Литмир - Электронная Библиотека
A
A

- Маму забіла бомбай у Менску, але яна яшчэ мне сказала, каб я ішла адразу ж і не аставалася.

На адзін найкарацейшы момант тварык яе зморшчыўся, сцягнуўся, рухавасць прабегла па ім, яна міргнула вачыма, сціснула вейкі, кулачком правяла па вачах, каб выцерці раптоўныя слёзы, глытнула сліну і загойдалася далей у роўнай, размеранай хадзе. І нейк адразу ўсе ўскінулі твары ўгару. Нямецкі драпежнік зноў ляцеў сюды. Няроўны рокат яго матора хлынуў раптоўна. Цяпер ён ішоў ніжэй, як першы раз, і кругі рабіў вузейшыя. Зноў натоўп жанчын і дзяцей ляжаў на зямлі, і зноў яна ў сваёй стракатай хусцінцы спала, уткнуўшыся тварам у здзірванелую абочыну дарогі. Побач з ёю ляжаў сямігадовы хлопчык, а пяцігадовую дзяўчынку яна праз сон адчувала працягненай рукой. Яе рука ляжала на руцэ той, якой яна стала замест маці.

І раптам увесь гэты гарачы і ясны дзень раскалоўся ад свісту. Усё ўскалынулася і рванулася ўгару. Свет страсянуўся, жудасны гук аглушыў яго, і стала цёмна. Але яна так моцна спала, што больш за хвіліну не магла апамятацца, калі ўскочыла на ногі з-пад зямлі, якая ўпала на яе балючым тупым ударам. Яе кінула далёка ад дарогі і засыпала зямлёй. Не паспела яна скінуць з сябе забыццё, як зноў, ужо з другога боку і так жа блізка ад яе рванулася з трэскам і грукам зямля. А пасля далей і далей, і так многа разоў. Усё згінула і знікла, і раптам заўладала светам цішыня. Чутно было, як аддаляўся гул, знікаў у вышыні, якой не відно было.

Яна стаяла адна ў гэтым жудасным пекле. Яснага дня ўжо не было. Ад дыму і пылу стаяла ноч. І вось у яе душу пачала сачыцца радасць, што стала ціха. Калені яе згіналіся, галава хілілася к грудзям. Усё яе цела ныла, балела і прагнула спакою. Дарэмна яна старалася што-небудзь разгледзець навокал сябе. З трывогай яна ўспомніла, што нават не ведае, як завуцца яе дзеці і як іх цяпер паклікаць, каб яны абазваліся. Яна апусцілася на калені, нейк бокам, і старчма галавой уткнулася ў зямлю, і ні з чым не параўнаная асалода сну ахапіла яе. Але разам з тым кожную хвіліну яе пранізвала пакута свядомасці, што яна не бачыць каля сябе сваіх дзяцей. Раз-поразу яна адрывала твар ад зямлі, шпарка адкрывала вочы, бачыла змрок пылу і дыму і зноў падала ў шчасце сну. І так было многа разоў. Пасля пачаў яснець дзень, і яна з натугай, якая магла быць не пад сілу самаму моцнаму целам і духам мужчыну, адарвалася ад сну і затапталася назад і ўперад. Ужо не было дарогі, а замест яе ямы. Не было і зялёнай абочыны. Тут ляжала шэрая зямля. Яна працёрла кулачкамі вочы і ўбачыла адарваную галаву той жанчыны, якая ішла перад ёю. У трывозе яна пачала азірацца, дзе яе дзеці. Але бачыла толькі рукі і ногі, адарваныя ад цел, галовы і скрываўленыя косці. І тут вочы яе спыніліся на той малой дзяўчынцы. Дзіця было напалавіну прысыпана зямлёй, але твар быў наверсе. Ён быў чорны ад пылу і дыму. Яна падняла сваё дзіця на рукі. Яно вельмі цяжка дыхала і вачэй не расплюшчвала. І толькі цяпер яна заўважыла, што ў дзіцяці скрываўлены ногі. Густая ад зямлі кроў цякла бесперастанку. Дванаццацігадовая жанчына прыціснула да сябе сваю дзяўчынку і бездапаможна азірнулася. Хоць бы дзе жывы хто, хоць бы чалавечы голас! Ахоплепая страхам і смуткам, яна, моцна трымаючы пры сабе дзіця, пабегла полем у той бок, дзе стаяла сонца. Два разы яна спатыкнулася і два разы падала, але кожны раз утрымоўвалася на каленях, каб зберагчы тую істоту, якуго несла на руках. І кожны раз аставаліся на палявой зямлі знакі ад яе вострых каленак. Яна ўсхватвалася і бегла далей, трымаючы ў памяці толькі адно - туды, дзе стаіць сонца. Гэта яна цвёрда засвоіла: каб не збіцца з дарогі, трэба ісці туды, дзе ўсходзіць сонца, трэба ісці на ўсход, к Маскве. Так сказала ёй, уміраючы, маці. Але цяпер было пасля паўдня. Сонца стаяла высока. З галавы яе выйшла, што трэба праверыць свой кірунак на ўсходзе сонца. Яна ў гэтыя моманты не магла адумацца і бегла к паўднёваму сонцу, якое ва ўсім сваім бляску стаяла над гарачай зямлёй.

