Буланы падступіў да дзвярэй, пашараваўся аб іх старыя дошкі губамі і пасля ткнуўся ў іх. Дзверы трохі прачыніліся, так што можна было высунуць на двор галаву. Буланы так і зрабіў. А тут раптам запахла вялым аерам, і няможна ўжо было не выйсці на двор. Але Буланы яшчэ пастаяў трохі, бо павольнасць давала асалоду старому целу; і з вуліцы смешна відна была яго галава, так што Янка Самахвал, які вельмі добра ведаў Буланага і якога Буланы таксама ведаў і заўсёды здалёк пазнаваў па нейкаму канапляна-тытунёваму паху, прыпыніўся на вуліцы і сам сабе глыбакадумна сказаў:
- От, чорт яго ведае, чаму гэта Раман Драгун каня гэтага не збудзе. Падла ледзьве ногі цягае, а ён яго дзяржыць.
- Што ты кажаш? - абазваўся з свайго двара Юзік-сусед.
- Раман, кажу, каня не прадае.
- Не хоча за бесцань аддаваць, - заявіў Юзік і палажыў бараду на плот.
На гэтым гаворка магла б і скончыцца, бо ні аднаму, ні другому не было часу, але Буланы раптам вылез з хлява і, растапырыўшы ногі, паволі пачаў абнюхваць мокрую зямлю, зацярушаную саломай і сенам. Тады ўжо Янка Самахвал, як належыць, стаў напроціў двара і пачаў глядзець на Буланага.
- Эх, конь, быў конь. Што гэта быў за ко-о-о-нь - а-я-яй! - сказаў ён і трагічна паківаў галавой.
Юзік Жур падышоў да Янкі і сказаў:
- Гэта ж я яму памог гэтага каня купіць.
- Я ж ведаю.
- Я не кажу, што не ведаеш. Дзіва што ты ведаеш - гэта ўсякі ведае... Тады дык Раман усё шкадаваў, што пераплаціў, а пасля што ён мне пападзякаваў - страх. Бывала, які воз ні налажы, гара не гара - ідзе Буланы, а гэта зусім на няма нічога з'ехаў.
Так і гаварылі аб Буланым. І ад таго, што гаварылі і стаялі на вуліцы, брала цікавасць таго, хто не гаварыў і не стаяў на вуліцы, а толькі бачыў усё гэта праз акно. Так выйшаў на вуліцу Костусь-муляр, які ніколі не меў сваіх коней і не цікавіўся імі, але мог гаварыць аб іх колькі хочаш. І ў звязку з тым, што раптам выйшаў на вуліцу Костусь, у спешным парадку з'явіліся і іншыя, бо была ў іх цікавасць да ўсяго таго, што б дзе ні рабілася і ні гаварылася.
І гаворачы аб Буланым і трохі думаючы аб ім, думалі і аб многім іншым. Гледзячы на вылезшую шыю Буланага, Янка Самахвал быў падумаў: «Галава ж у мяне вельмі свярбіць, трэба будзе пайсці ў суботу ў лазню».
І ў звязку з лазняю і суботаю падумаў аб тым, што гэта ж пасля суботы будзе нядзеля, а тады пойдзе ён аглядаць новую малатарню, якую прывязлі за сорак вёрст з саўхоза і паставілі ў Юрасёвым гумне. І не то, што ў гэтым самае важнае, але ўсё разам узятае: і лазня, і субота, і малатарня, і гаворкі, якія пры гэтым будуць весціся, - нешта блізкае і патрэбнае. Юзік жа, гледзячы здалёк Буланаму на галаву між вушэй, падумаў: «Чаму гэта ў яго нек зеленавата там? Ці гэта ён у некую цвіль упэцкаўся, ці гэта шэрсць ад старасці ў яго такая стала».
І тады ўжо з'явілася ў яго вось якое адчуванне: «Гэта ж якраз такі бывае мох на старых бярозах. І нават тая бяроза, ускочваючы якую на воз год дзесяць таму назад, я сарваў жывот, уся была абросшая гэтакім самым мохам».
І пасля гэтага пайшлі гуляць думкі вольнымі пуцінамі. Падумалася аб тым, як сумаваў ён доўгі час па сваім жываце. Пасля гэтае адчуванне растала ў наступным: падобны колер яшчэ бывае ў раннюю восень пад рабінаю, напроці рэчкі. Сядзіш бывала там, а вада бяжыць ды бяжыць.
- Колькі гэта я гэтага Буланага перапасвіў, - сказаў раптам Юзік пад густым наплывам думак.
- Усяму свая пара, - адказаў голас.
А Раман Драгун, стоячы ў хаце каля стала і гледзячы на акно, падумаў: «Чаго гэта людзі напроці майго двара сабраліся? Ці не зрабілася гэта што ў мяне ў двары?»
Трохі нават як бы спалохаўся чаго і закурыў зразу, а пасля, бачачы, што тыя як стаялі, так і стаяць, сам выйшаў на вуліцу і разам з усімі моўчкі глядзеў на Буланага.
