Ён дзіка глянуў на мяне, трохі паглядзеў так вот мне ў вочы, пацерабіў чорную, кароценькую і пасівеўшую месцамі шчаціну барады і сказаў:
- Міхал памёр. Учора вечарам прыйшоў адтуль ліст.
Сказаў і змоўк.
І ізноў пачаў глядзець у жоўтае дно канавы... Чорная муха ўжо лазіла па пальцах яго нагі, а мае думкі блыталіся так: што гэта Міхал памёр ад сухот, мусіць, бо на вайне атруцілі яму лёгкія ўдушлівым паветрам. І вось цяпер дзядзька Язэп сядзіць тут са мною над гэтай канавай і страшна сумуе. Цяпер у яго толькі дачка і жонка ў сям'і, а Міхала ён ужо два гады не бачыў - той недзе быў на рабоце і патроху хварэў... Дзядзька Язэп многа чаго перажыў цяжкага ў жыцці, многа бачыў такога, ад чаго жудаснасць можа ахапіць чалавека...
Раптам мае думкі пераскочылі на чорную муху. Яна поўзала па яго пальцах, а ён не чуў гэтага. Я пачаў думаць, што ў яго на нагах вельмі ж таўстая скура, ды яшчэ ў засохшай зямлі - хіба тут нейкая муха будзе прыкметна!
Ён маўчыць. Можа гэта ўсякае гора - толькі муха іншаму чалавеку?
Сядзеў ён, упёршыся рукамі ў зямлю. Трохі пагойдваўся шырокаю спіною. З-пад шапкі з цыратовым казырком павылазілі густыя, чорныя валасы з ніткамі срэбранай сівізны. Твар у яго абветраны, да чарнаты загарэлы на сонцы...
Ён адхінуўся назад і стаў глядзець некуды паверх маёй галавы. Тады я лішні раз упэўніўся: чалавек можа быць гордым перажытымі пакутамі, у час жа гора, калі ён пачынае стагнаць перад другімі, ён тады - увасабленне мізэрнасці.
Вось чаму дзядзька Язэп маўчыць. Бунт у ім схаваны ў глыбіні...
II
Вечарамі на зямлю лажыцца шэрая ціш. Поле пахне аўсяным іржышчам і вялаю атаваю, а цесныя двары пры маўклівых хатах - коньмі і дзёгцем. Наша вуліца дрэмле ў цішы і ясным змроку.
Толькі не маўчыць стары папоўскі сад - у старым доме асвечаны там два адчыненыя акны, і некалькі камсамольцаў на ўсю вёску спрачаюцца над кніжкаю тэорый Дарвіна. Галасы іх сакаўныя, як недаспелы гарбуз, чутны за дзесяць хат і абуджваюць думкі: «Гэта прэлюдыі да будучай індустрыяльнай вайны з прыродаю».
Як бы гэта далікатна і ў меру выказаць дзядзьку Язэпу?
Ён сядзіць сабе ціха на прызбе і глядзіць на свае ногі. Я каля яго блізка, але ў змроку ён здаецца мне цёмнай грузнай постаццю з абы-як накіданымі абрысамі...
У садзе каля асвечаных вокан ходзяць, абняўшыся па двое, хлопцы і дзяўчаты. Дзяўчаты звіняць смехам, а хлопцы пробуюць спяваць:
Не хадзіла, не гуляла,
Рана спаць лажылася...
Першыя два радкі памагаюць падводзіць дзяўчаты, а пасля сціхаюць, - ёсць такое ўстанаўленне, што дзяўчыне шмат якіх слоў трэба саромецца...
Спяваюць моцна, бо ведаюць, што поп, выселены ў другую палавіну дома, любіць цішыню. Цяпер ён, пэўне, ходзіць недзе па двары і нюхае пах вялай травы. У садзе пільнуе познія яблыкі стары Гірш - за свае яблыкі ён смелы і спакойна спіць у будцы. І добра, што ён стары - хоць выспіцца сабе як мае быць. Бо, каб быў ён хоць трохі малодшы, не заснуў бы ён тут усё роўна... І толькі нямыя і да ўсяго абыякавыя кусты агрэсту і маліны з'яўляюцца сведкамі... Дзяўчаты заліваюцца слаўным срабрыстым смехам, бесклапотным і чыстым - нашто раней часу забіваць голаву думкамі аб аліментных правах.
Слаўна адчуваецца блізкая восень. Мякка абнімае зямлю празрыстая ноч. За дзве вярсты адсюль адчуваецца аеравай вастратою рэчка, пажаўцелыя крушыны і каржакаватыя хвоі над ёю. Над паплавамі лазіць туман густым малаком...
Дзве постаці відны ў змроку - ідуць, прыціснуўшыся адна да другой, і два галасы пераплятаюцца таксама, як і постаці ў абнімку, - падаюць яны нізкім шзптам. Я пазнаю дачку дзядзькі Язэпа - смуглявую маленькую Досю - і, пазнаўшы, адганяю ад сябе журботную трывогу, раптам скрабянуўшую мяне; заспакойваю сябе нават некаторымі філасафічнымі развагамі...
Яны ўдваіх садзяцца на суседнюю прызбу і шэпчуцца.
- З кім гэта яна? - ціха гаворыць мне дзядзька Язэп.
