- Божа мой, - сказаў ён, шпарка і з вялікім страхам выходзячы з хаты і ныючы душой.
«Хоць бы хто на вуліцы быў! Хоць бы дзе адна жывая душа! Можа хто сказаў бы, чаму пустуе хата, і як, і ці даўно ўжо?» Калі прайшоў ён паўз дзве суседнія хаты - укалола яго жудасная здагадка: Галаскі пустыя як ёсць. Ён парадкам пачаў заходзіць у кожную хату, стукаў у вокны і дзверы, а дзе не былі замкнёныя сенцы - уваходзіў у хату і ўсюды казаў:
- Хто жывы, абзавіся!
І ніхто яму не адказваў нідзе. Асмялелыя мышы сядзелі на сталах і лавах, пацукі пазвешвалі з паліц нерухомыя хвасты, усюды была нежывая вільгаць, адзічэлыя каты зазіралі яму ў вочы і кідаліся ад яго. Так ён перабраў усю вуліцу і, гнучыся, уцягваючы галаву ў плечы, рушыў назад да сваёй хаты. З трывожным чаканнем ён адчуў, што слабее. Лёг на край халоднай печы і неўзабаве задрамаў. Дрымота перайшла ў сон. Пабудзіў яго жаночы голас; нараспеў нейкая жанчына гаварыла просьбу:
А галубочкі родныя,
А не дайце прапасці,
А дайце хлеба на раз укусіць,
А пераначаваць пусціце.
А было ж у мяне многа ўсяго...
Сонны Пархвен падняў галаву і чамусьці крыкнуў:
- Адкуль ты?
- З Малога Прысынка.
- А хто ты такая?
- Няшчасная маці, у якой гітлераўцы забілі дзяцей. Божачка мой, літасцівы мой!
-А ці не чула ты, чаму гэта Галаскі абязлюдзелі?
- А ты ж чаго сам апынуўся тут?
- Вярнуўся з уцёкаў, і мне пустэча як сто пудамі на грудзі і - канцы могуць прыйсці.
- А тут, кажуць, быў такі Пархвен, што з п'яным пеўнем біўся. Дык яго дачка, дай Божа ёй здароўя, нямецкага пана, нейкага Пфайфеля, на той свет адправіла. Гітлераўцы яе шукаюць і траслі Галаскі так, што ўсе з хат, хто куды мог, разышліся.
- А дзе яна?
Жанчына на яго паглядзела:
- Як жа ты так пытаеш? Ці маеш ты, чалавеча, розум? Хто ж гэта можа ведаць, дзе яна? А каб і ведала, то - хіба я ведаю, дзе яна? Няхай яе Бог ратуе.
- Я ж яе - ты ведаеш? - бацька.
- Што ты выдумляеш?
- Дальбог жа, гэта я з пеўнем біўся. З мяне ж праз усё жыццё смяяліся. Гэта я. Не верыш? Дык сядзі ж у гэтай хаце. Аддаю яе табе.
Жанчына ўздыхнула і пайшла, а ён убачыў, што заходзіць сонца. Стаў перад акном і зноў жахнуўся: недзе там, далёка, ляжала сонца, дуб стаяў чорным асмалкам, а адна галіна зелянелася. Толькі яна адна і асталася. Ледзьве прычакаў ён, пакуль сцямнела, а тады рушыў на другі канец Галаскоў, дзе, ён праз усё жыццё ведаў, у чалавека пад свірнам заўсёды ляжаў лом. З радасцю ён абмацаў яго, узяў на плячо і пайшоў, сам сабе шэпчучы:
- Гаспадара няма, а ты, ламок, ляжыш сабе. Вылежаўся, выкачаўся.
Ён ішоў гадзіны са дзве ціха і бесперастанку. Ён пакідаў за сабою ўсё, што калісьці поўніла яго жыццё. Вось ён мінуў доўгую граду хмызу, перайшоў упоперак шашу і як бы ўпаў у вільгаць логу, а адтуль ішоў проста. Свяцілі зоры, і стаяла цішыня. Сэрца яго калацілася, але разам з тым цвёрдасць намераў уціхамірвала яго хаду. Усе гэтыя кіламетраў сем ён прайшоў паволі: ён ведаў, што доўга яму трэба будзе выбіраць месца і зручны момант. Вось ён і два ляскі мінуў, і балота, і азярцо абышоў, і хутарская паляна мільгацела светлякамі. Унь там! Трыма крокамі ён перайшоў схілісты адкос, лёг на зямлю і прыгледзеўся. Нерухомая постаць нямецкага салдата відна была ў змроку. Цягнучы за сабою лом, ён адпоўз на ранейшае месца і выйшаў на адкос праз чвэртку кіламетра. Позірк направа і налева - нікога нідзе. Божа, памажы! Сэрца распірала яму грудзі. Ён падклаў лом пад рэйку і павярнуў угару. Божа, якая цяжкая рэйка! Утапіць бы яе ў лужу. Ён яе спусціў з адкосу і некалькі разоў калупнуў пад яе ломам. Балота! І рэйка пайшла ў прорву. Зараз можа быць усё, чаго так прагне яго змучаная душа. Ён адышоўся можа за паўкіламетра, і лёг на зямлю, вухам на траву, і чакаў. Вось яно, грыміць зводдалеку, звоніць, дыхае. Божа, як марудна, канца няма, але раптам гром, грукат, стукат, бразгат, і ўстанавілася