Ёй здавалася, што яна бяжыць вельмі доўга. Сэрца яе разрывала грудзі. Яна пайшла павальней. Ногі блыталіся ў траве, над якой гулі пчолы. Гарачыня ціснула яе. Яна азірнулася і села на зямлю. Сваё дзіця яна паклала на зямлю і, пакуль аддыхвалася, не адкрывала вачэй, а як адкрыла, убачыла, што дзіця не варушыцца і не дыхае. Смерць! Яна гэта адчула ўсім сваім інстынктам. Яна ўстала на ногі і доўга так стаяла. Цяпер яна з усёй яснатой думкі чакала, што хто-небудзь з'явіцца на гэтым пустым і гарачым полі. Раптам яна прыгнулася, дакранулася рукой да нежывога дзіцяці і вельмі паволі пайшла ў той бок, куды ішла і дагэтуль - к сонцу. Многа разоў яна чула за сабой далёкія ўзрывы, многа разоў чула дзесьці над сабой рокат нямецкіх ненаеднікаў, але яна нават не аглядалася, быццам нічога і не чула. Усё ішла і ішла. Вузкая палявая дарога была перад ёю. І якраз добра - дарога вяла проста туды, дзе стаяла сонца. Яна пайшла шпарчэй. Сонца плыло к захаду. Цяпер было лягчэй ісці, не такая была гарачыня. І яна падумала, што сонца спусціцца яшчэ ніжэй і тады стане яшчэ лягчэй, а пасля будзе адвячорак і яна напаткае людзей і зусім добра будзе. Яна ўскінула твар угару, каб паглядзець, ці высока сонца. Сонца стаяла ўжо даволі нізка, і тут яна адумалася і ўспомніла, што не туды ідзе, куды трэба. Трэба ісці туды, дзе сонца ўсходзіць, а яна ідзе туды, дзе сонца будзе заходзіць. Спалохана яна азірнулася і пачала думаць: дзе ж на небе тое месца, дзе ўсходзіць сонца. Ці там, дзе на даляглядзе відны нейкія дрэвы, ці там, дзе той узгорак з ветраком? І ніяк яна ўгадаць не магла. Яе агарнула думка: перачакаць тут ноч да дня і тады рушыць на першыя сонечныя праменні. Яна зноў села на зямлю, пасля неспакойна ўстала. Непадалёку вызначаліся зараснікі нізкарослых дрэў і кустоў. Іх нядаўна мінула сонца. Яна пайшла туды і ўвайшла ў цень.

