З прычыны гэтакага тону яна не iдзе. Ён сядзіць дзе-небудзь на пенчуку ці на вывернутым дрэве.
Край лесу, перад імі поле – цяпер ужо чужое, не яго. Бярозавыя прысады туманяцца за полем, іх ледзьве відаць – з гэтага, аднаго толькі боку, поле чыстае ад лесу. Скрыўленая, адсунутая Бушмарава дарога яшчэ мала вызначылася калясьмі. Межавыя палявыя слупы залезлі аж на яе – ледзьве з драбінамі льга прасунуцца.
Аміля кладзе рукі на Бушмарава плячо:
– Чаму ты гэтакі, Лявон?
– Што? – гаворыць ён адразу, – што ты сказала?
(Часамі ён гэтак ажыўляецца без прычыны.)
– Чаго ты на мяне сярдуеш?
– Iдзі туды, – паказвае ён пальцам на вёску. – Iдзі, адно прыходзь хутка.
Цяпер яна ўжо iдзе адразу, моцна ўздыхнуўшы, але ж i праўда, што не бавіцца там доўга.
Андрэй спатыкае яе жартлівым смехам:
– Хутарская гаспадыня iдзе. Ну, як гаспадар, не лішне эксплаатуе цябе?
Яна вымушана смяяцца.
У акне з двара відаць дзеці. Ходзяць за сталом па высокай лаве, насамі ледзьве дастаюць вокны. Вочы ў абодвух чорненькія, як вугельчыкі, аднагодкі – Амілін i Андрэеў.
– Iдзіце, сынкі, я вам тварыкі памыю, – гаворыць Аміля, калі ўвойдзе ў хату.
Бярэ іх абодвух на рукі i нясе ў мыцельнік да вядра з вадою. Хлапчукі ў захапленні пішчаць.
– Сыночак, – туліць яна да сябе свайго малога. – Можа, табе баліць што?
– Каб балела што, дык плакаў бы, – аскірзаецца пакрыўджаная Андрэіха. Разам жа з маім i ядуць i спяць.
– От пасварыцеся нечага, – рагоча на ўсю хату Андрэй.
– Я так гавару, мала што маці скажа, – апраўдваецца Аміля, – ці гэта што я скажу, дык…
Яна гладзіць па белай галоўцы свайго малога i спяшае назад да Бушмара. Андрэй выходзіць у сенцы. Стоячы ў дзвярах, глядзіць Амілі ўслед:
– Пабыла б калі больш… Эксплаатуе цябе твой гаспадар.
Ён раптам кідае жартаваць. Тон яго робіцца сталым:
– Табе i нядзелі няма?
Аміля ўжо выходзіць з двара.
Бушмар усё ж чакае яе. Яна як бы просіць яго:
– Я не бавілася, праўда?
Яны iдуць назад ужо разам. Калі край лесу губіцца за востраю павароткаю лясной сцежкі, Бушмар туліць яе да сябе. Яна, у гэты момант шчаслівая, глядзіць яму ў вочы; уся больш яшчэ прыгажэе, ружавее, жмурыцца, лашчыцца да яго. Падыходзяць да дому, i яна тут зноў успамінае тое, на што ён раней не адказаў:
– Чаму ты гэтакі… Нейкі…
– Які?
– Не гаворыш ніколі са мною?
Яна не спускае з яго вачэй, i ён глядзіць доўга ў яе гвар. Жанчына робіць цуд: на Бушмаравым твары з'яўляецца ласкавая мяккасць.
VIII
Вінцэнты на погляд здаецца ціхi чалавек. Ён ходзіць павольна i стала. У нядзелю заўсёды ўсцягвае на ногі шкарпэткі – шэрыя, у чырвоную палоску ўпоперак – жончына работа – i камашы. Ногі ў яго крывыя – разагнутыя дугі, i паходка – з боку на бок. Святочная ватоўка яго з рудога, чырванаватага старасвецкага бобрыку, ці то ўлетку горача, ці то ўвосень, ці ўвясну здорава – ён у свята заўсёды ў ёй. Колер твару яго дзіўна падобны да колеру гэтай вопраткі.
З Бушмарам ён – так сабе, ні вораг, ні прыяцель.
Трохi дружыў з Лявонавым бацькам, – але як дружыў! – разам палавічных пчол разводзілі, пакуль не заеліся iдзін на аднаго за мёд, а з маладым Бушмарам Вінцэнтаму пакуль што не здарылася за што пасварыцца.
I от у нядзелю, калі Бушмар рыхтаваўся снедаць, прыйшоў да яго Вінцэнты. Ён колькі часу стаяў за Бушмараваю брамаю i разглядаў Бушмараву ярыну.
– А-а-а як жа авёс пайшоў, аж сінее, – енчыў Вінцэнты з нейкай пакутнай зайздрасці. – Шалее твой авёс, дзянь добры, жэгнай Божа, – сказаў ён, калі пралез цераз парог у хату.
Бушмар бачыў яшчэ яго праз акно за брамаю. I буркнуў быў сабе пад нос:
– Цi не сюды яго няшчасце гоніць.
– Добры дзень, проша на сняданне, – прывітаў ён госця.
Вінцэнты сядзеў на парозе, пастукваў па падлозе кійком сваім, цадзіў па слову гаворку – чакаў, калі Бушмар скончыць снедаць i калі адыдзецца ад стала Аміля.
– Я прыйшоў да цябе, – загаварыў ён пра справу, выводзячы Бушмара на двор.