Я горды тым, што ён давярае мне свае думкі, але, ад малых дзён падказанай мне людзьмі неабходнасці браць усё пад кантроль, я раскідаю думкамі, хто ж такі дзядзька Язэп? Трохі падумаўшы аб гэтым, я не адганяю ад сябе гордасці нашай блізасцю і пачынаю пазнаваць, з кім сядзіць Дося. Цераз хвіліну я падсоўваюся бліжэй да дзядзькі Язэпа і паведамляю яго:
- Гэта студэнт-практыкант. Той, што прыехаў з каморнікам зямлю мераць.
- М-м-мгу...
І тут я не пазнаў дзядзькі Язэпа, першы раз за час сваёй блізасці з ім не пазнаў. Ніколі ён так безудзельна да ўсяго не адносіўся. Гаворачы аб студэнце і ведаючы дзядзьку Язэпа, я быў упэўнены, што ён зараз жа пачне выводзіць свае пераконанні - добра гэта ці кепска і як да гэтага трэба адносіцца. А цяпер ён аднёсся да гэтага так, як бы гэта Дося яму не дачка, а студэнт не малады хлапец, а якая-небудзь танная істужка, што выпадкова і без ніякіх слядоў пасля сябе абнімае Досіну шыю.
Цяпер, значыць, дзядзька Язэп думае толькі аб Міхале.
І мы так седзімо моўчкі. Дзядзька Язэп чухае калені, мабыць, пойдзе зараз спаць.
- Добры вечар!
Вырасла аднекуль са змроку шэрая постаць, прыткая і лёгкая.
«Чаго гэта поп ходзіць ноччу па вуліцы, няўжо яму мяшаюць спаць галасы ў саду?» - думаю я.
А ён углядаецца, каб пазнаць нас, пасля гаворыць дзядзьку Язэпу:
- Стары ты чалавек, табе ж паміраць хутка пара прыйдзе, а Бога забыўся, хоць бы адслужыў па Міхалу паніхіду...
Дзядзька Язэп маўчаў.
- Стрэў я ўчора Астапа Варывончыка - так і так, кажа, Язэпаў Міхал памёр, я аж умлеў.
Голас у папа танклявы і порсткі, і ўвесь ён, як на іголках, стаіць і гойдаецца, перабірае на жываце пальцы, гладзіць пальцам шчуплую бародку. Дзядзька Язэп, слухаючы яго, нагінаецца і кладзе рукі на калені.
- ...Дык ты, Язэп, заўтра прыйдзі да мяне, дык мы аб паніхідзе пагаворым...
Поп моўчкі прысеў каля мяне, павадзіў пальцамі па бровах і закурыў. Моцна запахла добраю самарослаю табакаю, дым гэты змяшаўся з пахам вымазаных варволем папоўскіх ботаў і потам яго шыі. Суконная вопратка дзядзькі Язэпа пахла пыльным бульбянікам і сухім выветраным хлебам; ад усяго гэтага хацелася драмаць.
- Ну то як? - сказаў поп. І, сказаўшы, адвярнуўся ў другі бок ад маўклівага дзядзькі Язэпа. - Гэта ў цябе, Язэп, ад таго, што занудзеў ты па Міхалу. Паспакайней трохі.
І пайшоў у свой бок, раптам усхваціўшыся.
- Не сумуй, дзядзька, - сказаў я.
- Нуда агарнула.
І гэта сказаў ён слаўна, бо не скардзіўся, а выказаў факт. Да нас падышоў раптам Тамаш Арлоўскі - барадаты і моцны стары, з другога канца вуліцы.
- Я да вас, хлопцы.
- Ну?
- Зрабеце маёй жонцы хату.
- Гавары, чаго прыйшоў?
- Я ж гавару. Дошкі ў мяне ёсць, толькі ж вельмі сукаватыя, ёсць без сукоў, ды ў гразі - гэблі патупіце!
- Што, твая старая памерла?
- Але.
- Нешта ж яна мала хварэла. Не чутно было.
- Тыдзень.
- А-а-а...
- Нястраўнасць гэта ў яе. Павячэрала, а назаўтра не ўстала з пасцелі.
- Ага.
- Дык можа б ты цяпер за работу, Язэп, узяўся?
- Цяпер то я не магу, заўтра зранку можна будзе. Толькі дай ты мне добрых памочнікаў; прасі Мікалая.
Тамаш глянуў у мой бок.
Рабіць труну з дзядзькам Язэпам! Я быў малады, і ў маёй сталасці былі некаторыя элементы надуманасці. Часамі яны неўзаметку пачыналі сплываць. Але я з малаком мацеры атрымаў людскую прывычку, хоць часам і нявінна, хітраваць. І я сказаў:
- Калі часу няма, ліха на яго. Бацька нездароў, дык я адзін.
- Ды што табе гэты час? Што, ты ўміраць ніколі не будзеш?.. Але, праўда, табе яшчэ далёка.
«Значыцца, пачаў ён вымяраць мяне меркаю смерці, - падумаў я, - годзе ламацца».
І я сказаў:
- Добра.
- Дай яшчэ аднаго, - сказаў дзядзька Язэп.
Тамаш моўчкі пастаяў і пайшоў.
І тут выйшла незвычайнае ў гэтую хвіліну з дзядзькам Язэпам. Ён затрос барадою ад смеху, трос галавою.
- Чаго ты, дзядзька?
- Тамашыха памерла! Павячэрала, кажа, як мае быць, а назаўтра з пасцелі не ўстала... Нястраўнасць! Як ты думаеш, сынку, колькі пудоў яна важыла?..