Литмир - Электронная Библиотека
A
A

- Брава! Маладзец! - гукнуў Скронскi, што надта-ж любiў пацягнуць вiна, асаблiва дармавога.

- А за што-ж п'ём? - пытаўся Фост'як.

- Увага, панове, увага! - падняў уверх руку Дзежка. - Вып'ем сяньня за новы беларускi ўрад!

- Урад? А дзе-ж ён?

- А вось зараз зарганiзую.

- А мiнiстраў маеш?

- А во зараз будуць. Колькi-ж гэта мне патрэбна? Чакайце хвiлiнку: найперш мушу мець мiнiстра вайны, пасьля гандлю, гаспадаркi, замежных справаў, асьветы, нутраных справаў, - лiчыў на пальцах. - Цьфу на цябе! Ужо шэсьць трэба, а ў мяне пад рукою адно чатыры беларусы.

- Прэм'ер-мiнiстрам хiба-ж сам будзеш? - падказваў Скронскi.

- Абсалютна ясна, зразумелая рэч.

- У вас, у цэлай "Кацапii", цi знойдзецца столькi разумных людзей, каб на ўрад хапiла... - кiнуў з кутка Мыдлеўскi. Ён сядзеў воддаль ад гульцоў i ўшываў гузiк. Хлопцы й забылiся-б аб ягоным iснаваньнi, калi-б цяпер не адазваўся.

Арганiзатар "урада" зiрнуў на шляхцюка.

- Ты ня бойся. Наш просты дзядзька цябе гэткага разумнага шляхцiца прадасьць, купiць i грошы палiчыць.

- Зьдзiсек, перастань ты! - гукнуў да Мыдлеўскага Фост'як.

- Я гэтых хамаў знаю... - буркнуў той у адказ.

Дзежка ўдаў, што ня чуў апошнiх слоў.

- Ну дык давайце, хлопцы, вып'ем. Бяры, Чарнецкi, ты гэту пляшку, - сунуў Дзежка суседу вiно, - ты самы тут у нас, мабыць, паважнейшы й пачынай, а я буду з гэтай.

- Дык ты-ж ураду ня скончыў арганiзаваць, - спасьцярог Самароб.

- Няважна, братка, зарганiзую пасьля, а цяпер вып'ем за ягоныя посьпехi.

У гэты час Спарыш, пачуўшы знадворку шумiху, увайшоў у палатку.

- А вось i яшчэ адзiн мiнiстр, - паказаў на новапрыбылага Скронскi.

- Так, братка, - хлопнуў Дзежка па плячы Сымона, - добра, што на час зьявiўся. Арганiзую беларускi ўрад i якраз раздаю мiнiстэрскiя партфелi. Хочаш цёпленькую пасаду?

- То як гэта ты? - усьмiхнуўся Сымон. - З пляшкаю ў руцэ ўрад арганiзуеш?

- Ну, ведаеш, трэба-ж за здароўе й за будучыя посьпехi аблiць крышку. Дык давайце, хлопцы: за здароўе новага беларускага ўраду! - падняў Дзежка ўверх пляшку й прапаласкаў горла. - На, цягнi, Самароб, i перадавай далей.

- За здароўе беларускага ўрада! - гукнуў Скронскi й нахiлiў пляшку. Абедзьве пляшкi пайшлi па руках. Кожны, не шкадуючы, стараўся добра пацягнуць.

- Давай-жа мне, а то ўсё вып'еш! - адбiраў наступны.

- То як-жа там з партфэлямi? - пытаўся Скронскi.

- Няхай сабе то й жарт, - заўважыў Чарнецкi, - але як беларускi народ будзе нас паiць, дык, можа, й нашы суседзкiя дачыненьнi ўнармалiзуюцца.

-Ясна, абы пабольш вiна й водкi.

Усе дружна засьмяялiся.

- Дык вось што да мiнiстраў цяпер, панове, - прадаўжаў Дзежка, - Самароба назначаю мiнiстрам гандлю, Яронскага - вайны. Сымон Спарыш будзе ў мяне мiнiстрам юстыцыi - надта-ж паважная й вялiкая ў яго галава. Кацялок, панове, у яго варыць, што называецца. На мiнiстра юстыцыi падходзiць. Згода, панове?

- Згода, брава! - памог Скронскi.

- Лабуна... чакайце, што-ж тут даць Лабуну?

- Дай яму гаспадарку, - прапанаваў Чарнецкi.

- Куды ён. Гаспадар зь яго нiякi. Беларусь галадаць будзе, - жартаваў Дзежка. - Вы-ж не забывайцеся, што й вам, палякам, харчы прадаваць будзем, бо ў вас-жа на тых голых мазурах нiчога надта не расьце. Не, мусiць. На мiнiстра гаспадаркi я каго iншага знайду, а цяпер мушу Лабуна партфелем забяспечыць.

- Дай яму вонкавыя справы.

- Дай яму партфель хамскае асьветы. Будзе вучыць кацапаў, як клапоў i вошы ганяць, - параiў гэтым разам ужо надта-ж голасна Мыдлеўскi.