Бушмар як бы пачуў што трывожнае, маўчаў i нарыхтаваўся слухаць. Ён вёў Вінцэнтага па двары. Вінцэнты раптам перайшоў на дробныя ўсмешкі i нават сказаў жарт:
– Я хачу ў падсуседзі да цябе.
Бушмар траціў цярплівасць – ён сам ніколі не жартаваў i да людскіх жартаў не прывык. Вінцэнты ж адразу пасталеў, гэтак як напусціў бы на сябе жартаўлівасць:
– Ты ж чуў пэўна?
– Што?.. Нiчога я не чуў.
Бушмар як мае быць ужо ўстрывожыўся. Вінцэнты больш не мучыў яго сваімі жартамі:
– Падсуседзі – не падсуседзі, а хаўрус з табою хачу зрабіць. Уцячы ў лес да цябе хачу. Хлопцы мае самі прыслалі мяне да цябе… Дарогу тваю адапхнулі? Палетак паўз лес адрэзалі? На гэты бок лесу залазяць? Андрэй арудуе? I арудаваць будзе, бо ён на цябе вока не мае. Ён пытаў (сам я чуў) у Амілі нядаўна – ці запісана яна ў гэтым рабачкоме…
Вінцэнты раптам спыніў гаворку i палажыў рукі на полы вопраткі. Расцягнулася ніжняя губа, стала тоненькаю, i мяшкі пад вачыма пачырванелі. Ён трошкі прысеў, трошкі нагнуўся да Бушмарава вуха. Спачатку так памаўчаў, пасля захіхiкаў:
– Хi-хi-хi, хi-хi-i-i…
Бушмар зусім здзівіўся, аж злосць папаўзла па твары яго.
– Хi-хi, гэта такі недурны нехта выдумаў, імя яму даў – рабачок… падточвае гаспадароў… ці запісалася ты, кажа, у рабачок… Хi-хi-i-i.
Зноў ён раптам зрабіўся сталым, пасля гэтай штучнай весялосці:
– Страшная штука робіцца. Усё к чортавай матары пойдзе. Гады, запанаваць хочуць… Будзе табе яшчэ не гэта. Яшчэ i хату адбяруць у цябе, i самога з торбаю па свеце пусцяць, калі самому не ратавацца.
– Што? – гукнуў з усіх жыл Бушмар.
А той як бы наўмысля прыйшоў сюды, каб памучыць:
– I ўсім нам тое самае будзе, калі, я ж кажу, не ратавацца.
Тут ён змоўк i ўздыхнуў. Бушмар, каб прымеў, дык увагнаў бы тут яго на месцы ў зямлю. Вінцэнты яшчэ трохi памучыў:
– Гэта можна было адразу бачыць, што гэта будзе…
– Што?! – нема раўнуў Бушмар.
I ўжо тут Вінцэнты як мае быць дайшоў да справы:
– Усё пойдзе нанава. Гэта, што яны там панастаўлялі тычак i слупоў, дык увосень усё параскідаюць самі ж. Гэтыя новыя межы на знос пойдуць. I гэта, што падзялілі гэтыя дзялянкі, што адхапілі ад хутароў (i тваё тут дабро запала), – усё ў адзін кацёл пойдзе. Усё, як ёсць! Нават больш яшчэ ад хутароў адхопяць, нават зусім некаторых пазганяюць з месц сваіх – няма табе, кажа, ні хаткі, ні градкі. Народ, можа, паддавацца не будзе, але гэта… займі чорта ад варот, дык ён цераз плот! Ён цябе пройме навылёт, а свайго дойдзе… Згоняць усіх разам, выдзеляць табе, каб з голаду ўздоўж лавы лытак не стуліў, а рэштку спажыве той, хто будзе на чыёй шыi сядзець.
– Можа, да гэтага яшчэ не дойдзе, – разважыў сам з сябе Бушмар.
Ён аж панурасць сваю пачаў траціць.
– Ты тут сядзіш, як воўк, i нічога не ведаеш, што па людзях робіцца, цябе да калецтва як мае быць збіраюцца давесці, а ты снедаеш сабе, як на выгодзе…
– Хто гэта хоча?
– Гады. Андрэй. Аміля нябось маўчыць табе. От папытайся ты ў яе, што Андрэй парабляе…
– Ну, дык што рабіць?
– Я табе скажу, што рабіць – яны сваё, а мы сваё. Няхай сабе іх там дзвесце сядзе каля аднаго катла, а мы тут удзесяцярох сядзем. Ты, я, хлопцы мае, можа, яшчэ хто з адзін падахвоціцца, от табе i кацёл. Без гадаў, без нікога, сам сабе. I ўсё маё будзе пры мне, i пальцам ніхто не зачэпіць. Тады мы i адсудзіць можам законам, што i ад цябе забралі. Яны няхай сабе, а мы сабе, не канешне галетніка ўспамагаць сваім уласным ды родным. Ну як? Ты сядзіш i нічога не чуеш?
Бушмар маўчаў.
– Я сам на гэты бок лесу перабяруся. Забудуем усё як мае быць. Уцячы адтуль, хай яны там хоць падушаць адзін аднаго.
– Сюды? На гэты бок? Тут жа маё!
– Усё роўна забяруць.
Бушмар памаўчаў.
– Можа, нічога яшчэ не будзе.
– Як-то не будзе. Ты сядзіш i нічога не бачыш.
– Цi ім там мала?.. I так жа паадрэзвалі ад усіх.