчкай - дык цяпер нейкая пустэча там здаецца за рэчкаю - гэта мне з непрывычкі. От гэтая прывычка мяне заядае - прывыкаю да свае нары, цераз гэта атупеў неяк увесь. А можа гэта старасць загаварыла? Страшная штука - старасць, і гадкая штука - прывычка... А можа ты іначай думаеш? Падумай... Жыві, сынку, здароў...»
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Родныя мае!.. Блізкія мае!..
1926
Буры
У ціхіх скаргах непрыбранага жыта чуў я вялікія буры.
За многа вёрст адсюль узрываліся камяніцы, на чыгунках рваліся цэлыя паязды, а тут не было вялікага стуку. Тут проста гарачымі днямі асыпалася пераспелае жыта, і начамі ціха гарэлі вёскі - смерць у цішы страшней за раптоўную смерць у бурах.
Тады жах панаваў над зямлёй; з чорным дымам плыў ён над дарогамі. Быў ён у бляску сонца і ў трывожным шуме жыта. Яно, месцамі зжатае, валялася на зямлі ў расцярушаных мэндліках, рэшта высыпалася на зямлю спелым і перасохлым зернем. Цяпер яго не жалі і не вазілі, і дарогі былі пустыя і нудныя.
Гэтая нуда, перамешаная з жалем і нездароваю, нервоваю вастратою, была і ў яго шырокіх, змучаных бессанню вачах. Я спаткаўся з ім каля глінішчаў пры кустах і пры вузкай палявой дарозе - ён сядзеў на пыльнай каляіне, падабраўшы пад сябе ногі, і глядзеў на сухую пакутную галаву каня. Конь, худы, страшны сваёй худзізнаю, ляжаў, выцягнуўшы мокрую шыю, на гарачай раллі, хроп і раз-поразу шараваў нагамі па зямлі.
Ён паглядзеў моўчкі на каня і на мяне, ад хваравітасці паморгаў вачыма.
- Палякаў не відаць?
- Не відаць.
- Нашых не відаць?
- Не відаць.
Цяжка было разабраць, дзе фронт. Учора была наша разведка, сягоння ж раніцою, чуць дзень, у разбіўку, невялікімі кучкамі, спешна прайшоў польскі полк. Цяпер запытаў я:
- Здалёк?
- З-за Нясвіжа.
- Далёка былі загналі?
- За Бабруйск. Заставілі везці нешта, што - сам не ведаю. От налажылі повен воз, а воз стаяў у гумне, а бацька на рабоце ў Нясвіжы... Дык яны то рады былі б, каб я зусім не ехаў, а я ўплёўся; каня шкадаваў, дык яны мне от...
Ён прыгнуўся, і я ўбачыў на яго шыі чырвоны рубец ад нагайкі.
- Адзін калі свісне... От, каня шкода - і мучыцца, і дома няма другога...
- Колькі табе год?
- Каля пакроў трынаццаць будзе...
Нудна махалі крыллем над кустом вароны, нудна крычалі. Толькі не было голай нуды ў чуць жывога каня. Тут была вялікая вастрата - пакутная мяжа жыцця і смерці. І раптам гэтая вастрата перадалася яму, ён усхваціўся на ногі, пацерабіў зрэбную сарочку і сказаў:
- За Бабруйскам конь пачаў прыставаць, а яны гоняць - адно скінеш, другое кладуць. Іх там націскалі... Дык уначы, пакінуўшы драбіны, верхам на яго (ён паказаў вачыма на каня) ды ўцёк. А ў яго ад сібернай дарогі над правым капытам нарыў пачаў рабіцца, дык ён з самага Бабруйска кульгаў-кульгаў, а тут зваліўся сягоння ўначы, есці не ўзяў, а паіць яго - я паіў учора вечарам, як цераз рэчку пералазілі...
Ён зноў сеў і заплакаў.
Я прысеў каля іх абодвух на пяску, і так былі тут яшчэ з гадзіну.
Конь пачаў кідацца ў бакі, качацца па зямлі і стукаць нагамі. Шыя яго больш памакрэла.
Ён дакрануўся да гэтае мокрае шыі рукою і сказаў:
- Халодны пот.
Тады конь пачаў канчацца. Канчаўся ён доўга - цёрся галавою аб зямлю, зямля налазіла яму ў рот, залеплівала жоўтыя зубы.
- Нутро ў яго здаровае, дык яму трудна канчацца.
Я памаўчаў.
- Ужо!!
Ён яшчэ трохі пастаяў над нежывым канём. Цяпер гэта была толькі куча худога мяса і даўгіх касцей - жывая істота загінула, і ўжо было лягчэй глядзець на гэта.
Мы з ім падаліся ў лес, праляжалі там да вечара, а як закрычалі ў куп'ях начныя птушкі, пайшлі мы ў бок вёсак шукаць на полі бульбы. За ўзгоркамі былі пажары - трапяталіся ў чырвоным бляску вярхі ўзгоркаў, і зорнае неба пакрывалася густым дымным променем. У тым баку раптам загаварылі кулямёты, і тут сціхлі птушкі. Пэўна, што недзе тут быў фронт, і вакол шныралі палякі... Кулямёты загаварылі з другога боку. Есці нам больш не хацелася. Ноч была трывожная.
Пад дзень тухлі пажары. І раніцою прыйшлі першыя атрады нашых.
Я з ім у той дзень і развітаўся.
Ён пайшоў услед за фронтам, думаючы пра свайго замучанага каня, пра не зжатае ўпору і, мусіць, знішчанае дома жыта. І адчуваў боль на шыі, дзе быў чырвоны рубец.
Я чую яго апошнія словы, і я ўвесь у агні і бурах.
1926
Пачуцці
I
На тым беразе гараць агні і чутно, як там на нечым іграюць. Суха неяк выбіваюць такт кароткія зыкі і будзяць над зямлёю гуллівасць. Пры агнях варушацца постаці людзей, яшчэ зусім ясныя ад ружовага вечара. Яшчэ і стук нейкі чуцён, і добра відно, як каля пярэдняе палатнянае будкі трое людзей не то гэта памагаюць музыцы, ці то самі поўны ёю: дробна ляскаюць яны ў такт далонямі рук... Нехта крычыць, нехта як бы плача - можа гэта якая балотная птушка ўзнепакоілася ад людскога шуму... І ўсе гэтыя зыкі напаўняюць змрок асенняга вечара і аддаюцца рэхам у прырэчных паплавах...