Аднак жа гэта быў сапраўдны лес, і здаваўся ён здалёк нізкім таму, што рос у лагчыне. Тут раслі яліны і трапляліся бярозы. І ядловец гусціўся пад арэшнікам. Як тут было ціха і спакойна! Здавалася, усе грымучыя навальніцы смерці і пакут адышлі ў нябыт. З вельмі далёку даходзіў сюды грукат нейкіх узрываў, але гэта не было над галавой, і ў гэтым было шчасце. У прагаліну паміж дрэў падала з самага нізкага свайго захаду сонца. Дзяўчынка стаяла ў сонцы быццам ужо ў бяздум'і. Стракатая хусцінка на яе галаве страціла ўжо ўсе свае колеры. Гэта была анучка, брудная і скамечаная. Сукенка вісела на гэтым дзіцяці кавалкамі трантаў, вываляных у зямлі. Ног не было відно з-пад пласта пылу. Там, дзе ногі былі прабіты і абадраны аб каменні і карчы гэтай нялюдскай дарогі, тырчалі гузы закарэлай крыві. Завостраныя плечы яе тырчалі ўгару, адно плячо трымалася вышэй за другое і раз-поразу ўздрыгвала. А твар быў учарнелы, завостраны і неспакойны. Чым больш яна стаяла тут, тым выразней сыходзіла з яго пячаць ранейшай цягавітай упартасці, і замест яе ажываў адчай.

З-пад залепленых зямлёй вейк відны былі вочы, у якіх смяртэльная стома змагалася з выбухамі страшнага агню. Гэта быў позірк ні з чым не параўнанай прагі да радасці, здушанай найвялікшым смуткам. Неўзабаве пачало прасочвацца ў душу і пачуццё адзіноты, але яно не паспела пакласці сваю пячаць на вочы. Так, як птушка, чуючы свой час, шукае ціхага месца ўміраць, яна пачала шукаць вачыма чагосьці каля сябе. Ужо ў гэтыя моманты ногі яе пачалі згінацца ў каленях, худзенькая постаць яе яшчэ больш прысутулілася, яшчэ больш падняліся ўгару плечы, твар усімі рысамі сваімі і вачыма ўпаў уніз, і ўсю яе павяло з месца. Нейк бокам падышла яна к дрэву і паехала ўніз. Гэта было жывое ўвасабленне самай закончанай супрацьлегласці ёй самой, якая яна была яшчэ некалькі дзён таму назад. Каб увесь свет, як вялік ён ні ёсць, ад усіх сваіх пачаткаў і бязмежнасці сабраўся і ажыў, як вялікая істота, з вачыма, каб бачыць, з вушыма, каб чуць, з душой, каб адчуваць, з розумам і думкамі, - сумленне кінула б яго ніц перад гэтым дзіцем. Ён страсянуўся б ад жаху, што так не ўдаўся ў ім сэнс шмат чаго, што ён церпіць на сабе.

Упаўшы на зямлю, яна, чорная, скурчаная, маленькая, здушаная, уткнулася галавой у дрэва, тварам уніз, і сцішылася. Праз паўхвілівы яна шпарка адарвала галаву ад зямлі, зірнула ўгару і зноў упала. І так было многа разоў. Відаць, душа яе не паддавалася зморанасці цела, і кіпела, і рвалася. Раптам яна ўздрыганулася. Гэта быў плач не дзіцячым голасам, але гэта плакала дзіця, а не тая жанчына, што не так даўно апекавалася над меншымі за сябе. У яе ўжо і слёз не было, і вочы былі сухія, калі яна плакала. Нарэшце літасцівы сон наваліўся на яе, але ласкавасць яго не была доўгая. Пачаўся сонны кашмар, без выразнасці і якой бы там ні было формы. Бяздомнасць, выгнанне, смерць, сіроцтва, матчыны вочы перад смерцю, грукат нямецкіх бомб, самалётаў, бязлітаснасць, жорсткасць - усё палосамі агню і зямлі ішло ўгару і не давала шчасця быць у забыцці. І так цягнулася доўга. Можа гэта была вечнасць, якую хрысціянства дакляроўвае злачынным душам. І вось яна паднялася і села. Зорнае неба было над ёю, і чорныя дрэвы маўчалі. Стаяла цішыня. Яна прытулілася к дрэву. І так, седзячы, адразу заснула і ўжо не чула сама, як галава яе і плечы паехалі па дрэве ўніз і яна ляжала на зямлі.

135
{"b":"73674","o":1}