Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Як гэта Маргарыта сышлася была з ім...

4. Весткі ад Якуба

«Братка Віця! Але ж даўно я цябе не бачыў. Чаму ты гэтак мала пішаш, забыўся пра нас, ці што? Мы табе рэдка калі пішам - дык нам жа вельмі часу ніколі няма. Цяпер толькі адсеяліся. Ну і нагальнасць была! Добра, што дажджы ідуць, годзіць на поле. Каб ты ведаў, які ліст учора прыйшоў ад Маргарыты. Ты б за галаву хапіўся б, каб ведаў. Ты, мусіць, нічога пра гэта не ведаеш, бо няўжо б ты маўчаў нам пра гэта гэтулькі часу. Але чаму яна сама дагэтуль - хоць бы слова. Гэта ж цэлы год ужо зараз. Яна піша, што бачылася з табою, бо прыязджала ў твой горад у суд, браць разлуку. Ты ведаеш, як усё гэта было для нас - як абухом па галаве ўсім. Я то яшчэ нічога, а Маня і цяпер да спакою прыйсці не можа. Яна ж Мані пісала (толькі сёння Маня мне расказала), што зусім страціла здароўе, жывучы з ім. І цяпер усё адразу ён узяў ды вырашыў па-свойму - узяў дый кінуў, няхай як сабе хоча, хоць зойдзецца дзе. Яна і сама піша гэта самае, але гэтак, што трэба найбольш здагадвацца - як бы не смее яна гаварыць нам усяго выразна. Толькі нарэшце вырвалася ў яе слова: «Што ж, я калі пайшла замуж, дык закон гэтакі, што трачу я права на тую гаспадарку, адкуль пайшла. Дык я і не паеду да вас. Работы я нідзе не знайшла, і цяжка мне яе знайсці, дык няхай сабе будзе, як будзе». От што і як яна піша. Яна, відаць, ужо і законамі націкавілася, мусіць, прыйшлося ёй добра цяпер! Каб яна яшчэ адна, а то з дзіцем, дык яшчэ горш. Я сёння ёй напісаў проста - закон, гавару, адно, а жыць на свеце жывым і родным людзям часамі можа быць і другое. Не чалавек ідзе да закону, а закон да чалавека. І калі дзе які закон не прыйшоўся да чалавека або чалавек падышоў наперад, а закон астаўся, дык закон падагнаць трэба. Мы, гавару, родныя, і не канешне на законы прыглядацца. Бо ты як была дома, а мы былі малыя, дык была ты для нас як родная маці. Няўжо ж мы павінны забыцца на гэта. Няўжо ж мы пойдзем у суд, каб нас чужыя людзі мірылі і дзялілі? Прыязджай, напісаў ёй, мы цябе спаткаем з радасцю, і ўсё будзе добра. Можа і добра, што развязалася з гэтакім. Маня таксама і ад сябе прыпісала, каб прыяжджала і нічога лішне не думала. Але Маня сваім жаночым сэрцам угадала яшчэ адно. І мусіць, гэта праўда. Яна мне гэта сказала: таму Маргарыта не хоча да нас ехаць, што рабіць цяпер не можа, здароўе страціўшы. А ў нас жа гаспадарка. І не хоча яна быць «дармаедам» на чужым карку. Маня як толькі сказала мне гэта, дык адразу і заплакала. Тут ужо ніяк не напішаш пра гэта Маргарыце, каб лішнім і грубым словам яе не скрыўдзіць як часамі, каб, яшчэ больш неасцярожна і не ў пору сказаўшы, не паддаць ёй яшчэ больш пакуты. Трэба толькі падумаць, што яна цяпер думае і як жыве. Адно каб яна прыехала, а калі не - дык я сам паеду і забяру яе. Ты, братка Віця, напішы ёй, няхай нічога гэтакага не думае і адразу прыязджае. Будзе яна тут спакайнейшаю і можа паправіцца трохі. А то, мусіць жа, дапякло ёй усё гэтае, калі аж пра законы, небарака, пачала пісаць... Сам я, мусіць, да цябе неўзабаве прыеду. Не надоўга. Тут у нас адна справа заварваецца, і мне давядзецца ехаць. Я ўвесь клопат узяў на сваю галаву, бо, сказаць праўду, каб не я, дык, бадай-што, нічога і не было б. Гэта мы складаем камуну - сем хат згаварыліся. Дык цяпер трохі мне клопату будзе. Я табе напішу гэтымі днямі, калі прыеду. А ты ж хаця пішы. І яшчэ раз просім мы цябе з Маняю - напішы ты Маргарыце - няхай нічога не думае і не псуе дарэшты свайго здароўя. Няхай прыязджае. Вітай яе ад нас і бывай здаровенек. Якуб».

5. З стэнаграмы следчага допыту

...Цягнік прыйшоў пад вечар. Я даўно чакаў на вакзале, каб сустрэць Якуба. Я стаяў каля дзвярэй і ўглядаўся ў людзей - які ж цяпер той ранейшы сінявокі Якуб, што (калі ўжо тое было!) гэтак няёмка развітаўся быў са мною на станцыі? Я тады бачыў праз акно з вагона, як ён паправіў на возе мяшок з сенам і паехаў у сваю дарогу. Я ведаў, што ён спяшае, каб да вечара перапаўзці трыццаць вёрст. Пакуль ад'ехаў, дык разоў тры азірнуўся. А пасля цягнік рушыў... Колькі ўжо год прайшло, як мы пакінулі жыць разам!

