Зноў пачалі даходзіць у вёску чуткі пра Вольку. Гаварылі, што начальнік той установы, дзе яна працуе, прыслаў сюды ў сельсавет запытанне. Але ніхто не ведаў, што Дзядзюля зноў уцёрся ў гэтую справу. Поўны задавалення, ён слухаў гаворкі, што Волька нібы без працы. Але праз нейкі час Волька пачала раптам прысылаць бацьку грошы. Устрывожаны Дзядзюля пачаў збіраць весткі пра Вольку, але бацька яе раптоўна памёр, і пахавалі яго суседзі: Волька не прыехала. Больш таго, яна нават не адказала на тэлеграму, якую ёй далі. У тым, значыцца, горадзе яе ўжо не было. Рад - няволя, а Дзядзюлю прыйшлося забыцца на ўсю гэтую справу. Праз некаторы час Волька прыслала бацьку грошы, але іх ніхто з пошты не забіраў, і яны пайшлі назад. Узнепакоеная Волька напісала бацькаваму суседу, і той адказаў, што бацька памёр і пахаван побач магілы маці. Пра Вольку больш нічога не было чуваць.
Жывая карціна ўсяго гэтага і паўстала перад Дзядзюлем, калі незнаёмая жанчына нагадала яму Вольку. З задаваленнем думаючы аб тым, што ён сваімі заявамі адпомсціўся Вольцы за колішнюю знявагу, Дзядзюля спакойна клаўся спаць, акругліўшы свае думкі фразай: «Цяпер мы з ёю квіты».
Назаўтра быў ясны дзень. Стаяла восень. Высока ўзнімалася неба, і сонца залівала зямлю. Прыемны лёгкі холад адчуваўся ў подыху ветру.
Сафрон Дзядзюля зранку ішоў на сваю працу. Цяпер ён быў начальнік усёй кааперацыйнай сеткі па сельсавеце. З таго часу ён пастарэў, і дробная хада яго набыла большую выразнасць: цяпер ужо кожны мог заўважыць, што ступае ён дробна і ціха. Апрануты ў бобрыкавае паліто, ён нёс свой партфель, мінаючы шырокія завулкі новага калгаснага пасёлка. За апошнія гады на ранейшай вуліцы асталося не больш палавіны хат: хто будаваўся, хто выходзіў на шырэйшую разлегласць. Стаяла многа новых дамоў. Сафрон Дзядзюля таксама жыў ужо ў новым сваім доме, з чорным і чыстым ходам. З поўдня ад пасёлка, як вокам акінуць, цягнуўся нядаўна засаджаны калгасны сад. З другога боку ішлі калгасныя гаспадарчыя пабудовы. Маладыя таполі, клёны і каштаны стаялі жоўтыя паабапал дарогі. Каб Волька Макаркавых з'явілася сюды, тут яна ўжо зусім не пазнала б роднай сваёй мясцовасці.
Кааперацыйнае праўленне было ў новым доме, за калгасным садам. Пешаходная сцежка вілася паўз самы могільнік. Падыходзячы да паркана, Сафрон Дзядзюля заўважыў раптам, што на царкоўнай сцяне вісіць нейкае паліто. Зацікаўлены, ён пералез цераз жэрдкі і падышоў. Царква была зусім трухлявая. Гнілая шалёўка не трымалася на цвіках і сыпалася ўніз спарахнелымі кавалкамі. Доўгія цвікі скрозь тырчалі па сцяне. На адным з гэтых цвікоў і вісела паліто.
Паліто было жаночае, на ваце, з прышытым поясам і коцікавым каўняром. Шустры верабей шаргануўся аб гэты мяккі каўнер, улятаючы з заўзятым шчэбетам у акно, якое ўжо было без рамы і шкла. Сафрон Дзядзюля стаяў, задзёршы галаву, здзіўлена разглядаючы паліто. Раптам ён пачуў шоргат рыдлёўкі аб жвір. Азірнуўшыся, ён убачыў жанчыну. Пазнаў ці здагадаўся, але ён з першага моманту быў упэўнен, што гэта тая самая, учарашняя. Каб бліжэй яе разгледзець, ён інстынктыўна падаўся ў той бок і раптам спыніўся як ашаламонены: перад ім была Макаркавых Волька.
Гэта была маладая жанчына. Прывабнай сталасцю поўніліся ўся яе пастава, рухі і рысы. Яна працавала. Рыдлёўкай капала яна зямлю і даводзіла да парадку дзве магілы пад жоўтымі вязамі. Постаць яе была мажная, і хараство, здаецца, яшчэ большае, як тады, калі яна была маладой дзяўчынай.
Ахоплены незразумелай трывогай, Сафрон Дзядзюля ціхом павярнуўся і шмыгануў за рог царкоўнай сцяны, поўны радасці, што яна яго не заўважыла. Выглядаючы паловай твару з-за сцяны, ён бачыў, як Волька некалькі разоў разгіналася, каб адпачыць, а пасля зноў бралася за працу.
Штосьці новае было ў ёй. Гэта не была тая ранейшая простая і вясёлая Волька. Наіўнасці тут ужо не было. Хоць Дзядзюля і не разбіраўся лішне ў тонкасцях тых адлюстраванняў, якія кладзе душа на твар, усё ж ён, стоячы тут за сцяной, падумаў, што гэтая жанчына ўжо, мусіць, глыбока ведае цану з'явам свету і людскім учынкам. У гэтую хвіліну ў яго з'явілася такое пачуццё, быццам яго асарамацілі перад усім светам. Сціснуўшы зубы, ён шпарка выскачыў з могільніка і рушыў да сваёй канцылярыі.