цішыня. Шчасце! Палавіна страчанага жыцця вярнулася да чалавека. Каб так кожную ноч! Але ж лома няма. З рэйкай ён уплыў у балота. У мястэчку, у зяця, у каваля, два ламы былі, ляжалі ў прыбудоўцы к сенцам. А што каб ціхом пайсці і ўзяць да наступнай ночы? Як бы там ні было - трэба хутчэй даваць адгэтуль ходу. Сонца ўжо застала яго каля Галаскоў. Па той бок рэчкі мястэчка відно было яму выразна. Ён падумаў: напэўна, і мястэчка абязлюдзела. Чаму там так ціха і ніякага руху? Нацянькі ён рушыў проста да кавалёвага дома. І як толькі апынуўся ля шула кавалёвай брамы, убачыў: ён вельмі неасцярожны - проста перад ім усю вуліцу акідае позіркам немец. Ён кіўком пальца паклікаў да сябе Пархвена. І калі той ступіў тры крокі, гітлеравец крыкнуў і паказаў яму пальцам, куды ісці. Пархвен ціха рушыў да вялікага натоўпу, які нерухома і маўкліва займаў усю вуліцу. Пархвен бачыў, як стаяць местачкоўцы. Чаго яны так пасталі тут? Унь стаіць муляр Костусь, а унь Юрась-мельнік, Раман-шавец. Унь настаўнік, у якога яшчэ вучылася Марыля. (Божа мой, дзе яна!) Унь стаіць Тамаш Васілюк, той самы, што ў юнацкіх гадах вельмі сябраваў з ім, Пархвенам. Унь Васіль Сцяпуцкі, які разам з Пархвенам калісьці хадзіў у заработкі. Унь Янук Кастэцкі, дачка якога Ганнуся дружыла з Марыляй. Усе стаяць. І Раман Шабуня, і Змітрок Ярмаліцкі, і Канстанцін Шкуцька, і Мікалай Цвіркевіч... Пархвен стаў, не дайшоўшы да натоўпу. Тут нямецкі крык загадаў яму ўвайсці ў натоўп. І толькі ў гэтую апошнюю хвіліну Пархвен заўважыў, што аўтаматчыкі трымалі наведзены на натоўп цэлы рад аўтаматаў. І ў гэты момант як бы нейк загаўкаў прарэзлівы і крыклівы гітлеравец:
- Чацвёрты раз заяўляю: калі зараз жа не будзе сказана, хто забіў афіцэра сельскай гаспадаркі Пфайфеля, аўтаматчыкі расстраляюць адным залпам усіх да аднаго!
Тут Пархвен убачыў, як наводшыбе ад усіх чамусьці стаіць Марцін Лагута. Натоўп не зварухнуўся. І зноў нямецкі галасіна:
- Апошні раз заяўляю: калі і цяпер не скажаце, - спачатку страляю яго (гітлеравец паказаў на Марціна Лагуту). А тады - усім капут!
Натоўп маўчаў. Фашыст махнуў рукой, бухнуў стрэл, і Марцін Лагута ўпаў мёртвы. Пархвен уздрыгануўся.
- Апошні раз заяўляю! - зноў крычыць гітлеравец.
Божа! Літасцівы! Яны ўсіх зараз заб'юць. І Рамана, і Кастэцкага, і Костусь ляжа, і ўсе яны - мілыя, любыя сябры, браты, таварышы. Як жа ратаваць іх? Вось дзе пакута!
- І калі не скажаце, хто забіў... - ірве вушы нямецкі голас... Хвіліна маўчання і...
- Гэта я забіў! - пачуўся раптам Пархвенаў голас.
Тут рух адбыўся сярод немцаў.
- Ну, ідзі!
Рад - няволя, а ісці трэба. Пархвен выйшаў з натоўпу, і два немцы сталі паабапал яго. Каманда аўтаматчыкам, і яны пайшлі ў вуліцу. Натоўп загуў і заварушыўся. Пархвен бачыў перад сабою лес і над ім сонца. Ужо яно не ляжыць больш на дубе. Ужо і Марылі няма, і яе сынка няма, і каваля - хто ведае, што з ім! І Галаскі пустыя, і пацукі там з паліц хвасты пазвешвалі... І тут Пархвен крыкнуў, ідучы:
- Чаго ж вы стаіце, местачкоўцы? Ратуйце свае галовы!
- Чуем! - пачуў Пархвен голас ужо дзесьці з агародаў. Ён скоса азірнуўся і бачыў, як людзі па адным мільгацелі ўжо за мястэчкам. Натоўпу даўно ўжо не было на вуліцы. («А я крычу!») Як яго ўводзілі ў двор каменданцкага дома, ён убачыў, як тая ўжо знаёмая яму жабрачка ідзе агародамі з торбамі і з кіем. Змрокам таго дня ён стаяў пасярод вялікага пакоя ў тым доме, дзе жыў камендант. Твар яго быў у крыві, адзежа вісела на ім шматкамі, у вуха яго была ўстаўлена з паперы труба, і ў яе немец крычаў:
- Не ты забіў! Гавары, нашто бярэш на сябе віну?!
Крык за сценамі можа сотні галасоў перарваў немца. Людзі ўварваліся ў дом і ў гэты пакой. Следчы гітлеравец спалатнеў, закалаціўся і падняў рукі ўгару. За мястэчкам стральба чутна была да самай раніцы.
Месяц у тую ноч змеркнуў позна, ужо ружавела неба на ўсходзе.