Доўга прайшло часу, калі я заўважыў сярод людзей загарэлы, аж чорны, хлапечы твар і шэрую суконную жакетку. Цераз плячо ў Якуба вісеў на палатняным рубцы малы клунак. Я схапіў яго за рукаў і выцягнуў з натоўпу.

На вуліцах стаяў пыл, і сонца яшчэ пякло. Якуб грукаў ботамі па гарачым бруку. У першыя хвіліны мы не знаходзілі словаў, і гаварыць пачалі тады, калі прыйшлі на кватэру. Што перш за ўсё кінулася мне ў вочы ў Якуба - гэта павольная сталасць у рухах нават тады, калі гэтай павольнасці не было.

«Як у старога вясковага гаспадара, у якога ўкаранілася мудрасць, што на зямлі вельмі спяшаць і трапятацца няможна. А можа гэта ён стаміўся з дарогі?» - падумаў я.

Запахла ў пакоі Якубавымі ботамі і ветравым пылам ад яго жакеткі.

Якуб гаварыў пра ўсе самыя дробныя хатнія справы, пра знаёмых вясковых, смяяўся мякка і добра. І я адкінуў на гэты час усе свае справы, каб застацца аж да заўтрага з братам. Усё больш і больш агортвала мяне тое роднае, што з малых дзён вызначылася назаўсёды між намі і ў нас. Гэта тая арганічная блізасць з Якубам, што з вялікай сілай загаварыла зноў цяпер пра сябе.

- Ты мне хіба паможаш што тут у маёй справе, бо я ж, сам ведаеш, нідзе ніколі не быў, - сказаў мне Якуб.

Ён расказаў, як Маргарыта ішла замуж (трэба ж было, як на тую бяду, паехаць ёй тады да Мані і якраз спаткацца з ім!), як лепш яны там усе жывуць цяпер дома. Якуб гаварыў з развагамі, спакойна і стала. Белыя, ад сонца аж жоўтыя, валасы тонкімі пасмамі клаліся ў яго на вушы, тыя ж самыя сінія вочы глядзелі шырока, толькі глыбей увайшлі нейк позіркам сваім. І яшчэ прабівалася наверх з усіх рысаў твару адзнака ўпартасці.

- Дык як Маня маецца? - запытаўся.

- Жыве сабе... Мне цяпер абы тут усё добра зрабіць, а там - не я ж адзін... Зусім прыйдзецца некалі на весну вуліцу зносіць, і рэшта вёскі падзеліцца на два калектывы.

Я тады ахоплен быў новым пачуццём, глыбокім, радасным. Мы сядзелі з Якубам у першы вечар доўга, і яго абветраны твар быў для мяне вельмі любым. Тут было ўсё ад пачатку і да канца - і тое мінулае, з чаго вырасла наша блізасць, і цяперашняе. Мы разумелі адзін аднаго з паўслова.

Пра Маргарыту ён гаварыў, як бы сам быў у чым тут вінават. Але пасля, калі загаварылі мы, як дапамагчы ёй, каб стала ёй спакайней на душы, ён увесь загарэўся і ўспомніў адразу пра Марынковіча. Нават скрозь загару я прыкмеціў, як пачырванеў яго твар, і ён увесь аж уздрыгануўся. У ім, у гэтым сінявокім Якубе, у гэтым маладым, спрацованым, упартым рэфарматару зямлі захаваны вялікія буры. Ён пабыў у мяне два дні і паехаў, зрабіўшы тыя свае справы. І першы дзень, як паехаў ён, мне самому хацелася следам за ім ехаць. І ў той жа дзень я напісаў яму колькі слоў і вялікі ліст да Маргарыты. Усё гэтак, як гаварыў ён.

Цяпер менш за ўсё я думаю пра Марынковіча. І гэта дрэнна. Бо яго трэба перамагчы. Гэта нялёгка. Вельмі часта можна самому праславіцца за ворага рзвалюцыі, пакуль пераможаш яго. Даведзена ж і выдрукавана ў прэсе, што я контррэвалюцыянер.

Буду ісці да канца.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

6. Якая гаворка была ў мяне з Марынковічам

- ...Яна зняла справу з судовага разгляду не затым, што вы вельмі хацелі гэтага, а затым, што нічога суд не сказаў бы таго, пра што трэба было б хоць слова сказаць. Бо тут гэта не тое толькі, што ў яе ад вае дзіцянё застаецца і што вы будзеце даваць на яго гэтулькі, колькі закон скажа. Можа суд яшчэ сказаў бы колькі слоў і пра тое, што яна, жывучы з вамі, страціла сваё здароўе: вы ж жылі разам чатыры гады, і яна магла б ужо мець чацвёра дзяцей! Над гэтым ні вам, гр-н Марынковіч, нікому галава не баліць, і яна адна сваім жыццём тут за ўсё адказвае. Але суд ні слова не сказаў бы пра тое, што яна ішла за гэтага Марынковіча тады, калі ён зарабляў на месяц усяго васемнаццаць рублёў. Яна хацела бачыць у Марынковічу чалавека і пайшла дзяліць з ім гора. А ён, калі ўжо зрабіўся важнаю асобаю, дык забыўся на ўсё гэта. Ён цяпер стаў «новым» чалавекам і знайшоў сабе «новую» жанчыну...

130
{"b":"73674","o":1}