Да самага вечара ён быў неспакойны. За паўгадзіны да канца сваёй работы ён сядзеў у самым цёмным кутку канцылярыі і нехаця корпаўся ў паперах. Сонца спускалася за стагі саломы, і, увайшоўшы ў гэты пакой знадворку, адразу здавалася, што тут зусім змрочна.
Ціхом адчыніліся дзверы і хтосьці ўвайшоў. Дзядзюля не падняў галавы. Ён толькі ўздрыгануўся, калі пачуў проста перад сабою пявучы голас:
- Выбачайце, мне параілі зайсці да вас. Справа такая, што я прыехала сюды пабыць на магілах сваіх бацькоў. Я хацела прывесці магілы ў парадак. Чалавек, у якога я начавала, зробіць балясы, каб агарадзіць магілы, але ў яго няма цвікоў. Ён гаворыць, што ў краме цвікоў так мала, што іх не кожнаму прадаюць. Я і прашу вас, каб вы адпусцілі цвікоў, іх трэба не многа.
Змяніўшы голас так, каб яго не пазналі, і заціскаючыся глыбей у цёмны кут, Дзядзюля абазваўся:
- Можна падумаць, што вы вельмі шануеце памяць сваіх бацькоў! Аднак жа на пахаванне бацькі не прыехалі.
- Я тады толькі што скончыла медыцынскі інстытут і адбывала ў раёне першую практыку. Тэлеграма да мяне не дайшла.
- Няма цвікоў, - хрыпла раўнуў Дзядзюля. - Ніводнага цвіка няма. І не будзе!
Маладая жанчына шпарка выйшла. Сафрон Дзядзюля, сцяўшы зубы, падняўся. Ён аж счарнеў ад злосці і гневу. Як! Нягледзячы на ўсе заявы, яна скончыла інстытут і цяпер ужо доктар? Гэта жывы здзек з яго! Можна сказаць, што ніколі яшчэ раней ён не ненавідзеў Макаркавых Волькі так, як цяпер. Пануры, як кавалак хмары, ён дацягнуўся дадому і, каб асвяжыць гарачую галаву, перад сном выйшаў у адной бялізне на двор. Неба схмурнела, ужо ішоў халодны асенні дождж. Сумысля ён прайшоў пад дажджом па садзе. Ірвануўся вецер, дождж лінуў густа і, пакуль Дзядзюля дабег да сянец, ён увесь быў мокры. Падлазячы ў сенцах пад коўдру, ён адчуваў холад. К канцу ночы ў яго пачало балець горла, зранку яму зусім нездаровілася, а пад вечар высока паднялася тэмпература. Ён пачаў гаварыць з гарачкі, і сям'ю яго апанавала трывога.
Быў вечар. Волька сядзела ў свайго колішняга суседа за сталом. Ёй было прыемна слухаць успаміны гэтай сям'і аб бацьках яе. У хату ўвайшла жанчына і пачала расказваць, што Дзядзюля вельмі хворы, а па доктара далёка ў такое надвор'е ехаць, і ў Дзядзюлі ў хаце аж рукі ломяць з адчаю. Маладая жанчына адразу ўстала і папрасіла правесці яе да Дзядзюлі.
Трэба сказаць, што Дзядзюля быў смелы і храбры толькі там, дзе ўсё добра і лёгка ішлося. Цяпер ім апанавала няшчасце, і ён размяк, як гнілая салома. Аслабелы, ён ляжаў і думаў пра тое, што нічога лепшага няма, як жыць на свеце. Хвароба напалохала яго, ён баяўся.
- Слухай, - замагільным голасам прагаварыў ён да жонкі. - Гэтая Волька, што прыехала - доктар. Ідзі пакліч яе.
У гэты момант адчыніліся дзверы, і на парозе з'явілася Волька. Дзядзюля затрапятаўся.
- Дзе хворы? - сказала яна сваім шырокім пявучым голасам.
- Я, я хворы, - прашаптаў Сафрон Дзядзюля. - Калі ласка, ратуйце, век буду дзякаваць. Так дрэнна мне прыйшлося...
Маладая жанчына пачала яго аглядаць. Будучы паслухмяным, як ягня, Дзядзюля бесперапынна выказваў просьбы - клапаціцца аб яго здароўі.
- У вас пачынаецца запаленне лёгкіх, - сказала маладая жанчына. - Як гэта вы маглі так захаладзіцца?
- Мяне прамачыў дождж, - прахрыпеў Дзядзюля.
- Тут ёсць дзе дастаць банькі? - запытала Волька.
- Ёсць тут у адной хаце.
- Дастаньце іх, я пастаўлю. А зранку трэба будзе лякарства. Рэцэпт я напішу.
- Вы мяне выбачайце, - ныў Дзядзюля. - Я вам цвікоў не даў. Прызнацца вам, то я забыўся, што яны ёсць. Я гэтую памылку выпраўлю, абы толькі паправіцца. Лячыце мяне, як мага, прашу вас.
- Дык гэта я ў вас прасіла цвікоў? А я і не пазнала. Нічога, хвароба не страшная, паправіцеся.