А Буланы ўсё нюхаў зямлю, а пасля пацягнуўся паволі ў сад. А там пад разгатаю грушаю ляжаў пажоўклы і мокры аер, дзён пяць таму накошаны Раманам Драгуном каля рэчкі, пахнуў ён моцна, быў вакол расцярушаны, нават трохі быў ускладзены на дзве тоўстыя галіны грушы. Вакол ён быў, гэты аер. Уваходзіў ён Буланаму ў адчуванні і выглядам, і пахам, і ў ім губілася неяк трава, збітая і малая, што разам з чорнымі лісцямі макрэла пад яблынямі. Буланы папрабаваў жаваць аер - нясмачны, так што не варта было яго і нюхаць. Але сваім пахам і выглядам у многа раз павялічыў ён Буланаму адчуванне вольнага прастору рэчак, паплавоў ды вільготнага ветру. І раптам раздзьмуў ноздры Буланы, так, як раздзьмуваў іх у маладыя гады. Яшчэ махнуў хвастом, папрабаваў страсянуць грываю, але грывы ўжо амаль не было, і выйшла гэта неяк смешна: проста пацеляпаў неяк шыяю і пабег паволі дваром на вуліцу.
- Ку...-куд-ды, а-а-а! - растапырыў быў рукі Юзік, а Раман Драгун, уцяміўшы раптам становішча рэчаў, сказаў:
- Надвор'е прачысцілася, то няхай, от, пацягаецца па паплавах, хоць абветрае трохі.
- А што ты думаеш, - адказалі яму.
На гэтым уся іх гаворка і скончылася. Яны разышліся, несучы кожны ў сабе думкі, ужо не блізкія да Буланага. А Буланы прабег па вуліцы да трэцяе хаты, ды раптам адчуў, што баляць ногі. Тады ўжо паволі пайшоў, не пакідаючы раздуваць ноздры - ці то гэта ад адчування блізасці поплаву, ці ад стомленасці.
Так выбег ён за агароды і стаў грызці дробную траву, і затым, што быў ён конь і не было ў яго таго, што выразна завуць думкамі, амаль згладзілася ў яго тое ўсё, што было кагадзе, як бы гэта не было для яго мінуўшчыны, не было яе выразна ў адчуваннях. Яна была ў жыцці і выяўлялася, напрыклад, у тым, што вось ад старасці, ад быўшае працы і жыццёвай нягоды ногі сталі часта балець і вочы закарваць гноем, але гэта не была свядомасць, якое не было, а быў далёкі ад разумення і ўяўлення факт...
Ужо не плакаў дзень снегавою вадою, бо знік ужо снег, толькі стаялі ціха ў ручаінах гэтыя слёзы - як бы гэта дзень выплакаўся, і стала зусім яму лёгка. Змыў ён слязьмі каламутнасць, што няпрошанаю прыйшла да яго, разагнаў волава хмар і пачаў смяяцца - ясна і ціха.
А тут яшчэ гусі, прагергетаўшы ўсю сваю сталасць на агародах, падняліся ды белымі камякамі шуганулі цераз платы ў поле. Цяжка было ім плаваць у высотах, бо былі яны сытыя і сталыя, як тыя сцены, у якіх начавалі; так яны і пападалі на зямлю і пачалі там шукаць нечага.
Буланы грыз траву, а яны нечага шукалі, і была ў іх сталая вясёласць, зусім не такая, як у Буланага. У яго проста было некае цьмянае жаданне. То цягнула яго некуды ісці, падняўшы галаву, то страшна хацелася, ліха ведае адкуль, набраць повен рот травы ды ўсмак пажаваць яе. Проста гэта было тое самае, што застаўляла яго ў маладыя гады ляцець, задраўшы хвост, па загонах. Аж стогне зямля, аж енчыць дарога пад капытамі. Толькі пыл слупамі ходзіць там, дзе скача, бывала, Буланы. Як ужо яго ні путаў Раман Драгун - ніводнае пута не трымала яго: парве ды калі залапоча...
І якое дзіва, што цяпер Самахвал Янка, убачыўшы Буланага, заўсёды трасе галавою ды выводзіць павольным голасам чуць не на дванаццаць тэмпаў:
- Што гэта быў за ко-о-о-онь - а-яй!..
От, не папытаў тады Янка Самахвал у маладога Буланага: «Куды ты так мчышся, задраўшы хвост?» І не меў Буланы чалавечага розуму ды языка, каб адказаць яму на гэта...
Гусі сабе вялі гаворку, а Буланы падняў галаву ды пайшоў паволі вузкаю дарогай туды, дзе чарнелі кусты.
II
Было гэта даўно ў чалавека, і больш яно ўжо ніколі не з'яўлялася; пачало забывацца, і нават сляды яго сплывалі ўжо па хвалях часу. А тады было яно моцнае, было яно вялікае, як усё тое, што ёсць у чалавека, разам узятае, у пачуццях і думках. Бо праз яго тады праходзіла і пераламлялася ў ім адчуванне і ўяўленне ўсяго таго, што існуе.
Быў Раман Драгун малодшы і мацнейшы, і думкі меў вастрэйшыя, але яны сталі слабымі...
Ціха было ў тыя дні ў хаце і на двары. І ён усё стараўся што-небудзь рабіць, чым-небудзь займацца па-за хатаю, каб не бачыць таго, што было ў хаце. Ляжала там яго хворая жонка і пакутавала. І гэта напаўняла ўсё, выходзіла за адчуваемыя абшары і было ва ўсім. Так, гэта ён адчуваў. Была гэта ненармальнасць, быў хаос, і чалавек, заўсёды праціўны яму, шукаў гармоніі. Выяўлялася гэта ў яго ў імкненні бачыць вакол сябе ўсё нармальнае, у сваіх берагах. Хоць бы ўявіць як, што гэта ўсё так і ёсць. Хадзіў ён па двары, па ўтоптанаму снегу, і былі ў яго дзве вышыні настрояў. То хацелася яму як бы сціснуцца ў адзін маленькі жмут, быць непрыметным, і каб такім стала ўсе. Бо гэта была б процілегласць таму ненармальнаму, страшнаму і вялікаму.