Усе ў палатцы сьцiхлi й пазiралi на Дзежку. Той змоўк i пачырванеў. Ледзь заўважна дрыгнула нiжняя губа. У вачах зьявiлiся маланкi. Мыдлеўскi ня першы раз дапякаў Дзежку й iншым беларусам i цяпер цi не перабраў мерку.

- Ты агiдны, сьмярдзючы паразiт! - прашыпеў зьмяёй арганiзатар "ураду". Ты гнiль з падонкаў жыцьця людзкога! Я-б цябе, гада...

Мыдлеўскi ня даў скончыць. Маланкаю кiнуўся на Дзежку. Беларус адступiў пару крокаў убок, а былы асаднiк з разгону, зачапiўшыся за нейчую нагу, бразнуўся вобземлю. Дзежка хутка накiнуўся на яго й пачаў таўчы кулакамi.

Усё гэта сталася так хутка, што адно цяпер прысутныя спасьцераглi сур'ёзнасьць выпадку. У палатцы падняўся крык i вэрхал. Змагароў пачалi разбароньваць, а Фост'як, выбегшы на двор, клiкаў службовага. У дзьвярах пачуўся прарэзьлiвы гук сьвiстка й вырасла высокая фiгура капрала падхаронжага зь бела-чырвонай павязкай на левым рукаве.

- Зва-а-жай! Што тут такое дзеецца? Што за балаган?

Змагары стаялi пасярод, засопшыся, i абтрасалi з вопраткi пясок.

- Ён на мяне накiнуўся, пане падхаронжы! - жалiўся Мыдлеўскi.

- Я на цябе накiнуўся? Ах ты, лгар! Няхай во хлопцы скажуць! - баранiўся Кастусь.

- Цi ня бойка гэта тут была? - распытваў службовы.

- Нiхто ня бiўся, пане падхаронжы, - асьмелiўся Лабун.

- Як то не бiўся? Ён мяне бiў! - крычаў паляк. - Пане падхаронжы, я ня лгу. Я яму гэтага не дарую.

- Хадзеце вы двое за мною ў канцылярыю.

IV

Камандзерам чацьвёртай роты "цэнзусоўцаў" быў сярэдняга росту, лысаваты й гарбаносы лейтанант Эдвар Цясьлюк, празваны жаўнерамi Эдзем. У войску ёсьць два роды афiцэраў: франтавыя й заднiя або школьныя. Эдзё быў дасканалым прыкладам апошняга роду. Належаў да тых, што любяць капацца ў паперах, прытрымлiвацца лiтараў загадаў, сачыць за найменшымi дробязямi; пiльнаваць, каб блiшчэла на кожным рэкруце вышлiфаваная спражка й зьзялi выглянцаваныя чаравiкi; дагледзець, каб на мушцы стрэльбы ня было анiводнай пылiнкi, каб былi зашпiлены ў жаўнерскiх мундзiрах усе гузiкi й аплiкi; спасьцерагаць, каб на паголенай жаўнерскай барадзе ня было анiводнай валасiнкi i каб у шэрагу роты, пастаўленай на "зважай", не зварухнулася без загаду анiводная постаць. Эдзё належаў да тых, што робяць усё магчымае, каб агарчыць i абрыдзiць жыцьцё рэкрутам розных ваенных школаў. Можна было-б сьмела залажыцца, што калi-б Эдзё нейкiм чынам трапiў ваяваць на фронце ў лiку рэкрутаў, якiх школiў на жаўнераў, то першая куля, якую яму давялося-б атрымаць, прыляцела-б ня з боку працiўнiка, а ззаду ад сваiх людзей. Мо з гэтай прычыны школьныя афiцэры й ня высылаюцца на фронт, хiба ўжо ў самыя крытычныя часы, калi вычарпаюцца афiцэрскiя рэзэрвы.

Адылi Эдзё, акрамя спраўнага вока на розныя неабходныя й лiшнiя дробязi, валодаў яшчэ й iншым талентам, - яму, прынамсi, здавалася, што гэта быў талент, - красамоўства. Калi не ўяўляў сябе Цыцэронам, то ўжо найменш Пятром Скаргам. Бяз сумлеву лiчыў сябе адным са слупоў узгадаваньня вызвольнай польскай армii, а дзеля гэтага акрамя найстражэйшага выкананьня загадаў i розных, часамi аж камiчных драбнiцаў, уважаў здольнасьць прамаўленьня за адзiн з найважнейшых сваiх атрыбутаў. Калi-б Эдзё, з гэтымi прамоўчымi здольнасьцямi, апынуўся нейкiм чынам на перадвыбарчай плятформе мiтынгу ў дэмакратычнай краiне, то здарылася-б адно з двух: або пасьля колькiх хвiлiн прамаўляў-бы да пустых крэслаў, або прамоўца быў-бы абшлёпаны памiдорамi й гнiлымi яйкамi. Але Эдзё быў вайсковым афiцэрам. У войску-ж цi табе хочацца цi не, падабаецца цi не, а слухаць мусiш. Афiцэр тое выкарыстоўваў i хiба сам адзiн у найбольшай меры насалоджваўся собскiмi прамовамi.

98
{"b":"73542","o":1}